Чары першае любові
Чары першае любові Апавяданьне Аўтар: Вольга Сахарава 1927 год Крыніца: Родныя гоні. — Чэрвень 1927. — Кніжка 4. — С. 4—7 |
ПАЛАЧАНКА.
Чары першае любові.
Сёдня дастала Вера Бурневічанка грошы з гасподы[1] № 3. Шмат наагул мела клопату Бурневічанка з сваімі гасподнікамі[2], толькі адзін вайсковы пісар з № 3 плаціў дзень ў дзень акуратна кожны месяц. У гэты самы дзень выходзіла Бурневічанка ў места рабіць розныя куплі. Наагул выходзіла вельмі рэдка, бо баялася пакідаць хату на апеку свае старое служанкі Марцэлькі. Шмат мела клопату з сваёй хатай.
У гэты дзень было горача, ногі не хацелі слухацца і ледзь валачыліся. Парыла, Бурневічанка насіла жалобу заўсёды, хоць ужо 7 год як памерда маці а бацька дык мо‘ й 15, і ў чорнай вопратцы ёй была вельмі душна. І калі яна таргавалася на рагу аднае з вуліцаў з возьнікам, у вочы ёй кінуўся шыльд: „Мануфактурны склад Пятры Марчонка“. Раптам яе як бы прашыла і ў вялікім замяшаньні яна паехала. Дзіўны прыпадак! Магчыма, што гэта ня той Пётра Марчонак, але шмат, ах шмат гавора ёй гэта імя.
Болей чымся дваццаць год яго ня бачыла, калі гэта ён, мо‘ цэлых дваццаць пяць год мічула з таго дня, як з ім разлучылася. Ясна, што ён павінен быць ужо зусім стары, зразумела што ня можа ён мець і свайго гордага стану, сакаліных вачоў, але й яна ўжо ня тая, што калісь.
У месьце, набіраючы, крыху забылася Бурневічанка аб Пятру, бо мусіла ўважна глядзець каб яе не ашукалі і, калі змучаная ад цяганьня з жыдамі, вярталася дамоў, абладаваная пакункамі ды пакупачкамі, ізноў перад вачыма ўставала постаць Пятры.
Быў тады студэнтам і даваў ёй лекцыі з матэматыкі. Прыходзіў кожны вечар і выседжаваў сваю гадзіну, пасьля ўсё даўжэй і даўжэй, аж пакуль не пакахаліся. Відацца маці падслухала іх гамонку, бо аднаго дня ў пакой, гдзе ішлі заняткі, увашоў бацька. Завыла раптам сэрца Бурневічанкі, адразу пачула нядобрае. Бацька выпрастаўся, бліснулі акуляры, у руках зашурчэлі паперкі-грошы.
Што было далей, добра ня ведае Бурневічанка, памятае толькі як скранулася з места і паплыла ўдаль столь над галавой. Нічога й нікога балей ня бачыла. На другі дзень яго толькі ўгледзіла, як выяжджала з маткай на вёску. Ён стаяў на вуліцы блізка іх хаты, у руках трымаў шапку. Вецер гуляў з яго густымі валасамі. Ці бачыў ён яе? Хіба што не. Замест вачоў былі чорныя ямы бяз дна, а зубы так моцна сьціснуты, аж жылы на шыі надзьмуліся й напружыліся.
Выдалася Бурневічанцы, што яна адзірвянела, не скалыхнулася, не ўздрыганулася. Толькі буйныя сьлёзы як гарэх сыпаліся з вачоў. Вось і канец яе каханьню. Балей ніколі не спатыкаліся.
