Перайсці да зместу

У ціхай вадзе (1925)/Выстагнаўся

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старыя падрызьнікі Выстагнаўся
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1925 год
Недаступны
Іншыя публікацыі гэтага твора: Выстагнаўся.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЫСТАГНАЎСЯ

I

Іван Кісель гараваў усё сваё жыцьцё. Бяда была ў тым, што ў гэтага гора ды было яшчэ сваё гора: заўсёды выпадала так, што беднаму Івану ніколі не ўдавалася выплакацца, выгаравацца, выскардзіцца і гэтым самым выліць з душы ўсю гаркату, усю боль пахілага жыцьця. І ўсё складалася так, як-бы нейчая паганая воля неадступна цягнулася за Іванам і не давала яму здарэньня аблягчыць душу. І цягнулася так з самага маленства, з тых часоў, калі Івана яшчэ трудна было адрозьніць ад Мар‘і, іначай сказаўшы, калі Іван яшчэ пад стол пехатой хадзіў.

Разравецца бывала Іван… ды каб-жа разроўся, як людзі: толькі скрывіць губы, глядзіш — ужо маці зьнімае хвартук і мобілізуе паскі на Іванаву сьпіну — ня сьмей плакаць! Дзе тая праўда на сьвеце? Чаму Антось, як пачне плакаць, то кінецца на сьпіну і барабаніць нагамі так, што яму можа пазайздросьціць найлепшы барабаншчык? Вазьмі-ж ты! Выйдзе Іван на вуліцу, завядзецца з кім біцца — што-ж гэта за чалавек, калі ні разу не пабіўся? — паб‘юць, пакрыўдзяць Івана. Што-ж бы вы, добрыя людзі, рабілі, каб вы самі былі Іванамі? Вы-б заплакалі, і ўсякі-б заплакаў. А чаму не паплакаць Івану? Але-ж няхай папрабуе заплакаць: засьмяюць, заплююць ды ў прыдачу горш наштурхаюць.

Раз Іван, моцна пакрыўджаны, адважыўся зайсьці ў кусты на бераг рэчкі. Прышоў Іван, азірнуўся, сеў на беражок, прыслухаўся. Тут, думае ён, ніхто яму не пашкодзіць адплакацца за ўсё. Кругом было так ціха, так маркотна. Здавалася, усё журылася і настроілася слухаць плач Івана. І нешта ў сярэдзіне Івана, каля самага сэрца, так завіло, так сьціснула, што Іван раптам нагнуў галаву і мімавольна падняў калошы портачак: яму здавалася, што ў яго так многа выльлецца сьлёз, што вада ў берагох ня ўтоўпіцца. І толькі Іван завёў: „А-о-о-а-гы!..“ як з таго берагу паказалася з кустоў галава рыбака Сёмкі.

— Гэта ты прышоў пужаць мне рыбу, злодзей ты?! Я табе паскавычу!

Іван падняўся і кінуўся наўцёкі. Так і засталіся нявыплаканыя сьлёзы.

II

Іван асірацеў. Астаўся ён адзін на сьвеце, як тая калатоўка. Быў ён на плытох і ня бачыў, як хавалі бацькоў, так што і тут Івану не ўдалося паплакаць, як людзі. Сёстры яго павыходзілі замуж, адзін брат выбраўся ў Амэрыку, другі паехаў у сьвет шукаць шчасьця і долі. А Іван астаўся адзін гаспадарыць. Ад бацькоў засталася яму хатка, сякая-такая будоўля, надоба, худоба і паўчвэрці зямлі. Была ў Івана на прымеце і дзяўчына. Праз колькі месяцаў пасьля сьмерці бацькоў ён зрабіў заручыны, а на „сёмуху“ было назначана вясельле. За тыдзень перад „сёмухай“ Іван занядужаў. Доўга ён не паддаваўся, перамагаўся, і ўсё-ж такі мусіў, бедны, здацца. У сераду перад „ушэсьцем“, так пад вечар, Іван зьлёг. Ляжыць Іван, а работа стаіць, рабіць няма каму, хата не падмецена, усюды непарадак. „А нашто ён, парадак гэты?“ — думае Іван: усё роўна ён памрэ; знойдуцца добрыя людзі і пахаваюць яго. Івану стала горка, як ніколі. Усё жыцьцё шарае, невясёлае жыцьцё, прашло яшчэ раз перад яго вачыма. Што-ж? ён памрэ. Яго закапаюць, і згіне ён, забыты скора навекі, і нічые вочы не затуманяцца сьлязьмі, як яго будуць несьці на могілкі. І гэта называецца жыцьцё, гэта яго век!.. Адна толькі сьветлая мінуціна мігалася яму, як адзінокая зорачка ў бязрадасную восень: цяпер яму ніхто не пашкодзіць усім нутром, усёю сілаю замучанай душы аддацца смутку і жалю; хоць цяпер адплача ён усё гора жыцьця, адстогне ўсю боль: ласьне чалавек ня мае права хоць на адну мінуту, сьветлую мінуту, у жудаснай імгле цёмнага жыцьця?

