Універсал у ваяводствы, паветы і вольныя месцы ВКЛ аб пачатку дзейнасці вярхоўнага кіраўніцтва паўстаннем

З пляцоўкі Вікікрыніцы
25 красавіка. Універсал у ваяводствы, паветы і вольныя месцы ВКЛ аб пачатку дзейнасці вярхоўнага кіраўніцтва паўстаннем
Аўтар: Рэч Паспалітая
Крыніца: http://pravo.by/pravovaya-informatsiya/pomniki-gistoryi-prava-belarusi/kanstytutsyynae-prava-belarusi/akty-rechy-paspalitay/akty-pa-stannya-i-vayny-1794-goda/25-krasavika-universal-u-vayavodstvy-pavety-i-volnyya-mestsy-vkl-ab-pachatku-dzeynastsi-vyarkho-naga/

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




25 красавіка. Універсал у ваяводствы, паветы і вольныя месцы ВКЛ аб пачатку дзейнасці вярхоўнага кіраўніцтва паўстаннем

Пасля столькіх ужо бедаў і ўніжання, усявышняе прадбачанне паслала нашаму народу шчаслівую пару і калі мужнасць здолее гэтым скарыстацца, а абывацельская дабрадзейнасць і кемлівасць пажадае яе падтрымаць, то, мілая Айчына, ты будзеш нарэшце выратавана. Слухай народ літоўскі, што табе гаворыць не слабы кароль са слабога яшчэ трону, не свавольная грамада нічога, акрамя пустога тытула, не маючага люда, а спакойны саюз зычлівых тваіх сыноў, якія доўга аб тваім вызваленні працавалі тады, калі ты ўжо ў яго зняверыўся.

Мужны народ французскі разам з іншымі падае нам сяброўскую руку, жадае нашага паўстання, падае нам для таго рознага гатунку дапамогу. Прыязнасць яго заснавана на ўзаемнай карысці двух народаў і не грунтуецца на той каварнай і драпежнай палітыцы, ахвярамі якой мы былі неаднаразова. Застаецца нам выбраць адно з двух — ужыць апошнія сілы на сваё вызваленне або люта згінуць ад рукі заўжды непрыязненых, а зараз яшчэ і раздражнёных суседзяў.

Даносім вам, шаноўныя абывацелі, што літоўскае войска, кіруемае мужным палкоўнікам інжынераў, яго мосць панам Ясінскім, не ўступаючы ў сваёй дзейснасці дабрачыннасці і адвазе камандзіра, выканала ўжо свой абавязак і ўтварыла агульны саюз. Сталічны горад Вільна вольны ад непрыяцельскага кватаравання, уся яго каманда, гарматы, сцягі і амаль усе быўшыя тут салдаты ўжо ў нашых руках. Рэштка непрыяцельскай сілы ў Літве праз некалькі дзён будзе нашай, а калі народ пажадае паслухацца таго, да чаго будуць весці добразычліўцы, то тады назаўсёды станем вольнымі.

24 красавіка прысутныя ў Вільна абывацелі асобным актам паўстання літоўскага народа з адзінаю мэтаю атрымаць вольнасць і роўнасць абывацельскую, гэтак жа як і ўсе тыя карысці і намеры, якія пастаноўлены кракаўскім актам паўстання 24 красавіка бягучага 1794 года, урачыста прысягнулі на агульную сваю і Айчыны нашай абарону, стварылі Найвышэйшую ўрадавую раду з асоб названых у тым акце, а менавіта: Юзафа Несялоўскага, навагрудскага ваяводы, Антона Тызенгауза, віленскага харунжага, прэзідэнта г. Вільна, Бенедыкта Марыконі, Станіслава Мірскага, пісара літоўскага, Міхаіла Бржастоўскага, мінскага старасты, Дамініка Нарбута, лідскага войскага, Юзафа Паца, вілейскага старасты, Міхаіла Грабоўскага, літоўскага канюшага, Станіслава Валовіча, рэчыцкага падкаморага, Томаша Ваўжэцкага, эксхарунжага літоўскага, Мікалая Храпавіцкага, аршанскага маршалка, Валенція Гарэцкага, віленскага войскага, Бенедыкта Карпа, упіцкага харунжага, Міхаіла Страшэвіча, упіцкага маршалка, Юзафа Коцела, палкоўніка войск ВКЛ, Каэтана Нагурскага, харунжага Шавельскага павета, Вішнеўскага, прэнскага падкаморага, Мікалая Мараўскага, экспісара вайсковага, Тадэвуша Высагерда, Алаіза Сулістроўскага, экспісара літоўскага, Самуэля Корсака, Ігнація Гельгуда, эксстражніка літоўскага, Мартына Пачобута, рэктара віленскай акадэміі, Міхаіла Карповіча, смаленскага архідзякана, Ежы Белапятровіча, Антона Хлявінскага, генерал-маёра, Рамуальда Гедройца, генерал-маёра, Ясінскага, палкоўніка інжынераў і каменданта г. Вільна, Антона Лахніцкага, віцэ-прэзідэнта таго ж месца, з якіх асоб арганізавалі другія магістратуры і, згодна з тым актам, прадпісалі асобныя пункты, з чаго вынікае наступны наказ.

