Хрысьціянства і беларускі народ (1940)/XII
| ← XI. Адкуль узяліся Беларусы каталікі лаціньнікі | XII. Лацінскае Каталіцтва — апора беларускай нацыянальнасьці ў XIX ст., асабліва пасьля ліквідацыі Уніі Аўтар: Адам Станкевіч 1940 год |
XIII. Хрысьціянства й сучасны адраджэнска-вызвольны пэрыяд беларускай гісторыі (XX ст.) → |
XII
І так, як бачылі мы ў папярэднім разьдзеле, лацінскае Каталіцтва, пранікаючы ў Беларусь павольна, дайшло ўрэшце да значных разьмераў і адыграла цалком пазытыўную роль у тварэньні й падтрымліваньні беларускай нацыянальнасьці, асабліва ў часе панаваньня над Беларусяй расейскіх цароў. Можна нават сказаць, што гэтая роль лацінскага ў Беларусі Хрысьціянства, у граніцах пэўне-ж сваіх сіл і разьмераў, была ў некаторым значэньні больш выразнай і рашучай, як Праваслаўе, а нават і як Унія. Справа вось у чым: мова Стара- баўгарская, якая пазьней, дзеля свайго чыста рэлігійнага служэньня, стала называцца царкоўна-славянскай, у якой у Беларусі сьпярша бадай выключна пашыралася Хрысьціянства, была ў некаторым значэньні на перашкодзе жывой народнай беларускай мове. І гэта сусім зразумела й натуральна: гэная мова сьпярша дужа мала розьнілася ад мовы Беларускага народу на зары яго гістарычнага жыцьця. Узноў-жа пазьней, калі жывая народная беларуская мова разьвілася больш, а мова стара-баўгарская сталася мовай няжывой, мовай толькі рэлігійнага культу, то й тады й аж да апошняга часу ня сталася цалком незразумелай, яе й сяньня Беларус у Службе Божай крыху разумее. І вось-жа гэта разуменьне гэнай старой і чужой мовы бязумоўна шкодна адбівалася на мове народнай. Беларус прывыкаў у жыцьці царкоўным абходзіцца без сваей народнай мовы й гэтым бязумоўна нясьведама прычыняўся да стрыманьня яе разьвіцьця.
Сусім што іншае спатыкаем у Беларусаў лаціньнікаў: яны, не разумеючы нічога ў лацінскай літургіі, мусілі мець нейкае яе тлумачэньне ў народнай мове, а так-жа ў гэтай мове й усякае дадатковае набажэнства. Нават і казаньні да Беларусаў лаціньнікаў мусілі гаварыцца ў народнай мове, бо-ж лацінскіх тэкстаў яны разумець не маглі, тагды як пропаведзі Беларусам праваслаўным і уніятам звычайна перасыпаліся старой баўгаршчынай, што нават дзеецца й сяньня.
І сяньня Беларусы каталі лаціньнікі ў сваіх рэлігійных друках чысьцейшай беларускай народнай мовы ўжываюць, як праваслаўныя й нават як уніяты. Аб’ясьняецца гэта тым, што лаціньнікі да свайго языка нічога ня могуць дамяшаць (можа толькі крыху полёнізмаў, як нешта неабходнае й патрэбнае толькі часова), а праваслаўныя ніяк ня могуць абараніцца ад стара-славянскага й часта дужа да яго збліжанага языка расейскага.
Вось-жа гэткі характар лацінізму сярод Беларускага народу спрыяў цалком пазытыўна разьвіцьцю беларускай нацыянальнасьці й часта быў моцнай яе апорай. Апрача-ж гэтага лацінскае Хрысьціянства ў Беларусі было часта апорай беларускай нацыянальнасьці, дзякуючы так-жа сваей арганізацыйнай структуры: кананічная залежнасьць ад Апостальскай Сталіцы, у сутнасьці наднацыянальнай і нязьвязанай нацыянальна з ніякай дзяржавай, чаго ніяк ня можна сказаць аб Праваслаўі, доказам чаго царскае паняволеньне цэрквы, а апошнім часам спробы стварэньня польскага Праваслаўя.
