Перайсці да зместу

Узгадаваньне характару

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Узгадаваньне характару
Публіцыстыка
Аўтар: Станіслаў Грынкевіч
1928 год
Крыніца: Студэнская Думка. — Сакавік—красавік 1928. — №2 (9). — С. 6—15

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СТ. ГРЫНКЕВІЧ.

Узгадаваньне характару.

Шмат балючак у нашым нацыянальным жыцьці. Дзе ня глянуць, скуль ня кінуць вокам — усюды блага, усюды дрэнна. Паказваць нат, ня трэба, усе мы бачым добра. Казаць аб іх аднолька-ж трэба, кратацца — на месцы не стаяць, калі хочам перамены, калі хочам, каб сьветазарнае заўтра зіхацела прад намі бліжэй, каб здужалі мы ня толькі аб ім лятуцець, працаваць, змагацца а й ўбачыць собскімі вачыма.

Благоцьце нацыянальнае беларускае падзяліць можна з боку гледжаньня прычыны: 1-е надворнае — вонкавае і 2-е ўсярэдзіннае — унутранае. Аднаго і другога самыя мы, Беларусы, будзем прычынамі безпасярэдчымі або пасярэднымі. Прычыны няшчасьця надворвыя — прыкладам тыя ці іншыя абставіян палітычныя, сацыяльныя з асноведзьдзю агульна-эўропэйскаю ці агульна-сусьветнаю — ведама мала залежныя ад нас. Ці-ж вінавацімець хто нас сёньня, што заняпад наш трываў доўга, ці, што пачалося адраджэньне пазьней на нашай тэрыторыі, чымся ў іншых дружынах славянскіх?! Калі-б была гэткая гутарка, дык ведама мэтнасьці ў ёй ня надта шмат мы нашлі-б. Нашчадкі адказываюць за правіны дзядоў — прадзедаў па столькі па сколькі будуць яны аб’ектам, дзе праяўляецца выплад дзеяў мінуўшчыны. Актыўнае — маральнае адказнасьці на іх няма ніякае.

Ці мы вінаватчыкі безпасярэднія разьдзелу Беларусі на некалькі частак? Усім, хто ня ведае абставінаў жыцьця Ўсходняе Эўропы, і хто размяркоўвае ўсенька на свой лад, а знача Французы, Германцы, Італьянцы глядзяць па „заходняму“ — дык магчыма прыдасцца, што калі мы ня маема чаго, што паводле нас нам належыцца, дык мы і адказваем за бяздольле свае. Гляньце на сваіх суседзяў — яны мелі правы, яны як сьлед скарысталі з бязладзьдзя, якое тамака чаўплося, ці інакш кажучы, трэба было адносна іх пакаваць справядлівасьць чалавецкую, яны дасьпелі (быццам і тутака неабходная нейкая дасьпеласьць адумысловая, а ня толькі права жывое істоты) каб прыняць яе на сябе. А дзеля гэтага, калі вы й кажаце аб крыўдзе нейкай, дык ужо вашая віна.

Вось, што мы пачулі-б ад чужых людзей.

Гэта адносна надворных прычынаў. Так ці інакш баронімся ад закідаў магчымых сваіх і чужых.

Інакш будзе, калі глянем на прычыны ўсярэдзінныя, якія з нас пачынаюцца, карэньні якіх растуць у асобах, сэрцах, мазгах, словам у душах нас самых. Кажу нас самых, знача ўжо дзеля гэтага трэ‘ спадзевацца адказнасьці. Думаю, што будзем згодныя на тое, што чалавек, пакуль ён здароў, на розуме і на целе адказвае за дзеі свае.

А шмат ў чым трэба-б пакаяцца, сказаць — вінаватыя гледзячы на цяжкое жыцьцё сваё й народу… Людзі спадзеюцца на будучыну, ждучы ад яе перамены. Ці заўсёды і ўсюды абаснаваныя гэныя спадзеўкі?! Бязумоўна не.

