Перайсці да зместу

Хрысьціянства і беларускі народ (1940)/III

З пляцоўкі Вікікрыніцы
II. Час і абставіны паяўленьня Хрысьціянства: грэка-лацінская культура, Беларусь і Беларускі Народ III. Хрысьціянства й народы; сьв. Уладзімер і хрышчэньне Русі: Украінцаў, Беларусаў і Маскоўцаў
Аўтар: Адам Станкевіч
1940 год
IV. Хрышчэньне Беларусі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




III

Хрысьціянства й народы; сьв. Уладзімер і хрышчэньне Русі: Украінцаў, Беларусаў і Маскоўцаў

Адносіны Хрысьціянства да розных народаў. Славяне і іх пісьменства. Апосталы славян Кірыл і Мяфод: іх праца і значэньне. Сьв. Уладзімер. Хрышчэньне: Украінцаў, Беларусаў і Маскоўцаў. Адкуль Уладзімер прымаў Хрысьціянства і адносіны яго да Апостальскай Сталіцы. Адзінства Хрысьціянства.

Лёгка дадумацца, што апосталы Хрысьціянства, нясучы ў сьвет Слова сьв. Эвангельля, нясьлі яго прадусім у мове і форме грэцкай і лацінскай, бо гэтыя мовы былі падставай, як ведаем, тагочаснага культурнага жыцьця на сьвеце. Нават Жыды, расьцярушыўшыся па ўсей грэка-рымскай дзяржаве, мову сваю старадаўную пазабываліся цалком і ўжо Біблію мусілі тлумачыць на мову грэцкую і ёй карыстацца ў сынагогах. Але апосталы гэтыя хутка напатыкалі народы, для якіх гэныя мовы былі ўжо няведамы, або прынамсі мала ведамы і да якіх прамаўляць і якіх вучыць і для якіх арганізаваць хрысьціянскае жыцьцё трэба было ў іх роднай зразумелай мове.

Гэтак і рабілася. Ужо ў II стаг. паяўляюцца пераклады сьвятых кніг на мову сырыйскую, у пал. стаг. IV — пераклады на мову абісынскую і готскую, у стаг. V — на армянскую, у VI — на грузінскую, у VII — на арабскую, а ў стаг. IX мелі ўжо ў сваей мове сьвятыя кнігі і літургію: пэрсы, туркі, хазары і іншыя.

Гэтага-ж самага трэба было і для славян і гэта сапраўды было роблена. Патрэбу гэтую для славян здаволіваюць вялікія сьвятыя апосталы Кірыл і Мяфод.

Паводле візантыйскіх і арабскіх пісьменьнікаў і дасьледчыкаў VIII—IX ст., славяне, яшчэ будучы паганамі, ужо мелі пісьменства. Пісалі яны тады знакамі, якія называліся «рысы» і «нарэзы», якія абазначаліся пры помачы вострай палачкі на дрэве, на дошках, на кусках кары, на каменьнях і служылі толкі для звычайных і неабходных запісаў і для варажбы.

Пазьней паяўляецца ў іх ужо нармальная абэцэда, так зв. «глаголіца», якая паўстала з абэцэды грэцкай пад уплывам гэных-жа славянскіх пісьменных знакаў — рысаў і нарэзаў. Глаголіца ў старадаўнасьці ўва ўсіх усходня-славянскіх народаў, а знача і ў Беларусаў, мела шырокае практычнае застасаваньне. Глаголіцай беларускія князі пісалі розныя граматы, дагаворы і іншыя дакуманты.

Але абэцэда глаголіца была яшчэ дужа непрактычная, занадта складаная і цяжкая пры ўжываньні. Добра, відаць, гэта зразумелі апосталы славян сьвятыя браты Кірыл і Мяфод, калі яны, праняўшыся думкай несьці навуку Хрыста да славянскіх народаў, сьпярша прыступілі да пераробкі гэнай старой нязручнай абэцэды. І сапраўды, гэтыя апосталы стварылі абэцэду новую, славянскую, якая пасьля была празвана «кірыліцай», бо апрацаваў яе фактычна Кірыл (будучы сьвецкім чалавекам называўся Кастанцін), які быў высока адукаваным і вучоным.

