Швэйк за дзяншчыка ў фэльдкурата (1931)/Швэйк з фэльдкуратам едуць адпраўляць палявую імшу

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Швэйк за дзяншчыка ў фэльдкурата Швэйк з фэльдкуратам едуць адпраўляць палявую імшу
Аповесьць
Аўтар: Яраслаў Гашак
1923 (пераклад 1931 года)
Арыгінальная назва: cs:Osudy dobrého vojáka Švejka za světové války/Švejk jede s polním kurátem sloužit polní mši
Пераклад: Міхась Зарэцкі
Рэлігійны дыспут
глава XI часткі І рамана «Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка»

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Швэйк з фэльдкуратам едуць адпраўляць палявую імшу.

Падрыхтоўка да выпраўленьня людзей на той свет чынілася заўсёды імем бога ці іншае найвышэйшае істоты, створанае людзкай фантазіяй. Старажытныя фінікійцы перш, чымся перарэзаць палоннаму горла, адпраўлялі ўрачыстае набажэнства, акурат так, як рабілі гэта праз колькі тысячагодзьдзяў нашыя сучасьнікі, перад тым, як ісьці агнём і мячом на супраціўніка. Людаеды на Гвінэйскіх выспах перад урачыстым зьядзеньнем ваеннапалонных або людзей ні навошта ня вартых, як напрыклад: місіянэраў, вандроўнікаў, коміваяжэраў розных фірм і проста цікавых, рабілі ахвяры сваім багом, выконваючы розныя рэлігійныя цырамоніі. Адылі затым, што да іх не дасягнула яшчэ культура папоўскіх рыз, яны ў гэткіх урачыстых выпадках аздабляюць свае зады яскравым птушыным пер'ем. Сьвятая інквізіцыя, якая паліла свае няшчасныя ахвяры, папярэдне адпраўляла ўрачыстае набажэнства. Калі караюць сьмерцю, заўсёды асыстэнтам бывае поп і сваёй прысутнасьцю гняце асуджанага: у Прусіі падводзіў пад сякеру няшчаснага асуджанага пастар; каталіцкі ксёндз выконваў тую самую ролю ў Аўстрыі пад шыбеніцай, а ў Францыі — пад гільётынай, поп пасабляў асуджанаму сесьці на электрычнае крэсла ў Амэрыцы, а ў Гішпаніі — на крэсла з хітрай прыладай да задушэньня; рэволюцыянэраў у Расіі праводзіў на сьмяротную кару барадаты поп, і г. д. І ўсюды божыя служкі праводзілі іх з укрыжаваным хрыстом у руцэ, нібы казалі: «Табе, галубок, усяго па ўсім адсякуць галаву, або цябе, даражэнькі, толькі засіляць, задушаць, ці пусьцяць у цябе пятнаццаць тысяч вольт, — але што гэта значыць, калі параўнаць з тым, што давялося зазнаць ісусу хрысту!»

Вялікая розьніца — сусьветная вайна таксама не абыходзілася без папоўскага блаславеньня. Палкавыя папы ўва ўсіх арміях маліліся ды правілі набажэнствы за перамогу тых, чый елі хлеб. Як каралі сьмерцю салдат у аўстрыйскім войску, зьяўляўся ксёндз, не абыходзілася без яго й тады, як каралі чэскіх легіянэраў.

Нічога не адмянілася з тэй пары, як разбойнік Войцех, якога празвалі «сьвяты», зьнішчаў падбальтыцкіх славян з мячом у аднэй руцэ і з крыжам — у другой.

Забойцы — цары, каралі ды іншыя ўладары — зганялі, як быдла ў разьніцу, свае народы з усяе Эўропы. Плячо ў плячо з уладарамі ішлі папы ўсіх вызнаньняў, пасылаючы народам блаславеньне і падводзячы іх да прымусовае, што страціла свой сэнс, прысягі, якая агалашала, што «на сушы, на моры, у паветры» і г. д.

Палявая імша зазвычай адпраўлялася двойчы: як выяжджалі на позыцыі і на фронце, напярэдадні крывавае бойні.

