Хрысьціянства і беларускі народ (1940)/II
| ← I. Веліч і значэньне Хрысьціянства | II. Час і абставіны паяўленьня Хрысьціянства: грэка-лацінская культура, Беларусь і Беларускі Народ Аўтар: Адам Станкевіч 1940 год |
III. Хрысьціянства й народы; сьв. Уладзімер і хрышчэньне Русі: Украінцаў, Беларусаў і Маскоўцаў → |
II
Час і абставіны паяўленьня Хрысьціянства: грэка-лацінская культура, Беларусь і Беларускі Народ
Калі зьявіўся на зямлі сярод людзей Хрыстос (за часаў рымскага цара Аўгуста: 30 г. да Hap. — 14 па Нар.), над тагачасным сьветам панавала магутная і вялікая рымская імпэрыя. У склад яе тады ўваходзілі землі ўсей паўдзённай і заходняй Эўропы, землі Малой Азіі, а такжа пабярэжжа Афрыкі з Эгіптам. Усе нязьлічаныя народы гэтых зямель, — апрача славян, з якіх паўстаў народ беларускі, а аб якіх яшчэ тады гісторыя ня ведала нічога, — былі падданымі гэнай сапраўды вялікай і магутнай Рымскай імпэрыі.
Вось-жа на прасторах гэтай дзяржавы сьпярша панавала вялікая грэцкая (Грэцыя заваявана Рымлянамі ў 146 г. да Нар. Хр.) культура, а пасьля няменш вялікая культура лацінская. У далейшым сваім разьвіцьці гэтыя культуры сьпярша ўзаемна ня выключаліся, аднак пад уплывам гістарычных абставін свайго далейшага разьвіцьця яны паволі сусім разыйшліся і разгранічыліся — лацінская затрымалася прадусім на Заходзе і часткова на паўдні Эўропы, а грэцкая на паўдні Эўропы і ў Малой Азіі.
Такое разгранічэньне гэных культур асабліва пачало паглыбляцца ад таго часу, калі Рымскі імпэратар Хвядос Вялікі імпэрыю сваю (395 г.) падзяліў між сваімі сынамі на Усходнюю і Заходнюю і калі ўрэшце (476 г.), пад напорам германскіх дзікіх плямён, імпэратар Заходняй Рымскай імпэрыі Ромул Аўгуст быў ськінуты з трону, а землі гэтай імпэрыі былі заваяваны, і на іх з бегам часу паўсталі новыя народы і новыя дзяржавы.
Усходняя-ж частка Рымскай імпэрыі, гэта тая частка, дзе панавала грэцкая культура, званая Візантыяй, існавала далей, аж пакуль ня была заваявана Туркамі ў 1453 г. Асяродкам галоўным дзейнасьці культуры лацінскай быў Рым, а культуры грэцкай — Кастантынопаль, ці як тады звалі — Царгорад.
Дык зразумелая рэч, што Хрысьціянства, сеянае на землях гэтых дзьвёх культур, адно што да сваей сутнасьці, вырастала аднак рознае што да яго разуменьня і што да формы. Праменьні Хрыстовай навукі як-бы пераломліваліся ў душах народаў з рознымі культурамі і цалком розна, а часам нават супярэчна, праяўляліся.
Урэшце ў VI в. па Нар. Хр. ужо гісторыя пачынае гаварыць аб славянах, якія, з прычыны вандроўкі народаў (IV—IX ст.), прыйшоўшы на зьмену скіфаў, сарматаў, фінаў, балтаў (літоўцы і латышы) і інш., або і не застаючы нікога, займалі ўсходнія і паўдзённа-усходнія землі Эўропы, якія ўжо нападалі на суседнюю Візантыю і з усходняй часьціны якіх, як убачым ніжэй, паўстаў у сваім часе і народ беларускі.
Народ беларускі сваё гістарычнае жыцьцё на цяперашніх беларускіх землях пачынае з VIII—IX ст., калі паўстаюць ужо ведамыя сярод беларускіх пляменьняў князьствы. Яны займалі прастор усіх цяперашніх беларускіх зямель. Найсільнейшым з іх было князьства Полацкае, дайшоўшае найбольшай славы, магутнасьці і самастойнасьці пры слаўным беларускім князі Усеславе (1101). Час гэты — гэта першы, так званы полацкі пэрыяд у беларускай гісторыі, пэрыяд самастойнага палітычнага жыцьця Беларусаў.
Затрымаліся мы крыху над гісторыяй, географіяй і культурай тагочаснага чужога сьвету, каб пасьля лягчэй зразумець гістарычныя падзеі Хрысьціянства агулам, а прадусім частку яго — гісторыю Хрысьціянства на беларускіх землях, на лёсы якой гэны старадаўны сьвет меў і мае сяньня сапраўды вялікі ўплыў.