Браты Кірыл і Мяфод былі родам з Македоніі. Бацька іх Леў быў высокім грэцкім урадаўцам і пражываў у Македоніі ў горадзе Солунь (Тэссалёнікі). Македонія была густа заселена славянамі-баўгарамі і мясцовыя грэкі добра былі абзнаёмлены з баўгарскім языком. Добра яго зналі змалку і Кастанцін і Мяфод. Абодва, атрымаўшы добрае выхаваньне і высокую асьвету, да якой, як сказана, асабліва гарнуўся і якой асабліва адзначаўся малодшы Кастанцін, займалі высокія ўрадавыя становішчы. Аднак хутка пакінулі гэта ўсё, паступілі ў манастыр і пасьвяцілі сябе апостальскай хрысьціянскай справе.

У 861 г. у Кастанцінопаль (Царгорад) явілася пасольства з Хазарскай зямлі прыслаць да хазар вучонага багаслова дзеля пашырэньня сярод іх хрысьціянства. Выбар паў на сьвятых братоў. Па дарозе да хазар яны затрымаліся ў Корсуні, дзе праз некаторы час бліжэй пазналі славянскі язык усходніх славян, які дужа быў падобны да баўгарскага. Тут яны найшлі Эвангельле і Псалтыр, напісаныя «па руску», гэта знача языком усходня-славянскім, які дзеля ўспомненых ужо варага-русаў называлі рускім. Напісаны яны былі найхутчэй глаголіцай.

Паяўленьне гэных пераводаў аб’ясьняецца тым, што сярод варагаў былі ўжо хрысьціяне добра знаючыя грэку і лаціну. Вось-жа яны, відаць, і зрабілі гэны пераклад.

Гэныя кнігі мелі вялікае значэньне ў далейшай працы сьвятых братоў. У той час у хрысьціянскай царкве панавала пракананьне, што царкоўнымі (касьцельнымі) языкамі могуць быць толькі тры: стара-жыдоўскі, грэцкі і лацінскі, а фактычна гэтыя два апошнія, як языкі двух галоўных вялікіх культур. У гэтым пракананьні выражалася фактычнае панаваньне гэных двух старых культураў, якія ня лічылі патрэбным рахавацца з языкамі народаў, якія стаялі культурна ніжэй. Вось-жа факт існаваньня Эвангельля і Псалтыра ў мове ўсходніх славян, а так-жа факт існаваньня Службы Божай і сьвятога Пісаньня ў мовах многіх іншых усходніх народаў, аб чым мы ўжо ўспомнілі, павінен быў аслабіць у душы сьвятых апосталаў сілу гэнага пануючага пракананьня.

Навярнуўшы нямала хазараў на хрысьціянства, Кірыл і Мяфод вярнуліся ў Візанцыю. Па дарозе, каля таго-ж Корсуня (Херсон) яны знайшлі мошчы-рэліквіі (астанкі) мучаніка сьв. Клімэнта папы рымскага і прывязьлі іх у Візанцыю. Але чакала іх новая місія, місія сярод заходніх славян у Маравіі, куды яны і адправіліся каля 863 г.

Каб лягчэй было ім там сеяць зерне Праўды Хрыстовай, яны адправіліся туды, апрацаваўшы славянскую абэцэду і пераклаўшы на славянскую мову сьвятое Пісаньне і кнігі літургічныя, кладучы такім чынам моцныя асновы для далейшага пашыраньня хрысьціянства і агулам прасьветы на ўсіх славянскіх землях.

Такая праца гэтых апосталаў была цяжкой і небясьпечнай. Народ, разумеючы ў роднай мове слова Божае, валам ішоў за сваімі Апосталамі. А тымчасам караніліся ўжо там Немцы. Нямецкае духавенства для палітычных мэтаў накідала там славянам чужую нямецкую мову. А цяпер Немцы ўбачыўшы, што праца іх дарэмная, пачалі рознымі спосабамі змагацца з славянскімі апосталамі. Прыйшлося сьвятым братом нямала зазнаць ад нямецкага духавенства і фальшывых даносаў да Папы, і зьдзекаў, а нават і турмы ад нямецкіх уладаў за сваю апостальскую працу.

