Хрысьціянства і беларускі народ (1940)/XI
| ← X. Уніяцкая цэрква ў расейскім пэрыядзе гісторыі Беларусі (XIX ст.) й яе роль адносна беларускай народнасьці | XI. Адкуль узяліся Беларусы каталікі лаціньнікі Аўтар: Адам Станкевіч 1940 год |
XII. Лацінскае Каталіцтва — апора беларускай нацыянальнасьці ў XIX ст., асабліва пасьля ліквідацыі Уніі → |
XI
Адкуль узяліся Беларусы каталікі лаціньнікі
Дагэтуль, гаворачы аб значэньні для Беларускага народу Хрысьціянства, бралі мы пад увагу сьпярша Праваслаўе, а пасьля Унію. Пры гэтым мы ўсьцяж напатыкаліся й на лацінскае Каталіцтва, якое так-жа паявілася ў сваім часе ў Беларусі й якое так-жа мела дадатні й на’т выдатны ўплыў на беларускую нацыянальнасьць. Мы на яго аж цяпер зварачваем увагу затым, што яно ў параўнаньні з Праваслаўем і Уніяй менш у Беларусі пашырылася й што яно найбольш пашырылася іменна пазьней іх, а нават пасьля. Аднак-жа лацінскае Каталіцтва ў Беларусі, асабліва ў апошніх трох стагодзьдзях — XVIII, XIX і XX, — у значнай меры было так-жа творывам і падпорай беларускай нацыянальнасьці. Дзеля гэтага затрымаемся цяпер крыху даўжэй над лацінскім Каталіцтвам у нас, дасьледжваючы, адкуль і калі яно ў нас узялося.
Хрысьціяне лацінскага абраду паявіліся ў Беларусі дужа рана, яшчэ тады, калі Хрысьціянства было адзіным і непадзеленым, калі ў догматах яшчэ ня было ніякіх розьніцаў між усходам і захадам і калі розныя абрады грэцкі, лацінскі й інш. — ня ўводзілі сярод хрысьціян ніякай духовай розьніцы. Праўда, усходнія славяне, а ў іх ліку й Беларусы, прымалі Хрысьціянства масава ў абрадзе грэка-славянскім, але яны гэта рабілі затым, што Візанцыя была бліжэй і што ад яе, прадусім, яны й запазычалі культуру, а не затым, што абрад лацінскі для іх быў нейкім горшым і няхрысьціянскім. Коратка гаворачы: нашы продкі прымалі Хрысьціянства ў усходнім абрадзе, бо ён, дзякуючы геопалітычным, гістарычным і культурным абставінам, быў для іх бліжэйшы.
Вось-жа ў Беларусі даўна прад тым, як масава пашыралася ўсходняе Хрысьціянства ў X ст., было ўжо й Хрысьціянства лацінскае. Ішло яно са Скандынавіі, ад Варага-Русаў, дзе яно тады ўжо пашыралася значна, ішло з Нямеччыны, Польшчы, і з самога Рыму, з якімі валадары украінскіх і беларускіх князьстваў агулам часта падтрымлівалі зносіны. Лацінства аднак у масы сьпярша не пранікала. Лаціньнікамі хрысьціянамі былі сьпярша ў нас толькі чужынцы-купцы, місіянары, а з часам са сваіх які баярын, ваяка-дружыньнік і інш.
Значна больш было пашырыўшыся ў Беларусі лацінскае Хрысьціянства, ужо як Каталіцтва, пасьля падзелу яго, калі ўсход ад хрысьціянскага адзінства адыйшоў, — у XIII—XIV ст., за часаў Гедыміна й Альгерда. Але й цяпер так-жа яно было пашырана бадай выключна сярод вышэйшых слаёў народу, да самых народных масаў яшчэ аднак не даходзячы. Так напр. у XII—XIII ст. ужо былі каталіцкія лацінскія касьцёлы ў Кіеве, Пераяславе, Смаленску, Полацку, Ноўгарадзе. Былі так-жа ў XIV ст. манастыры францішканаў у Полацку, Наваградку й у інш. мясцох, былі так-жа манастыры ў нас у гэтым часе й дамініканаў.
Аб тым, што ў час Гедыміна былі ўжо Беларусы каталікі, ведаем з наступнага. Гэты-ж самы Вялікі Князь Гедымін летам 1323 г. зьвярнуўся да нямецкіх францішканаў саксонскае правінцыі з просьбай прыслаць у Вільню й Наваградак для абслугі манастырскіх касьцёлаў чатырох духоўнікаў, якія ўмелі-б гаварыць і пабеларуску, такіх, якія «цяпер ёсьць і даўней былі».