Але дзеля гэтага трэба так-жа крыху бліжэй запазнацца і з мінуўшчынай Беларускага народу.
Беларускі народ паходзіць ад славянаў, а славяне паходзяць ад племені, якое завецца арыйскім, або індаэўрапейскім. Калыскай арыйцаў быў Іран (сяньняшняя Пэрсія і Афганістан). Арыйцы, разросшыся ў сваей бацькаўшчыне ў вялікі народ, мусілі шукаць для сябе новага месца. Вось-жа адны з іх пайшлі на ўсход і поўдзень — у Індыю, а другія — на захад, у Эўропу. Сярод гэтых апошніх былі славяне і літоўцы, якія займалі ўсходнія прасторы паміж Карпатамі і Балтыцкім морам. Пераход гэты адбываўся паступова і паволі. Пачатак яго сягае на некалькі тысяч гадоў прад нараджэньнем Хрыста, а канчатак на тысячы дзьве перад Хрыстом. Славяне, жывучы між Карпатамі i Балтыкам, на захад ад сябе мелі германцаў, на ўсход скіфаў і сарматаў, на поўнач фінаў. Закінутыя далёка ад культурных цэнтраў, вялі яны жыцьцё прымітыўнае, някультурнае. Ніякай ролі сярод іншых народаў яны яшчэ тады ня йгралі і гісторыя аб іх тады яшчэ нічога ня знала. Але здарылася падзея, якая зрушыла славян з месца і нарушыла іх дагэтулешні супакой. Гэтая падзея ведамая ў гісторыі, як вялікае перасяленьне народаў, якое трывала ад IV да IX ст. па нарадж. Хрыста. У часе гэтага перасяленьня ці вандроўкаў народаў непакоілі славян дзікія народы гунны, авары, а найбольш готы, якія праходзілі праз славянскія землі ад мора Балтыцкага аж да Чорнага, дзе ў IV ст. заснавалі сільную дзяржаву. Нямала даваліся ўзнакі славянам так-жа і фінскія мадзяры або вугры, якія нешта ў ІХ ст. занялі славянскія землі, дзе асталіся і да сяньня.
Вось-жа славяне, дзеля націску на іх сваіх суседзяў і далейшых чужынцаў, а так-жа дзеля цеснаты на сваей прабацькаўшчыне (землі між Карпатамі, Дняпром, Прыпяцьцю і Віслай), павінны былі пасоўвацца далей, у іншыя староны. Такім чынам адна часьць з іх пайшла на поўдзень, за Дунай, на Балканы і пад Адрыятыцкае мора, — гэта паўдзённыя славяне: баўгары, сэрбы, харваты або кроаты, і славенцы. Іншыя-ж славяне паціснулі на захад — гэта заходнія славяне: славакі, чэхі, моравяне, сэрбы лужыцкія, або палабскія, люцічы, памаране. Да гэтай заходняй групы належаць так-жа і польскія, або як іх называлі — ляшскія плямёны: вісьляне, мазуры, паляне, сьлезане, з якіх пазьней утварыўся Польскі народ.
На ўсход падаліся плямёны ўкраінскія: паляне надпадняпроўскія, севяране, драўляне, дулебы, бужане, вуглічы. Далей на паўночны ўсход пайшлі вяцічы, з якіх, зьмяшаных пасьля з фінамі, паўстаў народ Расейскі, а проста на поўнач пайшлі: крывічы, радзімічы, дрыгавічы, а часткова северане і вяцічы, з якіх утварыўся народ Беларускі. Украінскія, расейскія і беларускія плямёны належаць да групы славян усходніх.
Гэты разыход славянскіх плямёнаў адбываўся паступова, пачынаючы ад IV і да якога VIII ст. У VIII—IX ст. усе славяне ўжо былі разьмясьціўшыся на тых землях, якія яны займаюць і сяньня. Паўдзённыя і заходнія славяне выходзяць на гістарычную арэну ўжо ў VII—VIII ст., а ўсходнія толькі ў IX.
Запытаемся-ж цяпер, каго засталі, ці каго зьмянілі беларускія плямёны, калі прыйшлі на сяньняшнія свае землі? Магчыма, што некалі, прынамсі часткова, засялялі беларускія землі скіфы, пасьля сарматы, а па іх літоўцы і фіны, якіх і зьмянілі нашыя плямёны. Асабліва гэта датыча крывічоў і радзімічоў. Можа адны толькі дрыгавічы былі аўтахтонамі (першымі насельнікамі) свайго краю, беларускай часьці сяньняшняга Палесься.
