Перайсці да зместу

У віры жыцьця (1925)/Гануля

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Спакуса Гануля
Апавяданьне
Аўтар: Міхась Зарэцкі
1925 год
На маладое
Іншыя публікацыі гэтага твора: Гануля.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГАНУЛЯ

Шэрая вёска. Цёмныя людзі. Цьмяная рэчка жыцьця.

І да вольнасьці, і пасьля вольнасьці тое самае. Праца сялянская — цяглая, ламучая, пот вёдрамі выганяе, як самагонку. А адпачынак — нуда. Цягнецца, што кісель. Тухлы.

У нядзелю, калі на места не падасіся, дык што-ж: сядзіш, гамоніш, гамоніш, сядзіш, потым спаць забурышся. Нудна…

Бабы языкі точаць. Дурныя, вядома. І працаваць любяць. Калі ня рукамі, дык языком. Мяліцамі трэпяцца. А перабяруць усіх чысьценька! А навыдумляюць дзіву дасіся, лопнеш ад сьмеху.

А часамі бабы сплятуцца. Мужчыны далучацца, злосныя ад нуды. Тады бойка. Тады ў паветры замітусяцца: валасы, хусткі, спадніцы, бароды, вусы. Тады цікава і весела.

Дзеці… Во дзеці добра жывуць. Цьвітуць, пузаны. Ім няма нуды. І працы няма. Балазе ім: за птушкамі, напрыклад, шарапацца даросламу неяк сорамна, хоць і ў нядзелю, а ім што — пашоў ды пашоў. А ўцеха якая! Ізноў-жа табаку ў дзеда Лявона цягаць — даросламу што, а малому — хлебам яго не кармі, толькі дай магчымасьць жменьку стырыць. Адным словам — „хвацка“.

Вось якая вёска Будынкі. Звычайная? Вядома. Але гэта раней. А цяпер — ого, што цяпер…

Гануля… Бачылі, як красуецца стромкая маладая вішня; як яна зьзяе, блішчыць веснавым хараством, як яна сакавітая — сьмяецца сваім квяцістым уборам, радасьць шчодрымі жменямі раскідае наўкола?

Зграбная, сьвежая. Стан прухкасьцю мяккай, дзявоча-крамянай спакушае. Вабіць, абяцае ўцехі жаркія. Твар — чырваньню рдзее. Любы, прыгожы, заўсёды з усьмешкай чароўнай, гарэзьлівай. Вочкі… Вочкі такія, што калі хочаш утапіцца ў таёмным, яскравым бяздоньні, дык зірні ў іх. Яны сваімі блакітнымі праменьнямі схопяць твой погляд і пацягнуць магнэсам у жудасную і разам чароўную прорву.

Во якая Гануля. Але гэта таксама раней было. Потым былі цёмныя ночкі, палкія пацалункі, абнімкі, глыбокія, жаркія ўцехі. Потым пакута была.

А цяпер Гануля — дзеўка старая. Чырвань на твары пагусьцела, у плямы сабралася, вочы туманам ахінуліся. Грудзі тыя пульхныя, любыя, крамяныя булачкі — цяпер абвісьлі. Брыдка.

І цяпер пры Ганулі дзяцёнак, хлопчык сінявокі.

Але добра. Што далей?

Восень была. На гародах пажоўклых, счарнеўшых — бабы працавалі. Гануля ў цёткі Арыны за кавалак хлеба гародніну з чорнай зямлі калупала.

І вось тады прыехала тая, з гораду. Худая, вочы гараць ліхаманкавым бляскам. Гаварыла грубаватым, глыбокім голасам.

Пачала баб зьбіраць. Сьмеху было! Бабы адна адну пад бок штурхалі. Міргалі з усьмешкай.

— А бач! На баб мода пашла. Во табе. Цяпер мы ў сілу ўвойдзем, людзей сваіх пад уладу возьмем.

Сьмяяліся. І на сходцы таксама. Не маглі бяз сьмеху слухаць, як кабета з гораду запэўняла, што баба з мужчынам роўная.

