Перайсці да зместу

У ціхай вадзе (1925)/На начлезе

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Трывога На начлезе
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1925 год
Калодка пчол
Іншыя публікацыі гэтага твора: На начлезе.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА НАЧЛЕЗЕ

I

Немалады ўжо чалавек Тамаш Чучка, і не яму-б езьдзіць на начлег. Праўда, начлег не такая ўжо цяжкая рэч: але што ні кажы, усё-ж такі старым касьцям куды лепш было-б ляжаць на сяньніку каля печы. Але хто-ж паедзе? Якуб, можа, гэтымі днямі прыдзе з плытоў, а покі што трэба зьбірацца. Падапрануўшы кажушок і падперазаўшыся путам, Тамаш вышаў з хаты.

На вуліцы ўжо тупалі капытамі коні, бражджалі званкі сіпаватымі галаскамі. Начлежнікі ехалі шумна. Сярод іх было колькі дзяцюкоў, а найболей усё былі дзеці, — хлопцы- падшывальцы; былі тут і дзяўчаты. Уся гэта галда крычала, гаманіла; дзяцюкі, а за імі і жэўжыкі-хлопцы, пазвалялі сабе залішняе: ніводнай хаты не прапускалі яны, каб ня выкусіць якой штукі наконт гаспадара, гаспадыні або іх дачкі.

Едуць, скажам, каля Дзямянавай хаты. Ну, Дзямян дык Дзямян — чалавек, як і ўсе людзі. Не! ім трэба зачапіць чалавека. Ось пад‘яжджае адзін да вакна, спыняе каня і пытае:

— Дзямян дома?

— Дома, — чуецца з хаты.

— Тэм-латадэм, Дзямян дома! — крычыць распусьнік і едзе далей. За ім едзе другі, трэці і гэтак усе:

— Дзямян дома?

— Тэм-латадэм, Дзямян дома! — падхопліваюць усім гуртам.

Усякі ведае, што „тэм-латадэм“ чорт яго знае, што яно такое, але ў канцы Дзямяну так намазоліць вушы гэта „тэм-латадэм“, што ён зрываецца ў адных портках і кашулі, хапае качаргу і вылятае, як бура, на вуліцу. Гэтага толькі і трэба падшывальцам. Яны з крыкам і сьмехам задаюць махні-драла вярхамі на конях. А Дзямян, лаючы і праклінаючы іх, бяжыць за імі вератняў два, пакуль дух не захопіць яму. Пад‘ехаўшы да Тамаша, начлежнікі зацягнулі песьню:

У нашага Тамаша
Гразь цячэ з капялюша.

— А ты глядзі от, каб у цябе з носа не пацякло, — спакойна адазваўся Тамаш, падводзячы каня да плоту, каб сесьці вярхом. Каню, відаць, ня вельмі падабаецца нясьці на сабе гаспадара, і ён, як толькі Тамаш нарыхтуецца сесьці, зараз-жа ўцякаў ад плоту. Тамаш крычаў на каня, зноў цягнуў яго да плоту, пакуль сяк-так не ўшчарэпіўся вярхом.

Начлежнікі ўжо ад‘ехалі далёка, як Тамаш выяжджаў з двара, ды яно і лепей: якая яму кампанія гэтая блазнота? толькі выскаляцца будуць, а конь і сам патрапіць за імі.

II

Начлежнікі выбралі высокі, сухі груд, каб можна было прылегчы і разлажыць агонь. Кожны начлежнік вёз з дому па палену дроў, бо луг быў голы, як бубен. Спыніліся начлежнікі, спыніўся і Тамаш; ён спутаў свайго каня, павесіў яму на шыю перавясла, каб заўтра скарэй знайсьці свайго каня, і прылёг воддаль ад гэтай маладой галды.

3 шумам і гамам раскладалі начлежнікі агонь, штурхаліся, дурэлі. А Тамаш, скінуўшы капялюш і ўзьняўшы ўгору вочы, пазіраў на яснае зорнае неба. Зоры, як матылёчкі, трапыхаліся, дрыжалі, і іх бляск пераліваўся дзіўнымі колерамі нязьлічаных агней. За лугам чуць-чуць выступала сваім чорным абрысам зубатая палоска яловага лесу, а над ім мігацелі чырвоныя стужкі трывожных зарніц. Кругом было так спакойна, так ціха і згодна, што душа мімавольна адрывалася ад зямлі і няслася ў невядомую высь, каб зьліцца з хараством, з безгранічнасьцю гэтага таемнага, неразгаданага сьвету, і нейкая бяспрычынная радасьць разыходзілася па ўсіх закутках цела.

Тамаш лёг на сьпіну, падлажыўшы пад галаву рукі. Доўга ён ляжаў гэтак і разважаў у сваіх думках. Аб чым думалася, ён і сам не адказаў-бы, каб яго хто спытаў аб гэтым. Думкі самі йшлі і праходзілі, бы тыя лёгкія хмаркі на небе, — ішлі й раставалі, як сьняжынкі.

А там, каля агню, варушыліся і бегалі дзеці, адтуль нясьліся песьні і выкрыкі. Памалу ўсё супакоілася. Толькі сьмех дружны і закатны, гаварыў, што каля агню яшчэ ня сьпяць. Тамаш зацікавіўся і стаў прыслухоўвацца. Пачуўся сабачы брэх, праўдзівы сабачы голас. І зараз-жа вырваўся дружны рогат начлежнікаў. Тамаш падняўся і падышоў да агню.

Начлежнікі сядзелі ў кружок. Пасярэдзіне гарэў агоньчык, а каля агню сядзеў хлопчык Пятрусь. Ён і пацяшаў начлежнікаў. Пятрусь, як ніхто, умеў паказаць, як брэша чый сабака.

