У ціхай вадзе (1925)/Чорт
| ← Кірмаш | Чорт Апавяданьне Аўтар: Якуб Колас 1925 год |
Трывога → |
| Іншыя публікацыі гэтага твора: Чорт. |
ЧОРТ
— Братка ты мой, Іван! Ты знаеш, як я цябе люблю! Ну, дай — пацалуемся! Во, гэтак!.. Назавеш ты Міхася сабакаю, лайдаком, калі пачуеш ад каго, што я табе кепска мысьлю.
— Братка ты мой, Міхаська! Забі мяне пярун, во тут, у гэту ночку, на гэтай дарозе, калі я ня люблю цябе. Дай і я цябе пацалую!
І сябры зноў сталі цалавацца.
Міхась і Іван — лясьнікі. Зашлі яны да цёткі Хрумы і трынкнулі, што называецца. А цяпер ішлі да дому.
— Не магу, братка, ісьці, — прызнаўся Іван.
— Дык што-ж мы будзем рабіць?
— Дай ляжам, паляжым.
— Ну, давай.
І яны ляглі.
— Што-ж мы будзем так ляжаць? — кажа Міхась. — Давай клясьці лясьнічага!
Іван замарматаў нешта пад нос і… заснуў.
— Ужо сьпіш? Уставай, пойдзем.
— Не магу, братка.
— Садзіся мне на плечы, панясу катла.
Міхась стаў на кукішкі і падставіў сьпіну. Іван узяўся за плечы. Сталі падымацца. Міхась крактаў, пяўся, а потым паваліўся сьпіною на Івана, і ляжаць абодва. Яны зноў абняліся. Ім здавалася, што ня было і няма на сьвеце гэтакіх сяброў, як яны.
Паляжалі трохі. Іван захроп, як пшаніцу прадаўшы.
— Сьпіць, — сказаў Міхась і ўстаў.
Яму хацелася сьпяваць. Міхась быў чалавек вясёлы. А яшчэ быў весялейшы, як хмель пачынаў туманіць яго лахматую галаву. Тады ён быў штукар на ўсе рукі.
— І гэ-э-э-эй ты, гарэ-э-э-элачка! — прабаваў Міхась выдумаць песьню пра гарэлку. Далей нічога ня мог прыдумаць і сьціх.
У лесе было ціха. Толькі рэха пакацілася! І далёка-далёка паняслося „гарэ-э-ээлачка“ і прапала недзе за гарою ў Белых Крыніцах. Аж страшна стала Міхасю.
Не бяз прычыны страшна зрабілася Міхасю: былі яны якраз недалёка ад Кірылавай магілы.
От што чуў я ад людзей пра Кірылаву магілу.
У князя Р. быў слуга Кірыла. Князь любіў езьдзіць на паляваньне і заўсёды браў з сабою і Кірылу. Адзін раз кажа яму князь:
— От што, каханы, я паеду да пана абедаць, а ты садзіся вярхом на каня, і колькі лесу аб‘едзеш на кані, пакуль я паабедаю, увесь той лес дарую табе, бо ты добры слуга.
Падзякваў Кірыла князю, узяў самага лепшага каня, сеў і паехаў. Каб князь бачыў, колькі ён аб‘едзе, узяў ён з сабою шаблю і рабіў ёю на хвоях лысінкі.
Як пабачыў князь, колькі Кірыла лесу аб‘ехаў, аж за галаву ўзяўся.
— От, што, каханы, — кажа князь: — цяпер ты палезь на дуб, ды паглядзі адтуль, як многа ў цябе лесу.
Кірыла палез на самы верх.
Зьняў князь з плеч стрэльбу.
— Ну, мой каханы, закукуй цяпер, як зязюлька.
Кірыла закукаваў.
Бух! — выстраліў князь.
І скінуўся на зямлю бедны Кірыла з прабітаю навылет галавою.
Пад тым дубам яго і пахавалі. Месца тое і стала звацца Кірылаваю магілаю.