Урэшце, Папа Мікалай I († 867), каб даведацца, што сапраўды робяць гэтыя апосталы, выклікаў іх у Рым. Гісторыкі пішуць, што сьвятыя браты прыбылі туды на пачатку 868 г., калі Папам быў ужо Адрыян II. Цяжкія тут былі дні для апосталаў. Мелі яны і тут многа ворагаў. Аднак праўда зваявала. Папа аднесься да іх дужа добра, справу разгледзіў і прызнаў слушнасьць за славянскімі апосталамі. Галава Хрысьціянства мове славянскай прызнаў права ў сьвятынях хрысьціянскіх. Гэта быў выпадак, маючы вялікае гістарычнае значэньне як для жыцьця рэлігійнага, так і агулам для ўсей славянскай культуры.

Праца сьв. Кірыла і Мяфода была для ўсяго славянства сапраўды вялікай. Яна славянскі язык паставіла на роўні з гэбрайскім, грэцкім і лацінскім, у якіх толькі тады і можна было маліцца. Да гэтых такім чынам языкоў прыбыў і язык славянскі. Вось што аб гэтым казаў Папа Адрыян II, пацьвярджаючы працу славянскіх апосталаў: «Выдуманае Кастанцінам-філёзафам славянскае пісьмо, на якім належным спосабам узносіцца хвала Богу, мы пацьвярджаем і загадваем, каб у гэтай мове выкладалася верным навука і дзеі Госпада нашага Ісуса Хрыста, бо Божая ўлада вуча нас хваліць яго ня ў трох толькі языках, гэтак кажучы: «Хваліце Госпада ўсе народы, хваліце яго ўсе людзі». І апосталы, напоўненыя сьв. Духам, прапаведвалі веліч Госпада ўва ўсіх языках. І апостал Павал — гэтая труба Госпадава — нам паказвае, што кожны язык няхай славіць Госпада нашага Ісуса Хрыста на славу Айца. І ў першым пасланьні да Карынчыкаў ён даволі нас павучае, каб мы, гаворачы рознымі языкамі, тварылі Хрыстовую Цэркву. І сусім непраціўна, ні веры ні навуцы Хрыста, калі будзе ў гэтым-жа славянскім языку чытацца і аб’ясьняцца сьвятое Пісаньне Старога і Новага Завету, належна пераложанае і вытлумачанае, адпраўляцца літургія ці іншае набажэнства, бо хто стварыў тры першыя языкі: юдэйскі, грэцкі і лацінскі, той стварыў і ўсе іншыя для большай славы сваей».

Цяпер ясна, што сьвятло Хрыстовай навукі дасталося да беларускіх плямёнаў праз Грэкаў з Візанцыі, а прадусім праз паўдзённых славян, у IX—X ст. дзякуючы працы славянскіх апосталаў сьвятых Кірыла і Мяфода. Яны, выдумаўшы, ці толькі паправіўшы ўжо існуючы альфабэт для славянскага пісьменства, пералажыўшы сьв. Пісаньне і літургічныя кнігі на славянскую мову, гэтым палажылі моцныя асновы для пашырэньня Хрысьціянства і агулам прасьветы па ўсіх славянскіх землях.

Мова, у якой сьв. апосталы тлумачылі сьвятыя кнігі, завецца царкоўна-славянскай. Гэта дзеля таго, што яна з часам сталася мовай памёршай і агранічылася толькі да ўжываньня ў літургіі, якая і сяньня ўжываецца ў рэлігійным жыцьці Беларусаў праваслаўных і уніятаў. Але ў навуцы гэтую мову прынята называць стара-баўгарскай. Гэта затым, што мова, якой сьвятыя славянскія апосталы карысталіся, найбольш была збліжана да мовы тагочаснай баўгарскай.

Мова гэта ў той час мала розьнілася ад моваў, якімі гаварылі ўсе іншыя славяне і агулам была для іх зразумелай. Праз кірыла-мяфодаўскую працу сталася яна мовай літаратурнай для ўсіх славян. Пры помачы гэтай мовы Хрысьціянства ў IX—X ст. дасталося да ўсіх славянскіх народаў: да Мараваў, да Баўгараў, Сэрбаў, Харватаў, Чэхаў, Украінцаў, Беларусаў, Расейцаў, а магчыма, што да Палякоў і Славэнцаў.

Але Хрысьціянства на Беларусь сьпярша дасталося толькі да адзінак, а да масаў, да народу яно дайшло за часаў сьв. Уладзімера, вялікага Кіеўскага князя.

