Перайсці да зместу

Чуеш, Беларусь?

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Чуеш, Беларусь?
Верш
Аўтар: Валеры Маракоў
Крыніца: Полымя. – 1928. – № 7. – С. 101–102.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Кастусю Каліноўскаму

Былі імкненні,
Мары,
Барацьба,
Былі пажары бацькаўскіх палеткаў.
Ўзнімала сцяг свой
Галыцьба —
Іх пачуццё і радасці іх
Сведку.

Кляпалі косы,
Плавілі сякеры,
На панскі чэрап плавілася сталь.
Ў разгары іх
Вялікай веры
Ён на чале, павадыром іх
Стаў.

Любоў і вера…
Мары й маладосць…
Хто іх стрымае прагнаю рукой,
Дзе здзек,
Дзе каштаванне ёсць -
Не можа быць там ціша
І спакой.

Кіпела сэрца над нядоляй краю,
Ўздыхаў наш край
Балотнымі грудзьмі.
Тут пад пятой
Расійскіх генералаў
Душыўся ён крывёю
І слязьмі.

Ішла стыхія…
Воля…
І адплата…
Палаў касцёр ў расхрыстаных грудзёх.
З любоўю сына,
Друга,
Брата
Ён аддаваў юнацкае жыццё…

О, Беларусь!
Ці чуеш ты,
Ці чуеш?..
Твой лепшы сын распяты за цябе.
Няўжо ў грудзёх тваіх
Начуе
Яго вялікіх дум разбег?

О, мабыць не,
Я чую твае словы…
Я чую твой пылаючы уздым —
Яны, як радасць песні
Новай
Даюць натхненне й веру
Маладым.

1928