Перайсці да зместу

Чаго чакаць Беларусам ад Польшчы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Чаго чакаць Беларусам ад Польшчы
Гутарка
Аўтар: Іван Карчынскі
1921 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧАГО ЧАКАЦЬ БЕЛАРУСАМ

АД ПОЛЬШЧЫ





Выд.: Камітэт Абароны Беларусі № 3.

Чаго чакаць Беларусам
ад Польшчы.

Гутарка дзеда да малодшых.

Старых людзей, бачыце, калісьці слухалі, дык і добра было. У апошнія часы пайшлі іншыя парадкі. Прауда, старому трудна прынаравіцца да новага, але ён ведае нешта аб старыне і малодшым можа расказаць, каб і яны ведалі, куды і які напрамак браць.

Нехта разумны калісьці сказау: „Не жадай багацьця, а жадай добрага суседзтва“.

На першы пагляд здаецца, што сусед суседам, а багацьця багацьцям. Але як памяркаваць, ды разглядзецца, дык той разумны не махлявау, а усю прауду сказау. Вось паслухайце, браткі, што дауней у нас было і што цяпер дзеецца і самі памяркуйце, што нам рабіць і на што надзеяцца.

Дауно, дауно, у старадауныя часы, больш як 12 сот таму гадоу (у VII і VIII сталецьцях), нашыя продкі—беларусы тагды яшчэ меушыя назову крывічоу, былі народам магутным, вялікім і вольным. Было жыцьце іх слаўнае; мелі яны і гарады вялікіе: як Полацак, Смаленск, Турау і Менск, Гомель і Слуцак, Слонім і Ваукавыск, Горадню на Нёмані і іншыя. Былі яны самі сабе паны. Апрацовывалі сваю землю, дзе хто, сядзеу. Бралі мёд у бары са сваіх борцёу, хто сколькі хацеу. Палевалі за зьверам дзікім у сваіх пушчах, у барох, ці за зубрам касматым, ці за турам страшным, ці за аленям, ды лосям, ці за лісом ды вауком, ці то і за самым мядзьведзям—сілачом. Лавілі рыбу уселякую у сваіх рэках многаводных: у Дняпры і Нёмане слауных, у Прыпяці, у Дзьвіне, на Бугу і Нарэві рацэ, у багнах Шчары і Мухауца, Бярэзіны ды Бабра, адкуль даставалі яны і рыбу здаровую, ды і скурау немала бабровых. Мелі яны усяго даволі, і жылося ім добра, вольна. Разьліваліся іх вольныя песьні ад Дзьвіны да Бабра і ад Буга да Дняпра па усяму вялікаму абшару беларускаму. Не зналі яны ні паншчыны, ні паноу, бо не было яшчэ тагды ні Варшавы, ні Масквы.

Масква куды пазьней збудавалася, ня больш таму семсот гадоу. Польшча-ж толькі тады пачынала складацца з „ляхаускіх“ плямёнау. „Ляхамі“ тады іх звалі. Там розныя плямёны былі: мазуры, кракавякі, кашубы, памаракі і іншыя.

Бліжэй другіх мазуры былі. Яны за Бугам ў Нарвай-ракой жылі. Былі, значыцца, суседзямі беларусоу. Дрэнныя яны былі суседзі і заусёды надта шкодзілі беларусам, каторыя жылі з гэтага боку Бугу у Горадзеншчыне. Часта яны як ваукі, пераплыушы Буг ці Нарву, рабавалі у нас быдла і іншае дабро беларускае, а самых беларусау, якія пападаліся ім у рукі, у палон бралі. А асабліва дзяцюкоу маладых ды дзяучат прыгожых. Дрэнныя суседзі былі, шкадлівыя — народ дзікі, пагардны, чапурысты, бязлітасьцівы, безміласердны і ня пэуны у сабе, як і цяпер самі бачыце,—шляхта ад гэтаго карэня. Беларусоу, прауда, было больш як мазуроу і дужэйшымі ад іх былі,—дык ня дужа баяліся ляхау і за кожны гвалт давалі ім добрую навуку. Але усе ж такі, як той казау: „і малая сабака кусацца можа“.