Памятаю, аднаго разу пад час палявой імшы на позыцыях варожы самалёт скінуў над намі бомбу. Бомба лучыла акурат у паходны алтар, і ад нашага палкавога ксяндза высталіся толькі акрывяненыя шмоткі. Усе газэты пісалі пра яго, як пра мучальніка, а тым часам нашыя самалёты стараліся гэткім самым спосабам уславіць папоў у стане супраціўніка.

Ну, і сьмеху было ў нас з гэтым ксяндзом-няўдаліцай. На часовым крыжы, пад якім пахавана было ўсё, што засталося ад фэльдкурата, назаўтрага ўраньні зьявілася гэткая эпітафія:
Што нам прысьці магло — табе яно прыпала.
Ты абяцаў нам неба, а яно
Табе на плеш сышло сьвятой навалай,
З цябе зрабіўшы месіво адно.

* * *

Швэйк згатаваў знатны грог — грог куды лепшы за грогі старых маракоў. Гэтага грогу з ахвотай пакаштавалі-б і піраты восемнаццатага стагодзьдзя.

Фэльдкурат Отто Кац быў у захапленьні.

— Дзе гэта вы наўчыліся варыць гэткую дзівосную штуку? — запытаўся ён.

— Яшчэ ў тыя гады, як я бадзяўся ў Брэмэне, — адказаў Швэйк, — наўчыў мяне гэта рабіць адзін прапойца-матрос, які заўсёды гаварыў, што грог павінен быць такі моцны, каб матрос, скінуўшыся пасьля яго ў мора, пераплыў увесь Ля-Манш. А ад слабога грогу захлынешся, як шчанё.

— Пасьля такога грогу, Швэйк, правіць палявую імшу — адна асалода! — разважаў фэльдкурат. — Я мяркую перад імшой сказаць колькі слоў на дарогу. Палявая імша — ня жартачкі. Гэта ня тое, што адчыкрыжыць імшу ў гарні зоннай турме ці прачытаць казаньне арыштантам. Палявую імшу правіць абы-як няможна. Паходны складаны ці, як той казаў, кішэнны алтар у нас ёсьць... Езус Марыя! — схапіўся за галаву фэльдкурат. — Авой дурніцы, авой ёлупы! Ці ведаеце вы, дзе схаваў я паходны алтар? У канапе, якую мы прадалі.

— Бяда! — сказаў Швэйк. — Праўда, я з гэтым гандляром старой мэблі знаёмы, але надоечы я сустрэў ягоную дружыну, дык яна мне сказала, што ён сядзіць за крадзеную скрынку, а што канапа наша знаходзіцца ў аднаго настаўніка ў Вршовіцах. Э алтаром значыць, — чыстае гора. Найлепшае, што мы можам зрабіць, гэта дапіць грог і падацца на пошукі, бо без алтара, мабыць, правіць імшу ня надта ёмка.

— Адно паходнага алтара й бракуе, — заклапочана сказаў фэльдкурат. Усё іншае ўжо нарыхтавана на вучэбным пляцы. Цесьляры ўжо зьбілі памост. Дарахранільніцу нам пазычуць у Бржэўнове. Чаша ў мяне павінна быць свая, але дзе яна дзелася?..

Ён задумаўся.

— Ну, хай сабе — я яе загубіў. Дык у такім разе пазычым прызавы кубак у паручніка сем дзесят пятага палка Вітынгера. Колькі год таму назад ён прымаў удзел ад клюбу «Спорт» у спаборніцтве на бягню і выйграў гэты кубак. Добры быў бягун. Адлегласьць Вена—Мэндлінг узяў за гадзіну і сорак восем хвілін. Ён да гэтага часу яшчэ выхваляецца гэтым. Я з ім на кожны выпадак яшчэ ўчора пра гэта дамовіўся... І як гэта я, даўбешка, не паглядзеў у канапу, калі яе прадаваў? Заўсёды я, скаціна, адкладаю ўсё на апошнюю хвіліну.

І пад уплывам выпітага грогу, згатаванага па рэцэпту прапойцы матроса, фэльдкурат узяўся лаяць сябе найспрытнейшымі выразамі, даючы ведама, што, уласна, ён з сябе выяўляе.

