Перайсці да зместу

Цені й блескі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Цені й блескі
Публіцыстыка
Аўтар: Адам Станкевіч
1935 год
Крыніца: Калосьсе. — 1935. — Кніжка 4. — С. 213—216

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АД. СТАНКЕВІЧ

Цені й блескі.

(Да лёзунгу „Культура нацыянальная формай — камуністычная зьместам“)

Аднэй з многіх асаблівасьцяў прыроды чалавека ёсьць яго нахіл да творства і творчая здольнасьць. Чалавек ніколі ня чуецца здаволены тым, чым абдарае яго прырода, але вечна то заглыбляецца ў гэну прыроду, здабываючы яе тайніцы, то ўзноў заглыбляецца ў собскую псыхіку, сьцьвярджаючы сваю асобнасьць ад акружаючага быту, то ўрэшце вокам сокала выбягае далёка ў прасторы быту паза ўласны духовы сьвет. Вынікам гэтага характару прыроды чалавека і яго бязупыннага даходжаньня правоў і тайніцаў усебыту зьяўляюцца штораз новыя вынаходы — адкрыцьці, штораз новыя спосабы выражэньня — адмаляваньня і быту зьверхняга аб‘ектыўнага і быту ўласнага-суб‘ектыўнага. Гэтыя рознаякія вынікі творчага нахілу чалавека і яго творчай дзейнасьці завем духовымі вартасьцямі, духовым багацьцем чалавека, культурнымі цэннасьцямі, культурай урэшце.

Культурай такім чынам завецца агульны вынік людзкога творства, прыналежны якой аднэй грамадзкай людзкой групе, у галіне духовай і матар‘яльнай.

Даўней культуру ўважалі за адно з цывілізацыяй. Цяпер, праўда, разьдзяляюць іх, але затым, што цалком гэтыя два паняцьці неразьдзельны, часта ўжываюцца яны адно за другое. Аднак два гэтыя сваяцкія паняцьці маюць агулам розны зьмест, рознае значэньне. Культура — паняцьце агульнейшае, цывілізацыя — вузейшае, культура род, цывілізацыя гатунак, бяз культуры ня бывае цывілізацыі. Аб цывілізацыі якой грамадзкай групы гаворыцца тады, калі яе грамадзкі лад вышэйшы ад грамадзкага жыцьця людзкіх групаў прымітыўных. Цывілізацыяй завём агулам усё тое, што адносіцца да бясьпечнасьці ў супольным жыцьці, да матар‘яльнага дабрабыту і агулам да нармальных, магчымых людзкіх суадносінаў.

Слова цывілізацыя паходзіць ад лацінскага „civis“ — грамадзянін. Знача, у паняцьце цывілізацыі ўваходзіць усё тое, што адносіцца да грамадзкага ўладжаньня людзей: такі ці іншы грамадзка — палітычны лад, гандаль, войска, камунікацыя і г. д. Культура-ж азначае цэласьць спраў і вышэйшых дзеяньняў чалавека, каторыя, будучы вынікам творчай людзкой псыхікі, вядуць чалавецтва да далейшага разьвіцьця і ўдасканаленьня пад узглядам інтэлектуальным, этычным, эстэтычным.

Чалавек звычайна апрача веды мае так-жа веру; там, дзе веда ў яго творчых імкненьнях аказваецца бязсільнай, дапаўняе яе вера, духовае адчуцьцё таго, што ляжыць за межамі фізычнага сьвету, ці як кажуць філёзофы — мэтафізыка. Сталыя ідэовыя, найбольш агульныя, апёртыя на гэтай веры ці мэтафізыцы, адносіны чалавека да ўсебыту называюцца яго ідэолёгіяй, яго сьветапоглядам. Вось-жа культура ня ёсьць нечым суцэльным, усюды аднолькавым, яна мае розны характар залежна ад сьветапагляду тэй грамадзкай групы людзей, ці таго народу, у якім яна паўстае і творыцца. Агулам бяручы, найбольш тыповым сьветапаглядам людзей, ня лічачы пасярэдніх і мяшаных, звычайна бывае або ідэалістычны, або матар‘ялістычны. Першы, апрача матэрыі, прызнае на сьвеце сілы духовыя, аж да асабовага Бога (дуалізм), а другі апрача матэрыі на сьвеце ня бача нічога (монізм). Залежна ад такога ці іншага сьветапогляду і культура, твораная людзьмі, агулам гаворачы, носіць на сабе адпячатак сьветапагляду.

