Перайсці да зместу

Устаноўка (1930)/Мястэчка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Крык галодных рыкш Мястэчка
Публіцыстыка
Аўтар: Андрэй Александровіч
1930 год
Разбойнік Буйтра
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мястэчка (Александровіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МЯСТЭЧКА



1

Пятніца…
Запалілі сьвечкі
ў кожнай хаце
цёмнага мястэчка.
На стале ля сьвечак
сьпечаная хала.
Ў талесах мястэчка
сівы талмуд чытала.
Сонейка пагасла.
Запалілі сьвечкі,
Пятніца.
Вечар.
Моліцца мястэчка.

2

Вечар жніўны ціха павявае,
рассыпае срэбра кроплямі расы.
Ходзіць задуменны местачковец Хаім;
месяц завіваўся ў сівыя валасы.

Моліцца на месяц, моліцца на неба,
просіць дапамогі — Борух, адэной.
Моліцца пакорны местачковец рэбэ,
просіць неба яснае выслухаць адно.

Глянуў на старога: абадраны, голы,
талесамі роніць буйную сьлязу.
А калісьці Хаім езьдзіў балаголам,
а цяпер ад нечага — гадуе ён казу

і кожны вечар ходзіць з хаты ў хату
і ў кожнай хаце хэйдар, ну і „гут“.
І як шчыры рэбэ горача, заўзята
дзеткам убівае ў голавы талмуд.

І гандлюе, хочаш, бакалеем,
з камізэлькі, хочаш, какаіну дасьць.
Моліцца на неба… Сьлязою грудзі рве ён,
спавіло яго няшчасьце і бяда.

І ламае рукі, і ламае пальцы,
і губляе сьлёзы на зялёны дол.
Родныя сыночкі адкідаюць талесы
і заместа школы — ідуць у камсамол.

Іх лаялі… Пракляцьці насылалі.
Праганялі з дому, голых праганялі.
Ім хоць-бы што, нібы сьцяна нямая —
замест талмуду „Арбэйтэр“ чытаюць.
Багамольнік крамнік, набажны гандляр —
злосьць яго спавіла, злосьць кідала ў жар.

3

Ноч мінула ў цемені дубровы,
пагасіўшы ветрам сонныя агні.
Ноч міне ў зьнямозе… Сьветлаю падковай
прывітае раніцу — прозалаць зарніц.

Над мястэчкам глуха, пахіліўшы вецьці,
шапацелі хвойкі, калыхалі ціш.
Талесы, як хмары, доўгія сталецьці
мутнымі вачыма чадзілі ў жыцьці.
І пад шум гешэфтаў беднае мястэчка
каратала буднем сонечныя дні.
................
Ой, зусім нядаўна, запаліла сьвечкі
новая раніца — прозалаць зарніц!


Хоцімск, 1925