Перайсці да зместу

Чаму-ж усыхаюць кветачкі польскія на гною Беларуска-Літоўскім? (1921)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Чаму-ж усыхаюць кветачкі польскія на гною Беларуска-Літоўскім?
Паэма
Аўтар: М. Арол
1921 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





ЧАМУ-Ж

усыхаюць кветачкі польскія
на гною Беларуска-Літоўскім?


М. АРОЛ.


ЛІДА.

1921

Za pozwoleniem cenzury wojskowej

Быў час… ах, слаўны быў час і ў нас —
Беларусаў з Літоўцамі!
І ўспомніць ёсьць аб чым,
І пагутарыць аб ім,
Аб тым часе старадаўнім
Так радасна!..

Два народы працоўныя, два люды селянскія,
Каб чэсьць сваю збараніць, незалежнасьць сваю захаваць
Ад ворагаў рожных: — ад немцаў закованых ў сталь,
Ад татар жоўтатварых, расейцаў (магутных),
Асабліва-ж ад ляхаў заздросна — хітручых, —
Два народы гэты братэрскія
Шчыры і моцны саюз утварылі.

Саюз гэты шчыры двох народаў суседніх,
Саюз літвіноў з беларусамі
Даў магчымасьць люду працоўнаму
Адагнаць сваіх ворагаў.
Можнасьць даў захаваць незалежнасьць
Беларуска-літоўскага князьства,
Даў магчымасьць багацьця сваё утрымаць
Ад варожых, лап ўсіх ласых такіх,
Ад усяго, што здабыта цяжкай працай селянскаю,
А ня войнамі, не грабежамі ў землях чужацкіх.

Між народамі брацкімі,
Ў агульнай дзяржаве літоўска-беларускай
Не чуваць было спрэчак аб межах сваіх,
Аб мове дзяржаўнай, усе былі роўные.
Пашыралась прасьвета, навука і гандэль,
А моц ўсё ўзрастала да жаху ўсіх ворагаў.

Але быў адзін вораг, які не хацеў,
Не хацеў ў супакою пакінуць
Беларуска-літоўскае князьства.
І моцы не маючы гвалтам здалець, —
Ён хітрасьцю хціўся пятлю накінуць
Люду працоўнаму.

Ось, з варожай старонкі заходняй,
Зрыхтавалісь паны ў падарожу далекую,
Ў Беларусь і Літву за паважнымі справамі.

Добра ведае, што літоўцаў ці то беларусаў,
Як старых вераб’еў на мякіне не зманіш,
Паны гэты хітрыя захапілі з сабой
Шмат чаго…

Іезуітаў вучоных, здольных Бога і чорта зманіць,
Дыпляматаў хітручых, што за пекнымі словамі
Чорныя, злыдныя думкі хаваюць…
Каб зьдзівіць — панабралі з сабой рожных рэчаў заморскіх,
Убраліся ў адзежы вытворныя,
Каб ня гэтак дык так, а не так дык вось гэтак,
І ўселякімі чынамі абайсьці, абмыліць, абхітрыць
Літвіноў з беларусамі.

Прыезджаюць і кажуць гэтак лісава-хітрысна:
„Князі-ваяводы літоуск-беларускіе!
„Паслухайце нас з Польшчы пекнай прыехаўшых.
„Мы вам праўду згаворымо,
„Праўду надта патрэбную,
„Каб вы ведалі — навучыліся,
„Як ад дзікасьці вашай пазбавіцца…

„Выбачайце вы нас, але-ж вы — азіяты!
„Ваша вера паганская, вашы звычаі дзікія,
„Ваша мова — лясовая, ваша мова барбарская,
„I адзеты вы ўсе, горш чым хлопы вясковыя…

„Пялядзіце на нас, на адзежы прыгожыя
„І на дзівы нашы заморскія…
„А час будзе вольны ў вас, князі-ваяводы,
„Іезуітаў вучоных паслухайце…
„Іх прамовы, кніжкі разумець навучыцеся.

„А навучыцесь, — здольных да вас дыпляматаў прышлём
„Каб вучылі вас справам дзяржаўным,
„Як народам сваім кіраваць
„І здабыць сабе славу безкрайную…

„Наша польская мова — прыгожая,
„Бо мы с Захадам знаемся…
„Набіраемся… (ох, чуць ня ўскочыла слоўка „малпуемо“),
„Набіраемось там адукацыі і прыгожых манер
„І ўсяго… (чуць „грашэй“ не сказалася),
„І ўсяго… чаго хочыцца“.

Літвіны з беларусамі настарожылісь, прызадумалісь:
„Штой-то ёсць тут вужачага…
„Не дарма гэты ляхі прыехалі,
„Не дарма яны слоўкі закідваюць:
„Штось ды хочуць ад нас выклянчыць
„І каб у вочы ня кінулась
„Пачынаюць занадта здалека:
„Аб мове гавораць, пра звычаі кажуць,
„Вопраткі, дзівы заморскія, тычуць
„І славу безкрайную жычуць…
„Іезуіцкіх кніжок навязьлі, дыплёматаў варшаўскіх…
„Просюць з мовай паляцкай спазнацца…
„Каб ляпей нас зманіць…
„І салодкай атрутай спаіць“…

Сталось так як памысьлілі.

