Перайсці да зместу

У ціхай вадзе (1925)/Злавіў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Так і трэба ашуканцу Злавіў
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1925 год
Тоўстае палена
Іншыя публікацыі гэтага твора: Злавіў.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗЛАВІЎ

Дапісаўшы апошні радок прызыўных сьпіскаў, пісар, Павал Дурундовіч, разагнуў сьпіну і далёка працягнуў пад сталом ногі.

— Канец, і пісару слава! — сказаў пісар і шпурнуў на стол ручку. Зірнуўшы на гадзіньнік, ён борзда падняўся, сказаўшы:

— О-о-о!

Было каля поўначы. Стораж Грыгор даўно ўжо спаў, разваліўшыся на падлозе зборнай каля дзьвярэй. З таго кутка, дзе ён спаў, няслося столькі ўсялякіх зыкаў, што трудна было паверыць, каб гэтыя зыкі выляталі з аднаго чалавека.

Цяпер толькі пісар зьвярнуў на гэта увагу і, зачыняючы шафу, сказаў, зірнуўшы ў бок стоража:

— Маладзец: сам іграе і сам сабе ўтурыць! ігрышча дый годзі!

У спальні пісара даўно ўжо чакаў ложак з мяккім матрацам і з высока ўзьбітымі падушкамі. Запаліўшы сьвечку, пісар разьдзеўся і лёг у пасьцель, згайдануўшыся разоў пару.

— Харашо, чорт вазьмі! — сказаў пісар, пацягваючыся, і прыемнае пачуваньне агульнага здаваленьня ахінула ўсё яго цела.

Патушыўшы сьвечку, пісар да грудзей толькі нацягнуў лёгкую коўдру, бо на дварэ і ў хаце было душна, як у лазьні.

Колькі мінут пісар ляжаў спакойна, думаючы аб сім і тым. Яму было добра: няпрыемная работа — прызыўныя сьпіскі — закончаны: земскі начальнік знашоў усё ў парадку; рэвізія таксама нічога кепскага не знашла. Адным словам, пісар папаў у тую паласу жыцьця, калі чалавеку шанцуе і ўсё ідзе, як па пісанаму. І сон, салодкі сон, з мінуты на мінуту гатоў быў замкнуць яму вочы.

Але чуць толькі стаў ён драмаць, як па яго сьпіне борзьдзенька прасунулася маленькая, чорная, жвавая жывёлка, усё роўна, як там закраўся чарток і паказытаў яго каласком.

Пісар цопнуў усёй жменяй па тым месцы, дзе прапоўз няпрошаны госьць, моцна націснуўшы на сьпіну. Маленькі вораг пстрыкнуў і прапаў.

Чутачку счакаўшы, зноў пачуў пісар лёгкі сьверб, ужо на назе, як-бы хто запускаў туды павольненька тонкую голачку. Прыгнуўшы нагу, каб спрытней было злавіць скочку, пісар раптам накрыў пальцамі сьвярбеўшае месца і, крэпка паціснуўшы, павёў па назе. Праклятая жывёлка зноў уцякла. He пасьпеў ён як мае быць пачухаць нагу, як у яго засьвярбеў зразу і карк і бок, цяпер ужо шмат мацней, як-бы яго секанулі крапівою. Сон пісараў адразу прапаў.

— Бадай вас агонь высмаліў, як вы смаліце, — сказаў пісар, з сілаю хапаючыся за карк.

Пісараў карк быў валасаты. Ловячы блыху, ён няўмысьля скрабянуў сябе за валасы, ды так моцна, што чуць ня крыкнуў ад болю. Гэтак, бывала, як ён быў малы, нябожчык дзядзька яго паказваў яму, „як даюць квасу“. Уся гэта гісторыя кончылася тым, што пісар узлаваўся.

— А, каб вас маланка папаліла! — сказаў ён і падняўся.