— Папеначка! А я-ж касіць ня ўмею. І мой таксама дужэйшы за мяне. Ня я яго б‘ю, а ён мяне лупцуе.

Тая тлумачыла, а бабы ізноў рагаталі, у бокі ўзяўшыся.

А Гануля не сьмяялася. Яна развучылася сьмяяцца. Часам толькі вусны крывіла жаласна, пакутна. Сьмяяцца не магла, бо на вусны пячатка была накладзена. Моцная пячатка гора.

Яна слухала ўважна. І, як тая казала пра долю гаротную бабскую, у яе мінулае варушылася ў сэрцы. Паўставала, злучалася ў адзін малюнак чорны, сьлязьмі падступала да горла, вымагала нейкай надзеі, нейкай уцехі. Думку напружную, палкую раджала, думку аб будучыне.

Пасьля сходкі, калі бабы гурмай, лапочучы павалілі з хаты, яна нясьмела падсунулася да тарадзкой.

— Паненка! А ці ёсьць якое паляпшэньне?

— Ціха спыталася, баючыся, каб хто не пачуў. Тая зірнула з цікавасьцю.

— А што, цяжка жывецца?

— Ой, цяжка, галубачка. Нічога ня маю, за кавалак хлеба хаджу на падзёншчыну. А часамі — зусім няма чаго есьці. Дзіцёнак малы.

— Удава?

— Не, не удава. Я… так сабе… дзеўка…

— А… Хату маеш?

— Ня маю родненькая. Была ў нас хатка старэнькая, дык, як матуля памёрла, яна брату дасталася. А ён прагнаў мяне пасьля таго… Жыву цяпер, дзе прыдзецца, куды пусьцяць.

Гарадзкая доўга з Гануляй гаманіла. Тлумачыла ёй, малявала абразы пекныя, прыгожыя, захапляючыя. Шляхі адчыняла ў Гануліным розуме — шырокія, гладкія, квяцістыя.

Пасьля кніжак дала пачытаць і паехала.

Гануля троху пісьменная была. Кніжкі чытала ноччу пры лучыне. Удзень хоць-бы і быў час — нельга, засьмяюць. І то трохі кпілі: „грамацейкай“ празвалі.

І пачало ў Ганулі нешта расквітаць у сярэдзіне. Сярод чорнай беспрасьветнасьці пачалі мігаць ружовыя праменьні надзеі. Часамі сьмяялася Ганулька. Нявыразная радасьць дух уздымала.

— А мо‘ што і будзе? Хоць бы пад старасьць дажыць…

Пад вясну яшчэ з гораду тая прыехала. Бабы ізноў усьміхаліся, жартавалі. А Гануля, як роднай, узрадвалася.

Цяпер гарадзкая проста падышла. І як пачала гаварыць аб жыцьцёвым, магчымым, бабы сур‘ёзнасьцю трохі працяліся. Слухалі з палахлівасьцю, з нейкай апаскай, недаверлівасьцю.

Гарадзкая ясьлі адчыніць захацела. Дзіўная… Чаго ёй прысьпела? Што ёй за наўда: ну, жывуць бабы і жывуць, як спрадвеку жылі.

Нялюба бабам, што жыцьцё іх кратаюць ды варушаць, ды пераглядаюць з усіх бакоў. Прывыклі ў запеччы…

І гвалтам узьняліся…

— Як-жа! Аддадзём мы сваіх дзяцей невядома каму. Каб згубілі!..

Гарадзкая — рады ня дасьць, што з бабамі рабіць. Але Гануля тады ўзялася. Як пачала гаварыць, дык голас дрыжэў: гэтак абурылася.

— Дурныя вы, бабы. Самі ня ведаеце, чаго баіцеся. Кожнай-жа дзеці ў абузу ўлетку. Ды тут-жа просты рахунак. Заместа таго, каб кожнай дзяўчыну трымаць ля дзяцей, — зьнесьці іх у вадно месца ды даручыць аднэй бабе — няхай з імі водзіцца.

