Хлопчык

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Хлопчык
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
1924


На дубец ускочыў конна:
«Косю, косю, стой жа, стой.
Вось удаўся конь нясонны —
Не пастоіць пада мной».

Хлопчык ладзіцца ў дарогу.
«Ты ж куды?» — «Далёка, проч!»
І, махнуўшы пугай строга,
Шпарка ён імчыцца ўскоч.

Ах, свавольнік мой, патвора,
Бегай, смейся і гуляй.
Не дакучу я дакорам —
З год дзіцячых карыстай.

Што ж, жывучы потым ў свеце,
Нагадаецца якраз,
Як скакаў к далёкай мэце
На дубцы вярхом падчас…

(1924)