Перайсці да зместу

Песьні песьняў (Саламон/Ластоўскі)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
(Пасля перасылкі з Цар Саламон. Песьні песьняў)
Цар Саламон. Песьні песьняў
Аўтар: Саламон
Пераклад: Вацлаў Ластоўскі
Крыніца: Цар Саламон. Песьні Песьняў / пер. В. Ластоўскага // Крывіч : месячнік літэратуры, культуры і грамадзкага жыцьця. 1926, № 1 (11). – С. 1-6.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Да ліку найвялікшых твораў усесьветнай пісьменнасьці беззапярэчна належыць Кніга Песьні-Песьняў, твор аднаго з мудрэйшых людзей сівой старасьвеччыны, гэбрайскага мудрэца і паэты цара Саламона.

Песьні Песьняў даюць ня толькі барвістыя і сьмела зарысаваныя абразы, на асноведзі самай палкай фантазіі, але і мысьлі-сымвалы з глыбокім зьместам.

Нам, людзём поўначы і другой, навейшай культуры, здаюцца лішне аткрытнымі некатарыя любоўныя параўнаньні ў Песьнях Песьняў, але трэба мець на ўвазе час і мейсца дзе быў створаны гэты паэмат; трэба прыпомніць, што ў тыя часы ў Палестыне не зналі сучасных нам вопратак, і жанчыны хадзілі з напоўабнажанымі нагамі, грудзьмі і лонам.

Мы Крывічы наагул мала знаем Біблію, бо старыя нашы пераклады зьяўляюцца музэальнай рэдкасьцю, а друкаваныя выданьні не паяўляліся ўжо блізка 180 годаў. Чужамоўныя-ж Бібліі мала ў нас пашыраны і недаступны шырэйшым кругам чытачоў. Насьпела ўжо вялікая патрэба новых перакладаў.

Гэты пераклад зроблены з царкоўна-славянскага тэксту і параўнаны з тэкстамі расійскім, украінскім, польскім і сэрбскім.


Цар Саламон. ПЕСЬНІ ПЕСЬНЯЎ.


Разьдзел I.

[правіць]

1. Цалуй мяне цалаваньнем вусн сваіх! Бо мілаваньне тваё лепш чым віно.

2. Ад добрапахнасьці масьцяў тваіх імя тваё, як разьлітая мірра; дзеля гэтата дзевы любяць цябе.

3. Пацягні мяне, пабяжымо за табою; – валадар увёў мяне ў харомы свае, – будземо захватвацца і радавацца табою, выхваляць мілаваньне тваё больш чым віно; годна любяць цябе!

4. Дочкі Іерузалімскія! цьмяна я, але гожа, як шатры Кідарскія, як запавесы Саламонавы.

5. Не глядзіця на мяне, што я цьмяна, то сонца апаліла мяне: сыны маці маей гнеўны на мяне, пілнаваць сады загадалі мне; – а я ўласнага майго саду не ўпілнавала.

6. Скажы мне, ты, каторага любіць душа мая: дзе пасьвіш ты? дзе спачываеш у поўдзень? нашто-ж мне хадзіці каля стад сяброў тваіх?

7. Калі ты ня ведаеш таго найпрыгажэйшая спаміж жанок, то ідзі сабе сьлядамі авец і пасі ягнят тваіх каля шатроў пастускіх.

8. Кабыліцы ў фараонскай павозцы я прыпадобіў цябе, маю спалюбеніцу.

9. Прыгожы скроні твае пад аздобамі, і шыя твая ў каралях;

10. залатыя прывескі мы паробім табе, са срэбнымі бліскучкамі.

11. Дакуль валадар быў за сталом сваім, нард мой выдаваў добрапахнасьць сваю.

12. Міртавая ростка – спалюбенец мой, у мяне пры грудзёх маіх прабывае.

13. Як кветка кіпару, спалюбенец мой, у мяне ў садох Энгеданскіх.

