Царква і дэмакратыя

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Царква і дэмакратыя
Публіцыстыка
Аўтар: Язэп Лёсік
Крыніца: Упершыню — газ. «Вольная Беларусь», 6 верасня 1917 г.; Лёсік Язэп. Творы. Апавяданні. Казкі. Артыкулы - Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 335 с.— (Спадчына).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Як ведама, на Святкі, 15-га жніўня, у Маскве распачаліся пасяджэнні ўсерасійскага царкоўнага сабора. З прычыны гэтага ўкраінская газета «Н. Рада» пытае: «Якую пазіцыю зоймуць там прадстаўнікі нашай украінскай — калісь-та аўтакефальнай царквы? Ці напамятае ім дзень Успення лепшых часоў рэлігійнага жыцця, што квітнела ў нашых манастырах і цэрквах, калі хрысціянства адно што запанавала на Русі? Ці папамятае ім дзень Успення пра слаўныя традыцыі брацтваў?..» З такім запытаннем можна звярнуцца і да нашага беларускага духавенства, царкоўная мінуласць каторага аднакая з украінскаю, і каторыя маюць сваіх прадстаўнікоў на саборы. Але не, мы пэўна ведаем, што рэакцыйны, антыбеларускі склад нашага духавенства пакорліва пойдзе за маскоўскімі павадырамі, не ўспамятаюць сваёй Маткі-Беларусі, не заікнуцца яны пра беларусізацыю царквы, пра набажэнства ў роднай мове, і ніхто з іх не падбае, каб здаволіць рэлігійную патрэбу народу нашага ў яго матчынай, Богам дараванай мове, каб даць яму кнігі Святога пісання ў роднай, зразумелай гутарцы. Гэтага яны не зробяць, у гэтым мы пэўны, а праз тое — не будзем замінаць мёртвым хаваць сваіх смерцьвякоў — і лепш памяркуем аб тым, як дэмакратыя павінна дапасавацца да царквы, чаго яна можа дамагацца ад яе і на што спадзявацца. Знаёмства з жыццём народу паказвае, што царква народу патрэбна, атэізм, нявер’е горада яго не крануліся: ён з царквою лічыцца, яе патрабуе, без яе абысціся не можа, да яе йдзе і шукае сабе ўцехі. Значыць, царква існуе, абысці яе моўчкі нельга, з ёю трэба рахавацца, трэба найсці пэўны грунт сваіх адносін як да самой царквы, так і да яе прадстаўнікоў.

Не таркаючыся таго, калі царква на Беларусі была вольная, калі яна абараняла інтарэсы народу і стаяла на варце нашых нацыянальных патрэб, змагаючыся з паланізацыяй нашай старонкі праз каталіцтва, будуючы школы, закладаючы брацтвы, арганізуючы грамадзянства — мы бачым, што разам з прылучэннем нашай айчыны да маскоўскага царства беларускае духавенства папала ў бабілонскі палон царскага панавання, хутка там агоўталася і праз соткі гадоў добраахвотна насіла кайданы самадзяржаўнай улады. Пад жалезнай апекай свецкай уласці царква акамянела, жывое жыццё тут спынілася, памёрла і не здавальняла патрэб веруючых. За гэты час яна не стварыла нічога ні ў літаратуры, ні ў навуцы, ні ў запытаннях грамадзянскага або дзяржаўнага будаўніцтва, за што б яе можна было ўспамянуць добрым словам і хоць крошку апраўдаць тыя злачынствы, якія чыніла яна грамадзянству, патураючы тым зладзействам, што вырабляла, не ведаючае межаў і ўстрымання, крывавае самадзяржавіе. Там, дзе жыў, хадзіў і вучыў епіскап Тураўскі Кірыл, там, дзе колісь гарэлі агнём праўды і справядлівасці светачы нацыянальнай культуры, асветы — брацтва, там цяпер маліліся за распуснікаў, гвалтоўнікаў, забіўцаў, там з крыжам у руках, з малітвай на вуснах і палохаючы пякельнай пакутай упарта даводзілі, што няма ўласці, калі не ад Бога, што беднасць, здзек і верхаводства багатых станаў над бедным, працоўным народам ёсць воля міласэрнага Бога! Гдзе ўзяць словы, каб выказаць усю агіду і знявагу тым, што гэта рабілі? Чыё сэрца не сціснецца жалем, хто не адхіліць вачэй сваіх ад гэтых служкаў цемры, гвалту і грамадзянскай несправядлівасці?!

Рэвалюцыя скінула самадзяржавіе, яна разарвала і тыя кайданы, у якіх вякамі трымалася царква. Царква стала вольная, але духавенства апынулась саўсім непадгатаваным да новага жыцця. Прывыкшы да цемры, іх вочы балюча адчуваюць раптоўна нахлынуўшы свет вольнасці, і з нестрыманай сілай іх цягне назад, асабліва ў нас, на Беларусі.

Тым часам рэвалюцыя ўчынілася, воля настала, і хто хоча жыць, той павінен дапасаваць сваю чыннасць да новага ладу. Парваліся кайданы, валтузіўшыя вольны поступ грамадзянства і яго духоўных сіл. Царква атрымала магчымасць самаазначэння і можа пачаць новую эру свайго жыцця. На маскоўскі сабор з’ехалісь не адны біскупы і манахі, не толькі духавенства; да развагі пытанняў царкоўнага адбудавання паваланы і прадстаўнікі простых людзей, парахвіян. Вось яны і павінны, не чакаючы і не спадзеючыся на пачын з боку духавенства, адразу сказаць ім, што хоць яны ў Маскве, але жывуць у дваццатым сталецці і — у час рэвалюцыйны. Пастыры павінны ведаць, а калі не ведаюць, дык павінны ўразумець зараз жа, нябаўна, што сацыяльнае і палітычнае жыццё кіруецца цяпер не рэлігіяй і не царквою. І зробяць яны непаправімую памылку, калі зноў аддадуць атрускі свайго ўплыву на грамадзянства ў рукі палітычнай улады ды зноў пойдуць у палон дзеля спакойнага і тлустага жыцця. Царква павінна стаць незалежнай і сама пайсці насустрач вымогам часу. Гэта вымагаецца самім духам Хрыстовай навукі і заданнямі царквы здавальняць рэлігійныя патрэбы людзей, а не блутацца ў палітычную і сацыяльную барацьбу. Не ў змаганні з народам, не ў варунках цемры народнай, як гэта вялося да гэтага часу, ляжыць будучына і існаванне царквы.

