Перайсці да зместу

Хрыстаматыя беларускае літэратуры. ХІ век—1905 год/А. Дарэўскі-Вярыга/З альбому/III

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Слоўна з неба Божы дар… К дудару Арцему ад наддзьвінскага мужыка
Верш
Аўтар: Ялегі Пранціш Вуль
1922 год
А. Ельскі
Іншыя публікацыі гэтага твора: К дудару Арцёму ад наддзвінскага мужыка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




III.

К дудару Арцему ад наддзьвінскага мужыка.

Што табе, дудар, прысьпела
Сьмелы песьні завадзіць?
Ці то лёгкае, брат, дзела
Нашу брацьцю прасьвяціць?

Крыкнуць на цябе паноўе,
Што ты шкоднік і місьцюк,
Страціш голас і здароўе
І дуду упусьціш з рук.

І абмыешся сьлязамі,
І падумаеш няраз:
„Божай ласкі нет над намі
І нет праўды сярод нас“.

Ты мяне, аднак, ня слухай,
Мала што я завяду! —
Цэлай грудзьдзяй дуй і дмухай
У жалейку і ў дуду!

Не гнявіся за абмылку,
Што зачаць я не пасьмеў:
Калі Бог табе даў сілку —
Дуй, як дуў, — пяі, як пеў!

Грудзяй цэлай гудзі сьмела,
На увесь мужыцкі сьвет, —
Што пасееш, будзець цэла;
Будзець некалі і цьвет…

То-то радасьць, радасьць будзець,
Калі Бог за мужыкоў
Ды вянок табе прысудзіць
З белых рож і васількоў!

Белы рожы — то за гэта,
Што ты совесьць беліш нам,
Што нас вывеў ад Яхвэта,
Хоць наш бацька, вучуць, хам.

Васількі — то, брат, нябёсы,
Адкуль кожны Божы дар,
Адкуль сонца, дожджык, росы,
Адкуль мы і ты, дудар.

Так, мой мілы брат Арцёмка,
Бог цябе благаславі!
Іграй шчыра, пяі громка
І жыві нам ды жыві!

23 марца 1859 г.,
Віцебск.

Я. Вуль.



Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.