За часаў Уладзімера, вялікага князя Кіеўскага, і яго стараньнем пашырылася масава Хрысьціянства, як сярод народу Украінскага, Расейскага, так і Беларускага. Вось-жа належыцца нам хоць збольшага пазнаёміцца з гэтым слаўным князем, дзякуючы якому Сьвет Праўды Хрыстовай дайшоў і да нас, і які, як у праваслаўных, так і ў каталікоў, уважаецца за сьвятога і называецца роўнаапостальскім.

Як аб хросьце, так і аб самым Уладзімеру, даведваемся з розных старых дакумантаў і ад пісьменьнікаў, па якіх асталіся аб гэтым усім для нас весткі. Маем апавяданьне манаха Якуба ці Нэстара, пахвальнае слова ў чэсьць Уладзімера, напісанае кіеўскім сьвяшчэньнікам, пазьней мітрапалітам Украіны, Беларусі і Масквы Іларыёнам, маем так-жа апавяданьне сьв. Брунона, што гасьціў у сьв. Уладзімера і прапаведваў Хрысьціянства ў лацінскім абрадзе сярод дзікіх сьцяпавікоў на паўдні Украіны — печанегаў. Маем так-жа весткі Тітмара, біскупа места Мэрсэбурга ў Нямеччыне, апавяданьні грэцкіх пісьменьнікаў і інш. Урэшце дайшлі да нашых часаў запіскі, зробленыя ў Кіеве за часаў Уладзімера. Яны захаваліся ў розных старых летапісных зборніках, як напр. адзін з іх, які называецца «Ніканаўскі Летапіс».

З гэных вестак даведваемся, што інакш тады выглядала і жыцьцё на нашых землях і самыя гэтыя землі. Непрайдзімыя лясы былі усюды. Адчасьці дарогі сухапутныя, а прадусім рэчныя былі галоўнымі шляхамі зносінаў нашых продкаў з людзьмі і са сьветам. Па Дняпры, Зах. Дзьвіне, Нёмане і Вяльлі вялі яны гандаль і мелі зносіны з усім цывілізаваным сьветам, як на ўсходзе (Візантыя), так і на захадзе (заходняя Эўропа). Праз наш край па гэтых рэках вёў вялікі шлях «із Варяг в Грекі», як яго тады называлі. Але зносіны гэтыя былі трудныя, небясьпечныя і даступныя не для многіх. Ня спрыяла такім чынам гэта ўсё і пашыраньню ў нас Хрысьціянства. Аднак яно хоць паволі, але ўжо задоўга да сьв. Уладзімера пашыралася, дастаючыся сьпярша, насколькі яно йшло з усходу і паўдня, — да Украінцаў, а адтуль і да Беларусаў. Аднак гэта Хрысьціянства вызнавалі яшчэ толькі князі, дружына князя, купцы і іншыя, што мелі стычнасьць з хрысьціянскім сьветам. Так напрыклад па сьмерці Кіеўскага князя Ігара, яго жонка ўдава сьв. Ольга († 969) сталася хрысьціянкай, якая прабавала ахрысьціць так-жа і ўвесь народ, але гэта ей не ўдалося. Хрысьціянства было тады адно, ня было ў ім падзелу, хоць ужо існавалі розныя абрады. І так сьв. Ольга сама была хрысьціянкай усходняга абраду, а народ свой была гатова хрысьціць паводле абраду лацінскага. З гэтай мэтай яна паразумелася з нямецкім царом Оттонам. Гэты выслаў у Кіеў сьв. Адальбэрта, місіянара, немца, лацінскага абраду. Але тады княжыў у Кіеве яе сын Сьвятаслаў, дужа варожы да Хрысьціянства і дзеля гэтага місія сьв. Адальбэрта не ўдалася.

Урэшце вялікая справа хрышчэньня ўсяго народу, як сказана, Украінскага, Беларускага і Расейскага (Маскоўскага) наступіла за часаў Уладзімера сьв. Вялікі гэты князь добра зразумеў, што аставацца самому паганцам і такім-жа пакідаць народ, гэта значыла быць у поўным разьяднаньні з культурным хрысьціянскім (усходнім і заходнім) сьветам. І ён, зважыўшы гэта добра, рашыўся на вялікі гістарычны шаг, — на прыняцьце Хрысьціянства.

