Перайсці да зместу

У ціхай вадзе (1925)/Дзяліцьба

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Стараста Дзяліцьба
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1925 год
Кірмаш
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзяліцьба.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДЗЯЛІЦЬБА

I

Ну, што ты з гэтымі бабамі зробіш?

Калі ў хаце жывуць дзьве бабы, то ўжо спакою няма.

— Гыр-гыр-гыр! гыр-гыр-гыр! — гыркаюцца яны ад самага раньня.

Адна — капач, тая — мешалка. Адна — гультай, другая — няўмека.

Так і кідаюць адна аднэй на вочы.

А як лягуць спаць, то кожная ўсю ноч шэпча на вуха свайму мужыку, — нагаварвае на другую.

Мужчыны толькі скрыва паглядаюць адзін на аднаго. Але, пакуль-што, маўчаць.

Да дзяліцьбы яшчэ далёка. Дзяліцьба ідзе вось у якім парадку: перш-на-перш выступаюць бабы.

Бабы сварацца год, год з палавінаю, а то і цэлых тры. (Мой нябожчык-дзед казаў, што яго нябожчыца-жонка сварылася з яго нябожчыцай-братавай цэлых дванаццаць год!). Наўперад бабы сварацца патроху, — так, гадзіну, дзьве ў дзень.

Потым сварцы адводзіцца больш часу — гадзін 5-6.

Да гэтага часу мужчыны яшчэ маўчаць, набіраюцца толькі злосьці. Мужчыны сварацца часьцей увечар, ці ў сьвяты дзень, бо ў будны часу няма. А бабы тымчасам пачынаюць прабаваць моц сваіх чубоў. Вараць яны ў адной печы, але ў асобных гаршчкох. Дастаецца тут і бедным гаршчком.

А ўжо пасьля жанок б‘юцца мужчыны.

Каб падзяліцца, яшчэ мала пабіцца адзін раз: трэба пабіцца найменш раз восем, каб разы тры засыхала скурка на носе, трэба разоў шэсьць абадраць твар ды ліхтар паставіць каля вока, а лоб убраць гузам або і двума. Тады толькі можна лічыць, што права на дзяліцьбу здабыта.

II

Дзякуй богу, што бог сярдзітым людзям не дае многа сілы.

Сымон яшчэ змалку паказаў сваю злосьць. Раз ён завёўся за нешта з сваёй сястрой Марцэляй. Сымон так узлаваўся, што ўкусіў сястру за жывот. А то ўжо быў Сымон дзяцюком. Любіў ён часамі зухнуць. Загнаўшы да Коўны плыты, ён купіў сабе стары афіцэрскі сурдут. Бацька дома і давай прабіраць за гэта Сымона. Сымон кінуў воб зямлю сурдут, пачаў таптаць яго нагамі; потым парваў на сабе кашулю, порткі, залез голы на жорны і сказаў:

— Так пан езус пакутваў!

Мікола ня ўступаў у злосьці свайму брату Сымону. Так, раз ён паехаў на поле па ячмень. Падымалася хмара, грымела. Мікола наклаў воз на борздую руку. Толькі што ён нукнуў на каня, — шусь ячмень з возу! Мікола закіпеў, узлажыў другі раз. Не пасьпеў ён выехаць на дарогу — ізноў бух ячмень з возу!

— То ты гэтак?! — крыкнуў Мікола. Схапіў тут рубель[1] і давай малаціць ячмень. Памалаціў, вытрас, салому палажыў на воз і сам сеў.

— Вось ты цяпер раскідайся, пракляты!

Другі раз Мікола пабіў у сваёй хаце вокны, місы, гаршчкі. Нічаму не давала спуску качарга. Пабіўшы ўсё, што можна было пабіць, Мікола стаў сярод хаты і пазірае, што-б яму яшчэ пабіць. Вокны, гаршкі, міскі былі ўжо пабіты. Аж бачыць Мікола — абразы на сьцяне вісяць. Многа іх, штук са дванаццаць. Адзін абраз быў намалёван так, што сьвяты з гэтага абраза пазіраў у вочы. Куды-б ні павярнуўся, а ён на цябе глядзіць. Убачыў Мікола гэтага сьвятога.

— А ты чаго глядзіш? Першы раз бачыш мяне?

І як заняў качаргою сьвятых — пабіў іх у дрэбезгі.