Але пачнём з пачатку. Беларусы лаціньнікі, у большай ці меншай меры, але заўсёды ўжывалі ў сваім рэлігійным жыцьці апрача літургічнай лаціны так-жа й сваей народнай мовы. Гэтак было за часаў літоўскай дынастыі, гэтак і пазьней — аж да канца ст. XVII, калі беларускі язык у Вялікім Князьстве Літоўскім перастаў быць урадавым і сьпярша (1697 г.) фармальна, a пасьля й фактычна быў заменены польскім, хоць так-жа, як убачым далей, не цалком і ня ўсюды.
На пачатку беларуска-літоўскага пэрыяду гісторыі, калі ўжо Каталіцтва лацінскае ў Беларусі паяўлялася масава, была ў ужыцьці й беларуская мова. У XV ст. ужо была нават і беларуская каталіцкая літаратура.
Успомнім хоць найбольш ведамую, як: аб Муцы Хрыстовай, Повесьць аб трох каралёх, Плач Маткі па Сыне, Аб ускрашэньні Хрыстовым, Бяседы Грыгора папы рымскага, Імша ў чэсьць Маці Божай з тлумачэньнем. Кніжкі гэтыя пісаны рукой, славянскімі літарамі. Мова іх жывая, абразовая й чыста беларуская.
У кнізе: „Materjały do dziejów Akademji Połockiej i szkół od niej zależnych“ спатыкаем вестку, што адзін з Полацкіх езуітаў у другой палавіне XVI сталецьця, айцец І. Алянд, навучыўшыся мовы беларускай, гаварыў у гэтай мове народу казаньні й катэхізаваў яго.
Гісторыкі школ у нашым краі Лукашэвіч і Харламповіч, апіраючыся на штогодных справаздачах езуітаў аб іх установах („Litterae annuae“ з XVI—XVII ст.) у сваіх працах цьвердзяць, што ў езуіцкіх школах вучылі мовы народнай, што ў гэтай мове пяялі рэлігійныя гымны й што сярод беларускага народу па касьцёлах карысталіся мовай беларускай.
У Віленскай Езуіцкай Академіі, як відаць з апісаньня 1645 г. езуітам у Вільні жыцьця й сьмерці сьв. Ёзафата, вучылі мовы беларускай.
Існавалі ўжо катэхізмоўкі, як падручнікі для навучаньня каталіцкай рэлігіі пабеларуску. І так у 1585 г. у Вільні быў выданы катэхізм, пераложаны з лацінскай на беларускую мову. Езуіт Поссэвін, які ў Беларусі й у Расеі працаваў над спалучэньнем Праваслаўя з Каталіцкім Касьцёлам, у 1587 г. пісаў да Папежа, што абавязкава трэба ператлумачыць рэлігійныя кнігі на родную мову народу, аб выданьні каторых ён сам будзе старацца ў Вільні. Вось-жа, відаць, успомнены катэхізм і быў надрукаваны, як вынік захадаў Поссэвіна й празначаны як для абслугі Беларусаў каталікоў, так і для пашырэньня Каталіцтва сярод праваслаўных. Катэхізм гэты пісаны кірыліцай.
У XVI ст., з невялікімі выняткамі, блізу ўсе вышэйшыя пасады ў каталіцкім (лацінскім) Касьцеле ў нашым краі (у Віленскай дыэцэзіі) пераважна займалі Беларусы й Літоўцы. Ад пачатку існаваньня ў нас Касьцёла аж да XVII ст. усіх каталіцкіх біскупаў у Вільні было 18 чалавек; з іх: першы, трэці й чацьверты — Палякі, а рэшта Літоўцы й Беларусы.
У канцы XVI ст. Віленская Капітула (Біскупская рада) спрацівілася каралю й Папежу з прычыны назначэньня на Віленскага біскупа Паляка Б. Мацееўскага. Справа цягнулася ад 1591 да 1600 г. У 1600 г. назначаны быў краёвец Война. Гавораць аб гэтым акты Віленскай Капітулы. З тых жа актаў відаць, што на Сойме ў Вільні 1597 г. паслы нашага краю (Літоўцы й Беларусы) баранілі права мець біскупам у Вільні чалавека сваей народнасьці.