— Час ісьці шукаць паходны алтар, — заявіў Швэйк. — Ужо днее. Трэба толькі раней напрануць мундзір ды выпіць на дарогу яшчэ шкляначку грогу.

Нарэшце, яны вышлі. Ідучы да жонкі гандляра старой мэбляй фэльдкурат апавядаў Швэйку, што ён учора выйграў у карты, і калі яму пашанцуе, дык ён выкупіць з лёмбарду рояль. Гэтае абяцаньне нагадвала абяцаньне дзікуна зрабіць ахвяру свайму богу, калі паляваньне будзе ўдалае. Ад заспанае жонкі гандляра старой мэбляй фэльдкурат і Швэйк даведаліся, які адрас настаўніка з Вршовіц, што заўладаў іхнай канапай. Фэльдкурат паказаў нязвычайную далікатнасьць: ушчыкнуў гандлярову жонку за шчаку і паласкатаў яе пад барадою.

Фэльдкурат і Швэйк ішлі да самых Вршовіц пеша, бо фэльдкурат заявіў, што яму трэба прайсьціся падыхаць сьвежым паветрам, каб прасьвяжыцца.

У Вршовіцах, на кватэры ў настаўніка, старога набожнага чалавека, іх напаткала прыкрая неспадзяванка. Калі стары, купіўшы канапу, знайшоў у ёй паходны алтар, ён падумаў, што гэта боскае цуда і падараваў алтар Вршовіцкаму касьцёлу ў рызьніцу, выразаўшы на тыльнай старане алтара надпіс:

«Дар на хвалу госпада бога настаўніка Коладжыка ў лета ад нараджэньня хрыстовага 1914».

Настаўнік, якога засьпелі ў аднэй бялізьне, зусім зьбянтэжыўся. З гутаркі з ім высьветлілася, што ён сваёй знойдзе надаваў значнасьць цуда і бачыў у ёй боскі промысел. Як купіў ён канапу, нейкі нутраны голас яму праказаў: «Зірні, ці няма чаго ў шуфлядзе ў канапе?» А ўва сьне зьявіўся да яго анёл і загадаў яму: «Адчыні шуфляду ў канапе?» Настаўнік паслухаўся. І калі ён убачыў там мініятурны складаны алтар з нішай для дарахранільніцы, ён укленчыў перад канапай і доўга горача маліўся, услаўляючы бога. Настаўнік бачыў у гэтым найвышэйшае прызначэньне і ахвяраваўся аздобіць гэтым алтаром Вршовіцкі касьцёл.

— Гэта нас мала абыходзіць, — заявіў фэльдкурат. Рэч, якая вам не належала, вы павінны былі аддаць у паліцыю, а ня ў нейкую праклятую рызьніцу.

— Каб часам вы з гэтым цудам ня прыдбалі якіх няпрыемнасьцяй, — дадаў Швэйк. — Вы купілі толькі канапу, але ні ў якім разе не алтар, які ёсьць вайсковая маемасьць. Гэты промысел можа дорага вам каштаваць. Няма чаго было вам зважаць на анёлаў. Адзін мой зямляк з Згоржа вось гэтак сама араў дый знайшоў на ральлі чашу для прычасьця, якую нейкі бязбожнік украў і закапаў да лепшага часу ў зямлю, пакуль не забудуцца на крадзеж. Зямляк мой таксама ўбачыў тут боскі промысел і замест таго, каб ператапіць чашу, панёс яе да ксяндза, мяркуючы, як ён казаў, ахвяраваць на касьцёл. А ксёндз, думаючы, што сьвятакрадца прыцягнулі да яго душэўныя згрызоты, паслаў па старасту, а стараста па жандараў, і селянін быў бязьвінна асуджаны за сьвятакрадзтва, бо ён на судзе праз увесь час тлуміў пра цуда. Зямляк хацеў абязьвініцца і ўсё апавядаў пра нейкага анёла, уляпіў туды і матку-боску, а канцы канцамі — запёрлі яго на дзесяць год. Лепш за ўсё, калі вы пойдзеце з намі да тутэйшага ксяндза і пасобіце нам дастаць назад скарбовую маемасьць. Палявы паходны алтар — гэта вам ня кот і не анучка, якую каму-хаця можаш падараваць.

