Чаму з маленства, з ураджэнства...

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Чаму з маленства, з ураджэнства...
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/707


 * * *

Чаму з маленства, з ураджэнства
           Ў жыцьцёвы май
Ня ўмеў, як маці, шанаваці
           Цябе, мой край?
То ж я з тваёю ключавою
           Сьвятой вадой
Напіўся болю аб нядолі,
           Бядзе людской.
То ж ты, мой хмуры, даў мне пануры
           І ціхі гнеў,
А днём падчасным, так пекным, ясным,
           Надзею грэў.
Твае ж курганы, лясы, паляны,
           Дубкоў тых шум,
Палёў абшары, люд бедны, шары
           Мне далі дум.
А дум тых многа... Не, не убога
           Ты даў мне іх.
I ты ж, як маці, наўчыў сьпяваці
           Аб думах тых.
Я браў, ня бачыў і не адзьдзячыў
           Табе нічым,
Бо счараваны – цябе, ўкаханы,
           Ня знаў саўсім.
Цяпер хоць знаю, дык што ж параю
           Ад позьніх скрух?
Ў чужой краіне паволі гіне
           За целам – дух.
Вазьмі ж хоць сьпевы, дум перапевы
           Лясоў тваіх.
З тваёі глебы, з тваёга неба
           Узяў я іх.