Праз XVI і пач. XVII ст. каталіцкае лацінскае духавенства ў Беларусі ў урадавай і прыватнай перапісцы карысталася мовай беларускай.
Каралеўскі прывілей, у 1567 г. дадзены Віленскай Капітуле, напісаны пабеларуску.
Ад канца XVII ст. (1697), асабліва-ж у ст. XVIII, мова беларуская ў жыцьці рэлігійным лаціньнікаў (уніятаў) усьцяж агранічваецца, усьцяж спыняецца на карысьць мовы чужой народу польскай, але цалком з сьвятыняў ня выводзіцца й астаецца там надалей.
У 1682 г. Віленскі біскуп Ст. Пац загадаў у нядзелі й сьвяты выясьняць Эванэлію, або выкладаць катэхізм „па просту“. А лёгка дадумацца, што вучыць папросту гэта знача пабеларуску й палітоўску.
У 1742 г. папеж Бэнэдыкт XIV бульляй „Etsi Minime“ загадаў духавенству зьвярнуць асаблівую ўвагу на навучаньне народу праўдаў сьв. веры. У зьвязку з гэтым загадам Віленскі біскуп Зенковіч склікаў дыэцээальны Сынод, які адбыўся ў Віленскай Катэдры 10.II і 12.II. Сынод між іншым пастанавіў гаварыць да народу навукі паводле старога звычаю ў народнай мове.
З другой палавіны XVIII ст. дайшлі да нас так-жа беларускія рэлігійныя паасобныя песьні, як «О, мой Божа, веру Табе», а так-жа зборнік такіх песьняў пад загалоўкам: „Кantyčka, abo nabožne pieśni w narzeczu połockim“ (Polock, w drukarni Soc. Jezu, 1774 г.), уложаная, як відаць, і выданая полацкімі Езуітамі.
У канцы XVIII ст., ужо пасьля падзелаў Польшчы (1772, 1793, 1795), калі Беларусь адыйшла да Расеі, у 1794 г. Магілёўскі лацінскі арцыбіскуп Богуш-Сестранцэвіч выдаў да падуладнага сабе духавенства ліст, у якім кажа: „Wszystkim w Archidyecezji plebanom zalecić i zaleca sie, aby ludowitym językiem, jaki on rozumie, po skończonym nabożeństwie z ambon po kościołach kazania miewali“.
Такім чынам, як бачым, ад пачатку ў Беларусі Хрысьціянства, то ў большай меры, то ў меншай, аж да канца XVII веку, беларуская мова ў каталіцкіх сьвятынях лацінскіх ужывалася даволі шырока. Ужывалася яна так-жа, як трэба судзіць з загадаў тагочаснай духоўнай улады, у тых-жа сьвятынях лацінскіх праз увесь XVIII век, хоць ужо ў агранічанай меры.
Век-жа XIX агулам для мовы беларускай у сьвятынях асабліўшы. У ім вялася заядлая барацьба палітыкі польскай і расейскай за ўплывы на беларускую мову, беларускую душу й культуру.
Галоўнай аднак апорай беларускай народнасьці ў XIX ст. была Унія, бо да яе належыла вялізарная большасьць народу, а да лацінства толькі частка. Беларускі народ такім чынам згуртаваўся каля уніяцкай цэрквы, як каля сваей галоўнай і адзінай духова-нацыянальнай апоры. І не памыліўся. Яна гэткай для яго была сапраўды. Відаць гэта дужа выразна падчас касаваньня Уніі ў 1839 г. Касаваньне яе было такой, як і заводжаньне: рабілася гэта прымусам, сілай, нават часта звычайным гвалтам. За 243 гады існаваньня ў Беларусі Уніі — Унія гэта сталася сапраўды беларускай нацыянальнай цэрквай, верай бацькоў, мужыцкай, сялянскай верай. Народ з ёй зжыўся. І так, як яму балела, калі ад яго забіралі Праваслаўе, так цяпер няменш балела, калі гвалтам забіралі ягоную уніяцкую, «рускую» веру.