Праз неякі час зноў зьвертаюцца ляхі
З такімі салодкімі слоўцамі:

„Каб запэўніць вас,
„Што кахаем вас
„І ня будзем вам шкоды рабіць,
„Вашай згоды мы толькі папросім,
„Каб вам… кветак прыслаць,
„Польскіх кветак, пахучых…

„Так аддзякаваць вас мы жадаем
„За прыхільнасьць за вашу, за ласку;
„А ў прыдачу да кветак —
„Дыпляматаў сваіх… іезуітаў…
„Мы так сама ў вас застаўляем.

„— Ніхай яны панскія кветкі пільнуюць,
„Бо нашыя кветачкі кволыя
„Патрабуюць добрай выховы,
„Вымагаюць добрага гною…
„І адна небясьпека палохаець нас —
„Гэта прыкрая… гнойная справа:
„Баімось, кабы гной беларуска-літоўскі
„Не пашкодзіў-бы кветкам варшаўскім…

„Але… ўсё-ж такі кветачак польскіх,
„Кветачак пекных, пахучых
„Мы вам прышлём.
„Калі-ж прыдзецца блага
„Кветачкам нашым каханым…
„Мо’ варшаўскіх садоўнікаў
„К вам мы дашлем
„І яны, дзе патрэба, —

„Дзе шкоду гной робіць, —
„Аздабляць, выкідаць яго будуць
„Па рэцэптам варшаўскім…

А прамовіўшы так, сабраліся паны
І паехалі зноў да сябе,
Каб ў Варшаўцы сваей поў вар’яцкай
Баляваць сваю хітрасьць паляцкую.

Літвіны з беларусамі хоць сур’езныя людзі былі
(І падчас добра ляхам патыліцу „грэлі“),
Яны так мяркавалі з народам сваім:

„Што-ж селяне — браты,
„Не злякаемось мы
„Гэтых кветак паляцкіх пахучых!…
„Хай прышлюць!… Хай растуць і ў нас
„Яшчэ новыя кветкі… замежныя.
„Калі пекныя будуць і паху дадуць,
„Дык пасадзім расьці і цьвясьці
„На уцеху дзяцей нашых мілых…
„А калі ўсё — мана… і збадаемо мы,
„Што паляцкія кветкі — атрута,
„Дык затопчемо, знішчымо іх,
„Як тую крапіву прыплотную!“…


∗                    ∗

Праз неякі час, беларусы з літоўцамі
Азірнуліся… — вачам не паверылі:
Ў Беларусь і ў Літву панаехала
Ўсіх гатункаў і масьці і колеру
Шмат паноў і поўпанкаў варшаўскіх…
Сьпешаюцца зямлю купляць, будавацца,
І дзе-недзе імкнуцца селян абіраць,
Карыстаючысь іх цемнатой ды пакорай…

Ось пытаюцца гэтых наезьнікаў
Ваяводы літоўск-беларускія:
„Хто паслаў вас? Адкуль вы?
„І чаго вы так пхаецесь
„У землі нашыя, землі селянскія?
„Што згубілі вы тут чы пакінулі?…“

Адказалі на гэта паны:

„Чулі аб кветках,
„Кветках пахучых?…
„Мы — тые кветкі!
„Мы — тые пахі!
„Згоду вы далі —
„Сябе вінавацьце…
„Мы-жа, палякі, —
„Разумныя людзі.
„Мы — ўсё паны,
„А ня простыя хлопы.
„Зямлю закупім,
„(Можа змахлюем),
„Дамы збудуем
„(Вашаю працай)
„Садзікі створым,
„Кветак пасеем
„(Кветак з атрутай)…
„Ўсё, зробім, ўсё… —
„Не бядуйце!
„Толькі бяда ёсьць адна:
„Гной ваш літоўскі ці то беларускі
„Бульбу гадуець, хлеб добра родзіць.

„Але для кветак зусім не падходзіць…
„Ўрэшце… нішто! Мы будзем сеяць,
„Будзем садзіць, пільнаваць, ратаваць…

„Дайце час, Літвіны, Беларусы,
„Дык праз сотню гадоў (а можа хутчэй)
„Столькі кветак мы тут распаўсюджым,
„Што забудуць селяне пра бульбу і хлеб,
„Упіваючысь пахам паляцкім!