14. О, гожая ты, спалюбеніца мая, о як-жа ты гожа! вочы ў цябе галубіныя.

15. О, ты гожы, спалюбенча мой і ласкавы! і ложа ў нас – зеляніна;

16. дому нашага страхою – кедры, стольлю ў нас кіпарысы.

Разьдзел II.

[правіць]

1. Я нарцыз Саронскі, лілія далін!

2. Як лілія паміж церняў, так спалюбеніца мая паміж дзевамі.

3. Як яблыня паміж дрэўлесавых, так спалюбенец мой паміж юнакамі. Пад засьцю яе люблю я сядзець, і плады яе салодкі паднябеньню майму.

4. Увёў мяне ён у бясёдны дом, і любоў яго, бытцам сьцяг яго надамною.

5. Пасілкуйце мяне віном, аспатольце мяне яблыкамі, бо я млею з любові.

6. Левая рука яго ў мяне пад галавой, а правая абыймае мяне.

7. Заклінаю вас, дочкі Іерузалімскія, сарнамі і дзікімі козамі, не будзіце і не трывожце спалюбеніцы маей, пакуль яна схоча.

8. Голас спалюбенца майго, вось ён ідзе, бяжыць па горах, скача цераз узгорачкі.

9. Прыяцель мой падобен да сарны ці маладога ялёнка. От, ён стаіць у нас за сьцяною, пазірае ў вакно, відаць яго цераз крату.

10. Спалюбенец мой прамаўляе мне: ўстань, спалюбеніца мая, прыгажуня мая, выйдзі!

11. От зіма прайшла ўжо; дажджы прамінулі, і ўшчуклі;

12. краскі красуюць на зямлі; час пяяньня настаў, і голас сынагорліцы чуцен у нашай старонцы;

13. смакаўніцы бросьцю пакрыліся і вінныя лозы заквітаючы пахнуць. Устань спалюбеніца мая, устань прыгажуня мая, выйдзі!

14. Галубіца мая ў скальным разломе пад каменным дахам! Пакажы мне аблічча тваё, дай мне пачуці голас твой, таму, што голас твой салодкі і аблічча тваё прыемнае.

15. Лавеце нам лісіц і лісят, каторыя псуюць вінагрозьнікі, бо вінагрозьнікі нашы ўжо ў квеце.

16. Спалюбенец мой прыналежыць мне, а я яму прыналежу; ён пасе паміж ліліямі.

17. Дакуль дзень дыша прахалодаю і ўцякаюць цені, вярніся, будзь падобны сарне ці маладому ялёнку на распадзінах гор.

Разьдзел III.

[правіць]

1. На ложы маім ноччу шукала я таго, каторага любіць душа мая, шукала і не знайшла яго.

2. Устану-ж я, пайду па месту, па вуліцах і пляцох і буду шукаці таго, каторага смагне душа мая; шукала і не знайшла яго.

3. Сустрэлі мяне старожы, што ходзяць па месьце: ці не бачылі вы таго, каторага любіць душа мая?

4. Але, ледзь я адышла ад іх, як знайшла таго, каторага любіць душа мая, спахапілася за яго і не пусьціла, дакуль не прывяла ў дом маці маей і ва ўнутраныя сьвятліцы радзіцелькі маей.

5. Заклінаю вас, дочкі Іерузалімскія, сарнамі і дзікімі козамі: не будзіце, не трывожце спалюбеніцы маей, дакуль яна схоча.

6. Хто тая, што ўсходзіць ад пустыні бытцам клубы дыму, акаджаная міррай і цімьянам і ўсякімі добрапахнасьцямі міраварніка.

7. От ложа яго – Саламона: шэсцьдзесят мужоў сільных каля яго, спаміж сільных мужоў Ізраіля.

8. Усе яны трымаюць па мячу, дасьведчаныя ў бітве; ў кождага меч пры бядрэ яго, дзеля страху начнога.