У аднэй з часопісяў быў зроблены агляд меркаваньняў магчымых адносна пытаньня „Чым палепшыць сучаснае палажэньне“. Адзін адказ — перамена абставінаў палітычных у вялікім масштабе, перамена прынцыповая істнуючага ладу, а стуль хвалі новага жыцьця падхопяцца да нас і спыніцца ўсенька, ад чаго плачама цяпер. А дзе-ж самыя Беларусы? бо неяк у такой праграме іх ня відаць?! — Згодна з паглядам вышэй паказаным — пункт апоры ня ў нас, а недзе ў іншым месцы. Адяосіны нашыя паводле іх хай будуць найбольш спагадныя ўсім, хто ласкава схоча глянуць на нас.

Гэтак адныя.

Іншыя наадварот. Кажуць — трэ‘ спадзявацца толькі на сябе, на сваю дужасьць, бо чужыя прыяцялі могуць зьвясьці. Вось дзеля чаго трэба ладзіць ува ўсіх галінах жыцьцё, каб ніколі не аглядацца на вонкавыя спагады ці перапынкі. Хочучы быць кансэквэнтным у гэным імкненьні, трэба шукаць шляхаў да зьдзейсьненьня іх.

Дык вось чаму, калі падумаем толькі аб сучасным палажэньні, неабходна выяўляецца прад намі пытаньне характару. Ведама-ж сапраўдным чалавекам будзе чалавек з дужам характарам, бо, як убачым ніжэй, само ўжо гэнае паняцьце абхоплівае мэту жыцьця — змаганьня, кругатропы да падыходжаньня да яе. Скажа хто, што гутараць нам аб характары ў пару дасьпяваньня, цяпер калі мы ўжо дазрэўшыя людзі, дык няма калі спыняцца над гэтым, кожная хвіліна дарагая…

Адказваць нат’ на закід такі ня сьлед. Хто ня бачыць, што вялікая частка моладзі нашае мадзее, туліняецца маральна, ня бачачы нідзе прыпынку, апоры! Пачаткова яшчэ сяк-гэтак, пакуль дух малады кіпіць, кідаецца на ўсе бакі, хапаючыся за рознаякастныя ідэі, якія трапляюцца прад ею, а потым астынуўшы, замучыўшыся адкараскваецца ад усяго, зачыняецца ў вузенькіх рамках эгоістычных імкненьняў. Дзеля нястачы характару й тутка няма суцэльнасьці, і гэны эгоізм не вялікі, бо не хапае дужасьці каб зьдзейсьніць і яго.

Калі магчыма нешта такое ў тое ці іншае моладзі — немагчыма ў Беларусоў. Мы ім, а яны нам не раўня.

Глянь чытачу на тое, што буду казаць, а ўбачыш неабходнасьць вялікую падумаць, разважыць, дасьледзіць да канца пытаньне ўзгадаваньня характару. Мо’ скранешся й ты, бо прызнацца кожнаму трэба, што з характарам у нас дрэнна. Чаму й скуль пачынаецца і чаўпецца тое блага? У першай чарзе школа сучасная, дрэнная агульна, што-ж казаць аб той, якую бачым у нас. Штодзеннае жыцьцё выяўляе за шмат мо’ нат’ прыкладаў. Адзін з пэдагогаў кажа: „Сяньняшняя школа падтрымліваець пассыўны, інэртны характар, узгадоўвае глядзельнікаў жыцьця, якія найлепей ужо калі здоляюць „ведаць“, ніколі ня будуць умець „хацець“. Глянуўшы добра нат’ і апошніх ня шмат убачым.

Небясьпеку абнядужаньня паўсюднага адносна сілаў ўнутраных бачаць ўсенькія лепшыя адзінкі зпаміж людзей, якія ўзгадоўваюць моладзь. Літэратура замежная поўная гэтым праблемам. Цікуюць ня толькі настаўнікі, а і палітыкі, і грамадзкія працаўнікі, і часта больш сьведамыя з бацькаў. Усе з свайго боку гледжаньня зацікаўлены. Зацікаўленасьць гэная не з аднае прагі за навіною. Дый пытаньне само надта ня новае, яно ўжо мае сваю вялікую мінуўшчыну, пачынаючуюся калісь ў пару расьцьвету думкі старасьветных Грэкаў, захоплівае амаль ня бязвыключна той аграмадны натоўп найвялікшых адзінак з шаругі думаньнікаў такое меры, як Кант, Лёк, Гербарт…

Навіна ў адношаньні да гледжаньня на характар адна мо‘ толькі будзе — гэта мэтады, якімі валадаюць і хочуць карыстацца людзі, лятуцячы аб зьдзейсьненьні будучага, ідэальнага чалавека. Скажам, што сёньня праблема нашая мае погляд больш навучны, трываўкі, калісь былі хутчэй прыгожыя пажаданьні, абаснаваныя на досьледах розуму без датарнаваньня ўсяго, чаго вучаць практыкаваньні ці самое жыцьцё.