Урэшце сталася. Хрысьціянства ў Беларусі й усходняе (Праваслаўе) й заходняе (Каталіцтва) ў XIX ст., не гаворачы аб ранейшым часе, ужо было звычайным прыладзьдзем польскасьці й расейскасьці. Аднак, як ня дзіўна, знайшлася частка Хрысьціянства, якая рабіла далей тую ж самую работу адносна беларускай нацыянальнасьці, што й даўней, — была сродкам, хоць слабым, няпрыкметным і кволым, але сродкам спалучэньня й тварэньня беларускай нацыянальнасьці. Праваслаўе гэтым ня было. У той час гэтым яно й быць не магло. Яно было цалком падпарадкавана царызму й расейскаму нацыяналізму й імпэрыялізму. Уніі нястала, яна была сілай зьмецена з паверхні зямлі. Гэтым «цудоўным» сродкам часткова й нязначна — было лацінскае Каталіцтва, наколькі яно вырывалася з абоймаў польскага нацыяналізму. А вырывацца з гэных абоймаў яно пакрысе магло, бо цэнтрам яго не пераставаў быць Рым, Апостальская Сталіца, як пункт наднацыянальны, як пункт, якога цалком паканаць і абняць няздольны ніякі мясцовы нацыяналізм. Вось-жа гэная наднацыянальнасьць Каталіцтва агулам давала беларускай нацыянальнасьці сякую-такую змогу быць хоць слабенькай апорай насупроць польскасьці. Ані няспрыяючыя варункі гістарычныя, ані спрыт польскае палітыкі, ані магутнасьць расейскай імпэрыі ня здушылі цалком і не замарылі на сьмерць нашай мовы. Зьбярог яе ў грудзях сваіх народ наш і, колькі мог памагчы ў той час, памог захаваць яе касьцёл Каталіцкі. Ён, будучы вольны ў сваей арганізацыі, маючы свой цэнтр на скале Пятровай у Рыме, незалежны ад усякай сьвецкай палітыкі, з вышыні Апостальскай Сталіцы, з міласьцяй маткі, апякуецца кожным народам, кожнай душой чалавека й яго патрэбай духовай. Дык вось, у Касьцеле Каталіцкім мова наша, хоць у дужа малой меры, дзеля цяжкіх варункаў палітычна-грамадзкіх, аднак мела сабе яшчэ месца.
1825 год папеж Лявон XII аб’есьціў, як год юбілейны. На нашых землях юбілей гэты быў сьвяткаваны ў наступным 1826 г. Галоўным кіраўніком юбілею ў Беларусі быў домініканін Корнелі Рапчынскі, які ўмеў пабеларуску. Юбілей гэты адпраўлялі разам лаціньнікі й існуючыя яшчэ ўніяты. Аб працах юбілейных агулам і аб мове, у якой гаварылі казаньні, усё было запісана ў асобны дзеньнік (Д’яр’юш), які вёў той жа кс. Рапчынскі. У Беларусі юбілей зачаўся ад Полацку 28 лютага й трываў праз цэлы сакавік. Вось-жа ў Полацку ў касьцеле францішканскім падчас гэтага юбілею казаньні былі гавораны пабеларуску. Народу бывала гэтулькі, што, як піша кс. Рапчынскі, касьцёл не зьмяшчаў іх.
На правінцыі падчас гэтага юбілейнага году былі так-жа беларускія казаньні й пабеларуску рахунак сумленьня ў наступных сёлах і местах Беларусі, асабліва Віцебшчыны: у Гарбачеве, у Клясіцах, у Ушачы (былі пабеларуску навукі, рахунак сумленьня, а так-жа чыталі катэхізм пабеларуску), у забяле, у Томасіне, у Халапенічах, Мікалаеве, у Таболках.
У Альбрыхтове ў касьцеле, як піша той-жа Д’яр’юш, па ражанцы, канторка, умеючая чытаць, на палавіну сьпяваючы, гаварыла з народам катэхізм пабеларуску, які ўсе добра ўмелі.