Стары, апранаючыся, калаціўся ўсім целам. У яго зуб на зуб ня лучыў.

— Далі-бог, у мяне нічога благога ня было і ў падумцы. Я думаў, што гэтым боскім дарам здолею дапамагчы аздабленьню нашага беднага храма маткі-боскай на Вршовіцах.

— Разумеецца, за скарбовы кошт? — перапыніў яго Швэйк. — Шчыра дзякую за гэткі боскі дар. Адзін такі Півонька з Хатэбэржы неяк таксама ўлічыў быў за боскі дар чужую вяроўку разам з чужой каровай...

Няшчасны дзед ад гэткіх параўнаньняў зьбянтэжыўся і зусім перастаў абараняцца, сьпяшаючыся апрануцца і як найхутчэй скончыць гэтую справу.

Вршовіцкі ксёндз яшчэ спаў і, калі яго разбудзілі, грукаючы ў дзьверы, ён пачаў лаяцца, бо спрасоньня падумаў, што яго клічуць на парахвію.

— Дыхнуць не дадуць з гэтымі трэбамі! — бурчэў ён, неахвотна апранаючыся. — Прысьпела ім канечна памерці акурат у той момант, як самы сон у чалавека, а пасьля таргуйся з імі, каб заплацілі.

У пярэднім пакоі адбылася сустрэча паміж прадстаўніком бога сярод Вршовіцкіх парахвіян і прадстаўніком бога пры ваенным ведамстве. Па праўдзе казаць, гэта была спрэчка цывільнага з вайсковым. У той час, як цывільны ксёндз намагаўся на тое, што паходнаму алтару ня месца ў канапе, вайсковы ксёндз супярэчыў, што яму і пагатове ня месца з канапы трапіць у рызьніцу касьцёла, які наведваюць адны цывільныя.

Швэйк устаўляў у гутарку розныя заўвагі накшталт таго, што лёгка ўзбагачваць бедны касьцёл за скарбовы кошт. На слове «бедны» ён рабіў адумыслова-гіронічны націск.

Нарэшце, яны пайшлі ў рызьніцу і ксёндз вы даў фэльдкурату паходны алтар пад расьпіску гэтага зьместу:

«Атрымаў паходны алтар, які выпадкова трапіў у храм, што на Вршовіцах.

Фэльдкурат Отто Кац».

Славуты паходны алтар быў зроблены венскай яўрэйскай фірмай Морыц Малер, што вырабляла ўсякія прадметы рэлігійных патрэб, як прыкладам: ружанцы, абразкі сьвятых ды інш. Алтар складаўся з трох частак і быў пакрыты фальшывай пазалотай, як і ўся слава сьвятой цэрквы. Ня было ніякай магчымасьці, ня маючы палкай фантазіі, вырашыць, што ўласна выяўляюць з сябе абразы на гэтых трох частках. Адно было ясна, што гэты алтар маглі з роўнай удачай скарыстаць паганцы з Замбезі і бурацкія ці мангольскія шаманы. Намалёваны яскравымі фарбамі алтар гэты здалёку выдаваў каляровай табліцай для выпрабаваньня чыгуначнікаў, ці ня хворыя яны на дальтанізм.

Найясьней вылучалася фігура нейкага голага чалавека са зьзяньнем вакол галавы і з пазелянелым, нібы пратухлы гусіны агузак, целам. Хоць гэтаму сьвятому ніхто нічога дрэннага не зрабіў, а, наадварот — з абодвух бакоў у яго стаялі два крыластыя стварэньні, што меліся выяўляць анёлаў, але на гледача карціна рабіла ўражаньне, што голы сьвяты крычыць гвалту ад страху перад кампаніяй, якая яго абкружае: анёлы нагадвалі казачных дзіваў, нешта сярэдняе — ні то дзікіх катоў, ні то апокаліпсычных страшыдлаў.