  1. Крымінальны суд пачынаецца разам з актам і яго абавязкам з гэтага часу будзе караць здраднікаў Айчыны, праціўных яе паўстанню або саветам, або пагражаючых якой-небудзь змовай, ці такіх, хто ўжо завініўся крыміналам перад Айчынай. Суд яго будзе кароткім і калі б знайшлася настойлівая патрэба, то скаргі, довады і дакрэты належыць разабраць на працягу 24-х гадзін, а ад дакрэту нельга інакш пазбавіцца, як толькі з вызваленнем пасаромленага скаржніка або смерцю вінаватага на шыбеніцы. У той суд назначаны наступныя асобы: Юзаф Несялоўскі, навагрудскі ваявода, Каэтан, Нагурскі, шавельскі харунжы, Самуэль Корсак, Феліцыян Памернацкі, віленскі земскі суддзя, Дамінік Нарбут, літоўскі войскі, Каспар Чыж, віленскі падваявода, Юзаф Пац, вілейскі стараста, Тадэвуш Высагерд, Ян Бухавецкі, віленскі земскі суддзя, Антон Баржымоўскі, ротмістр нарадовай кавалерыі, Ежы Белапятровіч, Людвік Вянзоўскі, маёр, Мацвей Бабровіч, каморнік, Тадэвуш Мардас, каморнік, Ігнацій Вайніловіч, абывацель г. Вільна. А камплект суда павінен складацца не менш чым з 7 чал.
  2. Дэпутацыя забеспячэння адкрывае свае чыннасці з гэтага ж часу і ў сваёй дзейнасці будзе займацца агульна ўсім тым, чаго толькі патрэба паўстання народа будзе вымагаць задавальняючых, як мага хутчэйшых спосабаў і вынікаў. Тая ніякіх судоў не мае, а толькі па абставінах будзе адсылаць у належныя суды. У гэтую дэпутацыю назначаюцца асобы, а менавіта: Міхаіл Грабоўскі, літоўскі канюшы, Мікалай Храпавіцкі, маршалак аршанскі, Станіслаў Валовіч, рэчыцкі падкаморы, Антон Тызенгауз, віленскі харунжы, Бенедыкт Карп, упіцкі харунжы, Мікалай Мараўскі, экспісар вайсковы, Ігнацій Тавінскі, віленскі земскі суддзя, ксёндз Міхаіл Карповіч, смаленскі архідзякан, ксёндз Мікалай Тамашэўскі, Ян Міллер, Франц Фрыбас Гатліб, Юзаф Цэйдлер, абывацелі г. Вільна. Камплект жа складаецца з не менш чым 3-х асоб.
  3. Дэпутацыя публічнай бяспекі гэтак жа гэтым часам адкрываецца і будзе заведваць нарадовай збройнай сілай, сцерагчы бяспеку, прадухіляць усякія перашкоды паўстанню народа. Яе асаблівым абавязкам будзе як мага пільней сачыць за тым, каб супраць паўстання Айчыны не толькі нічога не прадпрыймалася, але нават нічога не гаварылася. Уласных судоў таксама мець не будзе, а будзе адсылаць да належных па праву. Можа, аднак, па зносінах з вайсковымі начальнікамі, затрымліваць падазроных і калі б па ўчыненаму следству затрыманы паказаўся вінаватым і не было б даносчыка, тады публічны інстыгатар павядзе працэс без апеляцыі, пад адказнасцю толькі свайго ўрада. Да гэтай дэпутацыі прызначаны наступныя асобы: Бенедыкт Марыконі, літоўскі пісар, Станіслаў Мірскі, літоўскі пісар, Міхаіл Бржастоўскі, мінскі стараста, Юзаф Коцел, палкоўнік літоўскіх войск, Валенці Гарэцкі, ві ленскі войскі, ксёндз Юзаф Міцкевіч, інфлянцкі канонік, Шыман Малеўскі, прафесар віленскай акадэміі, Юзаф Мейер, Антон Лахніцкі, віцэ-прэзідэнт г. Вільна, Міхаіл Дашкевіч, Ваўрынец Гяцэвіч, Лейка, абывацель месца. А камплект састаяць будзе з не менш чым 3-х асоб.
  4. Дэпутацыя публічнага скарбу будзе заведваць тым жа скарбам і выконваць павіннасці, ускладзеныя правам на скарбовую камісію. А зараз пачынае такую адміністрацыю, у якую ўваходзяць наступныя асобы: князь Радзівіл, віленскі кашталян, Ігнат Дамброўскі, Ян Непамуцен Гараін, Фларыян Сыруц, ковенскі суддзя, Томаш Ваўжэцкі, ксёндз Давыд Пільхоўскі, віленскі афіцыял, Антон Важынскі, ашмянскі падкаморы, Плацыд Трашкоўскі, Матэвуш Нелюбовіч, Ксаверы Юрага, віленскі актавы пісар, Нікадзім Пжэмянецкі, Пётр Білінг, абывацелі месца Вільна. Для камплекту ж дастаткова 3-х чал.