Культура бывае матар‘яльная і духовая. Першая (матар‘яльнае творства, пераважна апёртае на сьціслай навуцы — матэматыцы і інш. — з яе вынікаючых, або да яе збліжаных), будучы найбліжэй зьвязанай з фізычным акружаючым чалавека бытам, больш даступным да яго веды, найменш падатлівая на такі ці іншы людзкі сьветапагляд. Другая-ж (духовае творства, пераважна апёртае на навуках гуманістычных), будучы натурай сваей зьвязанай агулам не з фізычным жыцьцём, але з тым, што як-бы за ім ляжыць, з мэтафізыкай, бадай сусім залежа ад людзкой ідэолёгіі, ад сьветапагляду і іх выразны адпячатак на сабе носіць. Ужываючы далей слова культура, будзем разумець пад ім прадусім культуру духовую.

Культура заходня-эўрапэйская, якая сяньня перажывае крызіс, агулам носіць на сабе адбіцьце ідэолёгіі ідэалістычнай. На ўсходзе Эўропы, у ССРР, даўнейшая, так-жа пераважна ідэалістычная культура, адкінута і збурана, а на яе месца творыцца культура матар‘ялістычная, апёртая на філёзофічным скрайна-матар‘ялістычным сьветапаглядзе. Характэрыстыкай культурнага творства у ССРР, датарнаванага там да сучаснага грамадзка-палітычнага рэжыму, зьяўляецца лёзунг: „Культура нацыянальная формай, камуністычная зьместам“.

Разгледзім з большага цені і блескі, плюсы і мінусы культуры, творанай пад гэтакім лёзунгам у ССРР прадусім з пункту гледжаньня значэньня яе для беларускага народу.

Лёзунг: „Культура нацыянальная формай — камуністычная зьместам“ выражае, як ужо сказана, на падставе матар‘ялізму, у соцыяльнай інтэрпрэтацыі Маркса, характар савецкай сучаснай культуры і варункі яе творства.

У ССРР жыве шмат народаў, якія патрабуюць правоў на сваё нацыянальнае жыцьцё. Нацыянальнае-ж жыцьцё кожнага народу многа ў сабе мае элемэнту ідэалістычнага. Вось-жа гэны лёзунг — гэта спроба сынтэзы нацыянальных імкненьняў розных народаў у ССРР і камуністычнага матар‘ялістычнага сьветапагляду.

Культура нацыянальная формай, а камуністычная зьместам — азначае культуру, твораную і выяўляную ў мове кожнага народу і, дзе гэта толькі можна, выражаючую і носячую на сабе філёзофічную ідэолёгію матар‘ялізму, ці, апёртага на ім, філёзофічна-грамадзкага камунізму. У ССРР, як бачым з гэтага лёзунгу, культуры пастаўлены даволі вузкія рамкі, у якіх кожны народ, праўда, мовай сваей можа карыстацца, але выключна, як правадніком ідэяў матар‘ялістычнага камунізму. І сапраўды, сучасная савецкая культура, а ў яе ліку і беларуская, сьцісла ў гэтых рамках і адбываецца, носячы на сабе ідэовы выключна матар‘ялістычны характар.

Вось-жа ў культуры, творанай у гэткіх рамках, лёгка дагледзіць недахопы яе і цені, яе крычачую аднабокасьць. Прадусім гэта культура выключае элемэнт нацыянальны, выключае паняцьце народу, як грамадзкай групы, сьведамай сваей асобнай нацыянальнасьці. Аб гэтым сведчыць усё апошніх гадоў беларускае ў БСРР краснае пісьменства, гуманістычныя навукі, школьныя падручнікі і інш. У гэткай культуры кожны народ уважаецца фактычна за этнос, за этнографічную, нацыянальна-неасабовую масу. Тымчасам народ як нацыя, як сьведамая нацыянальна адзінка, — гэта ўжо ня маса, ня этнос, а вырасшая з яго грамадзкая асоба. Калі-ж ідзе аб культурныя вартасьці і творчыя здольнасьці масы і масавай адзінкі — дык ясна, што ў першай яны мінімальныя, прымітыўныя, а ў другой вялізарныя, неагранічаныя. Тут гэткая самая заходзіць розьніца, як і ў паасобных адзінках: у прымітыўнай, без разьвіцьця асабістай людзкой сьведамасьці, і ў культурнай, з разьвітымі асабістымі індывідуальнымі культурнымі амбіцыямі.

Цень такой анацыянальнай культуры ў тым, што яна ў сваім творчым працэсе, над многімі творчымі вартасьцямі і магчымасьцямі ў народзе, як нацыі, пераходзіць да парадку дзеннага, сама стаючыся анэмічнай і бледнай.