У 1835 г. у Вільні выходзе „Krótkie zebranie nauki chrześcjańskiej dla wieśniaków mówiących językiem polsko-ruskim wyznania rzymsko-katolickiego“ з апрабатай віленскага каталіцкага (лацінскага) біскупа І. Б. Клонгевіча й з дазволу сьвецкай улады. Катехізмоўка гэта, ня гледзячы на яе польскі загаловак і на некалькі польскіх малітваў і на ўспамін аб нейкай польска-рускай мове, на бачынах 24-ох напісана даволі чыстай віленска-менскай беларускай мовай.
У 1845 г. у тэй-жа Вільні ўзноў выйшаў „Каtechizm o czci cesarza Wszech Rossyi, czyli objaśnienie czwartego przykazania Boskiego w stosunku do źwierzchności krajowej. Za Najwyższym rozkazem, dla użycia po szkołach i kościołach Rzymsko-Katolickich wiejskich wydrukowany. Nakład i druk T. Glusberga księgarza i typografa szkół białorusk. nauk. okr.“ Частка гэтага катэхізму напісана пабеларуску. Бачыць яго нам не ўдалося. Судзячы з загалоўку (даволі дзіўнага) і з выдаўца, належа думаць, што друк гэты выданы ўрадам, або блізкімі да яго людзьмі. Аднак аб патрэбе нашай мовы ў жыцьці рэлігійным і аб ужывальнасьці яе ў гэтым жыцьці, прынамсі ў пэўнай меры, і ён гавора.
У 1862 г. выйшаў „Elementarz dla dobrych dzietok katolikoǔ“, друкаваны ў Варшаве, з апрабатай духоўнай і з дазволам сьвецкай улады. Усе 40 старонак друкаваны пабеларуску. Апрача кароценькага лемантара, зьмешчаны ў ім каталіцкі катэхізм, пацеры, некалькі малітваў, песьня „o moj Boža, vieru Tabie“ і ў канцы „tablička množenia“. Мова беларуская даволі чыстая, дужа падобная да мовы ў катэхізмоўцы з 1835 г., а магчыма, што тая самая.
Помнячы, што ў гэтым часе беларускіх кніжак лацінкай друкаваць ня можна было, можна дагадацца, што духоўныя ўлады прапхнулі гэты „Elementarz“ праз расейскую сьвецкую цэнзуру, як польскі, друкуючы яго лацінкай.
З успомненых друкаў агулам бачым, што ў тым часе адчувалася патрэба вучыць праўдаў веры каталікоў Беларусаў у іх роднай мове. Дзеля гэтай-жа мэты й былі друкаваны гэныя катэхізмы.
У 1866 г. у часапісе «Вѣстник Зап. Россіи» К. Говорскі піша, што з беларускай літаратуры яму ведамы катэхізм, навукі парафіяльныя ды пяць-шэсьць песьняў рэлігійнага зьместу. Пэўне-ж, гутарка тут аб беларускай літаратуры каталіцкай, бо праваслаўнай падобнай пабеларуску цалком не дапускалася.
У 1866 г., калі ўрад расейскі ўжо рабіў спробу ўвядзеньня ў касьцёлы расейскай мовы, група ксяндзоў Беларусаў з Магілёўшчыны й Віцебшчыны зьвярнулася з просьбай да ўраду аб дазвол ператлумачыць ім агульна ўжываныя казаньні Філіпэцкага й Белабрэскага на беларускую мову. Тагочасны генэрал-губэрнатар нашага краю К. П. фон Кауфман (1865-66) уважаў, што казаньні трэба гаварыць у касьцёлах не пабеларуску, а парасейску. Обэр-пракурор Сыноду гр. Д. А. Толстой зьвярнуўся ў гэтай справе з запытаньнем да праваслаўных біскупаў літоўска-беларускага краю. Сынод просьбу гэных ксяндзоў адкінуў. Цікавыя адказы біскупаў праваслаўных Д. А. Толстой пераслаў генэрал-губернатару. Найцікавейшы адказ быў русыфікатара Міхала, біскупа Менскага й Бабруйскага. Ён быў праціўнікам беларускай мовы ў касьцеле дзеля таго, што, як пісаў, за часоў паншчыны ў мову беларускую закралася многа слоў і выражэньняў польскіх, дык хто заруча, што ксяндзы будуць гаварыць пабеларуску, а пакрысе будуць адначасна падтрымліваць мову польскую ў касьцеле… «Маю гістарычную падставу — пісаў ён далей, адносіцца з падазрэньнем да просьбы лацінскіх ксяндзоў ператлумачыць на мову беларускую казаньні. Езуіты, асеўшы ў гэтым краі, сьпярша вучыліся мовы народнай і з ёй зводзілі праваслаўных…»
Цікава так-жа адзначыць, што ў гэтым-жа 1866 г. успомненыя вышэй каталіцкія ксяндзы з Магілёўшчыны й Віцебшчыны, якія прасілі ўладу пазволіць ім тлумачыць на беларускую мову казаньні польскія, просьбу сваю між іншым падтрымліваюць тым, што ў іх часе ў нашым краі многа дзе казаньні па касьцёлах ксяндзы гаварылі пабеларуску.