Ой, як спрачаліся бабы. Не раўнуючы — быццам іх у пятлю хто цягнуў. Але ўрэшце ўсё-ж падаліся. Перш адна да розуму прышла:

— Пастойце, бабкі! А можа гэта і ўпраўды рахуба? Во Гануля… яна ня пры месцы, вандруе з хаты ў хату… няхай забаўляе дзяцей.

Іншыя далучыліся. Толькі самыя ўпартыя на сваім стаялі.

— А хто-ж гэта пусьціць да сябе ў хату гэтае пекла? Каму гэта люба?

— Па чарзе можна. Тыдзень у ваднэй хаце, другі — у другой.

Дагаварыліся. Гарадзкая здаволеная паехала. На разьвітаньні моцна паціснула Гануліну руку.

— Во вам пачатак і ёсьць. Адно паляпшэньне ўжо бачым. Працуйце тут.

А Гануля сьвяткавала ў душы. Радасьцю дзіўнай гарэла.

Надышло лета. Жаркае, потнае. На гародах, у полі мурашкамі людзі запоўзалі. У напружнай сьпякоце смага павісла. Душнай зморай на людзей перакінулася. Занылі працоўныя плечы. Цяжка…

Ганулі таксама — хоць разарвіся. У цеснай хацёнцы — пузатымі клёцкамі поўзаюць. Гвалтуюць ува весь шырокі дзіцячы рот. Сапраўднае пекла. Сьвежы чалавек звар‘яцее, калі зойдзе ў хату.

Але Ганулі нішто. Рупная, рухавая, яна ўва ўсе бакі. Аднаго пакарміць, другога ўняць, трэцяга закалыхаць. Усюды спраўляецца.

Сама аж цьвіце. Быццам тое даўнейшае вярнулася. Нават памаладзела, папрыгажэла.

Часам матка якая — распараная, зьняможаная — прыдзе адпачнуць. Пасядзіць момант — з ласкавай усьмешкай паўзіраецца на муравейнік.

Пажартуе:

— Во, табе, Гануля… І замужам ня была, а дзяцей — поўная хата, як тых парасят.

Тады Ганулі нешта ў сэрца кальне.

Успомніцца старое: тыя сонечна-сьветлыя дзянькі, зорныя ночы.

Возьме яна тады свайго Яначку, шчыльней прытуліць, галоўку сукрыстую гладзіць. Песьціць сумна-ласкавым поглядам.

Але не надоўга гэта. Усьміхнецца апошняй, смутнай усьмешкай і — зноў замітусілася па хаце.

У вадну з душна-лянівых, санлівых нядзель Гануля баб вясковых сабрала. Бабскую сходку. Каля акрайнае хаты, на мяккай зялёненькай траўцы, паселі ў гурток. Гануля — у сяродку.

І вось што сказала бабам Гануля:

— Ведаеце, бабачкі, што я надумалася. З дзяцьмі карагодзіцца — малая гэта для мяне праца. З гэтым і дзяўчына якая справіцца. А калі дзьве, дык і казаць няма чаго. Пад маім наглядам яны абыйдуцца з вашым насеньнем. А я тымчасам іншай-бы працай займалася. Вам-жа цяпер, цётачкі, вопраткі памыць няма часу. Вось-бы я і мыла патроху. Усё вам дапамога, ад пільнай працы не адрываліся-б…

Бабы згадзіліся. Толькі падзякавалі Ганулі. Да дзяцей двух дзяўчынак прыставілі, а Гануля вопраткі сялянскія мыць пачала. А калі многа зьбіралася, цяжка было, — па чарзе пасабляць прыходзілі.

Усе паважаць сталі Ганулю. Нават мужчыны, што калісь кпілі з яе „грамацейкай“ жартуючы звалі, цяпер іначай да яе абарачваліся. Калі ўбачыць каторы, што кніжку часам Гануля чытае, дык, замест сьмеху, — павага, сур‘ёзнасьць на твары зьявіцца. Падыйдзе ды аб сур‘ёзных „політычных“ рэчах пагаворыць.