Дык жывучасьць гэнае праблемы не адгэтуль. Жывучасьць яе ў том паўсюдным маракаваньні, бядаваньні па нястачы людзей з характарам. Вонкавасьць захоплівае ўсіх і імчыць за сабою, не пакідае хвілінкі, каб глянуць ў сярэдзіну, „пакалупацца“ з самым сабою, прывыкаема лёгкаважыць ўсенька, што ня блішчыць, не маніць вока надворнаю пазорнасьцю… Гэткае адношаньне пакіне выплады бязумоўна благія, бо-ж уся дагэтачасная нашая культура, калі й можа пышніцца здабыткамі, дык ня з эгоізму яны, наадварот — крыніцаю ім была самаахвярнасьць, самазрачэньне собскага, невялікага на карысьць паўсюднасьці, праяваў жыцьця ня мінаючых.

Заблытанасьць адносінаў сёньняшніх у кожнай галіне, скумячанасьць бязумоўна вялікшая, чымся была калісь, вымагае ад кожнае адзінкі заўсёднага напружаньня ўсярэдзіннага, каб ня блудзіць наманіцамі, сустрэнуўшы слабенькую якую запыню на шляху сваім, ды каб не расцярушыцца самому зусім.

Напружаньне гэнае ня што іншае як „трываўкасьць прэдпасылак маральных у суцэльнасьці духовага ядра чалавека“[1].

Паўсюдны напрамак, шлях, якім і сёньня йдзе ці валачэцца чалавецкасьць, забыўся аб нейкім там мэтафізычным, абстракцыйным характары. Глядзелі ўчора, глядзяць й сёньня да рэальнага, да таго, што карысным маніцца, прынамся на заўтра. Далёка глядзець ня хочуць, яно й ня цікаўна чалавеку, які жыве лёзунгам сёньняшнясьці.

Гэны напрамак пакідаў вялізарныя сьляды ўва ўсенькіх галінах, дык няма што дзівіцца, калі ўсюды, на кожнай асноведзі думак найбольш крыштальных — выпаўзалі шчарубінкі, робячыя немагчымым й так даволі крывое лагво дзеяў чалавека. Глянуць на абставіны сацыяльныя, калі змалку дзіця расьце ў бядзе, голадзе, холадзе, гледзячы на роскаш, раскідлівасьць сьветам цяпер валадаючых, ці гэта спагадае ўзгадаваньню поўнага чалавека?! Галіна нацыянальная жыцьця з падзелам на дзяржаўныя і недзяржаўныя народы, на народы большасьці й меншасьці, што выклікае аднолькава ў адных і другіх, дзеля рознаякіх прычынаў, бязупынную барацьбу, змаганьне паміж загадамі паслухмянасьці, а любоўю да свайго народу… Канфлікты духовыя гэткія, ясна, характару цьвёрдага не даюць.

Дык што рабіць? Ці ждаць пакуль ўсё пераменіцца й тады думаць аб распрацоўцы ў сабе чалавека? Ведама на гэткім становішчы астацца немагчыма, ужо дзеля таго, што чалавек з прыроды свае ймкнецца да шчасьця, а што зноў шчасьце сапраўднае магчыма зьдзейсьніць дужаму, магутнаму, валадару прадусім самога сябе, трэба думаць аб узгадаваньні ў сабе гэнае дужасьці воладарства душы. Праца тутака ня гледзячы на нішто ня спынялася й ня спыніцца. Трэба толькі аднаго, каб шырока распаўсюдзілася паняцьцё, дзе яно, тое сапраўднае шчасьце. Трэба сьцяміць, што ўсенькія істнуючыя балячкі, ці агульна магчымыя, залекаваць магчыма не шляхам дзеяньня вонкавага, а наладжваньня ўсярэдзінага.

Вывад апошні, праўда вялікая — вядомая здаўна, ведалі яе людзі старасьветныя, аднолька-ж праўду гэную трэба няспыняючыся паўтараць, каб разьвеяла яна старня пагляды.

