Перайсці да зместу

У ціхай вадзе (1925)/Старыя падрызьнікі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пісаравы імяніны Старыя падрызьнікі
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1925 год
Выстагнаўся
Іншыя публікацыі гэтага твора: Старыя падрызнікі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СТАРЫЯ ПАДРЫЗЬНІКІ

Зусім другім чалавекам стаў Сьцяпан, як купіў ён два старыя бацюшкавы падрызьнікі. Ці яго чорт падбіў на гэта, ці другія ўвялі ў пакусу (а ўвясьці ў гэты грэх было ня цяжка, бо ўсе, як крумкачы на падлу, накінуліся на гаспадарку старога нябожчыка-бацюшкі), — ня ведаю.

Зранку да вечара стаяў тут гоман, ішоў торг, — кірмаш дый годзі! Сьцяпан хадзіў, як заўсёды, моўчкам, снуючы ад клуні да кухні, ад хлева да клеці і ад клеці ізноў да кухні. Часамі ён заглядаў у пакой, стаўшы на парозе, і прыслухоўваўся, як розныя людзі — жыдкі, панкі і паўпанкі — расьцягалі зьбіранае доўгімі гадамі дабро. Былі такія моманты, калі Сьцяпану моцна хацелася ўскочыць у пакой і штурхануць у каршэнь надаедлівага Шлёмку Цырліка. Дый папраўдзе сказаць, трэба было мець цярпеньне з гэтым шэльмаю-круцялём: як пачне енчыць, біць у грудзі, разводзіць рукамі, ківаць галавой і крычаць такім праразьлівым голасам, як-бы з яго з жывога зьдзіралі скуру, то ня толькі такі чалавек, як Сьцяпан, але і кожны ня вытрывае тут.

Сьцяпану ў гэтыя дні было моташна на сэрцы. Адна прычына: ён тут пражыў бадай усё сваё жыцьцё. Кожны вугал двара, кожная жэрдзіна ў плоце былі яму так блізкі і так знаёмы, як-бы гэта былі яго дзеці. А гэтыя таўстыя вязы, якія чародамі стаялі вакол пасады, якія ні кропелькі не адмяніліся з тых часоў, як іх памятае Сьцяпан, і пад якімі не адзін раз задаваў ён храпунца ў гарачыя летнія дні, — здавалася, казалі яму: „Эх, Сьцяпан! Цяпер-то разлучымся мы!“ Другая прычына была тая, што ў асобе старога бацюшкі Сьцяпан страціў ня толькі добрага гаспадара, але, можна сказаць, i дарагога друга. А колькі разоў, бывала, лаяліся яны. Бацюшка Сьцяпана, Сьцяпан бацюшку. І гэта ні на адзін шэлег не псавала іх крэпкую, вякамі гадаваную дружбу.

І цяпер, стоячы на парозе і бачачы, як Шлёма Цырлік сваімі бруднымі пальцамі калупае кожную закарвашыну, кожную пляму на бацюшкавых падрызьніках, Сьцяпан ня мог болей трываць. Адважна ступіў ён у пакой, проста ў тое месца, дзе стаяў Шлёма, вырваў з рук падрызьнікі і, зьвярнуўшыся да матушкі, спытаў:

— Колькі яны каштуюць?

— Восем рублёў, Сьцяпанка.

— Дык адлічэце з маіх грошай, я забіраю іх.

Сказаўшы гэта, Сьцяпан кінуў на Шлёму такі погляд, як-бы хацеў сказаць:

— Шалудзька ты! Ось як купляюць людзі!

Шлёма толькі ўскінуў плячыма, усьміхнуўся і сказаў:

— Ну-э!

Сьцяпан-жа высака падняўшы галаву, можа першы раз за ўсё жыцьцё, вышаў з пакояў. Яму здавалася, што ён памаладзеў на цэлых дзесяць год, што ён зрабіў штось важнае, і на яго пазірае цяпер увесь сьвет. А ідучы праз кухню, ён звысака зірнуў на Зосю.

Хоць яна і добрая зараза, але ўсё-ж такі была нешта як-бы жонка, хай сабе і ня венчаная.

Зося, зірнуўшы на тое, як высака трымаў Сьцяпан старыя падрызьнікі і як сьвяціўся яго твар, адразу сьцяміла ў чым тут справа.

— Пашоў-бы лепш на сьметнік ды выкінуў грошы, — сказала яна.

