Перайсці да зместу

Хрыстаматыя беларускае літэратуры. ХІ век—1905 год/А. Пшчолка/Янкава жальба

З пляцоўкі Вікікрыніцы
„У ціятры“ Янкава жальба
П’еса
Аўтар: Аляксандр Пшчолка
1922 год
Пераклад: Максім Гарэцкі
З апавяданьня „Мікітавы хаўтуры“
Іншыя публікацыі гэтага твора: Янкава жальба.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЯНКАВА ЖАЛЬБА.


ДЗЕЯНЬНЕ І.

Канцэлярыя воласьці.За сталом пісар. З правага боку ад яго, на тапчане — судзьдзі. З левага боку ад пісара, на ломаным крэсьле — старшына. За старшыною — два старасты. Сяляне стаяць за краткаю, што адгараджаець стол ад усяе канцэлярыі. Ад стала налева — бакоўка, у якой на сховах грошы і адбываюцца прыватныя нарады валаснога начальства. Пры бакоўцы — «цёмная», у якой адбываюць кару штрафаваныя і паняволеныя па загаду старшыны ці пісара.

1-ы судзьдзя.Ці ёсьць, браткі, у каго агня — закурыць?

2-і судзьдзя.А вун у Лявона піпка не пагасла.

3-і судзьдзя.Ці многа сяньня судоў, браткі?

1-ы судзьдзя (закураваючы ў Лявона).Ня ведаю. З трыццатню, мусіць, будзе… Ці там многа, паночак, засталося?

Пісар (лістаючы кнігу валасных судоў і пускаючы хмары табачнага дыму).Ды нямнога ўжо — судоў 25, ня больш.

1-ы судзьдзя.Ці, панок, будзеш кароўку купляць к лету?

Пісар.А што? Можа ў цябе ёсьць прадажная?

1-ы судзьдзя.Ды я для пана…

Стораж (падходзячы да пісара).Паня казала, каб пан суды не цягнуў, бо скора пан Калдуноўскі прыедзець.

Пісар.Зараз. Скажы, каб без мяне гуляць не пачыналі. (Да сялян). Ну, цяпер жалаба Івана Цімахвеевага. Ты жалішся, што брат твой, Пахом, цябе і дзяцей пабіў, самавольна заняў тваю хату, адабраў хлеб, адагнаў зямлі паў-надзела, і што табе рады ад яго няма. Раскажы вось сваю жалабу судзьдзям.

Янка (кланяючыся).Вось, паны судзьдзі, і пан барын[1], і пан старшына! Уся дзярэўня відзела, як мой брат Пахом аддзяліўся яшчэ пры нябожчыку-бацьку і пайшоў на ранду. Пяць гадоў жыў на рандзе… Завёў скацінкі… А я жыву сабе асобна й нічагусенькі… Хатку паставіў, дзетак гадую… А дзеткі мае слабыя… Жонку што год па знахарах важу — зусім зьвялася, зжылася баба ніўвашто…

Старшына (да 2-га судзьдзі)Твая Дарка купіла падцёлка ў Зьмітрачыхі?

2-і судзьдзя. Не-е! Куды-ы! Зьмітрачыха даражыцца… і прыступу няма.

Пісар.Купі ў мяне, судзьдзя, цялушку… Во,цялушка! Глядзі-ка, як важна ходзіць па двару. (Усе ўстаюць і нахіляюць галовы да вакна. Чуецца: „О-о-о“).

Янка.Кх… кх… Дзеткі мае слабыя… а старэйшая саўсім сьляпая… І Бог ведаець, ці будзець калі відзець… Я сам слабы на ногі. Вы самі, паночкі, відзіце, якое маё падыханьне ёсьць на сьвеце… А брат мой Пахом…

Старшына (перадражніваючы).Што там табе ўсё брат ды брат. Здаецца, ён і чалавек, як чалавек, а ты толькі дурыш дарма.