Не адрэчы тут будзе так-жа ўспомніць і аб Санчыкоўскім. Быў гэта каталіцкі (лацінскі) ксёндз у Меншчыне, з паходжаньня Беларус, які забыўшыся аб сваім ксяндзоўстве й аб сваім народзе, надта сардэчна дапамагаў і дараджаў на працягу пару дзесяткаў гадоў (1860—1880) царскаму ўраду ў справе замены ў касьцеле мовы польскай мовай расейскай. Аднак з працы Жыркевіча «Из-за русскага языка» выглядае, што Санчыкоўскі сам сябе лічыў Беларусам, з народам гаварыў пабеларуску, а так-жа часта пабеларуску гаварыў казаньні ў касьцеле.
Быў гэта ў значнай меры кар’ерыст і заблудзіўшы самалюб, які калі і ўспамінаў аб патрэбе ў жыцьці касьцельным мовы беларускай і калі й сам гэтай мовай гаварыў, дык, судзячы з яго супрацоўніцтва з урадам, была гэта толькі тактыка, часовы русыфікатарскі манэўр, які нядвузначна імкнуўся да ўвядзеньня ў жыцьцё рэлігійнае каталікоў Беларусаў мовы не беларускай, а расейскай.
Санчыкоўскі — паслушнае аружжа русыфікацыі Беларусі ў руках расейскага ўраду. Дапамагалі яму стаць на гэту дарогу тагочасныя палітычна-грамадзкія варункі на Беларусі. У значнай меры Санчыкоўскі — дзіця трагедыі свайго часу.
Аднак, ня гледзячы на схаваныя пляны ў працы Санчыкоўскага што да мовы ў касьцеле, няма падстаў ня верыць яму, што як ён сам, так і многія іншыя ксяндзы ў ліку 46, як ён кажа, у ваднэй толькі Менскай дыяцэзіі, сапраўды шмат дзе карысталіся ў казаньнях да каталікоў Беларусаў мовай беларускай. Трэба так-жа думаць, што вышэйшая духоўная ўлада, калі сапраўды бачыла ўжываньне тады ў касьцёлах мовы беларускай, мовы роднай народу, а не расейскай, гэтаму прынамсі афіцыяльна не працівілася, як не працівіўся гэтаму, а нават радзіў, Магілёўскі Арцыбіскуп Сымон.
Тым больш праўдападобныя цьверджаньні аб мове беларускай у касьцеле Санчыкоўскага, бо і ў архіве канцелярыі Віленскага Генэрал-Губернатарства (1867—70) ёсьць сьпісы ксяндзоў, гаворачых па касьцёлах беларускія казаньні.
Але найлепшымі гэтага довадамі служаць дакумэнты. Затрымаемся тут над імі бліжэй. Кс. праф. Ал. Навіцкі (Латвія) ў сваім часе перадаў Бел. Каталіцкаму Выдавецтву ў Вільні рукапісныя беларускія каталіцкія казаньні.
