У гадаўшчыну

З пляцоўкі Вікікрыніцы
У гадаўшчыну
Артыкул
Аўтар: Змітрок Бядуля
1918
Крыніца: http://pdf.kamunikat.org/13226-1.pdf

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




«Мінулася грозная бура,
а мора дасюль яшчэ б’ецца».
М. Багдановіч

Мінуў год, а рана яшчэ так свежая, так балюча... На кожным кроку чуецца, што якраз яго не хапае цяпер — пры адраджэнні роднага краю. але не вернецца ён на бацькаўшчыну з чужыны, бо спіць у магіле вечным сном.

Багдановіч радзіўся на Гродзеншчыне ў 1892 г., але бацькі яго выехалі ў чужыну, у Ніжні Ноўгарад, калі Багдановічу было ўсяго два гады. Наслухаўшыся ад бацькоў сваіх аб родным краі, ён, яшчэ малым хлапцом быўшы, усё марыў ды летуцеў аб той далёкай і мілай зямельцы сваіх бацькоў і дзядоў. Ён так рваўся ўсёю душою і сэрцам да роднага краю, так старанна і пільна шукаў злучэння з ім, што цудна-лірычныя парыванні яго чаруюць і вабяць сваёй трагічнасцю і пекнатой:

Упалі з грудзей Пана Бога,
Ппарваўшыся, пацеркі зор,
Яны раскаціліся ў небе,
Усыпалі сіні прастор.

I адтуль так маркотна і пільна
На край мой радзімы глядзяць,
Што ж там яны, ясныя, бачаць,
Чаго так дрыжаць і дрыжаць?

Гэтакім перлам паэзіі можа гардзіцца кожная з еўрапейскіх літаратур. Такі багаты велічам вобраз, выказаны кароценькімі словамі, рэдка каму з паэтаў удаецца. Кожны радок будзіць фантазію сваімі яркімі фарбамі. У прыгожай і ўтончанай форме выказана бязмернае каханне да бацькаўшчыны: зоркі нясуць яму весткі з роднага краю, яны маркотны... яны дрыжаць... Дух паэта загадаў ім весткі даваць адтуль, каб хоць праз зоркі нямыя мець сувязь з бацькаўшчынай. Але зоркі гавораць няясна, мігцяць і дрыжаць, і душа паэта рвецца ад болю...

Падросшы крыху і свядома ўжо даведаўшыся аб справе бела- рускага адраджэння, Багдановіч зайздраваў тым «шчасліўцам» з беларускіх паэтаў — дзяцей сялян — што хоць пастушкамі былі, але ў родным полі, у родным лузе, у сваіх уласных лясах, пушчах і балотах. Паводлуг яго здання, песняры, жыўшыя ў самых глухіх кутках роднай зямлі, маглі ўбіраць у сябе творчы, самабытны, абвеяны казкамі дух свайго народа. А яму, нібы дзецям Ізраіля з Бібліі, прыходзілася знаёміцца з бацькаўшчынай са старых пергаментаў-летапісаў, — родная мова была яму вядома толькі праз кніжкі.

А вера ў адраджэнне беларускага народа інстынктыўна расла ў яго душы:

Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі,
Над хвалямі сінеючага Ніла,
Ўжо колькі тысяч год стаіць магіла,
Ў гаршку насення жменю там знайшлі.
Хоць зерняткі засохшыя былі,
Усё ж такі жыццёвая іх сіла
Ўзбудзілася і буйна ўскаласіла
Парой вясенняй збожжа на раллі.
Вось сімвал твой, забыты краю родны!
Зварушаны нарэшце дух народны.
Я верую — бясплодна не засне,
А ўперад рынецца, маўляў, крыніца,
Каторая магутна, гучна мкне,
Здалеўшы з глыбі на прастор прабіцца.
(«Санет»)

Ідэалізаваў ён старую Беларусь усімі парываннямі сваёй чулай душы, любячай гармонію і хараство. тое неўлавімае і невыразнае, атуленае пылам старасвеччыны, цераз прызму яго класічнай паэзіі пералівалася яснымі і выразнымі вясёлкамі («Слуцкія ткачыхі», «Летапісец» і інш.). Беларуская міфалогія з тыгеля яго творчасці выходзіла грацыйная і зычная, нібы каскад брыльянтавы ўдараўся аб гулкае залатое дно.

Паэт ператварае прыроду на свой кшталт, дае ёй новыя вобразы, новае жыццё, меладычнасць сваёй душы.

Кожнае дрэва з беларускае пушчы — струна. Кожнае азярцо — чара, напоўненая хмельным віном. кожная лагчынка — гэта чыясь рука зрабіла ўзор саматканы. Уздохі ветру — таемныя сказы лесуноў, русалак і вадзенікоў пад месячнымі праменнямі. Сялянская дзяўчынка, тулячая да сваіх грудзей маленькае дзіцянё на жытняй мяжы, — гэта Мадонна, гэта Божая святасць... Уся Беларусь — «тысяча крэпка нацягнутых струн», на якіх вялікі кампазітар-паэт творыць свае чаруючыя сімфоніі.

