Хочацца жыць (1930)/Ня так
| ← Суседзі | Ня так Апавяданне Аўтар: Платон Галавач 1930 год |
Перад канцом → |
НЯ ТАК
Была вясна.
Моцна пахла зямлёю.
Сузон ляжаў у акопах і часта-часта ўспамінаў далёка кінутую хату, дзядзінец, пустуючыя тоні. І чым больш успамінаў аб іх, тым больш ныла сэрца, нязносна — падоўгу балела, і ўсё яскравей паўставалі Ў памяці вобразы далёкіх няўзораных гоняй і змучанай голадам і працай жонкі.
Пахне зямля. Акурат, як у час, калі ідзеш за плугам і яна мяккімі дробнымі кавалачкамі абысыпае ногі. Пах гэты казыча нос, прабіраецца ў самае сэрца і яшчэ болей разіць яго. Варочаецца тады Сузон, седзячы ў акопе, плюшчыць вочы і бачыць неўзараныя гоні, раскрыты хлеў, худую жывёлу і ўсё гэта просіць яго гаспадарскай рукі. Сузон скрыгае зубамі, кладзецца тварам да зямлі і стогне. А зямля пахне ўсё мацней і мацней, кліча да сябе.
І не сьцярпеў.
Ноччу выпаўз з акопаў, нібы за патрэбай адышоў у кусты і, потайкам паціхеньку пайшоў у тыл. За ноч адышоў вёрст пятнаццаць, а далей, прабіраючыся ад вёскі да вёскі, напаткаў па дарозе часьць нейкую, даў пісару ротнаму тры рублі, а той выпісаў Сузону пасьведчаньне на пабыўку бяз тэрміну. І тады ўжо, не баючыся, ехаў у таварным вагоне аж да свайго павятовага гораду.
У вагоне прасторна было, ніхто не перашкаджаў думкам. З вагона відаць было поле, убранае руньню, і аратыя за плугам. Над полем слалася ціхае неба сьветлае, плылі далёкія хмары кавалкамі, рассыпаліся песьні жаўранкаў.
І душа поўнілася спакоем і ўпэўненасьцю: прыеду, за зямельку вазьмуся, падпраўлю гаспадарку…
Дадому ад станцыі гасьцінцам дванаццаць вёрст. Прыйшоў, як сьцямнела. У цемры будынкі двара здаліся прыгожымі, цэлымі, форма іх ня была парушана; цемра згладзіла дзіркі ў стрэхах, абломы ў кутох згніўшых. Нават хата старая, ад таго, што гарэла на камінку смоль і ад таго, што з радаснай усьмешкай стаяла ля стала жонка, не адрываючы ад яго вачэй, і ад таго, што аб калены церліся галоўкамі дзеці, здалася прытульнай, цёплай.
Ноччу сьніў акопы і страляніну і вольнага ў фрэнчы, які ўгаварваў салдат змагацца з немцамі да перамогі, за часовы ўрад і абяцаў зямлі і волі.
Назаўтра і яшчэ дзён некалькі хадзіў па суседзях, гасьцяваў, апавядаў пра фронт і не прыглядаўся асабліва да двара, да гаспадаркі.
А потым бліжэй падышоў да гаспадаркі, прыгледзеўся, абмацаў усе куты. Хата з дзіравай страхой, са згніўшымі шуфлядамі ў вокнах, падлогай, хлявы разбураныя, параскрываныя і пустыя, гумно, клець і стопка; — паросшы муравой, адзічэўшы дзядзінец і поле заросшае — аблог, — усё гэта неяк сабралася разам, абступіла Сузона і пытала: ну, што, як? І чакала адказу.
Глыбока ў самым нутры ціха заныла… Пачалі зьнікаць мэты, надуманыя ў вагоне.
Спадзяваўся перасіліць гэта.
Дранкай заляпіў страху на хаце; накраў у лесе жэрдак і трохі падправіў гумно; пазычыў у суседзяў каня і ўзьняў тупым сашніком аблог; пазычыў жыта на хлеб і адрабляў за яго. А ўсе па-ранейшаму стаяла наўкола яго, падыходзіла ўсё бліжэй і бліжэй і пытала: ну, а ўсё-ж ткі?
Мучыла, не давала спакою.
Поле патроху ўзараў, пару гоняй засеяў, а на больш не хапіла насеньня. Там, дзе меркаваў ячменем сеяць, кінуў пад грэчку. Пайшоў пазычаць насеньня — не пазычылі і поле зноў пачало зарастаць.
Ужо думалася: «Нічога ня выйдзе, ня падняцца аднаму на ногі, ня так трэба рабіць, ня так, па-іншаму». А вечарамі ў хаце, пад ціхія словы жонкі, зноў трохі бадзёрыўся і зноў зьяўлялася жаданьне нешта рабі», неадкладна, зараз-жа.
Раніцою выганяў з хлява карову з цялём, — худую, замызганую; ногі худыя ў каровы, адна аб другую каленамі труць. Ідучы назад у хату, зьмеціў, што ў клеці згніла падруба і яна ўся нахілілася на бок. Высек тоўсты дубовы кол, каб падперці клець. Упёр кол канцом адным у зямлю, а другім у шула, стаў абухом па калу біць, каб ячмэй падперці; — ажно шула гнілое, унутро ўламалася, парахня парашком жоўтым паляцела, зачыхаў Сузон.
Стукнуў тады абухам па бервяну ў сьцяне, — глуха адазвалася гніючым нутром бервяно.
Апанавала безнадзейнасьць.
«Ня так, ня так трэба, аднаму ня ўправіцца, гэтак усё жыцьцё тут пылам пойдзе, парахнёй».
А клець пахілая, хата са згніўшымі шуфлядамі і падлогай, крывыя хлявы з дзіравымі стрэхамі, пустыя гумно і стопка, худая жонка і замурзаныя плаксівыя дзеці і на крывых нагах карова, — усё гэта абступала Сузона ўсё шчыльней і шчыльней і, ні-то насьміхаючыся, ні-то з жалем, пытала: ну, дык як-жа?..
Ад гэтага зьнікалі сілы, абвісалі вяла рукі.
У ліпні нядзельным раньнем абвясьціў Сузон жонцы, што пабыўка скончылася і, сабраўшыся, азіраючыся, пакуль ня зьнікла ў даляглядзе вёска, пайшоў назад у акопы.
«Трэба неяк інакш. Так нічога ня выйдзе».
г. Менск.