І цяпер яшчэ ў тым лесе відаць на хвоях лысіны. Заплылі яны смалою, і завуць іх Кірылавымі знакамі.
Расказвалі людзі, што ў поўнач каля магілы нехта плакаў, праклінаў панскую несправядлівасьць…
Страшна было тут у ночы.
Многа расказаў чуў Міхась пра чарцей. Знаў ён, што п‘яных часта водзяць па лесе чэрці. Знаў, што ад іх можна адхрысьціцца, і яму было і страшна і весела.
І ось Міхась, як яго хто падбіў, узяў і загукаў на ўвесь лес:
— Чэрці, трасца вашай галаве, сюды ідзеце!
Рэха паняслося па дарозе, пашло па кругламу балоту к Белым Крыніцам і сьціхла каля Кірылавай магілы.
Міхась стаяў і слухаў, як яно гудзела.
І зноў усё стала ціха.
Блішчасты месяц, як кружок залаты, стаяў ужо высака над лесам. Ціха было ў густым бары; закрыла ніз цемната. У Белых Крыніцах нудна пераклікаліся совы. Далёка-далёка, як з-пад зямлі, данасіўся сабачы брэх. І чуе Міхась: нешта загрукатала па дарозе. Прыслухаўся… Гук ня сьціхаў і быў ужо бліжэй. Ужо можна распазнаць, што нехта едзе. Колы біліся аб карэньне і скрыпелі.
Міхась пасьмялеў.
Гук і скрып калёс зусім ужо блізка.
Міхась скінуў кажух, вывярнуў уверх шэрсьцю і накінуў на сябе. У шапку ўваткнуў дзьве палачкі заміж рожак і прытуліўся пад хвояй.
Іван спаў, як забіты.
Пад‘ехаў воз.
На возе ляжалі мяхі з мукой, а на мяхох сядзеў селянін. Гэта быў Пятрусь Гвозд, той самы Пятрусь, што летась украў у Міхася з лесу тры восі. Пятрусь вяртаўся з млына; боязна азіраючыся па бокох, ён паганяў каня, каб хутчэй мінуць гэта страшнае месца.
— Стой! — крыкнуў Міхась, выскачыўшы з-пад хвоі і схапіў каня за вобруць.
Пятрусь так і абамлеў.
— Дык вось ён які чорт! — падумаў Міхась. Што-ж тут рабіць?
„Чорт“ стаяў і не даваў дарогі.
Пятрусь трохі апомніўся. Да яго вярнуўся язык і памяць.
— Уцякай з дарогі, бо канём раздушу!
— Як?! ты мяне з дарогі гоніш?
— Уцякай, кажу, а то яшчэ й нюхаўку паб‘ю!
— Ты мне?! Ды ты ведаеш, хто я?
— Ну, хто-ж ты?
— Ага! Кто я? Папробуй выцяць!
Пятрусь ужо падняў пугу, але не асьмеліўся выцяць „чорта“.
— Ну, годзе! пашоў з дарогі!
— Не, не пайду!
— Чаго ты прывязаўся, як смала? Згінь, прападзі!
Але „чорт“ ня гінуў.
Пакуль яны крычалі, конь пачуў волю і стаў памаленьку заварачвацца назад, шчыплючы траву. У сварцы Пятрусь зусім ня бачыў, што конь яго завярнуўся.
А Міхась як падскочыць да Пятруся ды як запішчыць! Ды так моцна, што аж Іван падняў галаву. А конь шчыпаў траву каля Івана. Як заварушыўся Іван — конь спудзіўся і паскакаў назад у млын.
Га-га-га-га!.. зарагатаў Міхась (ён чуў, што чорт рагоча, падмануўшы чалавека). Пятрусь і ня думаў спыняць каня: скарэй-бы ад гэтага нячыстага месца!
Але, як ён дзівіўся, калі йзноў прыехаў у млын.
А назаўтра Пятрусь Гвозд усім, як у звон званіў, што бачыў чорта каля Кірылавай Магілы.