— Ведаеш ты… з носа ды ў рот, — адказаў Сьцяпан.

Можа каб хто сказаў, то Сьцяпан зьвярнуў-бы увагу, а то яна! Што яна знае? заткала[1] гэта старое!

Сьцяпану цяпер хацелася пабыць аднаму. Найлепшым для гэтага месцам быў хлеў, дзе стаялі з аднаго боку коні, а з другога — каровы. У хлеве Сьцяпан пражыў добрую палавіну свайго веку. Што ён тут перадумаў — ведаюць адны толькі сьцены. Толькі мала хто цікавіцца апавяданьнем гэтых сьцен і загарадак, дзе стаіць скаціна і жыве чалавек.

Зьняважыўшы Зосю, Сьцяпан, аглядаючы падрызьнікі, спаважна пасунуў у свае пакоі. Чуць толькі паказаўся ён на парозе, як каровы зараз-жа прыветна замыкалі, а коні вясёла заіржалі. Можа яны хацелі сказаць яму: „Дзень добры, дзядзька Сьцяпан! А з чым ты прышоў?“ Убачыўшы падрызьнікі, уся жывёла разам паціхла. Рыжая карова, зірнуўшы на лахманы, сумна затрасла галавой і выставіла рогі. Відаць і ёй не спадабалася Сьцяпанава пакупка. Толькі бугай аказаў Сьцяпану, як трэба увагу. Прасунуўшы галаву праз загарадку, ён панюхаў падрызьнікі, потым прытуліў губы к наздрам і, задраўшы галаву, доўга стаяў так, выскаліўшы зубы, як-бы сьмяючыся.

— Чаго выскаляешся, воўчае мяса? — сказаў нездаволены Сьцяпан і махнуў на бугая рукою.

Бык, не апускаючы галавы, адхіліўся і сьмяяўся столькі, колькі лічыў, гэта патрэбным. Знашоўшы на шуле каля варот гвозд, Сьцяпан павесіў падрызьнікі і пачаў іх разглядаць: браў іх за рукавы і доўга прыглядаўся, шоргаў рукою, абціраў пыл і абчышчаў іх. А калі заўважаў дзе плямку, то пляваў на яе і моцна шараваў рукавом. Часамі колькі крокаў, каб пацікаваць, як ён адыходзіў на выглядае здалёк. Матэрыя хоць куды! Праўда, Сьцяпан, купляючы падрызьнікі, і ў думках ня меў які-небудзь гандаль: проста купіў, уважаючы памяць старога бацюшкі. А як гэта высокае парываньне яго душы крыху ўляглося, то Сьцяпану само сабою прышло пытаньне, на якую рэч могуць прыгадзіцца яму гэтыя падрызьнікі. Гм! На якую рэч? Сьмешна і пытаць: ці ён сам ня зможа насіць іх? Ось трошкі павузіць рукавы — нават і краўцу ня трэба даваць — надзеў пад халат і насі здаровы.

Каб праверыць гэта, Сьцяпан зьняў адзін падрызьнік апрануў. Глянуў на рукавы — і вузіць ня трэба; з-пад халата нічога ня будзе відаць. Агледзіўшы рукавы, зірнуў на полы — трохі зашырокія… Э! З шырокага заўсёды зробіш вузкае… А каровы, высунуўшы галовы, пільна глядзелі на Сьцяпана і нічога ня цямілі тут. Толькі Падласка, ні з таго ні з сяго, узяла ды зараўла на ўвесь хлеў так, як равуць каровы, убачыўшы разьніка. На гэты час міма хлява праходзіў Цырлік і затрымаўся крыху. Едавіты сьмех скрывіў яго губы і Цырлік сказаў:

— Ой, Сьцяпан, як хораша! Каб цяпер ты стаў на агарод, то ня было-б на сьвеце лепшага пужала, і зарагатаў яшчэ, сморад!

— Каб табе калом вочы пасталі, абармот ты! Ідзі, ідзі, бо зацкую сабакамі.

Ужо Цырлік адышоўся, а Сьцяпан яшчэ доўга гаварыў, якія круцялі гэтыя жыды.