Іван паправіўся на пасьцелі, зьмяніў палажэньне свайго цела і абвёў поглядам хату. І толькі што прыгатаваўся ён застагнаць, як на парозе паказалася постаць яго дзяўчыны. „І хто яе прасіў сюды? Чаго яна тут?“ — падумаў Іван. Хацеў нават узлавацца, але ня было злосьці.

— Мілы Іванка мой! што ты выдумаў хварэць? — успагадна спытала яго Магда.

— Нядобра мне, Магда. Мусіць і я пайду за бацькамі, — сказаў Іван.

Яму самому так горка стала ад гэтых сваіх слоў, што сьлёзы гатовы былі самі паліцца з вачэй.

— Ну што ты выдумляеш? Паправішся Іванка, — і Магда прылажыла руку да лоба Івана.

Яшчэ большы жаль падшыб Івана.

— Хіба ўзяць ды заплакаць? Зараўці на ўсю хату? Не! падумае, што ён — нюня, плаксівая баба; яшчэ і замуж не захоча пайсьці.

А боль так і ходзіць па ўсім яго целе, і яму, Івану, так хочацца застагнаць. „Ці застагну, ці не?“ думае Іван. „Ой! скарэй-бы яна ішла дадому!“

— Мне, Магдачка, ня так ужо і кепска, — пачаў разважаць Іван Магду: — паляжу трохі і ўстану.

— Вось маладзец! — сказала Магда і нагнулася, каб пацалаваць хворага. Дрож прабегла, па целе Івана, яму стала надта прыемна. Ды Іван ахамянуўся; гэтак і ахвота пройдзе спазнаць асалоду свайго вялікага жалю і смутку.

— Можа-б табе, Іванка, спарыць гарнушачак малака?

Іван заматаў галавою і павярнуўся на другі бок. Магда колькі мінуцін пасядзела моўчкі, як-бы раздумваючы над тым, пагневацца ці не. На ўсякі выпадак яна надзьмула губкі і насупіла крыху бровы. Іван няпрыметна павярнуў галаву і зірнуў на яе адным вокам; не, не выпадае так рабіць. Не адварочваючыся, Іван падняў руку і палажыў на плячо Магдзе. Гэтага было даволі, каб Магда прасьвятлела.

— Паляжы, саколік, а я прыбяру крыху ў хаце. — І, узяўшы венік, яна стала падмятаць хату, рабіць парадак, стаўляючы кожную рэч на сваё месца, а бедны Іван увесь аж кіпеў. Яму раптам зрабілася так нядобра, так заламала яму косьці, як-бы хто ціснуў яго абцугамі, аж ён скрыгітаў зубамі, каб стрымаць стагнаньне, падкорчваў і выпрастваў ногі, варушыўся, як пасолены мянёк. А Магда так павольна варушылася, як-бы і ня думала ісьці дадому. Часамі выходзіла яна ў сенцы, ды зараз- жа ізноў паказвалася ў хаце. А Іван, чуць толькі яна выйдзе, торапка ўглядаўся і прыслухоўваўся, як далёка адышлася Магда, каб застагнаць хоць адзін разок, і ніяк не ўдавалася.

