Перайсці да зместу

Хрыстаматыя беларускае літэратуры. ХІ век—1905 год/П. Шпілеўскі/З «Падарожы па Палесьсі і Беларускім краі»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
П. Шпілеўскі З „Падарожы па Палесьсі і Беларускім краі“
Нарысы
Аўтар: Павел Шпілеўскі
1922 год
Пераклад: Максім Гарэцкі
Засьцянковы губэрнер
Іншыя публікацыі гэтага твора: Падарожжа па Палесьсі і Беларускім краі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З „ПАДАРОЖЫ ПА ПАЛЕСЬСІ І БЕЛАРУСКІМ КРАІ“.

(1858 г.).

V.

.......... .................. ......

Сонца троху-патроху захадзіла і ўжо хавалася між бярозавых прысад і лесавых соснаў; лёгкі ветрычак-дуронік каўзаўся ў чыстай атмасфэры, выгукаючы ласы нахіл да пяшчоты і вечаровай пагулянкі ў цянёвым гаі, што ля ўскрайку недалёчкага лесу.

Па дарозе мне сустракаліся знаёмыя твары і вопраткі, чулася родная беларуская мова, каторая… шчасьлівы час!.. некалі, у гады маленства і дзяцінства, адбівалася ў вушох маіх, калі добранькая бабуля-нянька байкала мяне фантастычнымі казкамі аб шапачцы-нявідзімцы, аб заклятых князёх і князеўнах, аб Бабе-язе, касьцяной назе…

У гады маленства я й ня думаў, што некалі, гадоў цераз дваццаць, буду давучавацца роднай сваей мове і дзеля таго падарожнічаць па тых самых месцах, каторыя так дорагі для мяне ўспамінамі а шчасьлівай мінуўшчыне…

Зачуўшы даўна знаёмую мне беларускую гутарку, я няўмысьля прыстоіў і, здаецца, удыхаў у сябе чутыя ў паветры гукі мэлёдычнай пявучай мовы; у душу маю так вось і прасіліся водгукі слоў, казаных, па звычаю беларусцаў, нарасьпеў, з працягам…

Што за відаль! Што за маляўнічая вясковая відаль! Стогадовыя бярозы, распусьціўшыя вецьце ўдоўжкі і ўшыркі і агорнутыя яркай зелянінаю вузорнага лісьця, згодна жмуцца адна да ’днэй абапал дарогі, — так што, едучы шыбка, можна памылкова пабачыць іх, як усьцяж густы лес. Дарога праз увесь час вілаваціцца і губіць свой ланцуг у бясконцых зігзагах за́варатак то направа, то налева. А як часта з горкі пад горку! Паваждай гойкнець, і конікі кінуцца ў дол, як слова ў правальле, што тоіцца між дзьвюх высокіх гор. Толькі дзяржыся ды крапіся. Конікі йзноў вынырнуць з правальля, як тыя духі з-пад зямлі, і занясуць цябе на высокую, войструю горачку, з каторай, то й дзіві, стоць пакоцішся ў роў ці канаву… — „Ня бойся, панок, ня хібім!“ — крычыць, аглядаючыся, хлопец. І супакойваешся і ймеш веры ў яго беларускае слова. І ўзноў загледзішся на прыгожую відаль старыннае дарогі… Вось бачым па бакох, на горках і курганках параскіданы хаты, нязьлічоныя сялібы, дваркі і фальваркі дробнай шляхты…

.......... .................. ......

Там, у садзе, у кутку, стараваты пан у нанкавым балахоне, з гародніцкім нажом у руках, даглядаець маладзенькія прышчэпкі дуляк. Каля яго стаіць, разьзявіўшы рот, малец з голай галавою і ў дрэнных ботах, не шмараваных з таго дня, як пашыты: гэта яго сын, што прыбыў на вакацыі са школы і апрануты пахатняму. На другім баку сада — тучная, пышная паня, з нечасанымі валасамі, у нейкіх міфолёгічных пантофлях, шэрай даматканай спадніцы і накінутай на расплытыя ад туку плечы чырвонай ціфцікавай хустцы, памагае дзьвюм бяззубым бабам вешаць толькі што папранае плацьце (хусьце). У пасяродку сада, на драўлянай лаўцы, сядзіць шаснаццацёх-гадовая блёндынка і быццам пляцець шкарпэткі, — пляцець, а пруткі ўвесь час валяцца з яе рук. Мамухна казала дрыжонай сваей дачушцы, якая ня дужа даўна вярнулася з менскага ці слуцкага пансіону, каб даглядала за палоўшымі сачавіцу батрачкамі. Ды любая дачухна і ня зірне на работніц: яна сядзіць сабе, раскінуўшыся, і нешта шэпчаць у паветра… Маладзенькай паненачцы спадабаўся нейкі менскі паніч ці сусед-паночак, а можа быць навет і слуцкі канцэлярыста…

VI.

.......... .................. ......

… раніцаю а сёмай гадзіне я пад’яжджаў пад родны Менск.

Во абмінуў я знамяніты романічны Ляхаўскі гай, дзе так любяць пагуліваць менскія аляганты; во праймчаўся міма прыгожага фальварка Горак; вось віднеюцца будынкі казармаў, белакаменная, з харошымі круглымі вежамі турма; вось выглядаюць готычныя шпіцы Петрапаўлаўскага сабору, будынкі Архірэйскага двара, сьцены Бэрнардынскага кляштару; вот прада мною застаўны дом і нарэшце шлагбаум. З будкі выскачыў салдат з зялезным кійком, але, зачуўшы паштовы званок, схаваўся ізноў у сваю перапялёсую каюту. Шлагбаум паднялі, — і вот я ў Менску! Вітаю цябе, роднае места, беларуская зямля! Вітаю вас, любыя, дарагія па ўспамінах месцы! Як даўно ня відзіў я вас! Колькі суму і жалю зазнала мая душа далёка ад вас! Я пабачыў вас не-ткі! І на душы ў мяне адлягло.

VIII.

.......... .................. ......

Да якой ступені, блізка без абы-якой грунтоўнай зьмены, захавалася беларуская мова да цяперашняга часу ў вуснах сёньняшняга народу Меншчыны, г.-ё. старадаўных крывічоў, можна меркаваць з таго, што ёсьць поўнае падабенства старадаўнай мовы, у якой пісаны былі ўмовы, акты й граматы, з моваю жыхароў так званых засьценкаў ці ваколіц.

Насельнікі іх (засьценкаў) маюць жыцьцё сьціплае, патрыярхальнае, займаюцца скатаводзтвам, садаводзтвам і наогул земляробствам; да 1830 году яны мелі свой суд, сваю расправу, урадныя зборы, на якіх дзяды рашалі справы агульных непаразуменьняў і каралі вінаватых, парушаўшых правілы старадаўных пераказаў. Яны між сабою толькі вялі гандаль, мелі сваю нацыянальную вопратку і дзяржалі пры дамох заўсёдных хатніх настаўнікаў (шпэктараў), якія ўзгадоўвалі іхных дзяцей і разам памагалі ім працаваць.

Дык у гэтых засьценках, вы й цяпер пачуеце тую славяна-крывіцкую мову, у якой пісаны былі дзяржаўныя акты… У ёй яны пішуць пісьмы й заметкі аб гаспадарцы; у гэтай мове знойдзеце вы ў іх пісаныя песенькі, розныя легэнды й казкі.


  Гэты твор з’яўляецца перакладам і мае асобны прававы (ліцэнзійны) статус адносна карыстанай аховы аўтарскіх правоў на арыгінальны змест.
Арыгінал:

Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.

 
Пераклад:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.