Перайсці да зместу

Запісы Беларускага Навуковага Таварыства (1938)/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
4. Старонка з маіх успамінаў 5. Багушэвіч і Арэшчыха
Літаратуразнаўчая праца
Аўтар: Уладзіслаў Талочка
1938 год
8. Матэрыялы й зацемкі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Улад. Талочка.

У ўспамінах З. Нагродзкага аб Багушэвічу было адзначана, што беларускі паэта быў знаёмы з польскай пісьменьніцай Э. Арэшчыхай, да якой даведаваўся ў Горадню. Зацемку гэную дапаўняем выбаркай

Ыы з нядаўна выданае карэспандэнцыі Арэшчыхі („Listy Elizy Orzeszkowej”, t. II, cz. 1) тых месцаў, дзе гаворыцца аб Багушэвічу, — у беларускім перакладзе.

Наўперад у пісьме да іх супольнага знаёмага Яна Карловіча піша Арэшчыха з Горадна 2.II.1887 г.: „Тры тыдні таму назад быў у мяне добры Ваш знаёмы з Вільні п. Багушэвіч. Вельмі прыемна правяла я з ім некалькі гадзін. Ён мне чытаў свае беларускія паэзіі дый навет даў мне адпісы з іх з асобным вершыкам, гэтак сама пабеларуску, да мяне ці для мяне. Ці-ж ня праўда, што гэта рэчы вельмі харошыя, маюць нейкае асаблівае хараство, і мяне вельмі цікавіць, ці здолеюць іх зразумець дый засмакаваць у іх нашыя сяляне? Будучым летам папрабую чытаць іх маім міневіцкім знаёмым. Прывёз мне такжа п. Багушэвіч 25 рублёў, сабраныя для Ежа[1]. Усяго разам маю 90 рублёў, каторыя — згодна з Вашым наказам — вышлю гэтымі днямі пані Мілкоўскай“ (стар. 77).

У ваб‘ясьненьнях і допісах да гэтага пісьма чытаем: „Франціш Багушэвіч (1840—1900) — адвакат з Вільні, беларускі паэта, два томікі вершаў каторага: Дудка беларуская (Кракаў 1891) і Смык беларускі (Пазнань 1894) — мелі вялізарнае значэньне дзеля разьвіцьця беларускае літаратуры. Багушэвіч у сваіх творах падыймаў сацыяльнае пытаньне Беларусі, кладучы націск на нядолю й цемнату народную. Арэшчыха належала да паклоньніц ягоных паэзіяў. У вадным з ненадрукаваных тут пісем да Карловіча (з 22.II.1888) яна гэтак піша аб іх: „Быў у мяне нядаўна п. Багушэвіч і чытаў мне казку — даўгую, поўную фантазіі, вельмі харошую, каторую напісаў пабеларуску.. Гэта прыгожы талент. Польскія паэзіі яго слабыя, але беларускія, прынамся на мой пагляд, знамянітыя. Трэба было-б усімі сіламі заахвочваць яго да працы ў гэтым кірунку“ (302).

Багушэвіч даведаўся да Арэшчыхі яшчэ раз у 1893 годзе; гэта відаць із таго, што 23.II.1893 Карловіч пісаў да яе: „Спадзяваўся я, што напішу да Вас праз п. Багушэвіча каторы гэтымі днямі ехаў у Вільню; ён ашукаў мае спадзяваньні, бо паехаў не разьвітаўшыся. Дык пішу праз пошту, шкадуючы, што з гэтае прычыны мушу быць дыскрэтнейшым. Падробнасьці й прозьвішчы адкладаю да пэўнейшае аказіі“. (310).

Гэтым канчаюцца зацемкі аб Багушэвічу ў карэспандэнцыі Арэшчыхі.



  1. Еж-Мілкоўскі — ведамы польскі эмігрант і выдатны пісьменьнік шчыра дэмакратычнага кірунку. — Рэд.