За часаў Уладзімера, як мы ўспомнілі, асабліва ў Кіеве, ужо было нямала хрысьціян сярод вышэйшага асьвечанага слою грамадзянства. Многія мелі з іх нагоду пазнаць і прыняць Хрысьціянства ці ў Царгорадзе (Візанцыя) у усходнім, грэцкім абрадзе, ці ў Швэцыі (адкуль пераважна паходзілі першыя князі: варага-русы), дзе шырылася тады Хрысьціянства ў лацінскім абрадзе, а так-жа многія, асабліва купцы, прымалі Хрысьціянства лацінскае ў Зах. Эўропе. А гэтыя хрысьціяне не аставаліся без свайго духавенства, яны мелі пры сабе і сваіх сьвяшчэньнікаў, як грэцкага, так і лацінскага абраду, а так-жа абраду славянскага, з Баўгарыі — пасьля таго, як там завялі Хрысьціянства сьв. сьв. Кірыл і Мяфод. І сам Уладзімер меў за жонку баўгарыню і чэшку, так-жа хрысьціянкі, з якімі былі іх духоўнікі. Ад жонкі баўгарыні былі ў іх сыны: Барыс і Глеб, сьвятыя мучанікі за хрысьціянскую веру. Такім чынам Уладзімеру аставалася толькі бліжэй зацікавіцца гэтай справай і рашыцца на прыняцьце Хрысьціянства. І гэта сталася: сьпярша ў Кіеве каля 987 г. ахрысьціўся ён сам, а пасьля прыступіў да хрышчэньня ўсяго народу.

Паўстала толькі пытаньне, ад каго і ў якім абрадзе прыняць і пашыраць Хрысьціянства? Найдагаднейшымі і найбліжэйшымі для гэтага былі два краі: Корсунь (цяперашні Крым) і Баўгарыя. І ў Корсуні і ў Баўгарыі было ўжо такое духавенства, што магло лёгка паразумевацца са славянамі. Тагочасная баўгарская мова была зразумелай яшчэ для ўсіх славян. Баўгары мелі ўжо тады сваю самастойную царкву, якая была ў еднасьці з Рымам (сталіцай яе была Охрыда у зах. Баўгарыі, сяньняшняй Македоніі), дзе быў асобны баўгарскі патрыях. Царква гэтая мела ўжо гатовы славянскі абрад са славянскім языком у Службе Божай, патрэбныя кніжкі, а так-жа і сваё духавенства.

У Крыме (Корсуні) так-жа было нямала духавенства, што разумела паславянску, ня гледзячы на тое, ці гэта былі Грэкі ці Славяне. Адгэтуль так-жа можна было ўзяць сьвяшчэньнікаў, але не епіскапаў, бо корсунская царква герархічна падлягала Царгораду.

Пра Царгорад аднак ня прыходзілася і думаць, бо ад сьмерці Сьвятаслава, бацькі Уладзімеравага, між Кіевам і Візантыяй адносіны былі напружаны, затым, што Грэкі былі наслаўшы печанегаў і тыя замардавалі Сьвятаслава. Далей, візантыйская (царгародзкая) царква бадай сусім не займалася місіямі сярод паганаў, яна ня мела для гэтага адпаведна прыгатаванага духавенства, ані царкоўных кніг. Ды браць адтуль духавенства: сьвяшчэньнікаў і епіскапаў, — гэта значыла-б аддаць у рукі сваіх ворагаў найвызначнейшыя мясцы ў дзяржаве. Рабіць так ня было ніякага сэнсу.

Вось-жа з гэтых усіх краёў Уладзімер выбраў прадусім Корсунь. На гэта злажыліся наступныя прычыны. У Візантыі выбухнуў бунт. Цэсары (было іх тады там двух) зьвярнуліся па помач да свайго непрыяцеля Уладзімера. Гэты згадзіўся, але з умовай, што цэсары гэныя выдадуць за яго замуж сваю сястру Ганну. Іншага выхаду ня было і яны згадзіліся. Уладзімер памог: бунт быў здушаны. Уладзімер дамагаўся спаўненьня ўмовы. Цэсары аднак пачалі круціць. Уладзімер, каб змусіць іх, пайшоў вайной на Корсунь. Корсунь падлягаў Візантыі, але толькі з мусу, заўсёды корсуняне былі гатовы гэнай няпрошанай апекі пазбыцца. Цяпер надаралася ім добрая нагода. Нават і сярод корсунян знайшліся, што памагалі Уладзімеру здабыць Корсунь. Сярод такіх было нямала і духавенства. Такім чынам Уладзімер здабыў Корсунь і адтуль меў духавенства, патрэбнае для ахрышчэньня свайго краю. Корсунь для Візантыі быў дужа важным гандлёвым і стратэгічным пунктам. Цэсары зьмяклі і Ганну аддалі Уладзімеру за жонку. Шлюб адбыўся ў Корсуні. Пасьля гэтага Уладзімер вярнуўся ў Кіеў, вязучы з сабой духавенства, што яму спрыяла, а так-жа і тое духавенства, якое было ў пашане ў Ганны. Гэтае духавенства ахрысьціла яго і правяло хрышчэньне Украіны, пасьля Беларуci i Pacei.