Дык знача трэба страсянуць ў сабе душу, каб прачхнулася ў ёй імкненьне да свабоды сапраўднае, незалежнасьці ад мінаючага, не закранваючага сутнасьці зьявішчаў, адношаньня. Ня трэба дзеля гэтага хавацца ў сабе, зачыняцца абсалютна ад кіпучага жыцьця, ня трэба ялавістае кантэмпляцыі — а трэба наладзіць парадак у сабе. Праяваю, магчымасьцю гэнага ладу й будзе характар. Вось чаму гэта пытаньне й будзе загадам агульна-чалавецкім дзеля нас і адначасна нацыянальным.

Няма думаю ў нікога сумлівасьцяў, што адносна ўзгадаваньня характару, сёньня блага зусім. Калі-б папытацца што-ж гэта такое характар, у чым ягоная сутнасьць, у чым праяўляецца ягонае ўзгадаваньне — дык пачулі-б мы або нейкія агульныя растлумачваньні, або кожны чалавек адказваў інакш, па свойму. Шмат хто казаў-бы нам аб немагчымасьці пераінакнаваньня характару, бо ён у нас прыродны, што мы дастаём у спадчыне, ці інакш кажучы — якім радзіўся, такім і пражывеш. Дзеля гэтага пакрысе трэба сказаць, аб чым думаем кажучы характар, ці сапраўды магчымая гутарка аб ягоным узгадаваньні, ці мо’ мы абманваем сябе, лятуцім толькі аб прыгожых мрыях?!

Дасюлешнія пагляды на характар можна падзяліць на дзьве групы: I — пагляды фізыолёгічныя і II — поыхолёгічныя.

У першых паняцьце характару супольна лучыцца з тэмпэрамэнтам, а тэмпэрамэнт гэта свядомасьць, абапёртая на праявах фізыолёгічна-анатамічных жыцьця чалавека. Адзін з дасьледчыкаў кажа прыкладам аб абсалютнай залежнасьці характару (тэмпэрамэнту) ад шырыні, вялічыні жылаў крывявых[2]; іншы абасноўвае ўсенька на якасьці тонуса нэрваў[3]. У шмат вялікага ліку аўтараў гэнага пагляду, ня гледзячы на даволі вялікія разыходжаньні, магчыма ўбачыць чародныя чатыры разгаліненьні характару[4]; 1) мэлянхолічны, 2) сангвінічны, 3) флегматычны, 4) халерычны.

— Памылка іхняя ў тым, што маняцца знайсьці прычынныя адношаньні, дзе іх няма зусім. Магчыма было-б казаць аб прысутнасьці гэтае лучнасьці, аднолька-ж трэба астацца ў плашчыні гыпотэзаў, яны-ж выказваюць прэтэнсыі да навучнасьці, беззакідлівасьці сваіх паглядаў. А як раз навучнасьці тутака й ня бачым.

Бязумоўна згадзіцца нам трэба, што натуральны падклад прыродных нахілаў уплывае на характар. Толькі-ж ня ўплыў, ўплывавасьць магчымая ў розных людзей неаднальковая, дый ў аднаго й таго самага яна або расьце, або гібее ці зусім прападае.

Дык вось чаму бліжэй праўды пагляды псыхолёгічныя. Шмат напрамкаў бачым тутака, залежна ад мэтадаў падыходжаньня да праблемы. Гэткім чынам адзін з напрамкаў псыхолёгічнае школы карыстаецца інтуіцыяю выключна ў сваіх досьледах. Іншыя, бяруць за фундамант некалькі рысаў, падхоплечных імі з натуры і з іх робяць свае вывады. Трэція ставяць будыніну свайго гледжаньня, дасьледуючы асьцярожна кожны паасобны факт і з вялізарнае колькасьці ўбачаных фактаў імкнуцца да вываду паўсюднага, агульнага. Апошняя галіна досьледаў, якую завуць псыхографіяю навучнаю, хаця й мае будучыну, дагэтуль мала яшчэ распрацавана.