Былі яшчэ у беларусоу суседзі, таксама ня добрыя і кусачыя нямецкія крыжакі. Яны прышлі з Гэрманіі і аселіся у Прусіі на літоускай зямлі і у латышоу, дзе цяперака м. Рыга. Яны часта нападалі на Горадзеншчыну і на Вітабшчыну. Беларусы ад іх адбіваліся побач з літвінамі, каторым таксама шмат шкодзілі крыжакі.

Быу яшчэ трэці сусед у беларусоу — літвіны. Гэты народ, як і вы самі добра ведаеце, спакойны, ня шкодлівы, сумленны і заусёды жыу у добрай згодзе з беларусамі. Часам бывала, прауда, недзе пасварацца, ды і пагодзяцца, як і у сямьі бывае,—сёньня палаяліся, а часамі і пабіліся, а заутра ужо і згода.

Як ляхі і крыжакі з адного боку, а татары, паланіушыя у палове XIII сталецьця Кіеускую Русь,—с другога боку, пачалі насядаць на Беларусь і на Літву, тады беларусы згуртаваліся з літвінамі у адну вялікую магутную і слауную Літоуска-Беларускую Дзяржаву. Тагды ужо ніякія ворагі ня былі страшнымі для беларусоу і літвіноу, — ня добрыя суседзі ужо іх баяліся і не адважваліся чапаць іх. Яны так пабілі тады, у 1410 годзе, пад Грунвальдам нямецкіх крыжакоу, што пасьля таго крыжакі не адважваліся больш і паварушыцца. Так пражывалі Беларусы і Літвіны у добрай згодзе паміж сабой, у сіле і славе для суседзяу, вясёла і вольна, гэтак яшчэ каля трохсот гадоу. Амаль не да паловы XVI сталецьця. Прауда, ужо тады завеуся у іх шкадлівы чэрвяк—гэта быу той самы дрэнны сусед паляк, бо на гэту пару ляхі таксама згуртаваліся і пачалі звацца Польшчай ці Рэччу Паспалітай.

Дык Польшча хацела пажывіцца з Беларусі і Літвы, але не адважвалася падступіцца, баялася і на хітрасць пусьцілася. У сьвятым Пісьме гаворыцца, як чорт, забраушыся у рай, хацеу спакусіць Адама, а спакусіу перш Эву праз пекнае яблака. Можа і у запрады для Эвы яблака было пекнае, ды яшчэ салодкае, але з таго выйшла адна толькі горыч горкая, ды доля цяжкая, як ведама кожнаму чалавеку, які сьвятую кніжку чытау, або ад духоуніка чуу.

Дык і палякі забраліся на Літву і Беларусь, спачатку хітрасьцю, а потым ужо і сілу узялі. Вось як тоя сталася.

У 1377 годзе памер вялікі князь Літоуска-Беларускі Альгерд; пры ім Літоуска-Беларуская Дзяржава была сільнейшая, чым за увесь час да таго. Вялікім князям стау адзін з малодшых сыноу яго Ягайла, ці па праваслаунаму Якау, бо хрышчоны ён быу па праваслаунаму. І гэта ня дзіва, бо беларусы ужо з X-га сталецьця, ці яшче за 500 гадоў да Ягайлы былі праваслаунай веры, ці усходняй цэрквы. Ад беларусоу і частка літвіноу трымалася ужо усходняй ці праваслаунай веры, у тым ліку і шмат якія літоускія князі і баяры, а рэшта літвіноу трымаліся яшчэ старой веры, паганскай, ці то крыускай (крывічскае). Вось тутатка падсунуліся да маладога Ягайлы палякі с сваей каралевай Ядвігай, каб ён з ею жаніуся і праз тоя згуртавау Польшчу і Літву з Беларуссю у адну дзяржаву. Пад адным значыцца, каралём польскім і разам з тым вялікім князям літоуска-беларускім. Ягайла згадзіуся і пашоу у прыймы да Ядвігі. Мусіць тоя яблака спадабалася яму, як пекнае і салодкае, але для Беларусі і Літвы выйшла з таго такая горыч горькая, што і да гэтага часу ні запіць, ні заесьць яе беларусам і літвінам… Згодзіуся Ягайла, жаніуся з Ядвігаю у 1386 годзе і стау каралём Польскім і вялікім князям Літоуска - Беларускім. Зараз жа ён перахрысьціуся на каталіцкую веру і абавязауся перавясьці на каталіцтва усю Літву і Беларусь, каго па добрай ахвоце, а каго і сілай.