Такім чынам, царква павінна быць незалежнай ад гасударава і не быць у яго на пенсіі. Духавенства павінна шукаць сабе коштаў к жыццю там, дзе яно працуе; яго павінны падтрымоўваць тыя, чые патрэбы яно здавальняе. Праўда, гэта патрабуе працы, клопату і згоды з народам, затое выйграе чыстата, святасць і ўплыў рэлігійнай навукі. Гэта першае, другое — духавенства павінна б, здаецца, само падбаць аб тым, каб рэлігія не выкладалася ў школе, дзе на кожным кроку трэба стыкацца з навукай. Усім зразумела, што ў гэтых спатканнях больш непрыемнасці для самой рэлігіі, як для навукі. Трэба дадаць, што да гэтага часу ні адна навука ў школе не выкладалася так дрэнна, як закон Божы. Свяшчэннікі, выпаўняючы казённую павіннасць, па гультайству і нядбаласці адносіліся да справы навучэння быля-як, абы пазбыцца, і часта, нагаварыўшы вучням процьму высокіх слоў, чынілі даносы як на вучняў, так і на іх настаўнікаў. Усіх гэтых прыкрасіў можна ўхіліцца, калі школы рэлігійнай навукі будуць залежаць ад дагляду саміх законавучыцелей злучна з парахвіянамі. Кепска стане навучаць свяшчэннік — яго ўхіляць, а калі добра, дык усім спадабаецца, і меціме заслужоную хвалу і пашану.

Цяпер, калі ўсю зямлю спадзяюцца адабраць і перадаць у рукі таго, хто на ёй працуе, было б саўсім недарэчы, каб у першую чаргу не адабраць і не перадаць народу тых зямель, каторымі валодаюць нашыя манастыры і цэрквы. На што ім землі, калі яны павінны трымацца на кошты веруючых і першым чынам турбавацца а спасенні, а не аб зямных дастатках. Трэба прызнацца, што нашы манахі мелі някепскі густ, навыпрашваўшы ў час цемры народнай лепшых мясцовасцяў пад блакітным небам. Кажам у час цемры, бо цяпер бадай што на свеце не знойдзеш такога добрага пана, каб ён, дзеля спасения сваёй грэшнай душы, пааддаваў гэтыя цудоўныя месцы на берагах азёр, чыстых крыштальных рэчак, на вясёлых, прыгожых узгорках, дзе пабудаваны і красуюць цяпер манастыры. Жывучы ў такіх пекных мясцовасцях, не лёгка адарвацца думкай ад зямлі і падацца да неба, трудна і даць веры, што зямля «юдоль плачу и печали», як любяць прамаўляць манахі. Усе гэтыя землі патрэбны не манахам, каторыя выракаюцца ўсяго зямнога, і нават не аднаму працоўнаму люду ў асобку, а ўсяму грамадзянству. Там павінны быць пабудаваны школы, бальніцы, прытулкі для пачэсных, заслужаных людзей і месца сапачынку працоўных, натомленых працай і турботамі грамадзян.

Такія думкі выклікае ўсерасійскі сабор праваслаўнага духавенства. Але трудна спадзявацца, каб сабор, нават пад націскам свецкіх прадстаўнікоў, адважыўся самачынна стаць на гэты шлях чыннасці ды пайшоў насустрач вымогам часу і патрэбам грамадзянства. Што датыча беларускага духавенства, дык можна напэўна сказаць, што яно выявіць сябе на саборы самым адсталым, некультурным і рэакцыённым. Здрада нікому не даруецца. Той, хто адрокся маткі свае, хто цураецца мовы і наймення свайго, той не можа быць добрым чалавекам: нячыстае сумленне пастаянна дакарае яму, і ён ненавідзіць і гатоў задушыць таго, хто любіць і шануе тое, ад чаго ён адрокся. А адрокшыся свайго і прылучыўшыся да чужога, ён павінен ужо скакаць пад дудку таго, да каго далучыўся. І дапраўды, за ўвесь рэвалюцыйны час мы не бачылі ні ядынага папа, ні ядынага праваслаўнага біскупа, хто б выступіў на абарону інтарэсаў працоўнага народу і нашых нацыянальных патрэб і дамаганняў. Не тое мы бачым з боку каталіцкага духавенства. Там не народ праганяе свайго пастыра, як гэта ўчыняюць нашы сяляне з праваслаўнымі папамі, — ксяндзоў уціскаюць і скідаюць з пасадаў паны, землеўласнікі і багатыры, здраднікі нашага краю, перакінчыкі ў палякі, і за тое, што ксяндзы звяртаюцца да народу са шчырай душой, абуджаюць у ём нацыянальную свядомасць, прышчапляюць любасць і пашану да свайго роднага, беларускага, — за тое, што яны — беларусы.

Беларуская дэмакратыя павінна ўсё гэта цвёрда запамятаць і, дамагаючыся свайго нацыянальнага і сацыяльнага вызвалення, павінна ўмець адбіраць куколь ад пшаніцы.