Дзе-ж пасялілася кожнае беларускае племя? Крывічы на абшары паміж Нёманам, Вяльлёю, Дняпром, горнаю Волгаю аж пад Ноўгарад і Пскоў. Радзімічы пасяліліся на ўсход ад Дняпра па берагох ракі Сожы (даўнейшая Магілёўская губэрня). Дрыгавічы занялі ўвесь поўдзень Беларусі: усю даліну Прыпяці разам з паўночнымі яе прытокамі па Бабруйск, Менск, Наваградак, Горадню. Вось з гэтых галоўных трох беларускіх плямёнаў утварыўся беларускі народ. У склад беларускага народу ўвайшлі яшчэ, прынамсі часткова, так-жа северане, што жылі па рацэ Дзясьне (часьць Чарнігаўшчыны) і вяцічы, што жылі ў вярху ракі Акі.
Асяданьне славянскіх плямёнаў, продкаў успомненых народаў, а так-жа ўкраінскага, беларускага і расейскага, на тых землях, на якіх яны сядзяць і сяньня, адбывалася на працягу пару вякоў — ад VII да IX ст. За гэтых пару сот гадоў наступіла дыфэрэнцыяцыя адзінага славянскага племені. Сутнасьць гэтай дыфэрэнцыяцыі ў тым, што гэтае, некалі адно славянскае племя, распалася на славян заходніх, усходніх і паўдзённых і што гэты працэс дыфэрэнцыяцыі прадаўжаўся і далей. Сярод усходніх славянаў сваім парадкам адбываецца гэны працэс і паяўляецца цэлы рад асобных славянска-«рускіх» плямён, з якіх паўстаюць тры асобныя народы на сучаснай беларускай, украінскай і вялікарускай тэрыторыі. Разсяленьне гэта аканчальна ўцьвярдзілася ў IX ст. У гэтым часе, ад IX да XIII ст., на сучасных беларускіх этнографічных землях былі ўжо настала асеўшы славянскія сваяцкія плямёны: крывічы, дрыгавічы, радзімічы, часьць северан і часьць вяцічоў, якія зьліліся ў адзін народ, што пазьней стаўся звацца беларускім.
Чаму наш народ завецца „беларускім“? Чаму „белым“ — навука дагэтуль ня вырашыла. Адны кажуць: затым, што «белы» значыла некалі тое, што вольны, а беларускі народ ніколі ня быў у татарскай няволі, дык затым яго і яго край называлі белым. Іншыя гэты назоў выводзяць ад белага колеру вопраткі, які даўней Беларусы дужа любілі, іншыя ад сьветлых валасоў у Беларусаў і г. д. А часам наш народ апрача «белы» завецца „рускім“, дык тут справа вось у чым. Калі ўсе вышапісаныя славянскія плямёны занялі сяньняшнія свае землі, скандынаўскія (нарманскія) ваякі-варагі з племя «рус», дзеля гандлю і звычайнай нажывы, з поўначы часта праз славянскія землі прабіраліся на паўдзён аж да сталіцы Візанцыі Царгораду, па дарозе заваёўвалі славян, а заваяваўшы, тварылі ў іх дзяржаўнае жыцьцё. Такім чынам першыя князі, якія пачалі арганізаваць славян, былі князі паходжаньня варага-рускага, ад якіх і ўсе ўсходня-славянскія плямёны атрымалі агульную назову: рускіх. Гэныя заваёўнікі, якіх агулам, у параўнаньні з славянамі, было мала, хутка, можа ў якім ужо другім пакаленьні, праз жаніцьбу зьмяшаліся з славянамі, асыміляваліся і сусім, можна сказаць, сталіся славянамі, пакідаючы толькі назоў: рускі, русінскі, расейскі, беларускі, беларусінскі.
Украінцы, як ведаем, закінулі цалком гэты сапраўды чужы назоў і завуцца Ўкраінцамі. Расейцы трымаюцца яго. Магчыма, што некалі і нам Беларусам прыдзецца гэты чужы назоў пакінуць і назвацца крывічамі, як гэта ўжо некаторыя беларускія вучоныя робяць, а гэта праз увагу на тое, што крывічы, гэта найвялікшае племя, якое ўвайшло ў склад нашага народу і што князі гэтага племені, князі крывіцкай зямлі, на пачатку беларускай гісторыі найбольш выказалі імкненьняў да незалежнасьці, найбольш гэтай незалежнасьці баранілі, найдаўжэй незалежна трымаліся і агулам тварылі самабытны беларускі цэнтр: палітычны, эканамічны, сацыяльны, культурны. Але справа назову — гэта справа будучыні. Нас тут далей цікавіць што іншае. Вось-жа гэныя варагі-русы бадай першы найсільнейшы славянскі палітычны цэнтр стварылі сярод плямён украінскіх. Першыя гэтыя іх князі-арганізатары: Рурык, Алег, Ігор былі іменна варагі-русы. З іх-жа паходзіў ужо са славяншчаны і Уладзімер Вялікі, за якога часаў i зь якога прычыны прыйшло да гэтых славян сьвятло Хрыстовай навукі.
