У гразь утоптана ляжыш…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
«У гразь утоптана ляжыш...»
Верш
Аўтар: Леапольд Родзевіч
Крыніца: Леапольд Родзевіч. Творы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У гразь утоптана ляжыш,
Зыходзіш кроўю з свежых ран.
Няволі паніжэння крыж
І непрагляднасці туман -
Крыніцы страшных мук Тваіх,
Мук затаёных і нямых.
І так між вечнай цемнаты
Ты ад праступнай нематы
Гібееш на шляху разбойным.
А цені талакою збройнай
Згушчаюць цемру безадказна
І гоняць табалой працяжнай
У небыццё нявінных, закаваных
Дзяцей Тваіх, па Тваіх ранах.
І топчуць матчынае цела
Яны, сіроты, ацямнелыя...
Крыкні жа голасам мільёнаў!
Хай здрыганецца ноч ад стогнаў,
Ад вечаў, кузняў пойдуць рэхі!
Хай схамянуцца Твае дзеці
І асвяцяць слязьмі уцехі
Тваё зняважанае цела.
Хай згінем мы і ўсё на свеце,
Толькі дай голас, мая Русь Бела!