У сваю абарону
Чаму нам не даюць жыць Публіцыстыка Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1914 Крыніца: Газэта «Наша Ніва», № 2, 9 студня 1914 г., б. 1-2 |
У сваю абарону.
Дачэкаўся і я, дзякаваць Богу, гонару, што на маю худую асобу звярнула увагу ясна вяльможная газэта „Kurjer Litewski“. Сталося гэта с прычыны маей мізарнай пробы ўстанавіць, які павінен быць погляд народу селянскаго на гэрбы і прывілеі, каторые пісала сабе шляхта „ку помножэньню сваіх дастаткоў“ і збыткоў, працай нашых дзядоў і прадзедоў. Адным словам сталося гэта з прычыны стацьці маей аб 500-летняй гадаўшчыне Городэльскай уніі.
Найболей аўтора безіменнай стацьці абурыў мой сказ, што не вяліку учыніла ласку польская шляхта даючы гэрбы і прывілеі нават нашым тагочасным баярам, бо яны і бяз гэтаго ня счэзлі-б, а мабыць асталісяб такімі самымі панамі ды толькі дзержаліся-бы сваей націі…
І вось «Kurjer Lit.» каб ешчэ болей падбіць сваіх аднадумцоў проці невавістнаго для іх жаданьня беларусоў—колішніх мужыкоў прыгонных—праўдзівай роўнасьці, праз культурнае адраджэньне ўсяго народу абвешчае:
„Нябудземо ўступаць у палеміку з Ягомасьцем Верэшчакай, нас можэ цікавіць толькі пытаньня ці ён сам і людзі зродные яму па духу доўга ешчэ будуць здаволівацца падобнымі неглыбокімі поглядамі. Сам аўтор, здаецца, гэтак здаволен сваім скромным знаньнем гісторыі каторую пачарпнуў з Іловайскаго, ці мо з гісторыі Беларусі выданай «Нашай Нівай», што ўжо мабыць не пачувае патрэбы далейшаго развіцьця, дык і наперад ня пойдзе, Не сумневаемся затое, што ўжо сын ягомасці Верэшчакі не здаволіцца тэй меркай знаньня і захочэ глыбей заглянуць, захочэ дабыць шырэйшы пагляд як на цяпершчыну, так на мінуўшчыну і будучыну. А калі гэтак станецца, то не паўторыць ужо за бацькам што, каб дзержава літоўская не зрабіла уніі с Польшчай, то баяры літоўскіе і беларускіе асталіся-б па сягоняшні дзень баярамі літоўскімі і беларускімі“.
Выходзіць, бытцым нашы баяры, так ці гэтак не маглі астацца пры сваім народзе, а павінны былі адступіцца ад яго, але у другі які бок, мабыць, думае аўтор, у Маскоўскі. Ну ніхай і гэтак. Ці ня ўсё роўна кім бы яны сталіся? Нам важэн факт, што яны не з намі, а проці нас.
Само сабой, не ўступаючы ў палеміку з «Kur. Lit.», а дзеля ведама сваіх чытачоў беларусоў, я павінен адмеціць, што я узгадаваўся не на слаўным Іловайскім, а на такім цэненым народнымі дэмократамі пану Горжковмкім і хаўрузіі. І як Іловайскі і ўвесь абрусіцельны аппарат не зьеднаў расейцам прыхільнікоў с паміж палякоў, так сама жывасілам упхнёны беларусам польскі патрыотызм хутка выветрываецца; беларус пачынае шукаць сваей праўды, і нельга сказаць, каб быў дужа ўдзячан затое, што карабацілі яго душу, калі дойдзе да самопазнаньня.
Гэтак і я, дзякуючы прыроднаму дару крытыцызму, хутка ацьвярозіўся і саставіў сабе свой погляд на гэрбы і прывілеі.
На Городэльскім зьездзі даваліся прывілеі не для ўсіх баяр беларускіх і літоўскіх, а толькі для тых, каторые куплялі іх цаной адступніцтва ад національных, гасударственных і інш. ідэалоў. А дзеля таго, што у тые часы, калі не національная, то рэлігійная сьвядомасць жыла ешчэ у нашых баяроў, то трапляліся і такіе здарэньня, што адзін брат перэкідаўся да шляхты, а другі аставаўся баярынам.
І… меч „ўзімалі“ брат на брата.
Пасьля Городэльскай уніі пачалася вайна паміж шляхтай і баярамі. Хоць былі яны аднаго роду і племені, але іх бяздоннай пропасцю раздзялілі „прывілеі“ і першых другіе называлі „ляхамі“, чаго яны і самі, пры злажыўшыхся варунках, не чураліся.