Сьпярша паўставалі паасобныя славянскія князьствы. Пасьля некаторыя князі з гэтых розных самастойных князьстваў пачалі тварыць суцэльную адну дзяржаву. Адным з галоўных гэткіх князёў быў той жа Уладзімер, які князьствы усіх гэтых усходня-славянскіх плямён стараўся злучыць у вадну вялікую дзяржаву са сталіцай у Кіеве. За яго часаў існавалі ўжо гэткія беларускія самастойныя князьствы: Полацкае, з горадам Полацак, аб якім ужо гісторыя ўспамінае ў 862 г., Смаленскае, з горадам Смаленскам з IX ст., Віцебскае, Менскае, Тураўскае, Аршанскае, Друцкае, Лукомльскае, Мсьціслаўскае, Ізяслаўскае, Лагойскае, Слуцкае, Наваградзкае, Несьвіскае, Турава-Пінскае, Мозырскае, Клецкае, Сьвіслацкае, Барысаўскае і інш. Уладзімер прыгортваў гэтыя князьствы да кіеўскага князьства, якое назваў вялікім і замацоўваў іх за сабой тым спосабам, што раздаваў іх сваім сыном, як удзелы, ад якіх дамагаўся дані. Беларускія аднак князьствы не паддаваліся Уладзімеру і баранілі сваей незалежнасьці. Смаленскае і Турава-Пінскае Ўладзімеру ўрэшце ўдалося зламаць, далучыць да Кіева, як удзелы, і змусіць іх плаціць Кіеву дань. Але гэтага зрабіць не ўдалося Ўладзімеру з князьствам Полацкім. Гэтае князьства пагеройску бараніла беларускай незалежнасьці, астаючыся бадай заўсёды незалежным ад Кіева. Пры гэтым трэба адцеміць, што Полацкія князі, баронячы незалежнасьці самога Полацкага князьства, гэтым самым баранілі так-жа і князьствы меншыя, суседнія, асабліва што знаходзіліся на зямлі крывічоў і былі залежныя ад Полацка. Гэтыя самастойніцкія полацкія імкненьні асабліва сільна праявіліся пачынаючы ад ХІ ст. 3 гэтага часу Полацкае князьства на паўночным захадзе, так як Кіеўскае на паўдзённым захадзе, пастаянна забірае пад сваю ўладу дробныя беларускія ўдзелы. Словам, Полацкі князь іграе такую роль адносна паўночна-заходніх дробных удзельных князьстваў, якую іграе Кіеўскі адносна кіеўскіх ці паўдзённа-заходніх удзельных князьстваў.
Ужо ў 980 г. у Полацку знаходзіцца самастойны беларускі князь Рогвалад, паходжаньня, здаецца, так-жа варага-рускага. Рогвалад і яго сыны былі забітыя на вайне з тым-жа ўсё кіеўскім князем Уладзімерам. Па Рогваладзе асталася дачка яго Рагнеда, якую Уладзімер узяў сабе за жонку. А ад гэтай жонкі быў у яго сын Ізяслаў. Гэты Ізяслаў, сын Рагнеды, быў закладчыкам полацкага беларускага князьскага дому, полацкай беларускай князьскай дынастыі. Пасьля Ізяслава, сына Уладзімера (каля 980), полацкім князем быў яго сын Брачаслаў (1044), пасьля — яго сын, слаўны Усеслаў (1101), унук Ізяслава. Гэты ведамы ў гісторыі Беларусі пад назовам Чарадзея з прычыны сваей адвагі, баявой славы і памыснасьці ў кіраваньні Беларусяй. Ён вёў доўгую і ўпорыстую, крывавую вайну з кіеўскімі князямі Яраславічамі, памысна баронячы незалежнасьці Беларусі. Страшная была між імі бітва над ракой Нямігай, пад Менскам, аб чым успамінаецца так-жа і ў песьні аб Палку Ігаравым. Гэты вялікі беларускі князь княжыў 57 гадоў і ўтрымаў незалежнасьць Беларусі аж да канца свайго жыцьця (1101). Па сьмерці беларускага Чарадзея полацкім князьствам кіравалі яго сыны, а пасьля ўнукі, за якіх ад ХІѴ ст. пачаўся ў гісторыі Беларусі так званы пэрыяд беларуска-літоўскага палітычнага сужыцьця.
(Літаратура: Е. Карскій — Бѣлоруссы I, Вильна, 1904; А. Киркор — Бѣлорусское Полѣсье (Живописная Россія, т. III), Москва, 1882; Ст. Томашівський — Украінська Історія, І Старинні і Середні віки, Львів, 1919. Д. Багалѣй — Русская Исторія, І Княжеская Русь. Москва, 1914, A. Sanders — Um die Gestaltung Europas. München, 1938.)