Але самым толькі хрышчэньнем справа яшчэ ня была скончана. Трэба было падумаць аб мітрапаліце і епіскапах, якія арганізавалі-б царкву і ёю ўпраўлялі-б. Яшчэ падчас прабываньня Уладзімера ў Корсуні, прыбылі туды паслы ад папы з Рыму. Гэтыя паслы прывязьлі яму мошчы (рэліквіі), галаву сьв. Клімэнта, папы Рымскага, які памёр у Крыме на выгнаньні ў канцы першага стагодзьдзя па Хрысьце. Гэткім чынам між Уладзімерам Вялікім і папам Рымскім навязаліся зносіны, якія не перарываліся і далей. Пасольствы йшлі з Кіева ў Рым і з Рыму ў Кіеў. Ясная рэч, што гэтыя пасольствы датычылі найважнейшых дзяржаўных спраў, а ў іх ліку і справы епіскапату для новаахрышчаных краёў. Уладзімер такім чынам, як бачым, быў у еднасьці з Апостальскай Сталіцай, дык з яе ведама і згоды ўзяў сабе і епіскапаў. З Корсуня ўзяў сьвяшчэньнікаў, а епіскапаў з Баўгарыі.

3 Баўгарыі ў Кіеў прыбыў першы мітрапаліт Міхал з некалькімі епіскапамі. Яны прынясьлі з сабой багаслужэбныя кнігі, а так-жа зборнік царкоўнага права, крыху адменнага ад права, якое абавязвала ў візантыйскай царкве. Славянская мова прапаведнікаў значна памагала ў пашыраньні Хрысьціянства ў дзяржаве Уладзімера, а так-жа і ў дзяржавах суседніх славян. 3 Кіева Хрысьціянства пашыралася і на Беларусь. І сюды прыйшло яно ў форме баўгарскай. І сюды нясьлі яго місіянары (Грэкі і Баўгары) у старабаўгарскай мове. У гэтай-жа мове былі кнігі і багаслужэньне.

Уладзімер сьв. падумаў так-жа і аб будучыні Хрысьціянства. Для яго было ясным, што пасьля сьмерці першых сьвяшчэньнікаў-місіянараў: Баўгараў і Грэкаў, трэба ўжо мець сваіх уласных. Для гэтай мэты ён закладаў школы і загадаваў браць дзяцей у знатнейшых бацькоў і аддаваць іх у гэныя школы на навукі. І сапраўды, праца Уладзімера ў гэтым кірунку не пайшла намарна. Ужо на пачатку панаваньня Яраслава Мудрага бачым у Кіеве Украінца мітрапаліта Івана, а пасьля яго наступіў Іларыён, так-жа Украінец.

З Кіева, з Украіны, Хрысьціянства дасталося на Беларусь. Нясьлі яго сюды баўгарскія, грэцкія і ўкраінскія сьвяшчэньнікі, прамаўляючы да Беларусаў у зразумелай тады яшчэ для ўсіх баўгарскай (з дамешкай часта украінскай) мове. У гэтай-жа мове і да нас прыйшлі так-жа царкоўныя кнігі і багаслужэньне. Уладзімер сьв. быў у еднасьці з Апостальскай Сталіцай. І наша беларускае Хрысьціянства ў гэтым часе так-жа было яшчэ адзіным і непадзельным.

(Літаратура: Ks. Ad. Stankievič — Rodnaja mova ǔ śviatyniach, Vilnia, 1929; Власов фон Вальденберг — Исторія Россіи (862 — 1920), Харбин 1936; Т. Коструба — Великий Будовничий Украінськоі Держави, Станіславів, 1937; Т. Коструба — Католицька Правовірність Володимира Вел. («Нова Зоря» 21.VIII.38.)