Перайсці да зместу

У ціхай вадзе (1925)/Стараста

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Кантракт Стараста
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1925 год
Дзяліцьба
Іншыя публікацыі гэтага твора: Стараста.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




CTAPACTA

— Ты знаеш хто я? знаеш? Ну, кажы!

— Чаму-ж ня знаю: ты наш стараста.

— Стараста! Я — стараста, ст-а-а-раста.

Пры гэтым стараста падняў угару палец, уставіўся ў адно месца, як-бы абхопліваючы цалкам усю веліч свайго чыну, свае ўлады, магутнасьці.

Гэты агляд упаіў старасту, галава яго закружылася яшчэ больш, і ён у парываньні нейкай дзікай радасьці і буйства крэпка згарнуў кулак і грукнуў па стале.

Пустая бутэлька падскочыла ўгару і са звонам скацілася пад стол.

— А ты ведаеш, што ёсьць стараста?

Мікіта Булбатка, старастаў прыяцель і сябар па бутэльцы, да якога зварачаўся стараста са сваім пытаньнем, сьцеляпнуўся ўсім целам і з вялікім цяжарам узьняў на старасту вочы. Заміж аднаго старасты яму паказалася па меншай меры з шэсьць старастаў, і Мікіта ня ведаў, якому з іх адказваць.

— Стараста, ну і ёсьць стараста, — прамовіў непаслушным языком Мікіта. Але такі адказ не здаволіў і самога Мікіту.

— Ты выбраны вобчаствам чалавек, значыцца, пастаўлены ад вобчаства, — вось што ёсьць стараста, — паправіўся Мікіта.

Стараста круціў галавою і яшчэ больш насядаў на пытаньне, што ёсьць стараста.

Мікіта зусім зьбіўся з панталыку і ўжо з адчаю сказаў:

— Ты — наша начальства!

— Во! Во! праўду гаворыш, — падхапіў стараста: — то ўжо калі пашло на праўду, то і я скажу табе праўду: ты — самы разумны ў вобчастве! Так гаворыць табе начальства. Люблю я разумных, страх як люблю.

Стараста і Мікіта перагнуліся цераз стол і крэпка пацалаваліся. Мужчыны бліжэй падступілі да сяброў; гутарка гэтых выпівак пачынала пацяшаць іх. Сьмяшлівыя вочы Кандрата Гоцкі акінулі мужчын.

— Начальства з розумам цалуецца, — сказаў ён.

— А то-ж я не начальства?! — павярнуў стараста малапаслушную галаву ў бок Кандрата.

— Хто-ж гаворыць, што ты не начальства? Хіба ня ведама? Ці ня ты з нас падаткі бярэш? — Стараста нізка апусьціў галаву і слухаў, і ў тых мясцох, дзе пацьвярджалася яго начальства, ён здаволена ківаў галавой.

— Ці ня ты гоніш нас на работу? — гаварыў далей Кандрат, а стараста зноў скалыхнуў галавою.

— Ці ня ты павесткі нам падпісваеш і завяраеш?

На стараставых губах зьявілася шчасьлівая ўсьмешка.

— І ты разумны, Кандрат! ты і Мікіта. Гавары далей!

— Ці не цябе гэта Сальвэсь Кастантынаў гнаў з млёнам праз усю вуліцу? — Тут стараста ўзьняў на Кандрата вочы.

— Што?! — спытаў стараста. Мучжыны зарагаталі.

— Ці ня ты ў халоднай сядзеў — помніш можа — земскі пасадзіў?

— Маўчаць!!!

— Ці ня ты гэта, як жабрак, нядоімкі зьбіраеш?

— Дурань! — крыкнуў стараста: — дурань ты!

— Няхай сабе дурань, а ты — папіхач, якое ты начальства?.. Пхае цябе пісар, пхае старшыня, земскі… хто ня хоча хіба, той ня пхае. Спытай хоць разумнага Мікіту.

Мікіта целяпнуў галавою, хацеў штось сказаць у вабарону старасты, ды нічога ня вышла.

— А што, і Мікіта пацьвярджае, што ты папіхач.

— Мікіта, праўда гэта? — спытаў стараста Мікіту. Мікіта нічога ня цяміў; яму цяпер было ўсё роўна; а як адно слова сказаць было лягчэй, то ён і сказаў:

— Праўда!

Мужчыны са сьмеху аж за жываты хваталіся.

— Калі Мікіта сказаў „праўда“, так значыць праўда, бо Мікіта самы разумны ва ўсім вобчастве, — крычаў, рагочучы, стары Грышка.

Стараста грозна ўтаропіўся на Мікіту.

— Праўда?!

— Праўда!

— Ах ты гіцаль! І ты мяне лаеш? Ты, які маю гарэлку піў?

Цяпер Мікіта сьцяміў, што стараста яго лае. А калі чалавека лаюць, то чаго цярпець? Што доўга разьбірацца?

— А-а-а ты ня піў маю гарэлку? каб ты смалы напіўся! — прарваўся ў канцы Мікіта: — жабіч ты! Ты думаеш, калі ты стараста, так ты ў мяне вялікая цаца? Пляваць я на цябе хачу, начхаць табе на галаву! Хрушч ты рыжы! Жабіны начоўкі, падла сьмярдзячая, абармот, п‘яніца!.. Акцызьнік ты, во што!..

Стараста і вушам сваім ня верыў. Ён пазіраў асалавелымі вачмі і слухаў, як адчытваў яго Мікіта.

— Ты, ты мяне лаеш?! — устаў стараста, згарнуўшы кулакі: — да ці ведаеш ты, каго лаеш? Мяне, урадовую асобу, пры спаўненьні службовых абвязкаў? Ды я-ж цябе ў Сібір запякаю, з вобчаства вышлю, на дзень у халодную пасаджу! Да ты ведаеш, хто я?.. Людзі, будзьце сьведкамі!

Стараста штось надумаўся, вылез з-за стала і, хістаючыся, рынуўся да дзьвярэй. Пераступіўшы парог, ён з усёй сілы грукнуў дзьвярыма. Доўгае крысо яго каптана папала між вушака й дзьвярэй і зашчамілася. Стараста адразу пачуў, што яго нехта трымае.

— Пусьці! — крыкнуў стараста і рвануўся, але крысо моцна было прышчэмлена.

— Пусьці, кажу! Адказваць будзеш за супраціўленьне начальству.

Мужчыны пазіралі ў вакно і поўзалі са сьмеху.

— Мікіта! пусьці, каб цябе жывот схапіў ды ня пусьціў гад печаны!

Старастаў крык далёка нёсься па сялу. На гэты час ішоў з вудамі бацюшка лавіць рыбу. Бацюшка накіраваўся да старасты. Рвануўшыся са ўсёй сілы, стараста адарваў крысо. Ганак быў высокі, і стараста, як клубок, пакаціўся аж пад кузьню.

Убачыўшы бацюшку, стараста не ўстаючы з зямлі, з адарваным крысом, зьвярнуўся да яго:

— Бацюшка, будзь сьведкай, забіць мяне хацелі…

— Стараста, стараста! — прамовіў поп і пашоў рыбу вудзіць.