У Віленскі акружны камітэт БПС-Р

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
У Віленскі акружны камітэт БПС-Р
Ліст
Аўтар: Тамаш Грыб
1922
Крыніца: [1]


Дарагія таварышы!

Вам, напэўна, ведама, што ў Праскі ўнівэрсытэт ёсьць ужо 50 стыпендыяў для студэнтаў-беларусаў. Зь іх вольных 37. Ёсьць 20 стыпендыяў у Украінскую сельска-гаспадарчую Акадэмію. Такім чынам, у гэтым годзе ў Прагу можна паслаць 57 асобаў студэнтаў-беларусаў. Значная частка прыпадае на Заходнюю Беларусь. От-жа, надта было б важна, каб Школьная Рада паслала такіх студэнтаў, якія б узапраўды, пасьля атрыманьня вышэйшае асьветы маглі быць карыснымі грамадзянамі роднага краю і актыўнымі змагарамі за народную волю. Не так даўно ў Празе стаўся вельмі непрыемны выпадак — група студэнтаў-беларусаў, у тым ліку Рагач ды інш., адмовіліся ад беларускай стыпендыі і перайшлі ў лік «грамадзян РСФСР». Гэта быў скандальны выпадак. Трэ гэта мець на ўвазе пры складаньні сьпісаў на гэты год. Бо нам няма зусім сэнсу сваімі ўласнымі рукамі пладзіць беларускіх рэнэгатаў. Годзе ўжо, і так зашмат у нас іх ёсьць. Са складаньнем спісаў трэба прысьпяшацца, каб не спазьніцца.

А як справа стаіць з гуртком студэнтаў-беларусаў у Віленскім унівэрсытэце? Няўжо такі зусім безнадзейна — адны казлы ды бараны? Трэба працаваць сярод моладзі ды студэнцтва. Не з палітыкі трэба пачынаць, а з высьвятленьня культурна-эканамічнай праблемы адраджэньня Беларусі. Трэба ў іх сьвядомасьці прабудзіць актуальнасьць, гатоўнасьць непасрэдна самім працаваць над справай адраджэньня бацькаўшчыны. А, добра асьвядоміўшы сабе культурна-эканамічныя падваліны беларускага культурнавызваленчага адраджэньня, дзяржаўна-незалежніцкага руху — сама сабой яны будуць самі ўжо займацца палітыкай. Якая іх будзе палітыка? Дакладна ўявіўшы сабе справу адраджэньня Беларусі, гэта палітыка можа быць толькі адна — культурна-эканамічнае адраджэньне працоўных сялянскіх грамадаў. Іншага стану няма, на які б мог абаперціся беларускі адраджэнскі рух.

У працілеглым выпадку — гэта ня будзе нацыянальная беларуская палітыка, а шляхецка-абшарніцка-польская, або дробнамяшчанская маскоўская.

Ітак — праца сярод моладзі, гэта ёсьць асноўны лёзунг сучаснасьці. Моладзь — будучыня Беларусі!

Вам цікава ведаць, што робіцца ў Менску? Там ідзе ў вышэй пададзеным напрамку шырокая праца. Палута Бадунова, якая магчыма ў хуткім часе прыедзе заграніцу — знаходзіцца цяпер у Менску ды вядзе працу сярод студэнцтва, трымаючыся таго погляду, што студэнцтва беспартыйнае вядзе навуковае высьвятленьне праблемы культурна-эканамічнага адраджэньня Беларусі. Гэта само па сабе ня вынікае з таго, што сярод студэнтаў ёсьць шмат нашых сьвядомых таварышаў. Але ў пачатку ня трэба трымаць толькі партыйнасьцю, хай сьвядома кожны прыходзе да партыйнай працы, добра выпрацаваўшы ў гуртках свой навуковы, сацыяльна-эканамічны ды культурны сьветапогляд. З свайго боку, мы прыкладзем усе высілкі, каб дабыць належныя сродкі на пасылку вам адпаведнай літаратуры па ўсіх катэгорыях.

У канцы нашага ліста яшчэ адно лічым зазначыць. Як да нас сягаюць весткі, што ў Краі, на чужыне беларуская інтэлегенцыя ўсё больш ды больш абмяшчаньваецца, аслабела іх вера ў перамогу ў беларускую рэвалюцыю. Гэта зьявішча ёсьць надта сумнае, але неабходна проста глядзець праўдзе ў вочы — гэта ёсьць. А між тым для пэсімізму зусім няма ніякіх аб’ектыўных абставінаў. Гэта зьявішча хутчэй за ўсё чыста суб’ектыўнага характару, магчыма, на грунце зморы, недаяданьняў ў турмах і г.д. Таму яно ня носіць у сабе фатальнасьці, а ўсё кажа за тое, што хутка, як нешта хваравітае, пройдзе. Аднак — мы таварышы, кожны па асобку й усёй грамадой, мусім даць прыклад нашай рэвалюцыйнай трываласьці, упартасьці ды працаздольнасьці. Максімум напружанасьці сілаў, максімум праяўленьня ініцыятывы й самастойнасьці.

З таварышыскім прывітаньнем, Тамаш Грыб.

За Бюро ЦК БПС-Р (1922 г.)