Янка.Можа ён старшыне й добры, а мне дык зусім жыцьця няма, — таму ў яго сіла… І сваіх дзетак у мяне поўная хатка… Семерка дзетак… Дробных, як бульба. Сёмы гадок сядзіць сьляпая — ні з места. Сам я працую да крывавага поту… Мае во гэтыя рукі за ўсё адказуюць… А брат шэсьць гадоў жыў на фальварках. Хацеў маёнтак зажыць. Наш бацька, нябожчык, падзяліў нас роўна: мне на пяць душ дзьве трацьцінкі зямелькі, а яму на дзьве душы — адна трацьцінка. І яму было бяз крыўды, і мне было бяз крыўды, таму бацька наш, як і вы ведаеце, па справядлівасьці жыў, людзей ня крыўдзіў… Ён-жа сам тады не хацеў жыць сумесна. Пайду, кажаць, на ранду, а цяпер…

Старшына.А вун, здаецца, і пан Калдуноўскі паехаў…

(Пісар нахіляецца ў вакно і ківаець галавою Калдуноўскаму).

Янка.Цяпер, паночкі, што ён са мною зрабіў!.. Ён мяне з гаспадаркі зсадзіў… Зсадзіў да шчэнту… Зарэзаў…

Пахом (з грамады).Чым я цябе зсадзіў?

Янка.Чым зсадзіў? Усім відаць, чым зсадзіў. Я к старшыне разоў дзесяць хадзіў жаліцца…

Старшына.Калі ты ка мне хадзіў?

Пісар (да старшыны).Пастой. (Да Янкі). Чаго ты тут чмурыш бяз толку? Ты жалішся, што брат цябе пабіў, дзяцей тваіх выганяець з хаты, б’ець гаршкі, а ты хіба яго ня б’еш? Пахом Цімахвееў! Біў ён цябе?

Пахом (выціскаючыся з грамады).Паны судзьдзі, пан барын, і пан старшына! Каб мне скрозь зямлю праваліцца, калі я біў яго!.. Няхай яму тое ў грудзі!.. што ён на мяне кажаць… Я толькі замахнуўся, а ён мяне во па гэтым месьце (паказвае на сьпіну) — як ляпнуў… як ляпнуў… а я — брык, паночкі, аб зямлю ды чэрапам аб карыта… Проста аб карыта…

Янка (у вялікім абурэньні).Паночкі! Во жонка мая — зусім хворая, а ён і яе, — ня толькі што мяне… як хопіць… і дзяцёнка…

Жонка Янкава (праціскаваючыся з грамады і абціраючы рукавом сарочкі сьлёзы).Я, паночкі, падыйшла к дзяцёнку, што ў люльцы ляжыць, а Пахом мяне ў грудзі, я ўстала, паднялася, а ён мяне кулаком па носе, ну я й залілася крывёю… А дзяцёнак перапудзіўся і цяпер саўсім як няжывы… (Плачаць).

Пісар.Маўчы, маўчы, цябе ня пытаюць!

Янка.Паночкі! Во яшчэ Пілімоніха ёсьць, што відзела, як ён мне галаву рашчапіў… Я-ж яе ў сьведкі пісаў… Яна пасьведчыць…

Пісар (лістаючы кнігу).Пілімоніха, Мар’я! Што ты ведаеш у гэтай справе?

Пілімоніха(жэстыкулюючы).Паночкі мае! Я — баба зусім простая… Я папросту скажу. Як я толькі ўстала і спаднічку не пасьпела накінуць — чую, крычаць… Крык, зык, як якое што… Я цераз парог, ды на двор, ды каля хлявоў во к гэтаму самаму Янку… А там, браткі во гэты самы Пахом во гэтага самага Янку лупіць бязьменам па галаве, а жонку яго адштурхаваець… Куды Янку супроць Пахома!..

3-і судзьдзя.Во трашчыць баба!