Кожны з памянёных метадаў мае добрыя стораны. Галасы прадстаўнікаў сучаснае навукі падзелячы паміж імі, дзеля таго трэба было-б выкарыстаць па меры магчымасьці, што ў іх усіх ёсьць найлепшага. Ня трэ’ палохацца гэнае вялікае колькасьці поглядаў, мэтадаў. Багацьце іх магло-б казаці чам толькі аб тым, што дагэтуль яшчэ навука ня здоляла схапіць самае сутнасьці характару, хаця вельмі блізка да таго, ніколі-ж разрозненнасьць гэная ня сьведчыць аб немагчымасьці ўявіць тае сутнасьці. Ждаць пакуль гэнае паняцьце будзе без такіх ужо сумляваньняў нельга, дык таму сьмела, ня гледзячы на недахопы з боку навукі, трэба намаляваць прад сабою воблік чалавека заўтра, чалавека будучага. Інакш думка анямела-б, прасьмягла-б, а мы не крануліся-б з месца, дзе стаім. Трэба прабаваць, навука потым прыдзе на падмогу. Ведаем, што сёньня з узгадаваньнем характару блага, а хочучы, каб было лепш, дык бязумоўна неабходна трэ’ бачыць той ідэал, тую мерку, да якога хочама дарасьці, паводле якое хочама расьці.

Папярэднія разважаньні закратывалі больш тэорэтычную старану характару. Калі-ж гутарка аб практычнай, аб якой думаем прадусім, дык памятаваць яшчэ трэба, што дэфініцыя характару мусіць абхопліваць чародныя тры пункты: 1) дэфініцыя ня можа разыходзіцца з аснаўною праўдаю душы чалавечае, 2) трэба, каб яна, як сьлед, ацаніла магчымасьць узаемаадносінаў адзінкі й грамадзянства, уплывы паабапальныя, 3) у канцы трэба, каб былі паказаны мэтады зьдзейсьненьня мэты. Характар абстрактны, не абхопліваючы сапраўднасьці, ніякае цаны для нас ня меў-бы. Дык памятуючы на вышэй памянёныя засьцярогі, дэфініцыя праф. Зажэцкага здаецца, лепш іншых будзе адказвала нам:

„Характар гэта ўмецтва дзеяньня, злучанае з адначаснаю прысутнасьцю магутнае волі, бязупынна расстучае і самасьведамасьці, датарнаваньне ўсіх магчымых чалавеку багацьцяў сіл жыцьцёвых, скіраванае ў супольнасьці з сваім народам, на належным сабе становішчы, да мэтаў агульна чалавецкіх“.

Пакуль разгледзім дэфініцыю гэтую, гледзячы на іншыя істнуючыя, трэба насамперш адказаць, ці магчымае запраўды ўзгадаваньне характару, калі-б дэфініцыя нат’, была й зусім добраю! Дзе мяжа ўплываў чалавека ўзгадавальніка, ўзгадоўваючага сябе ці іншых людзей?! Адказ надта паважны, бо калі тае магчымасьці няма, дык усенькая гутарка безкарысная, бязмэтная. Праблема будзе вельмі цікаўная, практычнага датарнаваньня ў ёй ня было-б абсалютна ніякога.

Людзі бядульлівыя, што часта наракаюць на бязвольнасьць, безхарактарнасьць сучаснае пары — найчасьцей пярэчаць сабе, кажучы пэсымістычна, што-ж рабіць, калі на тое Воля Божая, фатум, натура ці яшчэ нэшта такое. А ўсенька гэта дзякуючы нястачы лёгікі ў мысьленьні, дзякуючы недахопу спаціканьня[5] й самаспаціканьня, няўмецтву ўявіць сабе магутную сувязь прычынную між зьявішчамі, бо-ж усе мы верыма, што ўплываем магутна на цёк той ці іншы вонкавы, а яны сумліваліся-б аб уплывовасьці на цёк усярэдзінны!!

Гэткія пагляды папулярныя, без навучнага фундаманту, вельмі частыя, за імі сьледуюць ня толькі адзінкі ці грамадзянствы, а нат’ старонкі цэлыя, народы! Ёсьць аднолькавыя погляды й з штэмпэлям навукі.

Агульна ўсенькія навучныя погляды падзелім паводле E. Parissot і E. Martin на тры группы: 1) скептыцыстыя, 2) догматыстыя, 3) рэлятывістыя.