Прыехала дамоў, здала пакункі на рукі Марцэлі, а сама як цень праскаўзнулася у свой пакой і ціхонька прычыніла дзьверы. Не хацела, каб яе Марцэлька бачыла, што яна будзе рабіць. Гэткія дні, як сёдня былі ў апошнія часы для Бурневічанкі вялікім сьвятам, бо ўдавалася ёй укінуць у сваю цяжкую скрыначку яшчэ некалькі круглых залатых манэтак, якія купляла раз у месяц ў месьце. Чула заўсёды тады, як бы прыліў нейкай таемнай моды ў арганізьме, жыцьцёвай энэргіі. Шмат іх ужо мела Бурневічанка ў скрыначцы на чорны дзень. І тым балей яна адчувала маральнай здаволеннасьсі, чым цяжэй прыплываў да яе гэты грош. Бо вельмі многа каштавала ёй гэта здароўя, нэрваў. Неяк ішло з усімі, апрача аднаго гасподніка з № 5. Быў ім зрэдукаваны пісар магістрацкі. Не плаціў ужо балей як тры месяцы. Кожны дзень лічыла сваім абавязкам Бурневічанка захадзіць у № 5, каб прыпомнецца неакуратнаму плацельніку, і ня надта лёгка ёй гэта было. Кожны дзень бачыла, як мітусіўся ў вокне бляды твар мужчыны і нарэшче заміраў гдзесь за шафай цёмнай кухні, або хаваўся за скрыню ў куту. На спатканьне выходзіла яго жонка, худзенькая надзвычайна і маленькая, як абшчыпанае куранё. Падобнасьць дапаўняў востранькі насок і кароткія спутаныя валасы, якія тырчэлі на патыліцы, быццам пакульле. Кінутая маткай на брудную падлогу трыгодняя дзяўчынка ледзь трымалася на сваіх рахіцічных ножках.
Найбалей злавала Бурневічанку тое, што гэтая брудная абарваная жанчына-птушка на кожнае яе слова адказавала голасам, як быццам яе хто рэзаў і дэманстравала перад ёй свае брудныя лахманы. Доўга крычэлі абедзьве жанчыны зьірытаваныя, ўзбураныя, ня слухаючы адна адну, пакуль Бурневічанка нарэшце ня выходзіла, бо чула сябе дрэнна ў душным паветры цеснага пакою,
Запраўда ня была Бурневічанка вельмі злой натурай і тры месяцы памагала гэтаму гасподніку чым магла, хацела, каб яны выбіліся з бяды, але ў заўсёднай няўдачы бачыла проста гультайства і неахвоту ўзяцца за працу.
І вось сёдня парадак дня яе раптам зьмяніўся. Наўперад ня чула тае магутнае радасьці пры сьвядомасьці, што павялічуецца вага яе скрыначцы. Нават гэткія думкі прыходзілі: На што усё гэта? Ня мае на сьвеце душы, якая-б магла падзяліць яе радасьць, яе клопаты, якую магла-б кахаць, апякавацца ёй. Мела двух вялікіх катоў, Марса й Аполёна (Шэрка й Рудзька клікала іх Марцэля), але цяпер пачула тугу па чалавечаму голасу, па чалавечай ласцы.
І ня мела балей сілы ісьці да зрэдукованага магістрацкага пісара.
Калі-ж прышоў позьні летні вечар і старая Марцэля запаліла лямпу і каля агню пачалі віцца ночныя матылі, а каты сядзелі каля ног свае гаспадыні і чакалі, як рука яе кіне ім кавалкі булкі — тады пачула Бурневічанка страшэннае й цяжкое як волава адзіноцтва і горка-ціха заплакала.
Чуе Бурневічанка, як усю істоту яе ўскалыхнулі нахлынулыя ўспаміны аб Пятры і іх любасьці, першай і адзінай любасьці, што закрасавала пышна ў яе сэрцы калісь, каб завянуць у зараньню. І цяпер ізноў сэрца было маладое-маладое і з новай гвалтоўнай сілай прабудзілася калішняе пачуцьцё. Штосьці пхала яе на вуліцу да тых вакон, у каторых схаваліся стракатыя паркалі і над зялёнымі дзьвярыма гарэў надпіс: Пётра Марчонак.
Прыглядалася да дэсэняў паркалёў і сьнілася ёй па начах гэта зялёнае поле, а па ім чырвоны гарох рассыпаны. І дзіўная неадвага ахапляла яе. Сэрца калацілася, як ашалелае ледзь ня рвалася на кавалкі, а зайсьці ў краму як не магла так не магла.
