У ціхай вадзе (1925)/Трывога
| ← Чорт | Трывога Апавяданьне Аўтар: Якуб Колас 1925 год |
На начлезе → |
| Іншыя публікацыі гэтага твора: Трывога. |
ТРЫВОГА
Ужо два тыдні, як над сялом павіс нейкі страх і трывога, чаканьне чагось страшнага і неадхільнага. А што паслужыла першаю прычынаю, дык гэта — вялікая суш. Як толькі пачалася вясна, ніводнага ня было дожджыку. Пасеянае збожжа ў палёх і агароды гібелі. На гэтым грунце й пашлі ўсялякія гутаркі. То тут, то там на вуліцы зьбіраліся мужчыны і жанкі і разьбіралі прычыны, чаму няма дажджу, тут-жа расказвалі розныя страшныя здарэньні апошніх дзён.
А нядаўна пастушкі бачылі такое дзіва, што і ў лысых падымаліся дыбам валасы: на полі совалася ваўчыца, у якой была чалавечая галава. Апроч гэтага, у лесе, як казалі, туляліся катаржнікі, уцёкшыя з астрогу. Усё гэтае, узятае разам, і радзіла той страх і трывогу, што, як туман, віселі над сялом.
А на ўсё сяло найбольшым трусам быў Мікола Гляк. Такога палахлівага і бязьлівага чалавека, як ён, трудна знайсьці. Баіцца ён воўка, баіцца нябожчыкаў, разбойніка, чорта.
Хоць вы азалаціце яго — ніколі ня пойдзе ён адзін у ночы праз лес. А калі, бывала, захопіць яго ў дарозе шэрая часіна, то каню — бяда! І ўжо яго конік сам ведае: чуць толькі пачне зьмяркацца, ён не чакае, пакуль Мікола будзе тузаць яго лейцамі і паддаваць ахвоты пугай, а сам, пырхнуўшы для сьмеласьці, выгінаў сваю худую шыю з куртатай грывай і борзда драбязіў таўсматымі ножкамі. А калі Мікалаю даводзілася ў такі час ісьці пяхотам, то ён так шпарка йшоў, што прыходзіў да дому ўвесь мокры. Ішоў ён раз вечарам. Да сяла было яшчэ вярсты тры. На небе ўжо пачалі ўсходзіць першыя зоркі. Раптам з-пад ялоўцавага куста вылецела птушачка. Мікола зьнячэўку стаў, і з яго грудзей, проціў яго волі, вылецеў жаласны і доўгі крык:
— А-а-а-й!
Ня спалася ў гэту ноч Мікалаю. У хаце з ім быў адзін толькі Міхаська, яго сын, хлопчык гадкоў шасьці. Жонка яшчэ ў дзень пашла да хворай сястры. Пакуль сяло гаманіла, Мікола сяк-так трымаўся і барукаўся са страхам, не даваў яму надта вялікай аблады над сабою. Сон-жа, як на злосьць, ніяк не замыкаў яму вочы. Праўда, у дзень Мікола даў храпака і выспаўся. „Трэба кінуць гэты паганы звычай спаць у дзень“, думаў ён і хаваў галаву пад коўдру, плюшчыў вочы, прабаваў нават храпці. Але, храпануўшы раз, ён спалохаўся свайго храпу і зараз-жа перастаў. Тымчасам сяло моўкла, ноч усё глыбей і цяжэй насядала на зямлю.
— Міхась! Міхаська!
— Га!
— Ты ўжо сьпіш, сынок?
— Сплю, — пачуўся з запечка голас Міхася.
— Можа-б ты, сынок, зьбегаў да цёткі ды паклікаў-бы матку? Скажы — тату нешта нядобра зрабілася.
— Ого! я баюся!
— Дурань ты! Чаго баяцца? Вось сказаў! — стаў бацька высьмейваць страхі сына, а сам увесь калоціцца ад страху.
— А як спаткаю ваўчыцу з чалавечаю галавой? — сказаў сын.
— Якую ваўчыцу? Што ты пляцеш? Сасьніў, ці што?