Усе гэтыя дэпутацыі, засядаючыя ў Вільна пад уладай Найвышэйшага ўрадавага савета, абавязаны тэрмінова кожная паасобку скласці ўвесь парадак уласнай арганізацыі і падаць яго на зацвярджэнне той жа рады, пры тым жа захоўваючы трывалыя стасункі ў выконванні павіннасцяў паміж сабой і з Найвышэйшай урадавай радай. А паколькі ж асобы найменаваныя зараз Вышэйшай радай у крымінальны суд і вышэйзгаданыя дэпутацыі ў склад самой рады не ўваходзяць і ў выпадку вакантных месцаў падлягаюць новаму назначэнню, то на вакантнае месца самой жа рады Найвышэйшая рада будзе выбіраць большасцю сакрэтных галасоў. А жадаючы ўсяляк паказаць народу ў якім духу стараннасці мы збіраемся працаваць над яго паратункам, для таго заклікаем вас, шаноўныя абывацелі, зараз жа па атрыманні гэтага ўніверсала злучыцца з намі асаблівым актам на абуджэнне народа, да той нашай рады выбраць для супольнай з намі абароны і шляхам прысягі дэлягаваць для нясення публічнай паслугі трох са Жмудскага княства, з ваяводстваў, паветаў, таксама з усіх галоўных гарадоў па аднаму. А Найвышэйшая рада, маючы тады ўжо для такой патрэбы і абставін памножаны камплект сваіх калегаў, апынецца здольнейшай скінуць ярмо ганебнай няволі і вызваліць усе свае забраныя краі.

Шаноўныя абывацелі! Пастарайцеся толькі абудзіць у сябе любоў да вольнасці і мужнасць даўніх вашых продкаў і па іх прыкладу паспалітага рушання бярыцеся за зброю — да броні, заўжды спраўнай у руцэ паляка, пастанавіце на ўзор каронных правінцый выправіць у вольныя харугвы вольных валанцёраў, у якіх найлепшай красы моладзь прадэманстравала доказы слаўных перамог над ворагам. Нарэшце, шаноўныя абывацелі, як мага хутчэй пастаўляйце ў нарадовае войска рэкрутаў колькі хто можа і захоча, не шкадуйце маёмасці і жыцця, калі гаворка ідзе аб удвая даражэйшай за тое вольнасці. Звярніцеся ласкавым голасам натуры да люду, які прымушаны ўціскамі карміць свайго непрыяцеля пры апошняй нястачы адарваным ад свайго рота кавалкам хлеба і вашага толькі чакае наказу. Няхай тая прылада, якую яму распусны салдат перашкаджае ўжыць на апрацоўку ралля, працяўшы ягоныя ж грудзі будзе прысвечана вызваленню Айчыны і вольнасці. Абапрэмся толькі на агульныя сілы народа, возьмемся ўсе за рукі, бо ў разе той узаемнасці не можа быць граху.