1-ы судзьдзя.Трашчыць, як трашчотка…

Пілімоніха.Тады я, паночкі, як закрычу: ай, браткі, чалавек чалавека да сьмерці б’ець! Тады Сымон выскачыў…

Пісар.Ну, добра… Пажджы. (Пішаць. Паўза).

Пілімоніха.Тады я, паночкі…

Пісар (пішаць).Маўчы.

Янка.Ды як я яго буду біць, паночкі! Вы паглядзіце, які я ёсьць чалавек на сьвеце! Мае ногі й рукі паслабелі… (Хліпаець). Як-бы я…

Пісар.Маўчы. Усё разьбяруць судзьдзі. Усё будзе відаць. Плакам не паможаш…

Пілімоніха (завязаваючы хустку).Дай Бог, каб я да сваіх дзетак…

Пісар.Маўчы! (Пішаць). Пахом Цімахвееў! Ці няма ў цябе сьведкаў?

Пахом (падумаўшы).А во — Мірон, паночак! Мірона запытай.

Пісар (падміргаваючы Мірону).Ну, што ты ведаеш, Мірон?

Мірон.Іду я, браткі, па вуліцы… і чую (Скрабець патыліцу)…

3-і судзьдзя.Але Янкава справа зацягнулася…

1-ы судзьдзя.А зацягнулася, аж вочы зьліпаюцца… Ну, кажы, кажы, Мірон… што там на вуліцы…

Мірон.І чую, паночкі, крычаць у Янкі. Я — пад вакно. Гляджу, а там бунтацыя! Садзяць адзін аднаго пад бакі і пад уздушша… А тады й паваліліся… Паваліліся, ляжаць…

Голас з грамады.А ці быў-жа ты дома тады, як у іх бойка была?

Пісар (стродка).Маўчы, дурань, калі цябе ня пытаюць! Паглядзі, стараста, хто там гамоніць… (Стараста хаваецца ў грамадзе).

Двое з сялян выходзяць з канцэлярыі са словамі: „Відаць, і ў чацьвёрты раз Янкіна жальба ляпнець.“

Мірон.А тады Янка Пахома бязьменам па баку… па баку… па сьпіне…

Голас з грамады (насьмешліва).Іш ты!

Янка.Хто-ж скажаць, браткі, калі я каго пабіў!? Калі ты гэта відзеў, Мірон? Дай Бог мне во на гэтым месьце праваліцца, калі я хоць-бы каго зачапіў…

Пісар (пішаць).Маўчы! ты ўжо ўсё сказаў. Дакучыў, як горкая рэдзька.

Янка.Як усё? Мая жальба яшчэ не разьбіралася… Няхай судзьдзі… сьведак дапытаюць…

Старшына (стукаючы па столе).Табе сказана маўчаць! Ня чуў, што пан казаў?

Стораж (падходзячы да столу).Паночак! Паня казала, каб пан кідаў суды: пан Калдуноўскі прыехаў, — жджэць у карты гуляць…

Пісар закрываець кнігу і сьпешна выходзіць, старшына зачыняецца ў бакоўцы.


ДЗЕЯНЬНЕ ІІ.

Янка (да судзьдзяў, якія запаліваюць адзін у ваднаго піпкі).Якая гэта праўда на сьвеце, паны судзьдзі? Калі за мяне ні пан пісар ні пан старшына ня цягнець, то й паміраць трэба? Вы-ж ведаеце, браткі, што я ўжо пяць гадоў жыву адзін, — б’юся адзін… Брат мой самаўпраўна аддзяліўся і цяпер капаець мяне з гаспадаркі… І мяне забіваець…

2-і судзьдзя.Па-добраму, яжэлі так, як па справядлівасьці, — Пахому трэба было-б усыпаць… таму — ня крыўдзі, яжэлі дужэйшы… па сумленьню, браткі…

1-ы судзьдзя.Што ты, Лявонавіч, кажаш? Каб-то ён добры быў-бы чалавек, і бяз бойкі, бяз гоману памірыўся-б… і на суд не хадзіў-бы…

3-і судзьдзя.Гэтую справу бяз пана не разьбярэш, таму тут пан з губэрні паперу меў… Пан прыдзець, тады відней будзець… Мы ў паперах ня ’дукованы.