Першыя пярэчаць абы якой магчымасьці. Прынцыповых рысаў душы чалавецкае, як і прынцыповых свомасьцяў, целаскладу фізычнага ніхто не пераменіць. Гляньце, кажуць скептыкі ва права спадчыньніцтва ў біолёгіі, яно ясна паказуе, што бацькі, дзяды, далёкія продкі робяць нас такімі, а ня іншымі людзьмі.

Перасаджваньне однолькаж біолёгічнага права ў зусім іншую галіну ня вельмі стойка. Самая-ж біолёгія дазваляе на зьменчывасьць, ведама ў абмяжованых граніцах. Ці магчымасьць ўплыву, разважаючы аналёгічна, была-б тутака за межамі ўплываў?!

Дагматысты аскранно глядзяць. Паводле Лёка, з ягоным чалавекам, што родзіцца як tabula rasa, кожная адзінка аднольковыя мае нахілы да ўсяго. Дзеля гэтага з дзесяці чалавек, выбраных зусім не адумыслова, а як папала, бязумоўна дзевяць будуць такімі, якімі мы іх узгадуем. Дзеля гэтага у Гзльвэціуса, духовага спадачніка Лёка, гэній — твор абставінаў ад калыбкі да дасьпеласьці. Канец XVIII і ўсенькае XIX стогодзьде ня інакш глядзяць.

Ім трэ‘ закінуць, што падыходзяць яны да жыцьця з апрыдрыстычнаю формулаю, з якое потым выходзіць ўсё, што трэба. Адныя бяруць біолёгічныя правы, другія будуць выходзіць з прэдпасылак мэтафізыкі (прыкладам Кант, Шопэнгаўзр з ягоным „welle non discitur“). Апрыорыстычнасьць пачаткавая заблытае заўсёды пад канец. Жыцьцё ня толькі розум, мяркаваньне, гэта ня будуць зноў паасобыя, голыя факты з сабою нічым ня злучаныя. У канцы-ж пераменлівасьць, трываўкасьць, гэта-ж паняцьці коррэляцыйныя, якія супражнічаюць заўсёды з сабою, І яшчэ адно — трэ‘ памятаваць, што тутака пытаньні: як, дзе, калі вырашаюцца апрычна, а ня гуртом.

Вось чаму бязумоўна лепш адказваюць на праблему рэлятывісты. Няма ў іх абсалютнае трываўкасьці, ці неабмяжованай пераменлівасьці характару. Узгадананьне ніколі не зачыняецца ў рамах аднаго пакаленьня, таму ня будзем дзівіцца, калі падчас мэта, якую распрацоўваем, здаецца немагчымаю да зьдзейсьненьня адзінцы. Калі хочам бачыць той вялізарны ўплыў самаўзгадаваньня, дык глядзема на чалавецкасьць нат і народ ня ў плашчыне падольнай а стоцьнай, тады цемі дзель нас ня будзе.

Цяпер яшчэ некалькі слоў да паказанае дэфініцыі. Бачым у ёй рысы практычныя, абхопліваючыя ня столькі навучную сторану праблемы, сколькі жыцьцёвую.

У багатым паняцьці характару, судзячы з нашых досьледаў, ёсьць дзьве стораны: 1) сума рысаў псыхолёгічных, спадчынных, што чалавек дастаў ад бацькоў, 2) тое ўсенька, што сам чалавек раздабыў. Ўзаемаадносіны аднае часьці да другое вельмі не аднолькавыя ў розную пару. Гэрбарт аналёгічна бачыць дзьве часьці — кажучы аб іх — аб‘ектыўная й суб‘ектыўная. Тутака суб‘ектыўнаю часьцю былі-б прынцыпы нашаго дзеяньня. Лепш яшчэ было-б казаць на гэныя часьці — статычная й дынамічная.

Гэныя стораны асабліва неаднальковыя будуць ў маладзіка й старога. У першага буйна растуць абедзьве, век даспеласьці ў роўнавазе, ў пару схіляньня да зямлі дужэйшая шмат старана статычная.