9. Пераноснае ложа ўчыніў сабе валадар Саламон з дрэў Лібанскіх;

10. Слупцы яго выраблены з серабра, падлакотнікі з золата; седзішча яго з пурпуровай тканіны; ўнутраннасьць яго аздоблена любоўю з дочкамі Іерузалімскімі.

11. Пайдзіце і ўзірайцеся, дочкі Сыонскія, на валадара Саламона, ў вянку, каторым авянечыла яго маці ў дзень жанімства яго, ў дзень радасны сэрцу яго.

Разьдзел IV.

[правіць]

1. О, ты, прыгожа, спалюбеніца мая, як ты прыгожа!

2. Зубы твае, як стада стрыжаных авечак, што выходзяць з купелі, ў кождай з іх пара ягнят, і бязплоднай няма паміж імі:

3. як стуга чырвоная губа твая, і вусны твае прыемны; як палавінкі гранатовага яблыка – шчокі твае пад валасамі;

4. шыя твая, як башта Давідава, будаваная на збройню, тысяча шчытоў вісяць на ей, – а ўсё шчыты сільных;

5. двое персяў тваіх, як блізьняты маладой сарны, што пасьвяцца паміж ліліямі.

6. Дакуль дзень тхне прахалодаю, і ўцякаюць цені, пайду я на гару мірровую і на ўзгорак цімьянны.

7. Уся ты прыгожа, спалюбеніца мая, і сказы няма ў табе!

8. Самной з Лібану, заручніца! самной ідзі з Лібану! пасьпяшай з вершадзі Аману, з вершадзі Саніру і Гармона, ад мярлогаў львовых, ад гор леапардавых!

9. Апалоніла ты сэрца маё, сястра мая, заручніца! апалоніла ты сэрца маё толькі поглядам вачэй тваіх, толькі каралямі шыі тваей.

10. О, як люба мілаваньне тваё, сястра мая, заручніца! О, як многа мілаваньне тваё лепш чым віно, а добрапахнасьць масьцяў тваіх лепш за ўсе водары!

11. Мёд скрылісты капле з вусн тваіх, заручніца; мёд і млека пад языком тваім, і водар шат тваіх падобен водару Лібану!

12. Зачынены сад – сястра мая, заручніца, замкнутая студня, запячатаная крыніца;

13. расаднікі твае – сад з гранатовымі яблыкамі, і выборныаді пладамі кіпару з нардам,

14. нард і шафран, аір і цынамон з усякімі добрапахнымі дрэвамі, мірра і алеос са ўсякімі лепшымі пахмяцямі!

15. садовая крыніца, студня вод жывых і руччы Лібанскія.

16. Узьвей ветру з поўначы і падыхні з поўдня, ўзьвей на сад мой, хай паліюцца водары яго! Хай прыйдзе спалюбенец мой у сад свой і спажывае плады яго салодкія.

Разьдзел V.

[правіць]

1. Я прыйшоў у сад мой, сястра мая, заручніца; набраў мірры маей з добрапахнасьцямі маімі, еў скрылі з мёдам маім, напіўся віна майго з малаком маім. Спажывайце, прыяцелі, пійце і насілкуйцеся, мілыя!

2. Я сплю, а сэрца мае чуткуе, і, во, голас спалюбенца майго, ён стукаецца: адчыні мне, сястра мая, спалюбеніца, галубіца мая, чыстая мая! галава бо мая лакрыта расою, валасы мае начной авалогаю.

3. Я ўжо хітон мой зьняла; як-жа мне ізноў апранаць яго? я ногі памыла мае; як-жа мне апарушыць іх?

4. Спалюбенец мой працягнуў руку сваю цераз шчэліну, і лона маё скаланулася да яго.

5. От устала я, адчыніць спалюбенцу майму, мірра капала з рук маіх, з пальцаў маіх расілася мірра на засоўшцы.