На другой частцы быў абраз, які павінен быў паказваць тройцу. Галуба, шчыра кажучы, мастаку не асабліва ўдалося сапсаваць. Ён намаляваў сапраўды нейкую птушку, якая роўна падобная была як да голуба, так і да белае курапаткі. Затое бог-айцец быў падобны да разбойніка з дзікага Захаду, якімі частуюць захопленую публіку амэрыканскія фільмы з жыцьця прэрый.

Бог-сын, наадварот, быў намаляваны ў выглядзе вясёлага кавалера з ладным чэраўцам, схаваным у нешта падобнае да трусікаў. Наогул ён нагадваў спортсмэна: крыж ён трымаў у руцэ так лёгка і шыкоўна, нібы гэта была тэнісная ракетка. Здалёку ўся тройца расплывалася, і ўражаньне было такое, якое робіць поезд, пад'яжджаючы да станцыі.

Што да трэцяе іконы, дык зусім ня можна было ўцяміць, што яна паказвае. Салдаты пад час імшы памыкаліся разгадаць гэты рэбус. Нехта нават пазнаў на іконе сваю зямлячку з Прысазаўскага краю. Адылі пад гэтым абразом быў надпіс: «сьвента Марыя, матка-боска, зьлітуйся над намі!»

Паходны алтар Швэйк шчасьліва ўсклаў на карахвашку, а сам сеў да фурмана на перадок. Фэльдкурат разьмясьціўся як найвыгадней і паклаў ногі на сьвятую тройцу.

Швэйк гаманіў з фурманам пра вайну. Фурман быў бунтар: ён рабіў заўвагі пра непераможнасьць аўстрыйскага войска, накшталт таго: «Далі вам добрага гасу ў Сэрбіі, га?» — і г. д.

Калі яны пераяжджалі праз харчовую заставу і ў іх запыталіся, што яны вязуць, Швэйк адказаў.

— Прасьвятую тройцу і матку-боску з фэльдкуратам.

На вучэбным пляцы іх тымчасам нецярпліва чакалі атрады, якія выпраўляліся ў паход. Чакаць давялося доўга. Швэйк і фэльдкурат перш паехалі за прызавым кубкам да паручніка Вітынгера, а пасьля ў Бржэноўскі манастыр за дарахранільніцай і іншымі прыладамі да імшы, у тым ліку і за пляшкай царкоўнага віна. Па ўсім гэтым відаць, што ня надта проста правіць палявую імшу.

— Кідаемся па ўсім горадзе, — сказаў Швэйк фурману — і гэта была праўда.

Калі яны пад'ехалі да вучэбнага пляцу і ўжо падышлі да памосту з драўлянымі парэнджамі і сталом, на які павінны былі паставіць паходны алтар, высьветлілася, што фэльдкурат забыўся паклапаціцца пра міністранта.

Яму заўсёды прыслужваў за імшой адзін пехацінец, які, аднак, улічыў за лепшае падацца ў тэлефоністыя і паехаў на фронт.

— Дармо, пане фэльдкурат, — сказаў Швэйк, — я магу яго падмяніць.

— А вы ўмееце міністраваць?

— Ніколі за гэту справу ня браўся, але чаму не паспрабаваць, Цяпер-жа вайна, а пад час вайны людзі бяруцца за такія справы, якіх яны раней і ня сьнілі. Неяк ужо гэтае глупства «і са духам тваім» на вашае «госпад з вамі» адчыкрыжу. Нарэшце, ня надта ўжо й цяжка, я мяркую, хадзіць каля вас, як кот навакол гарачае кашы, памагаць вам мыць рукі ды падліваць у чашу віна...

— Добра, — сказаў фэльдкурат. — Адно вады мне ў чашу налівайце. Во што: вы лепш зараз-жа і ў другі збан наліце віна. А рэшта — я вам сам буду падказваць, калі ісьці вам направа, а калі налева. Калі я ціхенька сьвісну адзін раз, дык гэта значыць — направа, а калі два разы, дык — налева. Трэбнік асабліва часта мне ня торкайце. Рэшта — глупства, не палохайцеся.