З гэтага часу палякі і пачалі мець уплыу на Літву і Беларусь праз асобу караля, спачатку хітра, вельмі асьцярожна, каб ня узубрыць народу, а пасьля усё крапчэй і крапчэй.

Пачалі яны з вышэйшай клясы, з баярау. На Гарадэльскім Сойме у 1413 годзе палякі абецалі літоускім і беларускім баярам уселякія льготы і прывілеі, каб узяць іх на сваю старану і аддзяліць ад народу. Тыя пайшлі на гэтую прыманку, пачалі праз шлюбы радніцца з польскімі магнатамі і заводзіць у сябе польскія звычаі. А пасьля дабраліся яны да мешчанства і да селянства. З селянамі выйшла справа кароткая, — іх проста каралеускім прыказам прыкрапілі да зямлі, на каторай селяне сядзелі спакон веку і аддалі іх у паншчыну баярам, ці памешчыкам. Сталася гэта на Літве і Беларусі, каля 1530 году пры тым самым каралі польскім вялікім князю літоуска - беларускім Зыгмундзе I ці Старым, катораго цяперака палякі так выхваляюць… З таго часу вольны селянін беларус і літвін стау панскім „быдлам“, якоя памешчык мог да сьмерці забіваць без усякай адпаведальнасьці, мог прадаваць і на сабак меняць. Бедны селянін усе сем дзён у тыдзень павінен быу на яго працаваць,—ня было для яго ні нядзелі, ні свята. Аб гэтым нават пісалі да сьвятога Айца у Рым папскія нунцыушы Фульвій, Руджыеры, Бонжыовані і др., якіх св. Айцец прысылау у Польшчу. Гэта сталася, як палякі узялі ужо сілу на Літве і Беларусі. Спачатку літвіны і беларусы бараніліся ад палякоу. Яшчэ тады, як Ягайла прадау палякам сваю бацькаушчыну, народ вельмі абурыуся проці яго, начале нездаволеных перш стаяу дзядзька Ягайлы—брат Альгерда, слауны князь Кейстут, але Ягайла ашукау яго. Ён нібы памірыуся з Кейстутам, запрасіу яго у госьці, схапіу і кінуу у турму, а пасьля падаслау забойцаў, якія задушылі Кейстута. Хацеу Ягайла загубіць і Кейстутавага сына, свайго стрэчнаго брата, слаунаго княза Вітаўта, але гэты не дауся і павёу народ проці палякоу. Ягайла прымушаны быу памірыцца з Вітаутам і прызнаць яго вялікім князям Літоуска - Беларускім, як асобнага ад Польшчы. Вітаут выбрау сваей сталіцаю Горадню і правіу Літвой і Беларусяй блізка 40 гадоу (1392—1430). Пасьля Вітаута быу літоуска - беларускім князям родны брат Ягайлы Свідрыгайла, але і яго Ягайла загубіу. Пасьля яшчэ доугі час Літвіны і Беларусы мелі сваіх асобных ад Польшчы вялікіх князёу, але палякі кожны раз, як памірау іх кароль, выбіралі на караля абавязкова вялікага князя літоуска-беларускага і такім чынам зноу злучалі Літву і Беларусь з Польшчай…

Вось ніхай кожны добры чалавек і памяркуе, якога суседа маюць Літвіны і Беларусы, — ніяк ад яго не адчэпішся, ліпне і ліпне… Улез у агарод, кажэ—мой; улез у хату, кажэ—мая.