— Сасьніў! Ці-ж ты ня чуў хіба?
— Дзе? Што? — спытаў бацька апаўшым голасам, а сам пачуў, як уся скура як-бы стала сьцягацца, каб вылужыць яго цела.
А Міхаська стаў расказваць пра ваўчыцу з чалавечай галавой і расказаў гэта такім тонам, што сьмешна было сумлявацца ў праўдзе.
— Брэшуць! — чуць ня плачучы, сказаў бацька.
— Дальбог, татачка, праўда! Вось, тата, не дасі веры! Спытайся, у каго хочаш.
— Але тут у Міколы і язык адняўся. Ён баяўся зірнуць у вакно, бо быў пэўны, што ў вакне ужо тырчыць страшная галава.
Памаўчалі.
— Міхаська! — зноў аклікнуў бацька сына, — паглядзі ты там на прымурачку мой капшук з тытуном і прынясі мне яго, сынок: нешта захацелася закурыць.
Гаворачы так, Мікола думаў залучыць да сябе сына і палажыць яго з сабою — усё-ж весялей, як чуеш каля сябе жывую душу.
— Дальбог-жа, татачка, ня ўстану! Зарэж мяне — не падымуся: я чуў нешта шаўпатала ў качэргах!
— Цьфу, брыда! — вырвалася ў Міколы.
Цяпер ён калаціўся, як асінавы ліст, і мусіў шчаміць зубы, каб ня ляскалі. Але быў такі момант, што сіла шчамленьня перарвалася, і зубы так застукалі, усё роўна, як Марцін Паліваны прабаваў на вялікдзень моц яйца, зьбіраючыся гуляць у біткі.
А сыну здалося, што гэта нехта бразгае ў вакяніцу. Ён падняў галаву і абапёрся на локці.
— Тата! — голасам, поўным перапалоху, аклікнуў цяпер сын бацьку, — нехта трасе вакяніцу!
Ці з вялікага страху, ці ад гічаноў, што бацька еў на вячэру, толькі-ж у жываце ў яго як забурчыць! Як-бы хто ў трубу затрубіў!
— Ай! — не́ма загукаў на ўсю хату Мікалай, ды так страшна й дзіка, што сыну здалося, што ўжо бацьку душаць, і ён з свайго кутка як залякоча!
А бацьку чорт ведае што здалося.
— Ай, тата!
— Г-г-гу!
І такі справілі кірмаш, што хата траслася.
Мікола ўсхапіўся з пасьцелі, як няпрытомны. Ён нічога ня помніў, звалок з ашостку жончыну спадніцу і накінуў яе на плечы. Бягучы да дзьвярэй, вырваў з коміна заткала і выскачыў на двор. Каля яго, уляпіўшыся за зрэбныя порткі, бег Міхаська. А на гэты час праходзіла тут варта. Пачуўшы крык, вартаўнікі таксама перапалохаліся. Зірнуўшы туды, адкуль нёсься крык, убачылі агонь: Мікалаева суседка, Лэя, пякла булкі і вышла з лучынай у сені.
— Пажар! — загаманіла варта.
Адзін з вартаўнікоў кінуўся на званіцу і давай жарыць у званы. Абудзілася сяло, падняўся крык, гвалт. З усіх двароў забрахалі сабакі.
— Хто гарыць? хто гарыць? — пыталіся, бягучы, людзі.
Мікола Гляк высунуўся з двара на вуліцу з заткалам у руках і з жончынай спадніцай на плячо.
Убачыўшы Мікалая ў такой вопратцы і з заткалам у руках, цэлая чарада сялян адкінулася назад і з крыкам: „чорт! чорт!“ — пусьцілася наўцёкі.
— Стойце, браткі! гэта ж я! — загаласіў Мікалай і пабег за імі з заткалам, а за ім і Міхаська. Але на вуліцы ўжо нікога ня было. Ахамянуўшыся, Мікалай узяў за руку сына і сказаў:
— Сынок, хадзем да хаты! І маўчы, нікому нічога ані шэп!..
А назаўтра яшчэ большая трывога павісла над сялом…