Гэтак ішоў час. Марцэлька ўважна прыглядалася да свае пані, а гасподнікі з № 5 кожны вечар кладучыся спаць казалі: ну дзякаваць Богу і сёдня ня прыходзіла гаспадыня, вось дзень і прашоў ціха. — Пры гэтым маленькая жанчына, падобная да абшчыпанага кураняці ськідала з сябе спадніцу і накрывала ёй сваю дачку.
Бурневічанцы сьніўся сон: Была яна зусім маладая, сядзела у сваім салёне і ела, здаецца, ігрушы. Каля яе сядзеў Пётра, такі самы як тады, глядзеў ёй проста ў вочы сваім сакаліным паглядам, рукі цалаваў, твар, вусны. Так нязьмерна добра было ёй у сьне, што цэлы дзень хадзіла пад уражаньнем яго. Чула сябе зусім маладой, мела ў сэрцы невычарпаны запас жаноцкай пяшчоты і страшэнна жадала падзяліцца з кімсьць гэтым запасам.
Пастанавіла пасьці ў краму быццам штосьці сабе купіць і разам з тым даведацца аб Пятру Марчонку.
Старанна й сьвяточна ўбралася. Ледзь значна, стыдаючыся сама сябе, падрысавала алавіком бровы й вочы. Выдалася сама сабе прыгожай, зьмяненай і прыемна гэта было й сорамна разам.
І калі з безнадзейнай адвагай рашчыніла зялёныя дзьверы крамы, адразу пагляд яе дзіўны й зачараваны прырос да маладога твару, што нічагусенькі не зьмяніўся, такога самага як і дваццаць пяць год на твары Пятры Марчонка. Прыцягнутая, як магнітам гордым паглядам сакаліных вачоў, не сваімі нагамі, быццам зробленнымі з ваты, падыйшла да прылаўка.
І вось ціхім страчаным голасам зажадала матар‘ялаў. Ня ведала, што трэба купіць і купляла, здаецца, усё аб чым толькі пяяў над ёй далекі й чароўны голас, такі далёкі, які толькі бывае ўва сьне. Купляла ўсё, што ён прапанаваў.
Бачыла, што яе не пазнаюць. Тады дрыжачым голасам дала, свой адрэс і прасіла прыслаць матар‘ялы ў хату Веры Бурневічанкі.
— Веры Бурневічанкі? — як рэха адазваўся малады голас запісуючы. Аднак ніхто не варушыўся. Нарэшце пачула з боку сярдзіты голас: А мо‘ панечка, спачатку заплаціце? — так сама, як калісь дваццаць пяць год назад прыпамінаў!
— Вы забыліся, што Sn2d+Cs2d=1.
Зірнула ў бок, і спаткала востры пагляд паверх акуляраў, пагляд бадаўчы, зьдзіўлёны, чужы і разам з тым вельмі знаёмы, страшэнна знаёмы.
І калі пасьпешна аплаціла лік (рахувак) і выхадзіла, дзьве галавы кланяліся ёй нізенька з ветлівым усьмехам.
Адна галава лысая з сівым пухам каля вушоў і сівымі парудзелымі ад тытуну вусамі, з мяшкамі пад рачымі вачыма і сярдзітымі зморшчкамі каля вуснаў, галава Пятры Марчонка, другая ягонага сына Сымона, такога маладога й харошага якім і ён быў дваццаць пяць год назад.
— Я думаў, што гэтая баба звычайная зладзейка і хацела закруціць табе галаву, каб сьцібрыць штосьці. Гэта іх манэўр. Кажа шмат, шмат падаць, і гэта і тое і сёе, а тымчасам сабе штосьці прыхавае за пазуху. Але гэтая толькі набрала і за ўсё заплаціла… Каб гэтакіх бабаў болей было, мы-б яшчэ неяк жылі, а то прыйдзецца нам складаць нашыя манаткі.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.