Гэная анэмічнасьць у савецкай культуры, творанай згодна з вузкімі рамамі ведамага нам лёзунгу, кідаецца ў вочы ня толькі дзеля адсунасьці ў ёй нацыянальнага ідэалістычнага элемэнту, але так-жа дзеля адсутнасьці ў ёй усякага ідэалізму. Нядаўна ў Маскве паявілася трэцяе выданьне „Избранных стихотворений и поэм“ Лермонтова. Вось-жа рэдактары камуністы павыкідалі з яго ня толькі ўсё тое, што мае рэлігійны характар, але нават вось такое выражэньне: „За злато совесть і закон готов продать охотно он“, у якім гаворыцца аб сумленьні. Гэткага-ж скрайна-матар‘ялістычнага аднабокага характару ўсё беларускае пісьменства ў БССР. Ясна, што гэткае культурнае творства, як яўна аднабокае, ёсьць убогім, бо пазбаўленае тых шырокіх творчых магчымасьцяў людзкой душы, якія яна мае і да якіх усьцяж імкнецца і ў галіне жыцьця чыста духовага, ідэалістычнага.

Недахоп, цень такой аднабокай, матар‘ялістычнай культуры як у Саветах так-жа й у тым, што Яна спыняе этычнае разьвіцьцё чалавека, грамадзкіх груп, народу. Гэткая скрайна-матар‘ялістычная культура, маючая мэты прадусім практычныя і матар‘яльныя, этычнае пачуцьцё зводзіць да грубога ўтылітарызму: тое добрае, што карыснае, і гэтым этычныя асновы прытупляе і спыняе развой іх. Тыя частыя сабатажы, пакражы і розныя надужыцьці ў савецкіх калектыўных гаспадарках, аб якіх пішуць савецкія газэты, так-сама як і ў гаспадарствах капіталістычных, сьведчаць аб тых грозных этычных шчэрбінах кожнай выключна матар‘ялістычнай культуры.

Але кожны ідэовы рух, хоцьбы ён быў і дужа аднабокі і памылковы, заўсёды мае ў сабе ня толькі цені, але так-жа, блескі. Гэтыя блескі агулам мае так-жа, асабліва тасуючы яе да беларускага народу, і савецкая культура нацыянальная формай, камуністычная зьместам.

Шырокае карыстаньне беларускай мовай — у школе, у навуцы, у ўрадзе, у пісьменстве і агулам у жыцьці грамадзкім хоцьбы нават як сродкам, — мову гэту разьвівае, дасканаліць, багаціць, культывізуе, ня гледзячы нават на набліжэньне апошнім часам яе правапісу з мэтаў палітычных да мовы расейскай. Культура-ж мовы — гэта ўжо вялікая цэннасьць народу.

Постулятам лёзунгу: Культура нацыянальная формай, камуністычная зьместам, зьяўляецца так-жа цывілізацыйны праяў савецкай культуры, хоць не ўва ўсіх этнографічных граніцах, факт існаваньня БСРР, як аўтаномнай адзінкі ў агульным Савецкім Саюзе, бо трудна гаварыць аб карыстаньні мовай народу, не азначыўшы хоць агулам граніц гэтай мовы. Існаваньне-ж БСРР, як палітычнай аўтаномнай адзінкі — гэта пачатак дзяржаўнасьці ўсяго беларускага народу.

Згодна з ведамым нам ідэолёгічным лёзунгам у БССР існуе і разьвіваецца беларуская школа, тэатр, кіно, пісьменства, навука. Многае з гэтага ўсяго, судзячы аб‘ектыўна, дзеля сваей ідэолёгічнай выключнасьці, ад‘ёмнае, а нават шкоднае для сучаснасьці і будучыні беларускага народу, але так-жа многае, асабліва ў галіне сьціслай навукі і матар‘яльнай культуры, сапраўды дадатнае і цэннае.

Знаходзяцца плюсы ў савецкай культуры й цывілізацыі і ў галіне грамадзка-палітычнай. Колектыўная гаспадарка, насколькі яна насупроць капіталізму сапраўды рэалізуе грамадзкую справядлівасьць і дае людзям магчымасьць жыць чэснай працай, а так-жа палітычны саюз народаў, насколькі ён насупроць імпэрыялізму і фашызму сапраўды ёсьць вольным і рэалізуе магчымасьць вольнага сужыцьця народаў, — усё гэта, не гаворачы аб ценях у выкананьні, аб якіх ведама, мае так-жа й блескі ў ідэовых імкненьнях і пачынаньнях.

Словам, праўда і ў яе сьвятле безстаронны крытыцызм — павінны кіраваць адносінамі беларусаў Зах.-Беларусі да культуры ў Беларусі Усходняй дзеля дабра беларускага народу як цэласьці.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.