А што датычэ веры, дык тут ужо польскаму зьдзеку і паняверцы ня было канца і меры. Вера ёсьць справа святая,—бяз Бога ніхто жыць ня можэ. Гэта кожны чалавек добра ведае і знае. Але кожнаму здаецца, што яго вера—вера яго бацькоу ёсьць найлепшая, ці то яна будзе каталіцкая, ці праваслауная, ці лютэранская, ці жыдоуская. Ды не, палякі кажуць будзь абавазкова каталіком, ці, яшчэ, як яны гаворуць, польскай веры. А чаму гэта? А вось чаму. Годзі ужо палякам ашуківаць нас — беларусоу. Мала цяпер такіх дурняу, каб ім верылі. Вера ёсьць справа душы чалавека. Куды душа зьвертаецца, ніхай з Богом туды і ідзе. Хочэш быць каталіком, ідзі да касьцёлу памаліцца і паслухаць навуку хрысьціянскую, але ня польскую. Але у польскіх паноу была думка не тая. Яны не да касьцёлу прыхіляюць народ, а да Варшавы. Праз тоя яны і хацелі бы, каб усе праваслауные пакінулі свае цэрквы і пайшлі бы да касьцёлу маліцца па-польску і перасталі бы лічыць сябе беларусамі, а лічылі бы палякамі. Дзеля гэтага палякі і называюць сьвятую каталіцкую веру — польскай верай і заклікаюць і прымушаюць беларусоу да касьцёлу, каб хутчэй іх спалячыць і прылучыць усю Беларусь да Польшчы. Дзеля гэтага каталікам-беларусам хрысьціянскую навуку, малітвы. казаньня, літаніі і наагул усе набажэнствы у касьцелі адбываюць па-польску. Чаму-ж гэта так? Чаму-ж беларусу-каталіку не маліцца у касьцелі на роднай сваей беларускай мове? Чаму палякі і у сьвятым касьцелі думаюць, не аб душы збауленьні, а аб сваей Польшчы, ды аб тым, каб найхутчэй апалячыць Беларусь. Кажуць яны, што каталіцкая вера ёсьць вера польская. Глупства, ашуканства. Ня усе-ж каталікі ёсьць палякі, а таксама ня усе палякі ёсьць каталікі. Ведама, каталікі есць і немцы, французы, італьянцы, гішпанцы і розныя, розныя другія народы. Дык, што-ж? Ці усе гэтыя народы каталіцкай веры у касьцелі моляцца па-польску? Сьмешна нават. Кожны моліцца безумоуна у сваей роднай мове і будучы каталіком, ён усе-ж такі застаецца ці французам, ці немцам, ці італьянцам і т. д. Ды і ня усе палякі есьць каталікі. Есьць палякі—праваслауные, есьць палякі лютэры, кальвіны, нават іншыя людзі жыдоускай веры лічуць сябе палякамі. Як жа можна так зьневажаць сьвятую каталіцкую веру і святы касьцёл. На гэткіе злые рэчы здольны толькі палякі, зварьяцеушые на сваей польскай справе. То-ж усякаму ведама, што вера адно,—а нацыянальнасць саусім другое.

Дык вось палякі дауно ужо прыдумалі апалячыць беларусоу. Гэтая польская справа цягнецца яшчэ з часоу таго Ягайлы. Ён абецауся палякам гвалтам навярнуць да касьцёлу усіх літвіноў—паганскай веры і беларусоу—праваслауных. Літвіны тады прынялі сьвяты хрэст, а беларусы, як былі ужо хрысьціянамі усходняй веры, так і заставаліся у сваей веры, а баяры іхніе мала па-малу сталі пераходзіць на каталіцтва і спалячывацца. І сталася так, што вядомыя цяпер польскія магнаты: Сапегі, Чэцьвертынскіе, Друцкія - Любэцкія, Тышкевічы, Талочкі, Касакоускія, Масальскія і многа розных іншых усё гэта беларускія вырадкі. Дзяды іх былі беларусы-праваслауныя, а яны самыя цяпер ужо заядлыя палякі. Яшчэ у пачатку XVIII сталецьця праваслаўным мітрапалітам Кіеускім быу князь Гэдэон, Святаполк Чацьвяртынскі. Таксама напрыклад і Сапегі. А цяперака князь Сапега маючы у Горадзенскім павеце 7000 дзесяцін беларускай зямлі,—служыць у Польшчы Міністрам загранічных спрау і дзеля свайго маёнтку у Горадзеншчыне цягне да Польшчы і усю Горадзеншчыну. Ня гледзючы на сваіх паноу перакінуушыхся у палякоу беларускі народ цярпеу панскі уціск і цьвёрда трымауся сваей праваслаунай веры і сваей беларускай нацыянальнасьці.