Абапёршыся на загарадку, Сьцяпан дастаў люлечку на кароценькім цыбучку, накладаў у яе махорку і разважаў. Думкі яго вярцеліся каля падрызьнікаў. Ніхто не павінен быў думаць — мысьліў Сьцяпан, — што яму дыхтавала якая-небудзь карысьць, як ён купляў падрызьнікі. І ня думала быць! А хто ня верыць гэтаму, няхай праканаецца сам: адзін падрызьнік Сьцяпан няіменна зашле ў сяло свайму нябожу, сястрэнічу Мікалаю. Аддасьць краўцу, то такія выфастрыгуе нагавіцы або сьвітку, што пярвейшая ў сяле красуля будзе млець па Мікалаі. Толькі ці варта даваць яму? Яшчэ летась ён, падстроіў Сьцяпану штучку, за якую прышлося пасьвяціць вачыма. Як роднага, прыхіліў Сьцяпан свайго нябожу, а той назаўтра выцягнуў з варывеньні ў бацюшкі бутэльку наліўкі і два скруткі каўбас, як добрыя заваратні. Калі каму даваць, то не Мікалаю.

— Дзень добры, дзядзька! Як маешся?

Сьцяпан знячэўку аж падскочыў і выпусьціў у гной люльку.

— Бадай ты, Міколка, спрах: так спужаў мяне!

Сьцяпан і не сьцікаваў, як увашоў той, пра каго ён думаў.

— Што гэта ў цябе, дзядзька, вісіць? — спытаў Мікалай

— Дзе вісіць? — спытаў, нібы-то нічога ня ведаючы, Сьцяпан і дадаў:

— А! гэта! гэта… так рэч адна.

Мікола зьняў падрызьнік і стаў разглядаць яго.

— Ці ты, дзядзька, хочаш быць папом? Навошта яны табе?

Доўга ня думаючы, Мікалай нацягнуў на сябе падрызьнік. Потым ён, як вар‘ят які, выскачыў на двор і давай круціцца.

Сьцяпан узлаваўся.

— Пакінь, Мікола, дурэць! Чуеш ты? — крыкнуў Сьцяпан і выбег на двор, каб сьцягнуць з Мікалая падрызьнік. Мікалай адбегся і давай падражнівацца з дзядзькам.

Ды гэтага мала: ён яшчэ стаў выбрыкваць нагамі, прысядаць і размахваць падрызьнікам, як крыльлем. Сьцяпан вышаў з цярпеньня і давай лавіць Мікалая. Ды дзе ты дагоніш яго, калі ён вёрткі, як чорт. Хіба прыпёрці да плоту? Але і платоў яму няма, каб ён апруцянеў! Якраз на тое ліха Зося заярыла з кухні сабак. Убачыўшы незнаёмага хлопца і Сьцяпана, што за ім ганяўся, пакрыўджаныя і злыя сабакі з трох бакоў кінуліся на Мікалая. Мікалай выламаў з плоту кол і давай ваяваць з сабакамі. А яны так і лезуць сьляпіцаю. Адзін з іх злаўчыўся і схапіў Мікалая ззаду за падрызьнік. Падняўся страшны гаўк, крык. Выскачыла Зося з кухні, матушка з пакояў; з-за вугла высунулася галава Шлёмы Цырліка. Мікалай вылузаўся з падрызьніка, прысланіўся да вязу і адмахваўся калом ад сабак. Сьцяпан падняў падрызьнік, адагнаў сабак і, не гаворачы ні слова, хвасянуў разоў два Мікалая гэтым падрызьнікам.

— А ты, нехрысьць, чаго тут? На, цю на! на, цю на!

Шлёма, падняўшы лапсардак, задаў такога лататы, што пыл курэў з-пад ног.

— Не сярдуй, дзядзечка, ня гневайся, — сказаў Мікалай, — праўду гавораць людзі: „Ня поп — ня ўбірайся ў рызы“.

— Пашоў ты к чортавай матары, — гіцаль! Думаў зрабіць, як чалавеку, а цяпер — вось табе гула асмаленая! — злосна сказаў Сьцяпан і сунуў пляменьніку ў нос фігу.

— Дзякую, дзядзечка, і за гэты гасьцінец.

Сьцяпан плюнуў і зачыніўся ў хлеве.