Абмацаўшы на століку запалкі, пісар запаліў сьвечку адвярнуў коўдру. Жвавыя скочкі разам скаканулі ва ўсе бакі і пахаваліся; толькі адна разы тры кульнулася па падушцы, i пісар разы тры накрываў яе рукою, але спрытная скочка кожны раз шчасьліва выкручвалася ад сярдзітай пісараўскай рукі. Ператрос ён усе бэбахі на пасьцелі, але нічога не злавіў. Хоць-бы адна гадаўка папалася, хоць-бы злосьць спагнаў. Абрэвізаваўшы пасьцель і ўласныя пазухі, пісар зірнуў на сьцяну. Там павольна, не сьпяшаючыся, поўз клоп. Здавалася, што ён сабраўся ў вялікую дарогу, толькі што ня было ў яго палкі і клумка.

— А, гад! А пашпарт у цябе ёсьць? — спытаўся пісар і падскварыў яго сьвечкаю.

Падняўшы сьвечку ўгору, пісар азірнуў увесь пакой. Праз вокны глядзела чорная ноч. Вакол была ціха. Толькі з другога ложка данасілася мернае сапеньне яго жонкі, ды з-за сьцяны Грыгор не пераставаў спраўляць ігрышча.

— І скочкі іх ня кусаюць, — пазайздросьціў ім пісар і зноў патушыў сьвечку.

Колькі моманту пісар ляжаў з адкрытымі вачыма. Сон ужо ня йшоў да яго. Але памаленьку ён зноў пачынаў сьцішвацца; напалоханыя блохі прытаіліся і покі што не чапалі пісара, і ён ужо забываў пра іх. Як-бы гэтага толькі яны й чакалі: толькі што ён павярнуўся на другі бок, як нешта крэпка- пякуча ўкусіла яго за жывот. Пісар увесь аж падскочыў.

— Ах, каб вас халера ўзяла! — лаяўся пісар. А тут за сьцягняк як утне.

— Бадай вас маланка папаліла, а бадай вас пярун пабіў! — сярдзіта бубніў пісар і варочаўся, як мянёк на скаварадзе. Цяпер пісар не пасьпяваў чухаць пакусаныя месцы. Усюды яго цялі: за ногі, за рукі, за сьпіну й бакі. Павёўшы праваю рукою па левым баку, пісар абмацаў нешта і крэпка прыдушыў пальцам.

— Трасцу ты цяпер выкруцішся! — злорадасным голасам гаварыў пісар.

Схапіць у пальцы ён не адважыўся, бо чуў, што варта толькі зьмяніць палажэньне пальца, як яго здабыча ўцячэ. А пусьціць яе шкада: яна адна можа дваццаць раз укусіла яго. Трэба злавіць, брыду, і хоць пазьдзеквацца з яе.

Якраз прачнулася і жонка.

— Ты ня сьпіш, Оля? — пытае пісар жонку, не адымаючы рукі.

— He!

— Дык устань, брат, запалі сьвечку і падыйдзі сюды.

— Што там у цябе?

— А вось ідзі — будзеш ведаць.

Жонка паднялася з пасьцелі.

Запаліўшы сьвечку і зірнуўшы на пісара, як ён трымаўся за бок, жонка была спалохалася. Але пісар быў здароў, бо пазіраў вясёла, як і ўсякі, хто злавіў злодзея.

— Ты ведаеш, Оля, качаюся гадзін дзьве, ніяк не засну. Блох у нас, як пяску. А цяпер я нешта злавіў, і чорт яго ведае што.

— Адкуль тыя блохі? Хіба клешч, бо ты-ж любіш гэтыя маёўкі ў лесе. Пакажы!

— Сьвяці-ж сюды!

Сабраўшы ўсе сілы, пісар яшчэ раз прыдушыў свайго ворага і паволі стаў браць пальцамі. Увабраў. Пацягнуў — не адрываецца.

— Клешч, каб ён згарэў! — сказаў пісар.

— Пакажы, — прамовіла жонка і нагнулася, а пісар адняў руку.

— Hy?

— Цьфу, дурань, гэта-ж бародаўка!