Перайсці да зместу

У ціхай вадзе (1925)/Кантракт

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Соцкі падвёў Кантракт
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1925 год
Стараста
Іншыя публікацыі гэтага твора: Кантракт.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




KAHTPAKT

З жыцьця пінчукоў

I

Хата старасты Рамана Карэня была паўнютка людзей. Сюды часта такі зьбіраліся паляшукі пагутарыць аб сваіх справах. Апрача таго, Раман і сам часта склікаў сялян, каб аб‘явіць ім волю валаснога начальства.

Вось і сягоньня Раман паклікаў паляшукоў на сход. Чуць толькі сьцямнела, пачалі зьбірацца паляшукі. Скора іх націскалася поўная хата. Захрыпелі цыбукі, застукалі люлькі аб тоўстыя кіпці, і ў хаце падняўся такі дым, што ня можна было пазнаць трэцяга чалавека, хоць яго нос і можна было абмацаць рукою.

Покі зьбіралася „законнае чысло“ людзей, каб сход мог мець сілу, паляшукі гулі, як рой пчол. Адзеты яны былі — хто ў доўгія халаты, хто ў кажухі з шырокімі, як засланка, каўнярамі. Усе яны былі ў лапцях, з голымі грудзьмі, хоць на дварэ крапіла зіма. Адны сядзелі, другія стаялі. Нізкі, з рыжаю бародкаю, Сымон Тачына жартаваў з Алёнаю, стараставаю жонкаю, покі яна ня сунула яму, сьмяючыся, качаргу ў рыжую бараду. Кандрат Лата пакепліваў з Дзямяна Трубы, як яго поп спавядаў летась і закамандваў за грэх прывезьці тры вазы дроў.

— Які ты грэх зрабіў, Дзямян?

— Што ступіў, то і саграшыў, — сказаў Дзямян.

Стараста ўжо некалькі раз падымаўся на ўслон, пытаў, ці ўсе сабраліся, лаяў Кастуся Рылку, што той доўга ня йшоў.

— Ну, ужо ёсьць больш як тры чвэрці гаспадароў, — сказалі сяляне.

— Дык будзем рабіць сход, — пачаў старшыня. — Грыгор Бугай, Пятрусь Грэнка, Янка Вясёлы і Васіль Кукса хочуць узяць ад вобчаства o арэнду рэчку і тоні.

„Арандатары“ стаялі асобна. Твары іх былі сур‘ёзныя.

Як толькі стараста змоўк, паляшукі, як па камандзе, загаманілі на ўсе лады. Тут былі ўсякія галасы: адзін трашчаў, як трашчотка, другі вырываўся рэзка, праразьліва, як жалезны клін, трэці вёў тонка, чацьверты хрыпеў, як люлька стараставага бацькі, пяты сыпаўся гарохам, шосты гуў чмялём, а ўсё гэта зьлівалася з басам якога-небудзь Данілы.

Але ўрэшце ўзяў верх голас Васіля Куксы. Ён так стараўся — вырачыў вочы, махаў капшуком і люлькаю.

— Якая цяпер у чорта рыба? — крычаў Кукса: — хоць-бы на невад адышло.

— На колькі год бераце ў арэнду?

— На шэсьць. Але…

— Колькі арэнды ў год? — пытаў стараста ў сходу.

— Пятнаццаць рублёў! — гукнула большая палавіна паляшукоў.

Праўда, некаторыя крычалі, 18, другія — 12, а самі арандатары стаялі за дзесяць.

— Дык як-жа будзе?

— Няхай бяруцць за дванаццаць, — сказаў Мікіта Крынічны.

— Усе згодны?

— Згодны!

— Калі так — сказаў стараста, — то будзем пісаць кантракт. Толькі-ж не разыходзьцеся, мужчынкі.

II

А тым часам галоўнае было ўсё ўперадзе: дастаць аркуш паперы для кантракту, асадку, чарніла, пяро. Гэта ўсё такія рэчы, якіх паляшукі ня ўжывалі з тых часоў, як паўстаў сьвет. Стараста разаслаў ганцоў ва ўсе куты вёскі Ямішч. Зьмяты аркуш паперы дасталі ў Бэркі. Па чарніла і асадку прышлося йсьці за дзьве вярсты да старога Ірша. Прашла добрая гадзіна часу, покі ўсе патрэбныя рэчы былі раздабыты.