6. Адчыніла я спалюбенцу майму, а ён, спалюбенец мой, абярнуўся, пайшоў. Душа замірала ва мне, калі ён гаварыў; шукала я незнаходзячы яго, і ён не адгукаўся мне.

7. Сустрэлі мяне старожы, што ходзяць па месьце, білі мяне, ранілі мяне; зьнялі з мяне хусты, тыя што сьцен пілнавалі.

8. Заклінаю вас, дочкі Іерузалімскія! калі вы стрэнеце спалюбенца майго, што скажаце вы яму? Я-ж млею з любові.

9. Чым спалюбенец твой лепшы за другіх юнакоў, прыгажэйшая спаміж жанок? Чым спалюбенец твой лепшы за другіх, што ты заклінаеш нас гэтак?

10. Спалюбенец мой белы й румяны, лепшы чым дзесяць тысяч другіх:

11. галава яго золата чыстае! валасы яго курчавыя, смольна-чорныя;

12. вочы яго – як галубы пры патоках водных, купаюцца ў млеку, сядзяць у здавольстве;

13. шчокі яго – квятнік добрапахны, лехі пахучых расьцін! вусны яго – ліліі, выліваюць плывучую мірру;

14. рукі яго зьліткі залатыя, шмарагдамі аздобленыя; лона яго – як рэзьба са слановай косьці, асаджаная шафірамі;

15. голені яго як стаўбы мармуровыя, пастаўленыя на залатыя астоі; выгляд яго падобны Лібану, постаць як кедры;

16. вусны яго – соладзь, і ўвесь ён каханьне. От хто спалюбенец мой, от, хто прыяцель мой, дочкі Іерузалімскія.

Разьдзел VI.

[правіць]

1. Куды пайшоў спалюбенец твой, прыгажэйшая спаміж жанок? куды зьвярнуўся спалюбенец твой? мы шукаць-імем яго з табою.

2. Спалюбенец мой пайшоў у сад свой, ў кветнікі добрапахныя, каб пасьвіць у садох і зьбіраці ліліі,

3. Я прыналежу спалюбенцу майму, а спалюбенец мой – мне; ён пасе паміж ліліямі.

4. Прыгожа ты, спалюбеніца мая, як Тырса, міла як Іерузалім, грозна як войскі пад сьцягамі.

5. Адклані вочы твае ад мяне, таму што яны непакояць мяне.

6. Валасы твае як стада коз, што зыходзяць з Галааду; зубы твае як стада авечак, што выходзяць з купелі, ў кождай з іх пара ягнятак, і бязплоднай няма паміж імі;

7. як палавінкі гранатнага яблыка – шчокі твае пад валасамі тваімі.

8. Есьць шэсцьдзесят гаспадарынь і восемдзесят наложніц, і дзяўчат бяз ліку,

9. але адзіная яна, галубіца мая, чыстая мая; адзіная яна ў маці сваей, адрожненая ў радзіцелькі сваей. Убачылі яе дзевы, і вывыжшалі яе, і гаспадарыні выслаўлялі яе.

10. А хто то бліскучая як заранка, прыгожая, як месік, сьветлая, як сонца, грозная, як войскі пад сьцягамі?

11. Я зыйшла ў сад арэхавы паглядзець на зелень даліны, паўзірацца, ці распукліся вінныя лозьт, ці зацьвілі гранатныя яблыні?

12. Ня ведаю, чаму душа мая цягнула мяне да калясьніц знатных народу майго.

Разьдзел VII.

[правіць]

1. Азірніся, азірніся, Суламіта! азірніся, азірніся, – хай і мы спазірнем на цябе. Што вам глядзець на Суламіту, як на карагод Манаімскі?

2. О, як харошы ногі твае ў сандалах, дачка добрародная! Круглаці бёдраў тваіх як каралі, выраб рук мастака умелага.