Увосень у сельскі савет Ганулю выбралі. Во было гутарак! А бабы! Усе насы ўзьнялі на добрую пядзю. Козырам захадзілі.

— Во, цяпер наша панства. Канечна, наша. Што яны, мужчыны, пхе!..

Мужчыны моўчкі ў вусы ўсьміхаліся. А часам, кідалі няўважна:

— Што-ж. І бабы ня ўсе бабы. Часам і разумныя бываюць… Хоць і рэдка, трэба сказаць…

А то яшчэ:

— Што-ж. Ёй вальней, часу хопіць. Гаспадаркі ня мае, ня зьвязана нічым.

І Гануля пачала справамі заварачваць. Загад які — фурманкі альбо падатак які — зараз сходку ці па хатах пойдзе.

Гаспадары моршчацца, плююць у бок.

— А бадай цябе! Абабралі бабу на бяду сабе. Усюды яна круціць сваёй спадніцай… У, я цябе, кудлатая…

А потым разам з Гануляй сьмяюцца і загад выконваюць. Ахвотна слухалі Ганулю, дарма што баба. Слухалі, бо зналі, што яна ўсё добра разрахуе — што каму, нікога не пакрыўдзіць.

А ўзімку, як вальней стала селяніну, як пашлі зімовыя вечары — доўгія нудна-цягучыя, — тады Гануля іншай працай занялася.

У Лявона, у досыць раскошнай хаце чытальню адчынілі. Лявон ахвотна дазволіў. Вясёлы дзядзька! Любіць, калі ў хаце народ таўчэцца.

У чытальні — газэты, кніжкі сякія-такія. Кожны вечар — народ. Гануля газэты чытае сялянам, тлумачыць усё чыста, што сама ведае, чула.

І моладзь тут трэцца. Хлапчукі, дзяўчаты — яны, вядома, больш жартуюць, дурэюць, каханьнем практыкуюцца. Але часам, як надакучыць гарэзваць, і яны лезуць за стол.

— Старшыніха, дай газэтку!

— Старшыніха, дай кніжку цікавую…

А дзядзька Лявон важна зазначае скрозь піпку:

— Якая табе старшыніха… Камісар! Во як, дурань зялёны!..

А на „ражство“ што было, як Рыгораў Мікола прыехаў!

Мікола ў горадзе вучыцца. Як прыехаў, сабраў хлопцаў, дзяўчат ды і кажа:

— Давайце спэктакль паставім!

Ну, дык што ж… і паставілі. Ды яшчэ як! На ўсю акругу загрымела. У сьвірні, дзе спэктакль ставілі, ад людзкога натоўпу замалым сьцены не праламаліся.

Гануля таксама іграла на сцэне. Што-ж, што старая трохі… Абы дух малады! Яшчэ як ролю „Альжбеты“ выканала — проста любата!..

Дык во, як было. А пад вясну зьмянілася.

Нешта раз Гануля паперку атрымала. Пісалася:

„Ганне Ахрэмчыкавай. N-скі павятовы аддзел па працы сярод кабет запрашае Вас да пастаяннае працы ў названым аддзеле. Аб згодзе паведаміце“.

Гануля без канца чытала, перачытвала паперку. З усіх бакоў яе аглядала. І верыла і ня верыла. А сэрца, быццам клявец па касе, — цюк-цюк-цюк!..

Дужа ўзрадвалася Гануля. Перад вачмі шырокія, раскошныя, прывабныя прасьцягі разьвярнуліся.

Праца. Вялікая праца. Шмат работы, карыснай, цікавай. І ўсё дзеля сваёй пакрыўджанай гаротнай сястры.

Толькі шкода было Ганулі пакідаць сваю вёску. Родная вёска. Радзілася тут, узрасла, узгадавалася. Тут першае шчасьце, дзявочае шчасьце пазнала, тут і пакутвала.

Але гэта-ж ня ў дальны сьвет… Пэўна, ня раз прыдзецца сюды прыяжджаць, даведвацца.

І Гануля, вядома, паехала.

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Дык во якой стала Гануля!..