Сьвет, асяродак, у якім жывем, няспыняючыяся новыя ўражаньні аддаюць у маладзіка першынства актыўнасьці, дынамізму, дзякуючы зноў чаму багацеюць статычныя элемэнты (пакуль ня будзе раўнавагі ў пару дасьпеласьці). Тое ймкненьне магутнае сілы маладое, якое хоча ўсенька спазнаць, прысутнасьцьнавытару дзейнага“ й будзе першым сапраўды важным элемэнтам характару. З навытару, амаль ня выключна, ў нас пачынаюцца ўцямкі,[6] пагляды, перакананьні, а на іх і пабудаваны характар. Вось чаму думаючы аб характары трэ’ памятаваць аб дзейным навытары. Пагляды ня чужыя, а собскія, якіх я не падхапіў з чужых гутарак, ці кніжкі дый паклаў у зацёмкі мозгу, а пагляды перадуманыя, мае ня толькі з назову, пакажуць чалавека дужага, які ведае чаго і як хацець, які ўмее хацець.

Дзейны навытар забясьпечвае прысутнасьць вясельля душы, тае радасьці, жыцьцёахвотнасьці без чаго й немагчыма зусім сапраўднае жыцьцё.

Гэткае адношаньне, дзейны навытар, неабходна спараджае другі элемэнт характару, мяноўна — сьведамасьць, самасьведамасьць.

Яно й сапраўды — чым далей ад пары дзіцячае, тым лепш выяўляецца розніца паміж аб’ектам і суб’ектам, спасьцярогі адна за другою маўляў крычаць аб гэтым. Спасьцярогі выклікаюць, пакідаюць па сабе новы сьвет, сьвет мрыяў, уяўленьняў. Навытар дзейны, рэакцыя на спасьцярогу, паказуе іншасьць выпладаў фантазыі ад істнуючае рэальнасьці.

Грамадзкае сужыцьцё яшчэ лепш паказуе тую іншасьць аб’екту і суб’екту, спасьцярогі й ўяўленьня. Тое што бачу я, а ня бачаць іншыя, пры аднолькавасьці абставінаў — будзе творам суб’ектыўным. Інакш гэта мы ня сьцямім, калі не ў грамадзкім сужыцьці. Хаця й няма паўсюднае згоды, што-ж гэта такое „Я“ нашае, кожны крок наш аднолька-ж выяўляе, што я ня тое самае, што мой знаёмы таварыш.

Толькі сьведамы свае якасьці, цэннасьці чалавек згледзіць, дзе ягонае становішча ў грамадзянстве, ён ня будзе пытацца ды ня будзе ў ём і нясьмеласьці.

Чародны элемэнт характару — гэта агульны разьвітак духовы. Назоў шырокі, абхопліваў-бы раўнамернае ўзбагачваньне ўсенькіх уладаў душы г. ё. ўладаў розуму, волі, почаву (пачуцьця).

Дагэтуль істнуючыя пэрыяды мелі характэрнае пяршынства не аднае дык другое з уладаў, кажуць аб пары рацыяналізму, або зноў пачуцьцё на першай чарзе. Сьцяміць лёгка, што розум і пачуцьцё трэба, каб ішлі заўсёды поруч з сабою. Дурны ніколькі-ж ня будзе чалавекам з характарам. Дзель таго ўжо, што ў апошняга мусіць быць цьвярознасьць прысудаў, паглядаў, а гэта немагчыма, калі няма незалежнага думаньня. Што знача незалежнасьць у думаньні, паказуе сяньняшняя школа. У ёй расьцярушаны унівэрсалізм з адначаснаю аднабокасьцю пакідаюць выплады, перамагчы якіх гадунцы ніяк ня здужаюць часта дакуль жывуць.

Дужасьць, могутнасьць волі настолькі свомна характару, што сустракаем часта ідэнтыфікацыю абодвых паняцьцяў. Дужасьць гэная вельмі нятрываўкая, калыткая, за ею трэба заўсёды сачыць, каб пружыністасць яе не паменшала, до невялічкае дзеі, якая перамітусіць непарушныя, здаецца, здабычы. Без яе розум нічога ня здужае. Будзе бачыў нат’ і мэту прад сабою, мэту вялікую, ўсёабхопліваючую, а не кранецца да яе, ня ўмеціме хацець яе зьдзейсьніць. Рэалізуючы водю, трэба ймкнуцца йсьці да яе шляхам адначасна адзінкавым — індывідуальным і грамадзкім — сацыяльным. Недахоп аднаго з учасьнікаў — непраходная запыня. Прыкладам, калі няма згоды паміж школаю і бацькоўскаю хатаю, калі аднаго вучаць аб рэлігіі, а бачымо, што тыя самыя настаўнікі робяць інакш, ўсенька гэта волі не ўзгадоўвае, ня робіць яе дужэйшаю.