Абвяшчаем вам, шаноўныя абывацелі, лозунг смерці або перамогі, пад якім наша войска шматкрат ужо набыло карысці ў выйграных бітвах. Хто не з намі, той супраць нас. На гэтых падставах дабрадзейнасці і мужнасці ўтварыўшы нам саюз, урачыста зацвердзілі прысягай на публічным рынку г. Вільна разам з іншымі абывацелямі ў наступных словах. Мы... прысягаем усемагутнаму пану богу, адзінаму ў св. Троіцы, што Айчыне жыццём і маёмасцю старанна служыць будзем, уладам, пастаўленым актам паўстання народа, найвярней паслухмянымі будзем, і ўсё, што ад нас належыць будзе на моцу абароны цяперашняга акта паўстання народа, не замінем выконваць старанна і дасканала, а што нам пастаўленая гэтым актам улада даручаць будзе не толькі ў сакрэце захаваем, але таксама ўсё наша дзеянне толькі на дабро края, а не на прыватныя выгоды скіроўваць будзем, у чым нам пан бог і нявінная мука яго сына ды дапаможа.

Застаецца нам, шаноўныя абывацелі, яшчэ вас запэўніць, што ўтрымаўшы толькі да часу ўсе ўрадавыя і судовыя ўстановы ў краі, ні прынімаць нічога ў асабістых інтарэсах, ні пастаноў падобнага гатунку выдаваць не будзем, ніякага заканадаўства не дапусцім, бо ў цяперашнім выпадку мы атрымалі шчаслівы момант, які нам мужнасць нарадовага войска адкрыла для паратунку Айчыны, пастанавіць адрачыся ад усякіх пенсій і карысцяў да той пары, пакуль з найвышэйшай дбайнасцю будзем выконваць свае абавязкі, пакуль Рэч Паспалітая не вызваліцца зусім ад замежнага салдата і, ачышчаная пакараннем злачынства ўсіх здраднікаў нашай Айчыны, не наступіць шчасце самай высокай ступені. Шаноўныя абывацелі! Найвышэйшая рада і кожная з тых дэпутацый асобна будуць вам абвяшчаць аб патрэбах і акалічнасцях. Слухайцеся, калі не жадаеце згінуць.

Жадаючы, каб гэты універсал быў зачытаны і абвешчаны пры публічных набажэнствах, даручаем ксяндзу афіцыялу выдаць асобны для таго наказ у парафіі.

Рабілася ў Вільна 25 дня месяца красавіка 1794 года.

Антон Тызенгауз, харунжы, прэзідэнт г. Вільна

Бенедыкт Марыконі, пісар і войскі ВКЛ

Станіслаў Мірскі, пісар і войскі ВКЛ

Міхаіл Бржастоўскі, стараста мінскі

Дамінік Нарбут, войскі лідскі

Міхаіл Грабоўскі, канюшы ВКЛ

Станіслаў Валовіч, падкаморы рэчыцкі

Мікалай Саба Храпавіцкі, маршалак аршанскі

Валенцій Гарэцкі, войскі віленскі

Бенедыкт Карп, харунжы упіцкі

Юзаф Коцел, палкоўнік ВКЛ

Каетан Нагурскі, харунжы шавельскі

Мікалай Мараўскі, экспісар вайсковы

Тадэвуш Высагерд, зямянін віленскі

Самуэль Корсак, палкоўнік ВКЛ

Ежы Белапятровіч.

АЗПРІ, ф. 79, воп. 6, с. 1837, л. 200—201 адв. Тэкст друкаваны. Пераклад з польскага рэд. Рускамоўны пераклад гл.: Стогн. Паўстанне і вайна 1794 года ў Літоўскай правінцыі. Дакументы. Мн., Пейто, 2002. С. 56—62.

Анішчанка, Я. К. Збор твораў: у 6 т. / Яўген Канстанцінавіч Анішчанка. — Мінск: В. Хурсік, 2004.

Т.2: Імем Айчыны: Дакументы паўстання 1794 г. у Літоўскай правінцыі. — 2004. — С. 21—27.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі (а таксама ў ЗША), бо, паводле беларускага заканадаўства, афіцыйныя дакументы (законы, судовыя рашэнні, іншыя тэксты заканадаўчага, адміністрацыйнага і судовага характару), а таксама іх афіцыйныя пераклады, дзяржаўныя знакі (сцяг, герб, гімн, ордэны, грашовыя і іншыя знакі), не з’яўляюцца аб’ектамі аўтарскіх правоў (арт. 7 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 года № 262-З «Пра аўтарскае права і сумежныя правы»).


Падрабязней гл. у дакументацыі.