У гэным рукапісе спатыкаем чатыры казаньні ў чатырох сшыткох, пісаныя на палавіне канцелярыйнага аркуша на абедзьвюх бачынах. У адным сшытку, на 64-ох бачынах памешчана навука на 17-ую нядзелю па зялёных Сьвятках. На першай бачыне зазначана, што навука гэта гаворана была ў 1860 і 4 г. у Посіне, 1863 г. у Лянцкороне, 1868 г. у Савэйках, 1870 і 1872 г. у Ульле.
Другі сшыток на 72-ох бачынах зьмяшчае казаньне на дзень Непавіннага Зачацьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі. Гаворана яно, як відаць з зацемак так-жа на першай бачыне: 1865 і 1867 г. у Лянцкороне, 1871 і 1872 г. у Ульле.
У трэцім сшытку на 40 бачынах напісана казаньне на ўрачыстасьць Божага Цела, гаворана 1861 і 1863 г. у Посіне, 1866 і 1869 г. у Лянцкороне і ў Савэйках, 1870 і 1872 г. у Ульле.
Чацьверты сшыток становіць казаньне на Дзень Задушны, напісанае на 32 бачынах і гаворана ў 1862 г. у Посіне, 1868 г. у Лянцкороне, у 1870 і 1872 г. у Ульле.
Усе гэныя меснасьці знаходзяцца ў быўшай Віцебскай губэрні. Вылічаныя гады, меснасьці й дні, калі якое казаньне было гаворана, надпісаны папольску, як відаць з пісьма, пазьней, але тэй самай рукой, што й самыя казаньні.
Цытаты з Сьвятога Пісаньня, з Айцоў Касьцёла, ці якія іншыя, паданы так-жа папольску. Рэшта ўсё пісана пабеларуску.
Як бачым, былі ў Каталіцкім Касьцеле на беларускіх землях праўдзівыя пастыры, якія і ў гэныя цяжкія гады, патрапілі быць блізка да народу й карыстацца яго мовай у сьвятынях.
Патрэбу карыстаньня роднай мовай у Касьцеле разумела няраз тады так-жай вышэйшае каталіцкае духавенства. Так, напрыклад, калі пад канец XIX ст. барацьба царскіх урадаў з польскай мовай па касьцёлах дужа завастрылася, Магілёўскі каталіцкі арцыбіскуп Сымон запрапанаваў ураду згадзіцца завесьці ў Касьцёл у беларускіх парахвіях, замест расейскай, мову беларускую, мову родную народу. З прычыны гэтай прапановы пачалася перапіска між урадам і Апостальскай Сталіцай. У выніку гэтай перапіскі папескі сакратар кардынал Рампольля, ад імя папежа Лявона XIII, паведаміў арцыбіскупа (ужо Казлоўскага), што Апостальская Сталіца дае яму права дазволіць пробашчам карыстацца ў казаньнях мовай беларускай там, дзе карыстаецца гэтай мовай народ. Дакумант гэты падпісаны 8.V.1897 г. за № 37,522.
Праўда, з найвышэйшага гэтага дазволу мусіць мала хто скарыстаў, бо арцыбіскуп Казлоўскі з аднаго боку, баючыся русыфікацыі й Праваслаўя, а з другога — рахуючыся з напорам польскага грамадзянства й духавенства, якое агулам стаяла толькі за мову польскую ў Касьцеле, не дапускаючы туды ані мовы беларускай, ані літоўскай, у жыцьцё гэнага дазволу Апостальскай Сталіцы ня ўвёў.
Аднак дакумант гэты мае для нас вялікае значэньне. Ён яшчэ раз, ужо лішні раз, сьцьвярджае тую праўду, што адносіны сьв. Айца да кожнага народу — гэта адносіны сапраўды бацькаўскія, што кожная мова мае поўнае права ў каталіцкай сьвятыні й што калі дзе да гэтага не даходзе, дык гэта дзеецца з прычын пераважна палітычных, з прычын цалком незалежных ад Апост. Сталіцы.