Волі трэба імпульсаў. Імпульсы гэныя не заўсёды адныя і тыя самыя. Трэба патрапляць падхапляць згукі, дзе поруч з вечным будзе тое з сучаснасьці, што найбольш закране адзінку.

Дзеля таго, што воля пачынаецца з пачуцьця, трэба каб і гэная ніва ня была ялавінаю, каб на ёй шкодны пырай ня рос, а каб і тутака цьвятнік прыгожы красаваўся. Дабрадзеяньне як трэ’ ўзгадаванага пачуцьця бачым асабліва ў рэакцыі на зьявішчы, калі розум не пасьпевае выступіць актыўна, калі нешта робіцца незалежна, апрычна ад яго. Вось тутака пачуцьцё й зможа паказаць сябе. Дык ясна, як глядзець на яго нам прыдзецца.

Згодна з бачаньнем у характары дзьвюх старон — статычнае й дынамічнае, ўсенькія тры памянёныя рысы маглі-б быць абхоплены статычнаю стараною. Усе яны будуць хутчэй магчымасьцю дзеяньня такога, ці іншага, аднолька-ж дзеяньня ня выклікаюць, нат будучы ў ім потым. Другая частка характару — гэта мэта. Мэта, зорка пуцяводная — вось ад чаго амаль ня бязвыключна залежыць, якім будзе жыцьцё. Хай будзе ўсенька іншае й вельмі багатае — й воля трываўкая й розум вялікі і г. д., а калі мэта благая, дык карысьці адтуль няма ніякае ні грамадзянству, ні самай адзінцы.

Бязумоўна найшляхотняйшая мэта, без магчымасьці зьдзейсьненьня яе, гэта знача бяз прысутнасьці наладжанае першае палавіны характару, сьлядоў не пакіне па сабе, блісьне, што тая маланка, глянуць на яе людцы, пагаманяць крышку і больш рупіцца ня будуць.

Мэта дзеліць людзей, на партыі, рознаякія напрамкі пры аднолькавасьці іншых рысаў характару. Дык бачымо адгэтуль, што яна й ахварбоўвае ў розныя коляры грамадзкае, нацыянальнае, агульнасусьветнае жыцьцё. Кажучы аб мэце, ідзі інакш, памятуйма, што не даволі, каб гэта абы якая была мэта, хай і надта ідэальная, не эгоістычная, нат абхопліваючая кругазорам сьвет усенькі. Не — гэтага мала. Трэба яшчэ, каб яна была рэальная, каб была магчымасьць яе зьдзейсьніць. Гэткая ідэя — мэта згуртуе, аб’яднае й паасобных людзей й вялікія іх грамады — народы. Мэта рэальная, вялікая, падымаючая чалавека што раз вышэй, адчыняючая яму вочы на шчасьце, якая вучыць яго, што шчасьце сапраўднае адзінкі стульна злучана са шчасьцям арганічнае суцэльнасьці — народу, не апрычных клясаў яго, мэта такая так-жа й будучае шчасьце паўсюднае чалавецтва, шлях да якога бязумоўна праз народ.

— Вось чаму дэфініцыя праф. Закжэўскага найбольш нам адказвае. Яна, як ня трэ’ лепш абхапіла абедзьвія часьці — дымамічную і статычную характару. Бо гляньма на такую дэфініцыю: „характар гэта выплад суцэльнасьці прывычкаў маральных, разумна разгрупаваных каля аднае восі — волі“ (P. Gillet, L’Education du caractére, Paris).

Як бачымо дэфініцыя статычная. Гляньма на іншую: „характар гэта зьлічво простае шматлікіх пахілаў, якія змагаюцца паміж сабою аб жыцьцё чалавека“ (P. Dubois, „L’education de soi-meme“). Дэфініцыя выключна дынамічная.


  1. Л. Залескі.
  2. Лешафт.
  3. Гэнле.
  4. Трэба памятаваць, што характар а тэмпэрамэнт тожсамасьць ў іх.
  5. Обсервацыі.
  6. Паняцьця.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.