Тады палякі прыдумалі і на гэта свой спосаб. У 1569 годзе яны сабралі у м. Любліне Сойм, на якім гвалтоуна прылучылі Літву і Беларусь да Польшчы. Тых членау Сойму—Літвіноу і Беларусоу, якія не згаджаліся на гэта, палякі арэштавалі і змусілі іх падпісаць пастанову Сойму. Пасьля гэтага палякі, як вада, калі прарве грэблю, затапляе паля і лугі, разліліся па Беларусі і Літве; атрымлівалі там пасады і маёнткі і палячылі народ, беларускую мову заменялі польскай і уселякімі спосабамі пачалі заводзіць тутака сваю „польшчызну“. Іх жаданьня спольшчыць Беларусь яшчэ больш умацаваліся, калі яны на Берасьцейскім Сойме завялі на Беларусі унію, г. зн. злучэньне праваслаунай цэрквы з каталіцкай. Яны казалі, што зрабілі гэта быццым дзеля таго, каб згуртаваць усіх хрысьціянаў, каб быу адзін Пастыр, сьвяцейшы рымскі Айцец. Каб-жа гэта было так. Але думка у палякоу зусім была інакшая. Мэта іх была спольшчыць Беларусь і гэтай уніяй яны мяркавалі перакінуць мост з Беларусі да Польшчы, бо зараз-жа, як і у беларускім касцелі, пачалі яны уводзіць польшчыну і у уніяцкую царкву. Тутака ужо пачауся такі уціск на праваслауных беларусоу, якія карысталіся і у цэркві сваей роднай беларускай мовай, што і пераказаць таго не магчыма. Чаго, чаго яны не рабілі, Якога толькі зьдзеку не чынілі. Даволі сказаць, што нават цэрквы аддавалі карчмаром у арэнду. Ці хрысьціць трэба, ці даваць шлюб, ці хаваць нябошчыка, ідзі перш да карчмара, выкупі ключы ад цэрквы, а тады ужо заві сьвяшчэніка. І такоя ліха і зьдзек чынілі палякі на працягу бадай што пяцьсот гадоу, аж пакуль Беларусь не адыйшла да Расеі у 1772—1793 гадох.

У тыя часы польскага зьдзеку і уніатам жылося ня лепш, і уніаты-селяне для палякоу былі таксама „быдлам“, і палякі карысталі з іх цяжкай штодзеннай працы і крывавага поту, каб больш здабыць сабе „злотых“, і вычварацца і баляваць па заграніцах, асабліва у Парыжы.

Вось якую „культуру“ палякі давалі для Беларусі. Гэтая пякельная „культура“ запісана у гісторыі Беларусі кроую, потам і сьлязьмі бедных беларусоу. А яны, бачыце, пахваляюцца: польская культура, ды польская культура. Ніхай яе, гэтую культуру, віхор парве, ніхай яе, вецер развее. Досі ужо ад гэтай культуры наплакаліся беларусы і каталікі і праваслауныя, і уніаты, і жыды.

Пара нам беларусам зноу пачаць жыць вольна, пад сваім беларускім Урадам, як жылі нашыя продкі, нашыя прадзеды. Ніхай вольная наша мова і вольная беларуская песьня зноу вясёла паліецца па усім вялікім абшары Беларусі ад Дзьвіны да Бабра і ад Буга да Дняпра. Браты-Літвіны ужо стаяць за сваю свабоду і незалежнасьць; яны ужо згуртаваліся і будуюць сваю дзяржаву. Трэба поруч з літвінамі і нам—беларусам гуртавацца, будавацца і ад палякоў адбівацца, бо яны зноу лезуць на Беларусь, занялі ужо Горадзеншчыну, амаль ня усю Віленшчыну і часць Меншчыны. А што яны зноу пачалі рабіць тутака у нас, дык усе вы бачыця ды і ня толькі бачыця, але і горка плачыця. Але памятайця, што плачам не паможаш бядзе. Польская „культура“ не баіцца сьлёз, не уважае на іх. Нешта іншае трэба паказаць польскім панам і падпанкам, і ніхай сабе яны зноу ідуць за Буг, адкуль прыйшлі. Ці-ж плачам вернеш коні, быдла, збожжа, сала, сена, і адзежу, што забралі у цябе палякі? Ці-ж сваімі сьлязьмі заплаціш сабе за тыя штодзенныя фурманкі, якімі мучаць цябе палякі? Ці-ж сьлязьмі загоіш свае раны і сінякі, якія набілі табе польскія жандары. Хіба за твае сьлёзы вернуць яны табе цэркву і тваю беларускую школу, што забралі у цябе ды яшче прыслалі польскую вучыцелку, ці вучыцеля, каб спольшчыць і цябе і тваіх дзетак? А хто-ж заплаціць табе за тоя, што гніу ты бязвінны у польскай турме церпячы голад і холад?..