Але маем яшчэ так-жа падставу цьвердзіць, што і ў апошнім дзесятку XIX ст. і па ім, беларускія казаньні дзе-ня-дзе па каталіцкіх касьцёлах Беларусі былі гавораны. Цьвердзе аб гэтым Д. Н. Чіхачев у сваей кніжцы: «Вопрос располяченія Костела», а ўрэшце аб гэтым у беларускім народзе ёсьць яшчэ жывыя традыцыі. Так, напрыклад, старэйшыя ксяндзы Магілёўскай дыяцэзіі расказваюць, што ў канцы XIX ст. і аж да часу выбуху сусьветнай вайны, у некаторых парахвіях беларускіх агулам, асабліва-ж Віцебшчыны й Магілёўшчыны ўсьцяж гаварыліся беларускія казаньні.
Ведамы адзін з піонэраў беларускага руху кс. Фр. Будзька († 1920), з Магілёўскай дыэцэзіі, які быў дужа блізка да Магілёўскага біскупа Данісэвіча, Беларуса, — расказаваў мне, што казаньні беларускія й песьні рэлігійныя беларускія былі ў Ульле (Віцебшчына), у Фашчоўцы (Магілёўшчына) і ў іншых мясцох Беларусі аж да апошніх дзён.
Гэта былі адны, казаў-бы, з ручайкоў, якія несьлі на сваіх немногаводных фалях нашу мову з касьцельнага зацішша ў шырокія воды беларускага адраджэньня XX-га ст.
Словам, у найцяжэйшы час для беларускай нацыянальнасьці, адзінай апорай яе аказалася усёжтакі Хрысьціянства. Агулам, Хрысьціянства па сваей натуры ёсьць такім, аб якім трэба сказаць наступнае. Ня гледзячы на тое, ці яно польскае ці расейскае ў значэньні палітычным, у значэньні тэй чужой мовы, якой яно змушана да Беларусаў прамаўляць і ня гледзячы на тыя чужыя народу тэндэнцыі, якія яго часта змушана праводзіць, — усёжтыкі ў некаторай меры не перастае быць апорай беларускай нацыі й сродкам яе консолідацыі й супольнасьці. А гэта затым, на маю думку, што вобак з чужымі ідэяді й чужой мовай яно вырабляе й закрапляе праз блізкія між вернымі, сардэчныя духовыя суадносіны, адзінства, блізкасьць, сваяцтва, а так-жа асьвячае гэта павагай Божай. Чужая афіцыяльна форма так афіцыяльнай і астаецца, а гэная блізкасьць, гэныя традыцыі, гэная ўзаемная супольнасьць і адзінства самі праз сябе народ консолідуюць і надаюць яму беларускі нацыянальны стыль. Ведама, гэткага характару творывам беларускай нацыянальнасьці ня можа мець ніякая іншая сьвецкая грамадзкая ўстанова.
Калі прыйшоў аканчальны заняпад Беларускага народу: заняпад палітычны й культуральны, як на дзіва — прыйшло й адраджэньне. Да зярнятак апоры беларускай нацыянальнасьці безпасрэдна хрысьціянскай, далучыліся пасрэдныя — рамантызм. На пачатку XIX ст. ў Эўроне романтызм пачаў новую эру людзкой думкі. У палавіне гэтага ст. рамантызм дакаціўся й да Беларусі. Сутнасьць яго ў тым, што запладняць людзкую думку ў галіне літаратуры, а так-жа й грамадзкага жыцьця пачало пачуцьцё, мінуўшчына, нацыянальнасьць. Ідэалы гэтыя заактуалізавала француская рэвалюцыя, а жаўнеры Наполеона разьнесьлі іх па ўсей Эўропе. Такім чынам дайшлі яны й да Беларусі. А сутнасьць рамантызму як-жа многа мае супольнага з Хрысьціянствам!
Урэшце ручайкі беларускага хрысьціянскага нац. адраджэньня зьліліся з агульным ручём і сталіся ракой сучаснага агульнага беларускага нацыянальнага руху. Хрысьціянства такім чынам сваю адвечную роль адносна бел. нацыі споўніла. Спаўняе яе, як убачым, і сяньня.
(Літаратура: Abraham i Fiołek (як у разьдзеле XI); Ks. Ad. Stankevič — Rodnaja mova ǔ śviatyniach; В. Ластоўскі — Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі).