Перайсці да зместу

Хрыстаматыя беларускае літэратуры. ХІ век—1905 год/А. Пшчолка/«У ціятры»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Каніцель „У ціятры“
Апавяданьне
Аўтар: Аляксандр Пшчолка
1922 год
Янкава жальба
Іншыя публікацыі гэтага твора: У ціятры.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




„У ЦІЯТРЫ“

Сяджу я, браткі, у тым самым ціятры, аж зараз адзін у скрыпку — пісь, другі падняў трубу — прагудзеў, трэці павешаў рагавень — зарухаў. Кожны наладзіў для парадку свой штрумэнт. Слухаю я: нязграбна, трубяць, ды ня тым трахтам. Скуголяць, аж нялоўка слухаць. Той-жа, што сядзіць пасярэдкі, меціў, меціў ды як маханець пугаўём, а тыя, што з бакоў, кожны з свайго штрумэнта як сьцебануць, як раўкнуць, як сыпнуць! Во, браткі, каго паслухаць!.. Ого-го! Гэта ня жарты!.. Панасавы цынбалы? — Цьфу! Нічога ты, Хвядос, няварты пасьля таго!.. І Пятрусёва скрыпка і блізка не падходзіць! Крый, Божа! Калі-б усе цынбалы сабраць, і самаго Язэпа, і Маркаву дуду, і Зьмітраковых мальцаў у рад паставіць, і Сідару пугаўё ў рукі — і то ні блізка! Барані, Бо-о-ог! Таму — ні трубы, ні басэтлі, ні паўдзежкі… Якія трубы? Што дым ідзець? — Цьфу! Ату табе, Мікіта, ату, балота! Што ты відзеў? Нічога ты ня відзеў! Ты відзеў толькі балота, дзярэўню ды сьвіньней!.. Труба гэта бліскуча, як самавар, з найлепшага масяндзовага матарыялу. Адна равець, другая храпіць. Ву-ву-ву! — во як.

Ізноў-жа дудкі, наўродзе жалеек, тыя больш вярха, ціль-ціль-ціль, гдзе пісьнець, гдзе сьвісьнець! Басэтля-ж здорава гудзіць, ды і работы з ёю даволі. Жарты — ён чэшаць смыкам, аж лоб трэць. Здаровая махіна, досыць працы! Ну і так, з драбязы, у скрыпку драбняку падсыпаюць даволі, валяць у вадну руку і ўсе па кніжках глядзяць. А той пугаўём, ведай, махаець і туды, і сюды, проста пад нос бліжэйшым падступаець. Жарылі, жарылі, тады сталі, а жалейкі і скрыпкі давай самі па сабе розныя штукі вывадзіць. Ваводзяць, скуголяць. І труба да іх патроху прыстала. Я-ж думаю, вось табе й раз! Зьвялі на быкі… Аж зараз той самы пугаўём як махнуў к таму, што на канцы сядзіць, а той размахнуўся балдавешкай ды як дасьць па паўдзежку, а паўдзежак — лоп, лоп, лоп!.. Аж проста ў пяткі колець. Пад канец-жа як разыйшліся, як сыпнулі — барджэй, барджэй, ён пугаўём жарыў, жарыў і — бац! Сталі ўсе й стаяць…

Паны ці былі? Ды так што ўсе паны. З нашых, з мужыкоў, ня відаць. І я дастукаўся затое, што Сымонавы капоты надзеў і ў Трахіма ботаў дастаў. Ня ўсякага й пусьцяць. Дзе я сядзеў? Уверсе. А ўнізе — паны, на зямлі, знацца, на сьценах паны. Як — на сьценах! А так, калі, прыкладам, прыбіць да сьценак кошыкі і ў кошыкі наторкаць розных паноў, а ў сьцяне зрабіць вокны, а ў вокнах дзьверы, а цераз дзьверы ход. Дык вось ты, прыкладам, сядзіш у кошыку, а захацеў вон, адчыніў — валі, куды хочаш… Табе сьмех, балота ты!.. Толькі ўнізе паны найбольш з мужчын, сьпераду з лысых болі, тады з вайсковых, з вураднікаў, з прыставоў, а на сьценах паны з панятамі і з жонкамі. Але ўвабраны ўсё, воўк іх еж, — лоўка. Праўда, танкаваты троху з бакоў, але нічога. Усё болі ў чырвоным, а рукі голы, як вось калі дзяжу месяць бабы, і так каля шыі не зашпілена, на галаве валасы памялом, а самі фуфырацца, сьмяюцца, вачмі во гэтак, а тыя, адзаду што стаяць, — у іхнае вуха нешта шэпчуць. Там-жа на кошыку скрыначкі ад табакі: з тых скрыначак пані патроху бяруць і памалу каштуюць у прыкуску.

Тады што было? Тады, як сыгралі троху, кожны пайшоў аддыхнуць, і я драбануў. Усё болей каля боку дзяржу і ўсё віджу. Паны лупяць у харчэўню і зараз за гарэлку. Праўда, сьцябаюць лоўка. Толькі нятак, як у нас: у нас болей проста з горла ды ў горла. А там кілішкі, як журавель, і закуска, і рыжы чалавек каля іх бегаець. Я, гэта, выняў цыбук, хацеў пакурыць. Аж нейкі курносы кажаць мне: „А ты што?“ — „Я, кажу, з гарладзёркі“. А ён мне кажаць: „Падальшы, падальшы!" Я тады каля сьцяны, ды ў дзьверы; ды ня ў тыя. Заблудзіўся. Во, каб цябе! Праўда, рыжы падышоў, паглядзеў на мае дакумэнты, ды мяне за руку, ды за плячо, ды на лесьвіцу: „Калі, кажаць, ты з гарладзёркі, дык і сядзі на гарладзёрцы“. — „Я, кажу, заблудзіўся троху“. — „Ідзі, кажаць, пакуль, па шыі не палучыў“. Але ўсёткі, відаць, з благародных: і гаворыць ласкава, і ня штурхаець. Я вышэй, вышэй, бокам і трапіў на свой трахт ды на свае дываны.

Гляджу на бакі, уверх, уніз. Аж разам той самы пугаўём — шарах! А тыя — хто ў трубы, хто ў скрыпкі… Тады, браткі, і сьцяна паднялася. Дадушы-ж, паднялася! Сьцяна такая намалёваная, з конямі. Гляджу я. Божухна Ты мой! Выскачыла многа ўсякага люду, але не ад тутэйшых паноў, і давай пяяць. Расьпінаюцца, крычаць, гойкаюць, бегаюць, скачуць — усё во гэтак падскокам. Тады к ім выскачыў нехта белы, у балахоне. Бегаець, скуголіць і рукой во гэтак паказаваець. Ізноў якая-то баба ці-то маладзіца да іх падскочыла. Пішчыць, плачаць, аж за сэрца хапаець. І Бог ведаець, якое што тут зачыналася, аж уваччу замітусілася. Нічога не гавораць, а плачуць, гойкаюць, за горла хапаюць, рукі ўверх падымаюць. Во так болей: го-го, го-го, гі-гі-і! Зайцоў зганяюць? Не-е! Гэта не балота! Я сам сьпярша думаў, што, знацца, гоняць каго, аж не-е. Яны так між сабою. Пакрычаць, пойдуць адзін к аднаму, абнімуцца, цалуюцца і ўзноў разойдуцца. Тады белы, што ў балахоне, падышоў к таму, што з пугаўём, і пачаў крычаць: крычыць адзін, аж голас трасецца, і руку к яму цягнець, пугу, мусіць, хоча схапіць; а той, ведай сваю справу — жарыць, а той тонкі каля басетлі працуець. Гляджу я: сьцяна валіцца, валіцца! — і закрыла таго, што ў белым. А паны давай крычаць, б’юць у далоні, дзяруць горла, аж вочы вон. Найболей з гарладзёркі, нагамі навет стукаюць. І тыя, што ў кошыках, плёскалі, але патроху… Усякі на ўсю сілу крычыць: брысь, брысь, брысь! А другога нічога не разабраў. Крычалі, пакуль белы цераз дзірку галаву не прасунуў. Прасунуўся і кланяецца. Во гэтак. Ён-жа пайшоў к сабе, а яны ізноў крычаць; так крычаць, асабліва з гарладзёркі, што аж вочы на лоб. У мяне аж у вушох затрышчэла. Думаю сабе: пайду прачухаюся на холадзе. І пайшоў, каля сьценкі збачыўшыся, ды на лесьвіцу, ды па лесьвіцы, ды к дзьвярам, ды к другім (тут я ізноў лысых увідзеў: мусіць к гарэлцы пайшлі) ды к трэцім, ды за дзьверы. Гляджу, аж Сымон і Трахім мяне ждуць, піпкі паляць. — „Хадзі, кажуць, дамоў, бо Мэндаль запрэць кватэру. Заўтра, кажуць, рана трэба на машыну“. — „Во, каб вы выхварылі! Яшчэ, кажу, прыстаўленьне будзець!“ А яны: „Мае боты, мае капоты, трэба на машыну“…

А што робіць? Як не мае, знацца, боты, ды не мае капоты, ды й ад кумпанства не аставацца, дык я й драбануў з імі на кватэру, а тады і дамоў.

Дык вось якая справа, а ня тое што Панасавы цынбалы… Цьфу!


Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.