Янка.Але што там — пан!.. Пан ды пан… Пан з старшыною за яго. Усе людцы гэта ведаюць… Чаго да мяне брат прыцураўся? Ды калі-б прыцураўся і сваю гаспадарку прынёс, ато прышоў з пустымі рукамі, заняў пол, дзетак маіх вон гоніць, мяне б’ець, жонку б’ець, гаршкі б’ець, а падаць сьняданьне альбо вячэру — ён-жа першы ля столу з дзяцьмі… Другі год такое жыцьцё! Рату-уна-чку няма! Браткі мае! Ратуйце ад сьмерці-і-і! (Плачаць).

1-ы судзьдзя.Ды што там талкаваць? Разьбярэцца, як пан прыдзець!.. Пан на гэта ’дукован.

Янка.Ды што-ж, калі пан прыдзець? Хіба лягчэй мне пры пану?.. Лявонавіч, ты-ж усёткі відзіш, якое куды што ідзець… І якое маё жыцьцё… Бульбу Пахом выкапаў… Тады мала яму гэтага… пашоў у клець і выграб муку і занёс да Бэркі, а сабе ключ узяў… Я — к старшыне жаліцца: вы сабе, кажаць, біцеся, калі дзяліцца з ім ня хочаш… Тады я… у восень падаў жалабу… Суд пацягнуў за яго, за Пахома, знацца… Я ўзяў кофію — ды ў прысуцтва. Прысуцтва сьпісалася з валаскою і на! прысудзіла тое самае разабраць валаскім судом… Тады я папрасіў напісаць і махнуў прашэньне ў губэрню… Губэрня думала з паўгода і прысылаець па маёй жалабе паперу, што, знацца, адмяніць што якое было раней… і Пахому, знацца, трацьціна, а мне дзьве трацьцінкі на 8 душ па маіх сілах… Але хоць і губэрня напісала і падпісалася, а ён мяне ўсеткі зжываець, таму ў яго болей сілы-ы-ы… (Плачаць). Стараста прыдзець, быццам выганіць яго, а сам толькі шэпчацца, што, знацца, енчы яго, енчы яго, мяне, знацца, тады ён і трацьціну аддасьць… Ты яго, кажаць, цісьні, як ніхто ня відзіць…

2-і судзьдзя.Памойму, знацца, трэба было-б Пахома ці сьцебануць, ці пад арэшту… Таму супроць закона і непаслухмянства…

1-ы судзьдзя (зяваючы).Ну, Лявонавіч, ты-б усіх ці пад арэшту, ці ў работу, ці абсячы… а трэба справу глядзець па праўдзе, па кнігах, па ’дукацыі… ’Дукацыя — перш-наперш…

3-і судзьдзя (закураваючы).Пойдзем, браткі, пакуль адпачнём… Таму бяз пана толку няма…

1-ы судзьдзя.Пойдзем. Аднак і старшына там.

Выходзяць у бакоўку, і цераз нейкі час адтуль чуецца голас старшыны: „Пі на мой адказ!“ Сяляне гамоняць цішком. Янка стаіць ля краткі з пахіленай галавою і часта ўздыхаець.

1-ы мужык з грамады.Пакуль перап’юць — аддыха ад працы, ад турбацыі…

2-і мужык.Добрая аддыха, — дай, Божа, перапіць у кумпанстве… на чужы кошт.

3-і мужык.Схадзі-тка, Зьмітрок, паглядзі — піва ці гарэлку…

Зьмітрок (падходзіць і доўга глядзіць у шчэлку скрозь дзьверы, тады цягнець паветра носам).Гарэлку, здаецца…

Пісар (убягаючы ў канцэлярыю і шыбка скіраваўшыся на сваё месца).Ты чаго тут, Зьмітрок? Што-о? Што табе трэба? (Адпіхаець яго за краткі). Ступай к чартам, дурань!.. Дзе судзьдзі?