Далейшае пашыраньне сярод Беларусаў лацінскага Каталіцтва, ужо сярод беларускіх народных масаў, адносіцца да часаў Ягайлы, калі ён хрысьціў Літву ў 1386 г. У гэтым часе, многія Беларусы, каб споўніць волю Вялікага Князя Ягайлы, пакідалі сваё Хрысьціянства ўсходняе (Праваслаўе) й пераходзілі ў лацінства.
Аб хрышчэньні Літвы Ягайла выдаў у лацінскай мове дакумант, так званы унівэрсал, у якім ён між іншым кажа: «каб прычыніцца да ўзросту каталіцкай веры ў Літве й Русі, пастанаўляем, загадваем, абяцаем, прыракаем і на сьвятыя сакраманты прысягаем: усе літоўскія народы, бяз розьніцы плоці й стану, што зна- ходзяцца ў Літве й Русі, да каталіцкай веры й да паслухмянасьці сьвятому Рымскаму Касьцёлу прывесьці, прыцягнуць, намовіць, ды больш таго — змусіць, калі-б да якой сэкты належылі». Далей, Вялікі князь, каб новыя каталікі ня мелі перашкодаў у сваей веры, кажа: «выразна забараняем, каб ніхто з Літоўцаў абудвых плоцяў не жаніўся з Русінам так-жа абедзьвюх плоцяў прад тым, як выкажа сваю ўлегласьць Рымскаму Касьцёлу, а калі-б такое жанімства сталася, дык яго не разлучаць, але некаталіцкую старану да Каталіцтва, хоць-бы карай цялеснай, але давясьці трэба». Урэшце, у тым-жа унівэрсале Ягайла надае розныя прывілеі каталіцкім лацінскім касьцёлам, як у Вільні, так і па ўсім нашым краі. Гэткая воля Вялікага Князя значна прычынілася ў нашым краі да пашырэньня лацінскага Каталіцтва й сярод масаў Беларускага народу.
Гісторык Энэаш Сільвіюс, пазьнейшы папа Піус II, даведаўся, што Ягайла давёў да каталіцкай веры «розныя народы, галоўна народ Літоўскі й Рускі, першы ўвесь, а другога вялікую часьць, а гэта там, дзе той жыў сярод Літоўцаў, або ў суседзтве іх бліжэйшым, воддаль ад біскупстваў усходня-грэцкіх».
Кс. Я. Фіалэк кажа аб Ягайле, што ён «многа схізматыкаў прывёў да праўдзівае, якую й сам вызнаваў, веры». Гэта знача — праваслаўных Беларусаў прывёў да лацінскага Каталіцтва.
Значна так-жа пашыралася лацінства сярод Беларускага народу й за часаў Вітаўта Вялікага. Праўда, гэты мудры валадар асьцеражней з гэтым паступаў, чымся Ягайла: ён у унівэрсале сваім, выданым так-жа ў справе хрышчэньня Літоўцаў і Русінаў, кажа: «калі які Русін захоча па сваей волі хрысьціцца, дык няхай сабе хрысьціцца, а які ня хоча, няхай астаецца ў сваей веры». З гэтага відаць, што ён мякчэй адносіўся да Беларусаў праваслаўных і быў больш толеранцыйны, як Ягайла, але прынцыпова й ён тую ж самую праводзіў палітыку, бо-ж і ён быў рашучым заходнікам і лаціньнікам. Ён дужа многа фундаваў касьцёлаў і манастыроў сярод беларускага насельніцтва, што, зразумела, прычынялася да далейшага пашыраньня ў нас лацінства, ды й сам факт фундаваньня лацінскіх касьцёлаў і манастыроў ужо дапускае сваім парадкам існаваньне лаціньнікаў і іх рэлігійныя патрэбы. Каталіцкі лацінскі касьцёл за часаў Ягайлы й Вітаўта ўжо меў многа вызнавальнікаў ня толькі сярод вышэйшых слаёў-баяраў і магнатаў, але так-жа й сярод народных беларускіх масаў.
Наварот Беларусаў на лацінскае Каталіцтва адбываецца праз усё XV, XVI ст. і далей. У 1501 г. папа Аляксандар VI у бульлі да віленскага біскупа дае спосаб прынятку Беларусаў праваслаўных да Каталіцтва. Справа была ў тым, што у лаціньнікаў была нават думка аб няважнасьці праваслаўнага хросту й аб патрэбе хрышчэньня нанава праваслаўных, прыймаючы іх да Каталіцтва. Вось-жа на гэта папа ў гэнай бульлі між іншым рашуча забараняе аднаўленьне хрышчэньня людзей праваслаўнае веры, якія хочуць злучыцца з каталіцкім касьцёлам.
Палітыка навароту праваслаўных Беларусаў на лацінскае Каталіцтва яўна так-жа відаць і з актаў Городэльскай уніі ў 1413 г. Ягайла й Вітаўт, закрапіўшы Унію літоўскіх, беларускіх і украінскіх зямель з Польшчай, пастанавілі, што …«толькі тыя, якія належаць да каталіцкага касьцёла й якія прынялі польскія гэрбы князі й баяры Вял. Кн. Літ. маюць права карыстацца рознымі прывілеямі, якія існуюць у Польшчы, а а так-жа займаць высокія пасады й атрымліваць розныя годнасьці могуць толькі тыя, якія паходзяць з родаў, прыняўшых лацінскую веру; так-жа сама ў дзяржаўную раду могуць быць дапушчаны толькі вызнавальнікі лацінства, а ніколі схізматыкі й іншыя няверныя». Ясна, што гэтакі закон адносна «схізматыкаў» (праваслаўных Беларусаў) дужа спрыяў пашырэньню лацінства ўжо ня толькі сярод народных беларускіх масаў, але, як бачым, прадусім сярод высокіх слаёў народу. Ведаем, што дзеля гэткіх законаў многія беларускія праваслаўныя князі й баяры пераходзілі ў лацінства, каб скарыстаць з розных грамадзкіх і дзяржаўных прывілеяў.
У пач. XVI ст. у нашым краю паявілася вызнаньне, так званае эванэліцкае, а прадусім кальвінства й адчасьці соцыянства. Вось-жа многія беларускія вышэйшыя слаі пакідалі Праваслаўе й пераходзілі ў Кальвінства, а пасьля, калі Кальвінства перастала шырыцца й быць модным, пераходзілі ў лацінства каталіцкае.
Узноў-жа далейшым дзейнікам, пашыраючым у нас лацінства, былі езуіты, якія ў нашым краю паявіліся ў XVI ст. дзеля барацьбы з рэфармацыяй. Езуіты, боручыся з Кальвінізмам, які масава пашыраўся ў нас сярод паноў, часта наварочвалі ў лацінства ня толькі паноў, але так-жа й народныя масы, цалком ад гэтых апошніх залежныя. Пад уплывам дзейнасьці езуітаў здараліся выпадкі, што й праваслаўныя ўсходнія беларускія паны прымалі лацінскае каталіцтва.
Калі-ж у 1596 г. наступіла царкоўная унія, якая трывала 243 г., перацягваньне Беларусаў уніятаў у лацінства яшчэ больш пашырылася й прысьпяшылася. Так напр. уніяцкі мітрапаліт Вэлямін Рутскі ў 1623 г. інфармуе Рым аб тым, што уніятам з боку лаціньнікаў робяцца крыўды й што іх перацягваюць у лацінства. На гэта ў 1624 г. папа Урбан VIII выдаў бульлю, у якой забараняе пераход у лацінства. Палякі гэтаму спрацівіліся. Тады гэна бульля была агранічана толькі да духавенства. Так хацеў кароль Сігізмунт III. Адносіны праўныя, грамадзкія й таварыскія з боку польскага да Беларусаў уніятаў былі благія й нават несправядлівыя. Вось-жа нічога дзіўнага, што яны нават гэтым самым былі прымушаны пакідаць свой усходні абрад і пераходзіць у лацінства.
У 1623 r. праваслаўная шляхта Вялікага Кн. Літоўскага падала Сэнату Рэчыпаспалітай скаргу, так званую «супліку», у якой між іншым чытаем: …«Вольнасьці народу рускаму належацца дваякія: таму народу рускаму, які ёсьць веры Рымскае, паслушнасьці заходняе й таму народу рускаму, які ёсьць веры грэцкае, паслушнасьці ўсходняе. Русь рымскае веры пры сваей вольнасьці астаецца, а нам Русі веры грэцкае, вольнасьць выдзерта»…
З гэтага дакуманту бачым, што ня толькі было шмат Беларусаў лаціньнікаў, але й як беларуская шляхта, якая тады прадстаўляла народ, адносілася да іх. Вось-жа бачым, што тагочасныя праваслаўныя Беларусы Беларусаў каталікоў лічылі Беларусамі, такімі самымі, як і яны праваслаўныя.