— Што, будзеце пазіраць на мяне? — спытаў Мікола, кончыўшы расправу.

Сымон і Мікола сварыліся ўжо гадоў са тры, а за апошнія часы сталі і біцца, а гэта азначала, што скора будзе дзяліцьба.

Сымон і Мікола ў нашым сяле былі тым, чым у горадзе тэатр, толькі што білетаў ня трэба браць: прыходзь сабе, слухай, пазірай, весялі сваю душу.

І Карусь з-пад карчмы кожны вечар стукаў у вакно свайго суседа Базыля.

— Чаго ты? — пытаўся Базыль.

— Хадзем у Сьвіную вуліцу: зараз будзе бой.

Базыль апранаў кажух, браў капшук з люлькай і йшоў на двор. Закурыўшы люлькі, яны йшлі ў Сьвіную вуліцу. Карусь паперадзе, Базыль на два крокі ззаду. У Базыля ў люльцы быў цыбук просты, у Каруся — крывы. Дым з Базылёвай люлькі йшоў згары, а з Карусёвай — зьнізу.

III

А ў Сьвіной вуліцы, каля хаты Сымона й Мікалая, была ўжо цэлая комэдыя.

Тут былі і старыя, і малыя, і бабы, і дзяўчаты.

Галоўнае месца займалі Сымон з Мікалаем. Сварка з першых слоў абяцала цікавы бой. Вакол ваяк стаяла жывая сьцяна народу.

Наперадзе стаяла некалькі чалавек, якія борзда ўмелі зьвясьці Сымона з Міколам. А другія толькі пазіралі. Калі „звадыяшы“ бачылі, што бойка раскідаецца, то тады ўмешваліся яны.

— Эй, Сымон! Як табе ня брыдка? Мікола даў дулю, а ты толькі нос адхіліў!

— Дык я яму дам дзьве! — крычаў Сымон і соваў Міколе дзьве хвігі.

Другі звадыяш пхаў Міколу на Сымона, і бойка гатова!

Але на гэты раз звадыяшам ня было чаго рабіць: Базыль з Карусём — а яны заўсёды прыходзілі толькі к самаму пачатку комэдыі, як якое начальства: — убачылі вось што: Сымон трымаў у руках млён, а Мікола — грамнічную сьвечку. Сьвечка была мала чым менш ад млёна — палкі, якою круцяць жорны. Аказалася, што бой быў у хаце, і Сымон прыпёр Міколу ў куток. А як бараніцца ня было чым, то Мікола і схапіў сьвечку. што стаяла каля сьвятога Міколы. Мужчыны адабралі ад іх млён і сьвечку.

Нейкі чорт так і цягнуў байцоў аднаго да другога.

Зьляпіліся…

Такая была цікавая бойка, што аж месяц залюбаваўся ёю. Усё сьціхла.

Ужо Мікола быў тры разы на Сымоне і тры разы пад Сымонам, а бой усё ідзе. Патаміліся яны, як пеўні.

— Стой! Стой! — крыкнуў Сымон: — дай абору падвяжу!

У бойцы разьвязалася абора на Сымонавым лапці. Мікола спыніўся.

— Гы-гы-гы! — рагатаў Карусь.

Сымон стаў падвязваць абору, а Мікола стаяў каля яго: чакаў.

— Ну, цяпер! — гукнуў Сымон, паправіўшы лапаць.

Мікола ня даў нават Сымону адсапнуцца і наляцеў на яго, як каршун. Сымон прыгнуўся яшчэ больш і схапіў Міколу ўпол так, што ногі ў Міколы апынуліся ўгары, і так спрытна буркануў Міколу, што той стаў на ногі.

— Чакай, чакай, Сымон! — загаласіў разам Мікола.

І пакуль Сымон агледзіўся, што такое прылучылася, у грамадзе падняўся рогат. Карусь выпусьціў з зубоў люльку, а Базыль выпер рукою шыбу. Усе аж трашчалі ад сьмеху: у Міколы спаўзла ніжняя адзежына.

Нават Сымона праняў сьмех.

— Вось як біцца з Сымонам! — гаварыў ён.

І пакуль Мікола апранаўся, Сымон накладаў у люльку тутун з поглядам чалавека, верх якога быў бясспрэчны.


  1. Рубель — жэрдка для ўцісканьня снапоў і саломы.