Ён быў цяпер злы; больш усяго ён злаваў на Цырліка, бо гэта яго работа, гэта ён падгаварыў Мікалая састроіць такія кпіны з дзядзькі… І на чорта было купляць гэтыя няшчасныя лахманы? Ну, што ў іх ёсьць? золата з іх ліецца? Толькі сабе сэрца пераеў. Тут Сьцяпан з ненавісьцю зірнуў на падрызьнікі. А яны сабе вісяць, як нічога. А ўсё гэта чортаў жыд: не нагані яго чэрці — і ў галаву ня прышло-б Сьцяпану купляць гэтыя дрынды. Ні іх надзець, ні іх перарабіць. Праўду казаў той Мікола: „калі ня поп — ня ўбірайся ў рызы“. А перарабіць? Колькі-ж яны будуць каштаваць? А ён, Сьцяпан, што? дзяцюк малады? Вунь ужо сівых валасоў у галаве колькі… А восем рублёў, як у печы згарэла.

І ўвесь гэты дзень Сьцяпан быў сярдзіты. Куды-б ён ні пашоў, за што-б ні ўзяўся, усюды гэтыя падрызьнікі стаяць у вачох, як-бы іх там хто павесіў. Бадай на іх упадак! Ня толькі людзі, а і жывёла сьмяецца з яго. Тут Сьцяпану ўспомніліся словы Зосі, Цырлік, Мікалай, як скакаў ён лявоніху, рыжая і падласая карова і бык. Ну, усе-ж з яго сьмяяліся. А сабака дык нават разарваў ззаду. І маюць клёк, бо ён дурны, хоць і стары. Нават уначы ня меў Сьцяпан супакою. Прысьніўся такі брыдкі сон. Здаецца сьнілася Сьцяпану — ён даваў каровам, а падрызьнікі (зноў яны!) віселі на старым вязе. Так сабе і вісяць яны. Потым гэты вяз як-бы ўздрыгануўся, сагнуўся, павярнуў сукамі і ўсьцягнуў на сябе падрызьнікі. Сьцяпан падышоў і кажа: „Стары ты ўжо чалавек (так і сказаў — чалавек) займацца такімі жартамі не фасуе“. І толькі Сьцяпан хацеў зьняць падрызьнікі, як гэты вяз падняўся ўгару, потым сарваўся з месца і пашоў бегаць па дварэ, а за ім — сабакі, Зося, матушка; зноў выскачыў з-за вугла Цырлік і пашоў каля вязу ў прысядкі.

Сьцяпан прахапіўся, правёў рукою па сьцяне — падрызьнікі вісяць на месцы.

— А каб вас агонь спаліў!

Тут ён падняўся, зьняў іх і давай малаціць імі па загарадцы.

— Панясу тапіць!

І Сьцяпан цьвёрда пастанавіў утапіць іх у рэчцы. Няхай толькі разьвіднеецца. З гэтай пастановай Сьцяпан заснуў ізноў. Настала раніца, і Сьцяпан супакоўся.

— А каб папрабаваць панесьці іх прадаць? Сьцяпанавы думкі пашлі па новай дарозе. Прадаць, няпрыменна прадаць. Яшчэ й зарабіць можна будзе. Ухадзіўшыся каля жывёлы, Сьцяпан зноў стаў прыводзіць у парадак падрызьнікі: разгладзіў іх, пачысьціў і ціханька шуснуў у горад. А горад быў тут- жа. Прышоўшы ў горад, Сьцяпан распасьцёр падрызьнікі на руках так, каб паказаць іх з найлепшага боку. Прашоўся па аднэй, па другой вуліцы. Ніхто ня пытае — няма купца. А часам які цікавы падойдзе, паглядзіць, ускіне плячыма і пойдзе.

— Манах! манах! — гукнулі два падшывальцы і, тузянуўшы Сьцяпанавы падрызьнікі, пусьціліся драла. „Ня мела баба клопату, купіла парася“, думаў ходзячы Сьцяпан, страціўшы надзею знайсьці купца.

І ўжо Сьцяпан павярнуўся, каб ісьці дадому. Зірк — Шлёма Цырлік.

— Ну, Сьцяпан, многа зарабіў?

— Многа. Каб ты столькі на сьвеце пражыў! — адказаў Сьцяпан.

— На два рублі.

Сьцяпан перш хацеў паслаць Шлёму к чорту, ды апомніўся і стаў таргавацца.

— Паглядзі, якая падкладка — шоўк, чысты шоўк. А верх!..

Прадаў Сьцяпан падрызьнікі за тры рублі.

І нічым ня можна было горш раззлаваць Сьцяпана, як спытаць яго:

— Ці многа зарабіў, Сьцяпан, на падрызьніках?


  1. Заткала — жмут ануч, каторымі даўней затыкалі коміны.