Цяпер на самае важнае месца выступіла пытаньне: хто-ж будзе пісаць кантракт. Усе паляшукі, у тым ліку і стараста, пісаць ня ўмелі. А калі яму трэба было заверыць якую бумагу, то ён браў сваю пячатку, трымаў яе над запаленым карчом або лучынаю, покі на ёй не нарастаў здаровы слой куру, і прыкладаў да паперы, папляваўшы на тое месца, дзе павінна быць пячаць. І „Яміцкі сельскі стараста“ ня раз стаяў дагары нагамі.

Паляшукі пачухалі патыліцы. Але яны зараз-жа пачалі таўчы пад бок Міхалку Варэйку.

— Ідзі, Міхалка, ты-ж расьпісваўся ў воласьці.

— Расьпісацца магу, а кантракт чорт яго напіша, — упіраўся Міхалка.

Тут Міхалку падхапілі пад рукі, двое цягнулі яго за полы каптана, некалькі чалавек пхалі і такім парадкам дамарослага пісара цягнулі праз усю хату, як мурашкі хрушча. Другія паляшукі расступіліся і Міхалку пасадзілі за стол. Стараста зьняў лямпу, паставіў у гаршчку на стол, а каб яна ня хісталася, насыпаў у гаршчок ячменю.

На момант у хаце зрабілася ціха. Усе пазіралі на „пісара“.

А „пісар“ сядзеў важна і аглядаў пісарскія прылады. Канец пяра быў зломаны, у чарнільніцы не хапала палавіны рыльца. „Пісар“ апусьціў пяро ў чарніла, паднёс пасьля да лямпы і стаў прыглядацца.

— Ці-ж гэта чарніла? — саладуха нейкая! — сказаў ён.

Хата затраслася ад сьмеху. Сьмяяліся не з таго, што сказаў Міхалка — усім было сьмешна бачыць Міхалку пісарам.

Міхалка ўжо хацеў кінуць пісарства і вылезьці з-за стала.

— Дык што пісаць? — спытаў ён злосна.

Падняўся яшчэ большы сьмех.

— Ось я табе зараз скажу, — і стараста пастараўся зрабіць надта мудрую міну. Ён скрывіў на бок галаву, завярнуў вочы ў самы лоб, а адной рукою чухаў сківіцу. Яму давялося чуць некалькі раз, як чыталі кантракты, але ён не хацеў паказаць гэтага: няхай знаюць паляшукі, што ён дыктуе сам з свае галавы.

— Пішы! — сказаў стараста да Міхалкі: — Мы, ніжэйпадпісаныя сяляне вёскі Ямішч, скліканыя нашым старастам…

— Чаго ты паляцеў, як вол у гіз! — крыкнуў Міхалка.

Але старасьце далей ляцець ня было куды: хоць забі, далей ні слова ня помніў.

Аж холадна зрабілася старасьце: пачаць то пачаў, але чым скончыш? як тут выкруціцца?

Міхалка тым часам прыглядаўся да пісаньня. Перш-на-перш ён пасадзіў вялізную „варону“ на паперы. А як гэта капка непатрэбна, то ён размазаў яе рукавом і пачаў выводзіць каракулі, высалапіўшы язык і сярпом скрывіўшы яго на правай палавіне роту.

А стараста думаў. Цяпер ён думаў папраўдзе, але галава была як саганец — ніводнай думкі ня выціснуў з яе бедны стараста.

— Мы… мы… мы… ліжа… іжа… падкасаныя… — Міхалка ўпёрся носам у кантракт.

— А ты праўду кажаш, — загаварыў „пісар“, ня зводзячы вачэй з кантракту: што-ж я напісаў?

— Ніжэйпадпісаныя, — сказаў стараста апаўшым голасам.

— Ага! так, так!

— Прачытаюць у воласьці, яны-ж з гэтага і хлеб ядуць, — разьвясельваў іх арандатар Кукса.

А тымчасам і стараста і „пісар“ не маглі далей зрушыцца з месца, як-бы на сьцяну налезьлі.

Стараста ўставіўся вачыма ў печ, як дурны, і стаяў, Міхалка ваяваў з „сялянамі“. Чытаў, чытаў, а ў канцы вычытаў:

— Сагане.

Усе зарагаталі.

Старасту асьвяціла ўрэшце добрая думка.

— Ну, і пісар-жа з цябе! — накінуўся ён на Міхалку, — пісаў пісака, што не разьбярэ й сабака… Бадай ты згарэў! Ідзеце, хлопцы, да хаты. Прыедзе пісар, дык і напіша…