„І што яна робіць са мною? Скарэй-бы пашла ўжо адгэтуль“, не цярпелася Івану.

— Ну, Іванка, бывай здаровы…

Іван узрадаваўся на момант, ды зараз-жа яшчэ горш апаў духам, калі Магда дакончыла мову:

— Ідзе сюды мама!

Сказаўшы гэта, Магда борзьдзенька пацалавала яшчэ раз Івана, угнула галаву і ціхачом шмыганула за парог, на задворкі, каб не спатыкацца з маткай, і пашла дамоў.

— Ай малады, малады! брыдка! Праз тры дні вясельле, а ён расьцягнуўся, як навой! — голасна, на ўсю хату, затарабаніла Настуля, Магдзіна маці. Што ў цябе баліць, Іван?

— Нічога, — буркнуў Іван.

— Дык чаго-ж ляжыш?

— А што-ж мне рабіць? скакаць?

— На вясельлі скачы, а цяпер ачунівай. Пакажы, сынок, свой лоб.

Іван злосна заварушыўся, лёг на сьпіну і выставіў лоб. Старая Наста прылажыла руку на лоб, потым з боку, потым з другога.

— Трохі ёсьць агонь, але нічагуткі, глупства. Гэта табе з ветру пашкодзіла. Ось я зараз напару ліпавага цьвету з чаборыкам, вып‘еш, прапацееш — і пройдзе.

— Я і так ужо пацею, — адазваўся хворы.

— Ну гэтага мала: трэба, каб спацеў ад зёлак, — стаяла на сваім Наста.

Бачыць Іван, што тут нічога ня зробіш.

— Нічога мне ня трэба. Дайце мне паляжаць спакойна, і ўсё пройдзе.

— Хто-ж табе не дае ляжаць? Ляжы сабе, а лякарства я табе ўсё-ж такі дам.

— Ведаеце што, — пусьціўся Іван на хітрыкі: — мне так заманулася гарэлкі, што здаецца, каб выпіў чарачку, то адразу ачуняў-бы. Каб як сказаць Магдзе, няхай-бы прынясла мне кручок.

— Гарэлкі зажадалася, кажаш?

— Ох, як хочацца!

— Ну, то яна напэўна паможа. Калі хворы чалавек чаго моцна хоча, то тое памагае. Я помню, мой Андрэй хварэў на тыфус. Стаў крыху ачуніваць. Зажадалася яму хлеба, як табе, ось, гарэлкі. А дактары — божа барані есьці чорны хлеб. Я мусіла хаваць ад яго хлеб, хоць ён і стары, мой Андрэй, але хворы горш малога. Раз ён устаў ціхенька ў ночы, зашоў у камору і чуць што ня цэлы бохан вытрубіў, і што-ж ты думаеш? Як бачыш, ачуняў. Ну, я пайду.

Счакаўшы крыху, Іван падняўся, падышоў да вакна, — нікога няма. Тады Іван паваліўся на пасьцелі, накрыўся коўдраю, потым нагамі сьцягнуў яе з сябе, схапіўся за бок.

— Ой! ой! ой! о-ё-ё-ёй! — заойкаў, застагнаў Іван і сам ня верыў гэтаму шчасьцю. Стагнаў ён доўга, стагнаў на ўсе лады і галасы: то высока і тонка, то нізка і тоўста, то каротка, адрывіста, то працяжна і пявуча; пры гэтым ён варочаўся, корчыўся так, што зубамі мог дастаць свае калені, то выцягаўся колькі дазвалялі яму скура, жылы і косьці.

А як перастагнаў усё, то пачаў высьпеўваць свае стогны на манер песьні „Сонца ўсходзіць і заходзіць“.

— О-о-о-ёй! О-ё-й! О-ё-ё-й да!

— Вось табе і хворы: ляжыць сабе ды сьпявае, — сказала Настуля, пераступіушы з Магдай парог хаты. У хвартушку ў яе быў гарачы імбрычак з зёлкамі і паўкварты гарэлкі.

— Выстагнаўся, дык і паправіўся, — сказаў весела Іван.