Голас (з-за дзьвярэй бакоўкі).Мы тут, паночак!

Пісар.Ну досыць вам там бібікі біць… Ступайце на места!

Судзьдзі выходзяць адзін за ’дным, усьмяхаючысь і вясёла паглядаючы на сялян.

1-ы судзьдзя.Ну што, панок, будзець з Янкавай справаю?

Янка.Пан барын і паны судзьдзі! Няўжо-ж я і ў чацьвёрты раз застануся бяз усякага ўсяго… Што брат за мяне багацей і да людзей: больш доступу маець, а мая справа бедная і ўсё куды ні пойдзеш…

Пісар.Маўчы! Дакучылі даўно ўжо твае байкі. Без цябе ведаюць, што рабіць. На тое закон ёсьць. Ты во толькі й прызвык жаліцца. У цябе другой работы няма! Іншыя людзі ідуць кожны па сваёй справе, а ты ў воласьць. Проста жыцьця ад цябе няма…

Янка (кланяючыся).Паночак! Ды восьжа на людзёх зроблена мне такое… усе… Усе людцы відзелі… Пахом прыехаў учора і ўзараў тую самую маю ніўку, дзе я ў суботу гарох пасеяў… Хіба гэта не разбойства?

Пахом.Я гараў? Калі?

Янка.Учора. Во й Панкрат, і Дзёмка, і Міхалка, і Банадысь відзелі…

2-і судзьдзя.Што-ж ты робіш, Пахом? Хіба-ж можна на той самай ніве другі раз сеяць?

Пахом.Ды мальска што ён кажаць… Во Грыгор відзеў, хто гараў… тую ніўку, ці я ці ён…

Грыгор.Што я відзеу? Я відзеў, што Янка сам на той ніўцы ўчора гараў…

Пахом.Во што!

Янка (з газардам).Што-ж ты кажаш, Грыгор? А ці ведаеш ты, дзе наша ярына?

Грыгор (маўчыць).Пад раку ваша ярына…

Янка (расшпіляець каўнер сярмягі і жэстыкулюець).Вось, паны судзьдзі, наша ярына ідзець пад гай, і Грыгор за яго (паказваець на Пахома) цягнець… Усі за яго цягнуць…

Пісар (пішаць).Маўчы!

Старшына.Як мне, Яначка, здаецца, ты сам больш усюдых вінават… Замест таго, каб табе жыць, як людцы… мірна, ціха, пабожаму, па хрысьціянскаму спаўненьню, ты ідзеш насупроць, на брата, цэлы дзень вантажышся, і сам ня жывеш, і людзём жыцьця ад цябе няма… Штоб аддаць брату трацьцінку, падзяліцца, як людцы дзеляцца, а ты яго енчыш… І ўсіх за нос цягаеш… І пану дакука і мне дакука… З валаской дамоў, з дому ў валаскую… Як раз у бацьку ўрадзіўся… Тож першы бунтаўнік быў… З Банадысёвага роду…

Пісарыха (адчыняючы дзьверы ў канцэлярыю).Старшына! ідзі-тка памажы сторажу загнаць цялушку.

Старшына шыбка выбягаець і цераз нейкі час варочаецца з словамі: „Во цялушка! Дай Бо-ожа! Найлепшая жывёлка!“

Пісар радзіцца цішком з судзьдзямі. 2-і судзьдзя часта махаець рукамі і ад часу да часу пярэчыць: „Не па закону!“.

Пісар (дапісаваючы пастанову).Іван Цімахвееў! Мірыцца з братам не жадаеш?

