Хто там паклікаў? Спяшаю за кім?..
Перайсці да навігацыі
Перайсці да пошуку
Хто там паклікаў? Спяшаю за кім?.. Верш Аўтар: Уладзімір Жылка |
Крыніца: http://old.knihi.com/bk/zylka/zylka1.html |
* * *
Хто там паклікаў? Спяшаю за кім?
Хто так ўладарна й нячутна?
Ты, незнаёмая, правам якім,
Сілай якою магутна?
Доўгі з пытаннем супынен пагляд,
Чорныя вочы — вуголлі.
Кроўю і крозай закляты — ўжо фат,
Следам імкну мімаволі.
Ўсё заўважаецца — шэрасць, туман,
Людзі, рух вуліцы хуткі.
Гнуткі, паветравы ўслізгвае стан,
Крок яе лёгкі і пруткі.
Вось азірнулася — полымя з воч,
Профіль спакойны ж і тонкі.
Профіль… І бегчы?.. як смешна!.. А, проч!
Боль, як і радасці, — звонкі!
Сэрца, замоўкні, ўзрушэнне, адрынь!
Дзіўна мне мерай ты мерыш.
Біцца, маё неразумнае, кінь!
Як немагчымаму верыш?
(1924)