Націск лацінізму й полёнізму на Беларусаў уніятаў урэшце да таго ўзрос, што ў 1717 г. у польскім грамадзянстве паўстаў праект і уніятаў і праваслаўных Беларусаў аканчальна перавесьці ў лацінства.
Асабліва многа пераходзіла Беларусаў з Уніі ў лацінства пасьля падзелу Польшчы, калі Беларусы апынуліся пад панаваньнем расейскіх цароў і калі з боку расейскіх уладаў ішоў выразны й часта грубы націск на уніятаў з мэтай пераводжаньня іх на Праваслаўе. І так дзеля гэтых прычын за часаў царыцы Кацярыны II (1796 г.) многія Беларусы уніяты, жадаючыя захаваць веру сваіх бацькоў, пакідалі Унію й далучыліся да касьцёла лацінскага, адлучыць якіх ад каторага расейскім уладам было значна трудней, як ад Уніі. Тое-ж самае было й за часаў цара Паўла, як сьведча аб гэтым уніяцкі полацкі архіепіскап Іраклі Лісоўскі.
Гэткія-ж узноў адносіны расейскай царскай палітыкі да уніятаў са свайго боку правакавалі й заахвочвалі Палякоў цягнуць да сябе ў лацінства рэшту уніятаў, якія аставаліся ўніятамі й далей трымаліся веры сваіх бацькоў. І ў гэтым часе цэлыя масы уніятаў пераходзілі ў лацінства, бо-з прычыны паншчыны, — яны былі цалком залежныя ад польскіх паноў і ад ксяндзоў.
Расейскія палітыкі спасьцерагліся і, жадаючы да сябе прыгарнуць Беларусаў уніятаў, стараліся пераходу іх у лацінства проціўставіцца. Так напр. у 1796, 1797 і 1799 г. былі выданы царскія ўказы, забараняючыя пераходзіць з уніі ў лацінства. Але нічога гэта не памагала й Палякі уніятаў Беларусаў цэлымі масамі пераводзілі далей у лацінства. У 1806 г. быў так-жа выданы царскі указ, каб тыя ўсе цэрквы й прыходы, якія з уніі перайшлі ў лацінства, узноў вярнуць у унію. Адбываліся доўгалетнія вялікія судовыя працэсы й нічога з гэтага ня выходзіла: ня толькі што не варочаліся быўшыя ўніяты ў унію, але далей у лацінства пераходзілі цэлыя прыходы з усіх беларускіх губэрняў. Так напр. у 1809 г. у вадней толькі Віленскай губэрні з уніі ў лацінства перайшло да 20 тысяч Беларусаў.
Нямала так-жа, а можа найбольш як калі, уцякала Беларусаў уніятаў у лацінства ў 1839 г., калі вышэйшае ўніяцкае духавенства, здрадзіўшы Унію, ня пытаючыся верных, часта пры помачы паліцыі, перапісвала іх у Праваслаўе. Ня хочачы быць сілай запісанымі ў Праваслаўе, яны масава ўцякалі ў лацінскае Каталіцтва.
Урэшце за часаў першых у нашым краю расейскіх генерал-губэрнатараў, жывучых у Вільні, асабліва-ж ведамага з сваей жорсткасьці М. Н. Мураўёва, цэлыя масы быўшых уніятаў з Праваслаўя ўцякалі ў лацінства. Да гэтага часу адносяцца слаўныя словы праваслаўнага віленскага архіепіскапа Макарага, сказаныя Мураўёвy на яго раду архіепіскапу знайсьці спосабы ўтрымаць пераход Беларусаў праваслаўных у каталіцтва: «Дзеля таго, што чыноўнікі іх наварачвалі на Праваслаўе, дык няхай жа яны знайдуць спосабы й утрымаць іх пры Праваслаўі» — казаў гэны духоўнік.
Спрыяла далейшаму пашыраньню ў нас лацінства й далейшая расейская палітыка. Расейскі ўрад на працягу першай палавіны, калі ня больш, XIX ст. усіх каталікоў у нашым краю ўважаў за Палякоў, Каталіцкі Касьцёл з усімі яго вернымі называў «іноверчаскім і інородным». Зразумелая рэч, што гэткая палітыка яшчэ больш спрыяла ўтрываленьню ня толькі каталіцтва, як такога, але Каталіцтва ўжо польскага й адгароджаньню яго ад беларускай стыхіі.