А як велася вайна гэта ніхай пасьведчуць лепшые, веры годные, польскіе гісторыкі.
І так знаходзім весткі у летапісца польскаго Кромэра пад 1426 годам і у летапісца Длугоша у Т. XI стр. 494, што Ягайла і яго сын Ўладыслаў адбіралі дзеля розных прычын землі ад баяр і аддавалі шляхце.
Морачэвскі у Т. 4 на стр. 168 пішэ: „Ляхі лацінскіе… край руйнавалі, а над князямі, баярамі і народам здзекаваліся“. („Lachowie łacinscy kraj burzyli, a kniaziów, bojarów i lud prześladowali“).
Прывілеі давалі ня толькі волю шляхце, але патуралі самавольства яе і самавольства гэтае расло і шырылося. Атрымаўшы шляхэцтва і прывілеі на гарады і сёлы, шляхта павінна была апісанае прывілеямі узяць. І яна выганяла даўных гаспадароў з іх дзедзін, а тые з недастаткоў пападалі у роспач і ўцекалі да татароў, каторых посьле вялі пустэшыць сваю бацькоўшчыну, з якой іх выгналі. (У летапісца Длугоша пад 1442 годам).
Баяры шукалі праўды проці шляхты на сэймах. У 1551 гаду Валынскіе і Падляскіе баяры прасілі сэйм учыніць канец „тым кгвалтам, наездам, забойствам, забіраньню зямель і грабежствам, каторые ся ад паноў—шляхты нам дзеюць“. Ды відаць не знаходзілі тэй праўды для сябе, бо паважаны польскі гісторык Лозінскі сьведчыць, што і далей: „Забівалі аткрыта і скрыта, па дамох, па дарогах і рынках мескіх, на сэйміках і зьездах, на банкетах, а нават у судах, забівалі абы зашто і забівалі… безкарна“ (Prawem i lewem. Т. II).
Гэткіе дары прынесла унія баярам каторые хацелі устаяць проці прывілеёў. А што прынесла унія массам селянскаго „люду“, нашым у простай лініі прашчурам?
А вось што:
Ужо у 1543 гаду, пасьля прыняцьця Жыгімонтам I статуту, селяніна (ва ўсей Польшчы) паставіла шляхта ў палажэньне безпраўнае, сам кароль ня мог ўмешывацца ў тое, як паны з мужыком паступаюць. Аддадзены на ласку і не ласку пана ня меў ён у панскім судзе спогаду. Нічым неагранічэная самаволя гаспадара была для селяніна правам. Быў ён прыватнай панскай ўласнасьцю і пан мог рабіць з ім усё, што яму падабалося.
Селянін ня меў права ўласнасьці: ўсё было ўласьнасьцю пана. Хата, ральля, жонка, дзеці, худоба, хатняя абстава — ўсё гэта лічылося панскае. Урадзіла ніва, то урадзіла пану. На тое толькі зверталі увагу, каб мужык не памёр, а хоць і памёр, то цэна грашавая яго была гэткая малая, што невяліка страта. Замучыў пан селяніна бязвінна, то плаціў кары 30 грывен, гэта значэ трэцьцю часць таго, што цяпер трэба заплаціць за быка. Але селянін быў заўсёды вінаваты, хіба што забіў яго ня свой пан, а чужы:
Селяніну забаронена было вучыцца у школах. Адно было пазволена: піць гарэлку. І… „неперэставала памаўзлівая хцівасць люд рускі (украінскі і беларускі) ціснуць“ (Bantkled[1]. II, str. 295).
Гэтак было ва ўсей Польшчы; гэтак настало і ў нас.
Цяпер пытаньня: які маюць сымвол гэрбы і прывілеі для нас і для шляхты? І ці павінны мы радавацца с таго, што 500 гадоў таму назад на Городэльскім зьездзі надзялілі палякі нашых баяр гэрбамі і прывілеямі?
І ці не справядлівы мой сказ (каторы перэдруковываючы маю стацьцю у «Kur. Lit.» невядомы аўтор выкінуў), што ўсе гэтые прывілеі, ня торная сьцежка, а завалы да праўдзіваго брацтва народоў.
Юры Верэшчака.
Заўвагі
[правіць]- ↑ Праблематычна разабраць (Вікікрыніцы). Калі ласка, папраўце, калі зьведаеце, што тут дакладна.