— Ну, а як брэша Гаронімаў Лыска? — пыталі Пятруся.

Пятрусь брахаў. І ніхто не падумаў-бы, што гэта брэша Пятрусь, а не Гаронімаў Лыска.

Тамаш слухаў, і губы яго самі разьнімаліся для сьмеху.

— І крлошкі пабраў, — сказаў, гаркаючы, Тамаш.

— Пятрусь! — ня вытрымаў Тамаш: — а як, брлат, мая сучка брлэша?

Жулік-Пятрусь зірнуў на Тамаша.

— Гэрл!-гэрл!-гэрл! — перадражніў ён Тамаша і яго сучку.

Усе так і паехалі са сьмеху.

— От брладзяга, — сказаў Тамаш і плюнуў.

Тамаш пасядзеў яшчэ колькі мінуцін; гаворка начлежніkay, ix крык i шум неяк адляталі ад яго і ня трывожылі; потым ён прылёг, падпёршы рукою галаву. Сон няпрыметна замкнуў яму вочы, рука саслабела і галава сама зьехала на распрастаную руку.

III

— Што са мною? дзе я?

Тамаш узьняў галаву і стаў прыглядацца. Ён чуў, што нешта цяжка навалілася на яго плечы, і павярнуўся. Гэта мяккае і цяжкае бяз шуму спаўзло з яго. Яму было холадна, усе часткі яго цела дрыжалі ад ранічнай вільгаці. Тамаш успомніў, што тут павінен быць агонь. Але дзе-ж начлежнікі? Ні агню, ні начлежнікаў ня было і почуту.

— Што за праява? — Тамаш правёў рукою па твары, працёр вочы. Змрок і туман, прадвесьнікі раніцы, густа віселі над зямлёю і ўсё закрывалі ад вачэй. Усюды было ціха. Тамаш стаў прыпамінаць месца, куды прыехалі начлежнікі, прыпомніў вечар, жарты начлежнікаў, Пятруся-брахуна. Не без пачуцьця крыўды ўспомніў ён гэтага самага шэльму, які састроіў кпіны з яго, паказаўшы, як брэша яго сучка. А што было далей? Ці то яму сьнілася, ці гаварыў хто з начлежнікаў… Тут Тамаш увесь закалаціўся. І вось што цяпер яму ўспомнілася. Было гэта на начлезе. У адным месцы тварылася штось страшнае і няўцямнае. Нейкая сіла (ведама, нячыстая), не давала людзям спаць на гэтым месцы. Сядзяць, гавораць — нічога. А як толькі задрэмлеш, зараз-жа з-пад цябе ляціць к чортавай матары вобраць, шапка, люлька; халат зьдзярэ і закіне так, што ня скора і знойдзеш. Ці ня стаўся і ён, Тамаш, ахвярай чортавай сілы?

Тамаш здрыгануўся: яму стала страшна. Рука яго кранулася чагось мяккага й вільготнага; аглянуўся — купіна; яна нібы заварушылася, і на ёй на момант бліснуў агоньчык. Шапка ўзьнялася, валасы паўставалі на галаве Тамаша, ён усхапіўся і пусьціўся наўцёкі. Але не прабег Тамаш і дзесяць крокаў, як уляцеў у нейкую багну. Тамаш крута павярнуў назад. Лапаць заеўся ў гразь, і нага вылузалася з яго.

Бягучы назад, Тамаш спаткнуўся на купіну і паваліўся. Тут яго апанавала такая злосьць, што ён пачаў таптаць і мясіць нагамі з такою сілаю, што купіна зраўнялася з долам, і толькі чорная пляма асталася сьледам ад гэтай паганкі, Тамаш чуў, што пад нагамі як-бы нешта піснула, але гэта толькі паддавала злосьці. І Тамаш яшчэ доўга, як ашалелы, скакаў па чорнай пляме, падгукваючы:

— By! вy! вy!

Зьніштожыўшы ў канец купіну, Тамаш скруціў дзьве хвігі і сунуў іх у розныя канцы сьвету.

— Вось вам, брладзягі!

У Тамаша зьявілася такая ахвота пакрышыць рэбры яшчэ якому-небудь чорту, што ён, здавалася, і ня рад быў, што на ўсходзе пачынала сьвятлець і што, заміж чорта, звонка паняслося па лузе:

— І-і-га-га-га!

Конскае іржаньне прывяло Тамаша да памяці, і ён пашоў у той бок, дзе былі коні. Прашоўшы колькі вератняў, Тамаш насунуўся на начлежнікаў. Скурчыўшыся ў тры пагібелі, спалі яны вакол таго месца, дзе быў агонь, а на самым вогнішчы, закрыўшы яго жыватом, ляжаў Панас, першы штукар ва ўсім сяле. Недалёка хадзілі коні. Узяўшы вобруць і нікому не сказаўшы ні слова, Тамаш пашоў браць каня. Тамаш прыглядаўся, шукаючы каня з перавяслам на шыі. А вось і ён! Тамаш працяг руку, каб узяць каня за грыву. Конь, ухмыліўшы вушы, павярнуўся задам і намерыўся ўбрыкнуць Тамаша. Тут толькі разгледзіў ён наравістую кабылу Андрэя Мотуза. Тамашу стала ясна ўсё. Сярдзіта глянуў ён у бок начлежнікаў. Адтуль несься прыдушаны рогат Панаса.

— А каб ты ў чыстым полі рагатаў, каб цябе вон нагамі вынесьлі, як ты мяне нёс, каб на тваю шыю вяроўку завязалі, як завязаў ты перавясла на чужога каня, гіпаль ты!

Усход чырванеў, павеяла прохладзьдзю.

Тамаш ехаў моўчкі і думаў аб тым, як накпілі з яго начлежнікі.