— Я нічога не палохаюся, пане фэльдкурат, і нават міністраваньня.

Фэльдкурат меў рацыю, калі казаў, што рэшта — глупства. Усё ішло, як на мазі.

Прамова фэльдкуратава была надта ляконічная:

— Салдаты! Мы тут сышліся на тое, каб перад выездам на поле брані ўзьнесьці свае сэрцы да бога, каб ён паслаў нам перамогу і захаваў нас жывых. Ня буду вас доўга затрымліваць, — зычу вам усяго найлепшага.

— Вольна! — скамандаваў стары палкоўнік на левым флянгу.

Палявая імша завецца «палявая» таму, што падлягае тым самым законам, як і ваенная тактыка на полі бою. Пад час працяглых манэўраў войска ў трыццацёхгадовую вайну і палявыя імшы былі працяглыя; за сучаснай тактыкай, калі войска перасоўваецца надзвычай шпарка, і палявая імша павінна быць такая-ж рухавая ды шпаркая.

Імша цягнулася акурат дзесяць хвілін. Тыя, што стаялі бліжэй, дзіву даваліся, чаму пад час імшы фэльдкурат прысьвіствае.

Швэйк лётам лавіў сыгналы і зьяўляўся то на-права, то на-лева ад алтара, не вымаўляючы нічога іншага, апроч «і са духам тваім». Яго бягня вакол фэльдкурата нагадвала індыйскія скокі вакол ахвярніка. Але агулам усё зрабіла дужа добрае ўражаньне і разьвеяла нудэту пылянага, панурага вучэбнага пляцу, аблямаванага прысадамі сьлівяных дрэў і прыбіральнямі, дух ад якіх падмяняў містычны пах ладану ў готычных храмах. Імша ўвяла ўсіх у добры гумар. Афіцэры, скупаваўшыся каля палкоўніка, расказвалі анэкдоты — усё ішло добрым ладам. Сям-там сярод салдатаў чуць было: «Дай разок пацягнуць!» І, нібы ахвярны дым, узьнімаліся ў неба сінявыя цурочкі табачнага дыму. Закурылі і ўсе унтэр-афіцэры, як убачылі, што сам палкоўнік закурыў.

Нарэшце скамандавалі: «На малітву!» Узьняўшы пыл, шэры квадрат вайсковых мундзіраў укленчыў перад кубкам паручніка Вітынгера, які той атрымаў за спаборніцтва на бягню Вена—Мэдлінг. Чаша праз увесь час была поўная, і кожная фэльдкуратава маніпуляцыя выклікала спагадную крытыку салдатаў.

— Добра глынуў! — пералятала па радох.

Сьвятая цырамонія адбылася двойчы. Потым яшчэ раз скамандавалі: «На малітву!», хор на закуску грымнуў гымн, і, падвоіўшы рады, калёна рушылася ў паход.

— Зьбірайце манаткі, — сказаў Швэйку фэльдкурат, паказваючы на паходны алтар. — Трэба паразвозіць іх туды, адкуль бралі.

Яны паехалі на тым самым рамізьніку і сумленна вярнулі ўсё, апрача пляшкі царкоўнага віна.

Калі яны прыехалі дахаты, і выправілі няшчаснага рамізьніка расквітацца за язду ў комэнданцкую ўправу, Швэйк зьвярнуўся да фэльдкурата:

— Дазвольце запытаць, пане фэльдкурат, ці павінен быць міністрант таго самага веравызнаньня, што й ксёндз, якому ён прыслужвае за набажэнствам?

— Бязумоўна, — адказаў фэльдкурат. — Іначай імша лічылася-б несапраўднай.

— Пане фэльдкурат! Вышла вялікая памылка! — заявіў Швэйк. — Я не належу ні да якога веравызнаньня. Не шанцуе мне, ды й годзе.

Фэльдкурат зірнуў на Швэйка, з хвіліну змоўчыў, потым палэпаў Швэйка па плячы і сказаў:

— Дапіце царкоўнае віно, што там ад мяне засталося, і лічыце, што вы нанова ўвайшлі ва ўлоньне каталіцкае цэрквы.