Ціхім гоманам гордых вяршын

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Да працы *** Ціхім гоманам гордых вяршын…
Верш
Аўтар: Канстанцыя Буйло
Дзень сканаў за гарой


Ціхім гоманам гордых вяршын,
Шэпатаньнем зялёных галін
Лес адвечную казку казаў;
Казкі той зразумець не маглі
Птушкі, што у ём гнёзды вілі,
Ані вецер, што там пралетаў.

Казку ту зразумеў чэлавек:
Лес казаў пра даўнейшы той век —
Ён гісторыю пеў старыны,
Што была таму сотні гадоў,
Аб жыцьці-быцьці нашых дзядоў —
Як і дзе пражывалі яны.

Ён аб войнах крывавых казаў —
С кім і дзе прадзед наш ваеваў, —
Пеў аб долі-нядолі яго;
Ён аб веры яго гаварыў:
Ў што той верыў, каго другам быў
І за ворага меў ён каго.

Ціхім гоманам гордых вяршын,
Шэпатаньнем зялёных галін
Лес казаў пра ад’жыты ўжо век,
І хоць казкі спазнаць не маглі
Птушкі, што у ём гнёзды вілі,
Яе ўсю зразумеў чэлавек.