(„А мы будзем працаю іх карыстацца
„І кішэні грашмі набіваць“…)


∗                    ∗

З той пары шмат гадоў прамінуло…
Больш як сотню гадоў іезуіты, ксяндзы,
Дыпляматы, пісакі варшаўскія
Ўсё ўбівалі ў селянскія голавы, —
Што паны — між селян,
А маёнткі — між весак —

Гэта — „кветкі заходняй культуры“;
Што селяне Літвы, жыхары Беларусі,
Ўсе тут людзі, іх вёскі і праца
І ўсё гэта разам сабраўшы, —
Толькі — грунт, толькі — гной,
Каб расьлі гэты польскія кветкі…

Што было паскудна і дзіўна:
То — ня толькі жыхарству Літвы, Беларусі,
А нават народам заходняй Эўропы
Імкнулісь палякі ім вочы сьцямніць —
Пісалі, крычалі і нават кляліся:

„Насадзім культуру Літве — Беларусі,
Толькі дайце нам волю і права
Селянство ўпрагчы, як працоўнае быдло!“…
Сярод польскіх гарачых галоў
Познаходзілісь нават такія,
Якім марылось… (Бог ніхай крые!),
Што праз неякі час, праз кароткі.
Па над усей Беларусяй з Літвою
Запануюць ўсё польскія кветкі,
Польскі пах запануе над вёскай,
Не чуваць будзе гутаркі, „хлопскай“…
Будзе Польшча… ах, Полшча „ад пекла да пекла“!
Але не, не збылісь гэты мары паляцкія!
Схамянулась жыхарства ў Літве, Беларусі:
Ачуняло ад паху варшаўскага
І убачыло добра, што ўсюды
Толькі вырасьце кветак пахучых…
Гэты пах напаўняе паветра атрутай,
Ад якой у селян так баліць галава,
Мазалі на далонях так хутка растуць,
Ныюць плечы ад працы натужнай.
Зауважыў так сама літвін з беларусам,
Што ня ўсюды паны… выбачайце!.. Квяткі…,
Ня ўсюды кветкі расквітаюць, ня ўсюды растуць.
Дзе селяне мацней і ляпей згуртаваны.
Дзе мацней і зручней падцінаюць касой
Нават рэжуць з карэньнем і топчуць нагой
Там марнуюцца кветачкі панскія.
Запрымеціўшы так, пачалі пільнаваць
Добрай хвілі і зручнага мэнту,
Кабы разам, ў канец і да шчэнту
Пакасіць, патаптаць гэты кветкі паганыя…

∗                    ∗

Літвінам якось трапілось лепі…
Надыйшоў гэты момант жаданы
І пашлі працаваць востры косы літоўскія,
Падрэзаючы польскія кветачкі!…
Сталі гінуць, марнець,
Траціць колер і пах,
Усыхаць, прападаць… уцекаць…
Гэты… як іх… магнаты пахучыя!…
Праўда, што ёсьць, засталося ў Літве
Дзе-ня-дзе — пар з дзесятак маёнтачкаў польскіх,
Але… соку няма, пах запсуўся зусім…
Селянін тут з касою ля боку стаіць…
Дышыць вольным паветрам літоўскім
І пяець сабе песьню селянскую:

„Квецікі, вы кветачкі, годзі вам тут жыць,
„Годзі мае мілыя сокі нашы піць!…
„Выезжайце ў Польшчу, дзе чакаюць вас,
„Бо здарыцца хвіля… і я зрэжу ў раз…“


∗                    ∗

Беларусам не так шанцавала…
Часамі траплялась і добра скасіць
Тыя кветачкі польскія, гэты пахі смярдзючыя,
Затаптаць і з карэньнем павыдраць,
Як палын ці крапіву прыплотную…
Але зноў такі, зноў вырасталі паганыя!…
А за імі расьлі, як грыбы па дажджу
Ўсё жандары, жандары… жандары…
Селянін — беларус зразумеў ужо добра
Зразумеў, што ад кветачак польскіх атрута плыве
Каб яго атруціць і ў магілу спусьціць…

Не, паночкі! Не, кветкі смярдзючыя!
Не абмыліць вам люду селянскага!
Бо ён добра пазнаў, дасканала даведаўся
Чым вас можна згубіць, даканаць.

Трэба ўсім беларусам-селянам
Аб’еднацца, і зліцца і мэтай паставіць;
Усё глыбей і мацней сваім плугам араць,
Каб з карэньнямі кветачкі рэзаць.

Разам ўсей грамадой выхадзіць на пакос,
Нагастрыўшы ўсе косы селянскія,
Каб сьмялей і мацней і шырэй
Пасьцінаць ўсе атрутныя кветкі,
А далей… а далей, каб насеньня не далі
Усіх у Варшаву паслаць…
Хай палічуць іх у Сэйме варшаўскім!…
Толькі гэтакім чынам, грамадзкім змаганьнем
Дасягнуць можна мэты жаданай.

Беларусы — селяне! вы павіны змагацца,
Змагацца агульнай вялікай сям’ёй,
Каб пасохлі ўсе кветачкі польскія
І дарогу да вашай зямлі каб забылі
Як забылі ужо да літоўскай!


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.