Кажуць, што будзе „плебісцыт“, ці тоя галасаваньне, каб кожны значыцца сказау, да каго ён хоча належыць, ці да Польшчы, ці да Беларусі з Літвой, бо Беларусь і Літва паміж сабою згодзяцца і злагодзяцца, як жа тутка адказаць на гэтае пытаньне?.

Цяперь ужо кожны добра бачыць і разумее, ці добры сусед Польшча, ці дрэнны. І кожны павінен зразумець, чаго чакаць беларусам ад Польшчы, калі адыйшла бы да Палякоў частка Беларусі? Дабра не чакай, бо яго ня будзе. Быу „быдлам“ для польскага пана і застауся бы ім, каб пайшоу да Польшчы,

Хочаш быць вольным беларусам, падавай свой голас за Беларусь з Літвою. Ці ты каталік, ці ты праваслаўны, памятай, што ты беларус.

Дык не прадавай маткі Беларусі, сваей дарагой Бацькаушчыны палякам. Ні за карысьць, якую яны махлярствам абецаюць, ні за страх, якім цябе палохаюць, ні за прыязнь, ні за сваю глупоту. Ніхай палякі просюць цябе, ня слухай, адыйдзі. Ніхай спакушаюць падарункамі і выгодамі, — не спакушайся, адыйдзі. Ніхай цябе пужаюць, ня турбуйся, ня бойся, — гэты страх часовы. Ніхай польскі ксёндз у касьцеле пагражае табе праклёнам, ці не прыймае да споведзі, як ня будзеш галасаваць за Польшчу,—ня бойся, тутка нічога німа грэшнага, ты беларус, а не паляк, гэта справа нацыянальная, а не касьцельная і да веры не належыць. За гэта ня пойдзеш у пекла, як пад Польшчу трапіш, дык там ужо табе праудзівае пекла будзе. А таго самаго польскага ксяндза, які табе пагражае, Бог пакарае за тоя, што ен хрысьціянскія душы чмуціць і замест сьвятой каталіцкай навукі для душы збауленьня, абражае сьвяты касьцёл, абманываючы хрысьціянства на карысьць польскай справы і польскіх паноу. Бог ня любіць непрауды і ашуканства і карае за гэта. Старыя людзі гэта памятаюць і ад сваіх бацькоу і дзядоу чулі, і малодшых навучаюць, каб Бога прауду і Бацькаушчыну шанавалі.

Даволі ужо паны - палякі пацешыліся на Беларусі. Час ім дамоу ісьці за Буг, да Варшавы, ці да Плоцка, ці да Кракава, ці куды сабе хочуць. Ніхай з імі ідуць і беларускія здраднікі. Ня трэба нам іх.

Пакаштавалі мы ужо „польскай свабоды“, ад яе баляць і сьпіна і ногі.

Пара нам—беларусам шукаць нашай старой беларускай долі, бяз польскай волі.

Вось пра якую дзед вам казау старыну, а вы самі добра бачыце навіну. Вось тутка і памяркуйце добра, дый не за Польшчу, а за Беларусь галасуйце і родную нашу Бацькаушчыну пільнуйце. Гэта Бацькаушчына, сьвятая наша. Будзе у нас і саланіна і хлеб і каша, калі польская улада і жандары-паны пасунуцца туды, адкуль прышлі яны.

Вольная, незалежная Беларусь ніхай жыве шчасьлівая навекі-вечныя.

Вось і уся у гэтым дзедава гутарка.



Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.