Янка.Паночкі! Ды я й рад-бы памірыцца!! Ды на чым жа мне мірыцца?.. Няхай-жа брат аддасьць маю хатку… Няхай пусьціць маіх дзетак на печку пагрэцца… Няхай…

Пісар.Маўчы! (Чытаець пастанову суда). „Выслухаўшы паказы Мірона Ігнатавага, каторы паказаў, што Іван Цімахвееў часта б’ець свайго брата Пахома…, каторы па законнаму палажэньню павінен валадаць палавінай часьці зямлі надзельнай, выпадаючай яму пасьля сьмерці іхнага бацькі, Цімахвея Панкратавага, і не бяручы пад увагу паказы гэнай Матроны Хвілімонавай, каторая, вачавідна, па сабраных спраўках знаходзіцца ў радні з вышэймененым Іванам Цімахвеевым, а таксама ўглядаючы са слоў Грыгорыя Цярэньцьевага, што ён сумысна парушаець валаданьні і межы вышэймененага брата яго, Пахома Цімахвеевага, каторы, вачавідна, і не выяжджаў у той дзень на гараньне, а быў у хаце, а таксама бяручы на ўвагу несупакойны абраз жыцьця вышэймененага пазыўніка, Івана Цімахвеевага, і яго дзёрзкае захаваньне ў адносінах да свайго роднага брата, ня гледзячы на добрыя рады і ўгаворы тутэйшага старшыны, Падкухціка, і старасты, які не аднакроць зьяўляўся да яго ў хату, а таксама і паўсёднае вымаганьне яго судовага разбору і турбацыю валасной управы, каторая дзеля яго і яго спраў прымушана бывае кідаць пільнейшыя справы воласьці, а таксама ўглядаючы з яго жыцьцёвага абраза вялікую нядоімку за зямлёю з прычыны паўсёдных судоў і боек з братам і зводу яго з маемасьці пасьля таго, — валасны суд пастанавіў: селяніна Івана Цімахвеевага ізноў сагнаць у вадну сям’ю з братам яго, Пахомам, і для падзелу іхнай маемасьці і іншых патрэб сямейных зьявіцца на месца самой справы старасьце Сідараўскай грамады, а за несупакойнае сужыцьце яго з братам і частае парушэньне супакою воласьці ўзяць яго пад арэшт пры воласьці на адны суткі часу“.

Янка (у вялікім абурэньні выступаець наўперад).Які-ж гэта суд? Мала што брат пісару паднясець альбо старшыне паставіць…

Пісар (крычыць).Маўчы, дурань!.. Цяпер разьбірацца будзець справа Вікеньція…

Янка.Браткі мае! Гэта чысты разбой!.. Мне дайце кофію… Я жалабу да губэрні!.. Мне губэрня дасьць парадак!.. Яна не паглядзіць вам у зубы…

Пісар.Маўчы!.. Цяпер выхадзі — Вікеньці Васільлеў!

Янка.Што брат занёс пісару цялё й масла…

Пісар.Стораж! Вядзі гэтага дурня ў цёмную! От, быдлё!

Янка (жэстыкулюючы і адпіхаючыся ад стоража).За што мяне ў цёмную? Чым я каго пакрыўдзіў? У мяне сьведкі ёсьць, што брат мяне забіў!.. Што я капейкі за душою ня маю, каб вам вочы заліць… Бельмы старшыновы… і стараставы…

Старшына.Бяры яго з другога боку (Хапаець яго за плечы, Янка валіцца).

Янка (асіпшым голасам). Я ня ведаю… хіба… што ты цэлыя ночы… п’еш кроў хрысьціянскую… што брат для пісара і карову і каня прадаў…

Пісар (памагаючы цягнуць). Цягніце яго, подлага!

1902 г.



  1. Зваротак да пісара.
  Гэты твор з’яўляецца перакладам і мае асобны прававы (ліцэнзійны) статус адносна карыстанай аховы аўтарскіх правоў на арыгінальны змест.
Арыгінал:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.
 
Пераклад:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.