3. Лона тваё – круглая чара, ў якой не стушчаецца віно пахнотнае; чэраслы твае – сноп пшанічны, ліліямі аквечаны;

4. двоя персяў тваіх як двоя ягнятак, блізняцоў сарны;

5. шыя твая, як башта з косьці слановай; вочы твае як ставы Эсэонскія, што пры браме Бэтрабімскай; нос твой – вежа Лібанская, зьвернутая к Дамашку;

6. галава твая на табе, як Кармэль, і валасы на галаве тваей як пурпура; валадар абварожан валасамі тваімі.

7. Як ты прыгожа, як панадна, спалюбеніца, тваім мілым выглядам.

8. Стан твой падобен да пальмы, і персі твае як вінныя грозьдзі.

9. Падумаў я: ўзьпяцца бы на пальму, ухапіціся-бы за галіны яе; і персі твае былі-бы замест вінных грозьдзяў, водар ад ноздраў тваіх, як ад яблыкаў;

10. вусны твае як найлепшае віно. Яно плыве проста да прыяцеля майго, асалоджуе вусны спатоленых.

11. Я прыналежу прыяцелю майму, і да мяне зьвернута пажадлівасьць яго.

12. Прыдзі, спалюбенча мой, выйдзем у поле, ў вёсках пабудзем;

13. раніцай пойдзем у вінагрозьнікі, паглядзімо, ці распукліся вінныя лозы, ці распусьціліся пукалкі, ці зацьвілі гранатныя яблыні, там я акажу табе мілаваньне маё,

14. Мандрагоры пусьцілі ўжо водар, і каля дзьвярэй нашых усякія выборныя плады, новыя і старыя; гэта захавала я табе, мой спалюбенча!

Разьдзел VIII.

[правіць]

1. Ах, каб ты быў мне братам, які ссаў персі маці маей! тады бы я сустрэўшы на вуліцы цалавала цябе, і мяне не асуджалі-бы.

2. Павяла-бы я цябе, прывяла бы я ў дом маткі маей. Ты вучыў-бы мяне, а я паіла-бы цябе вохным віном, сокам гранатных яблак маіх.

3. Левая рука яго ў мяне пад галавою, а правая абыймае мяне.

4. Заклінаю вас, дочкі Іерузалімскія, – не будзеце, не турбуйце спалюбеніцы, дакуль яна схоча.

5. Хто гэта ўсходзіць ад пустыні, апіраючыся на свайго спалюбенца? Пад яблыняй разбудзіла я цябе: там радзіла цябе маці твая, там радзіла цябе радзіцелька твая.

6. Палажы мяне, як пячаць на сэрца тваё, як персьцень на руку тваю, бо крэпка, як сьмерць, любоў; люта, як пекла, заздрасьць; стрэлы яе – стрэлы агненныя; яна – полымя вельмі магутнае.

7. Вялікія воды ня могуць пагасіць любові, і рэкі не заліюць яе. Калі бы хто даваў усё багацьце дому свайго за любоў, то ён быў-бы адкінуты з пагардай.

8. Есьць у нас сястра, падростак яшчэ, персьцяў нямашака ў яе; што-ж нам рабіць с сястрой нашай калі сватацца прыйдуць?

9. Калі-б яна была сьцяна, то мы-бы пабудавалі на ей палацы са срэбра; калі-бы яна была дзьверы, то мы аблажылі-бы яе кедровымі дошкамі.

10. Я – сьцяна, і персі ў мяне як башты, дзеля гэтага я буду ў вачох яго як дасьцігшая паўнаты.

11. Вінагрозьнік быў у Саламона ў Ваал-Гамоне; ён аддаў гэты сад вартаўніком; кожды павінен быў дастачаць за плады яго тысячу срэбнікаў.

12. А мой вінагрозьнік у мяне пры сабе. Тысяча хай табе, Саламон, а дзьвесьце – вартуючым плады яго.

13. Жыхарка садоў! таварышы прыслухаюць голасу твайму, дай і мне паўслухацца яго.

14. Бяжы, спалюбенча мой! будзь падобны сарне або маладому ялёнку, на горах бальзамічных.