Калі-ж урэшце ў другой палавіне XIX ст., асабліва пасьля польскага паўстаньня ў 1863 г., Расейцы дадумаліся, што ў Каталіцкім Касьцеле ёсьць многа Беларусаў і калі зажадалі зрабіць з іх «чыстых рускіх», у грамадзкай іх думцы паўстала вялікая спрэчка аб тым, ці даць супакой гэным Беларусам пазволіць ім далей карыстацца мовай польскай у касьцеле й даць ім магчымасьць спакойна польшчыцца, ці — наадварот — узяць іх пад высокую расейскую апеку й Беларусам, як рускім, даць мову расейскую. Урэшце перамагла гэтая апошняя думка й у 1869 г. наступіў «высочайшы дазвол» карыстацца ў касьцеле расейскай мовай. Зразумелая рэч, што царскі «дазвол» раўняўся загаду. Гэтак яго й зразумелі: урад, чыноўнікі, паліцыя, праваслаўнае духавенства. Ад гэтага «дазволу» аж да 1905 г. распачалася самая гарачая, часта сусім дзікая, барацьба ўраду ў кірунку ўвядзеньня ў касьцёлы ў дадаткавае набажэнства мовы Расейскай замест польскай. І гэткая палітыка ўцьвярджала Беларусаў у лацінстве й Беларусаў каталікоў рашуча адгараджвала ад Беларусаў праваслаўных, творачы ўжо нават недарэчнае паняцьце „польскай“ і „рускай“ веры.
Урэшце, калі наступіла сякая-такая свабода сумленьня ў 1905 г., многія масава з Праваслаўя пераходзілі ў лацінскае Каталіцтва. Былі гэта тыя Беларусы быўшыя уніяты, якім дзеля тых ці іншых прычын раней перайсьці ў Каталіцтва не ўдалося. І цяпер пераход гэты быў значны, масавы. Быўшым уніятам Беларусам імпанавала лацінскае Каталіцтва й тым, што было ўцісканае й што гэта была вера іх дзядоў. У 1908 г. напр. у вадней толькі Магілёўскай губэрні Беларусаў каталікоў было 59 тысяч.
Вось гэткім чынам паявіліся ў Беларусі Беларусы каталікі лаціньнікі. Гэта, як бачым, тыя-ж Беларусы, продкі якіх належалі да абраду ўсходняга: сьпярша усходня-каталіцкага, а пасьля праваслаўнага.
Сяньня так-жа паволі павялічваецца лік Беларусаў каталікоў, бо й сяньня многія Бе- ларусы праваслаўныя дзеля розных прычы, пе- раважна асабістага характару, пакідаюць Пра- васлаўе й пераходзяць у лацінскае Каталіцтва. Здараецца гэта пры жанімствах, пры шуканьні дзяржаўнай пасады й інш. жыцьцёвых абставінах.
Сяньня Беларусаў каталікоў на беларускіх землях Рэчыпаспалітай Польскай ёсьць больш мільёна, а на ўсім сьвеце: СССР, Латвія, Літва, Сібір, Злуч. Ст. Амэрыкі будзе яшчэ мільён. Усіх Беларусаў каталікоў, і на землях беларускіх і на эміграцыі, сяньня будзе мільёны два.
Усе Беларусы, як праваслаўныя, так і каталікі, гэта, як бачым, адзін суцэльны Беларускі народ, да якога 950 гадоў таму з усходу ў грэка-славянскім абрадзе заглянула сьвятло Праўды Хрыстовай.
(Літаратура: Документы, об’ясняющіе исторію Западно-Русскаго Края. СПБ, 1865; Документы, относящіеся к исторіи церковной Уніи в Россіи. Т. XVI: (Акты Изд. Виленск. Археогр. Ком. Вильна, 1889); Ks. J. Kurczewski — Kosciół Zamkowy II, Wilno, 1910; Иван Беляев — Исторія Полотска. Москва, 1872; Prof. Dr. Wł. Abraham — Polska, a Chrzest Litwy (Polska i Litwa w dziejowym stosunku); Ks. Dr. J. Fialłek — Uchrześcijanienie Litwy przez Polskę (Polska i Litwa w dziejowym stosunku); Ks. Ad. Stankievič — Rodnaja mova u śviatyniach. Vilnia, 1929.)