Багдановіч ведаў таемную замову адкрываць дарагія скарбы- агняцветы. там, дзе звычайныя людзі знаходзяць толькі адну пустату, ён знаходзіць хараство і літургію паэзіі.

Як моцны рэактыў, каторы выклікае
Між строк ліста, маўляў, нябожчыкаў з магіл,
Рад раньш нязнаных слоў.
(«Актава»)

Вершы яго строга кароткія, ярка вобразныя і рэльефна-выразныя. Нідзе ў іх нельга ні адняць, ні прыбавіць. Гэта старасвецкія гравюры, з мастацка стылізаванымі арнаментамі.

Калі і згадзіцца з тым, што для шырокіх масаў чытачоў паэзія яго не ўся даступна, дык затое інтэлігенты знаходзяць у яго сціслых класічных штрыхах таямніцу таямніц, квінтэсенцыю стара-культурнага беларускага інтэлігента, беларускае туманнае казачнае «калісь», намалёванае квола-пявучымі тонамі. паэт сам тлумачыць «вянок» сваіх вершаў:

Вы, хто любіце натрапіць
Між страніц старых, пажоўклых
Кнігі, ўжо даўно забытай,
Блеклы, высахшы лісток, —
Праглядзіце гэты томік:
Засушыў я на паперы
Краскі, свежыя калісьці,
Думак шчырых і чуцця.

А «краскі» ў яго цудна стылізаваныя, апрацаваныя і выразаны на мармуровых скрыжалях.

Дзеля гэтага песні яго «гартаваліся», нібы сталь. паэт валодаў тайнай гармоніі і рытмікі, як лепей не трэба.

Але, мабыць, пры ўраджэнні чараўніцы-старчыхі праклялі яго тым, каб ён быў далёка ад роднага краю, і дзеля гэтага музы ткалі вакол яго паэзіі арэол тугі і сумнасці. Праймаючыся яго творамі, адбіваецца такое ўражанне, нібы меладычныя, крэпка нацягнутыя струны рвуцца, і чароўныя плоймы зыкаў пераліваюцца ў водгуках гэтых рвучыхся струн. Здаецца, нібы музы плачуць над ім, а слёзы іх застываюць у дарагія перлы.

Хаця ж, часамі, лёс яго мілаваў, — у 1911 г. Багдановіч меў (як ён сам казаў пішучаму гэтыя строкі) вялікае шчасце: ён быў у старой сталіцы беларусі, у Вільні. I запаланіўся зусім хараством віленскіх гор і далін, рэчак і старасвецкіх гмахаў у рамках зелені. ці ж гэта было мала для юнага песняра, каторы знаў сваю бацькаўшчыну толькі з кніг? Радасна блішчэлі яго вочы, калі ўспамінаў аб гэтым ужо праз колькі гадоў у менску (у 1916 г.). тады ж (у хуткім часе пасля бытнасці багдановіча ў Вільні) чытачы «Нашае нівы» мелі прыемнасць чытаць «нізку» вершаў «Место», дзе віленскія вобразы намалёваны мастацкім пэндзлем.

Багдановіч убачыў тады першы раз і беларускую вёску, шчыр-боры і даліны-лугі, каторым ён раней праз зоркі вітанне сваё пасылаў. Тут ужо з жывой бібліі, з беларускай зямлі, ліліся яго песні, але ў іх ужо чуліся стрункі яшчэ большай надарванасці, яшчэ большай меланхоліі... Раней, будучы ў далечы ад «родных хат, ад роднай нівы», беручы свае матывы са старых летапісаў, з «засохшых кветак», уяўленне і пылкасць душы білі фантанам сонечнай красой, але, угледзеўшы «хмары, балоты» ў краю ўбогім — у душы паэта туга павялічылася.

А ў менск прыехаў ён ужо зусім змучаным сухотамі. Атручаная атмасфера рэакцыі, каторая душыла тады (у 1916 г.) Менск, дзе нават не дазвалялася выдаваць часопісы па-беларуску, яшчэ больш цяжкі мела на яго ўплыў.

Усё ж такі ён і ў спячым Менску знаходзіў поле для працы: арганізоўваў беларускую моладзь, чытаў рэфераты аб беларускім руху, апрацоўваў беларускую хрэстаматыю і г. д. а здароўе яго штодня горшала ды горшала. Угаворвалі, прасілі яго ехаць у Крым на папраўку, але ён не меў ахвоты ехаць зноў на чужыну з няшчаснай, заняволенай, зруйнованай вайной бацькаўшчыны. Урэшце яго ўпрасілі. Ён паехаў у Ялту. А праз кароткі час прыйшла да нас сумная вестка аб яго смерці там, на чужыне, адзінока...

Але жыве і лунае яго дух над роднай Бацькаўшчынай, і хто пачуе яго агнявыя песні, той ужо не можа не любіць свайго краю, свайго народа, сваёй роднай мовы...