Тэзісы аб культурна-нацыянальным аб'яднанні беларускага студэнцтва ў Празе
Тэзісы аб культурна-нацыянальным аб'яднанні беларускага студэнцтва ў Празе Артыкул Аўтар: Тамаш Грыб 1925 Крыніца: [1] |
1. Неабходна прызнаць як істнуючы факт ды ясна ўсьвядоміць, што беларускі вызвольны рух у цяпершчыне перажывае востры і глыбокі ўнутраны крызіс. Мы з’яўляемся сьведкамі вялікай раз’еднанасьці беларускай інтэлегенцыі, напружанай варожасьці між сябе паасобных беларускіх арганізацыяў, партыяў, гурткоў, поўнай неарганізаванасьці беларускага народу. Беларуская нацыя, як арганізаваны, самасьвядомы жывы калектыў самасьвядомых адзінак, у змаганьні за зьвяртаньне сябе волі ды незалежнасьці знаходзіцца ў стане заняпаду.
2. Беларуская вызвольная рэвалюцыя 1917 — 22 г, выставіўшая покліч дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, узброенай сілай чужынцаў была жорстка задушана. У рады вялікадзяржаўнай-імпэрыялістычнай Масквы і Варшавы, Рыскай дамовай разарваўшы Беларусь на часьці, зьнівэчылі права беларускага народу на вольнае самаазначэньне, разьбілі еднасьць і суцэльнасьць беларускага народу, зьніштожылі беларускія вызвольныя культурныя, сацыяльна-эканамічныя ды палітычныяя цэнтры ў краі. Забраны край стогне ў капцюрах чужацкай няволі і самадзейнасьці, пазбаўлены прыродных правоў чалавека і грамадзяніна.
3. Асноўныя прычыны крызіса беларускага вызвольнага руху ў цяпершчыне ёсьць дзьве: унутраная і вонкавая. У чым яны выяўляюцца? Унутраная: нізкая ступень культурнэ-нацыянальнай і нацыянальнай сьвядомасьці беларускай інтэлегенцыі, угадаванай пераважна на культуры рускай або польскай. Таму культурна і псыхолёгічна беларуская інтэлегенцыя ў сваёй большасьці з’яўляецца чужой для беларускага народу, які ў працягу стагодзьдзяў захаваў сваю мову, звыкі, сваю самаістую нацыянальную індывідуальнасьцъ. У тае часткі беларускай нацыянальнасьвядомай інтэлегенцыі, якая шчыра хоча працаваць на карысць вызваленьня сваей бацькаўшчыны Беларусі, даецца заўважыць адсутнасьць гістарычнай пэрспэктывы вызвольнага змаганьня, адсутнасьць супольнага культурна-вызвольнага ідэалу, адсутнасьць веры ў творчыя сілы беларускага народу, што выяўляецца, напрыклад, у шуканьні розных «вонкавых арыентацый», а не імкненьне да культурнай, соцыяльна-эканамічнай ды палітычнай арганізацыі адзінай самастойнай беларускай вызвольнай сілы — беларускага народу, які ў сваей большасьці складваецца з працоўнага селянства ды работнікаў. Вонкавая прычына: бязьмежнае панаваньне чужацкай дыктатарскай улады, якая трымаецца супраць волі беларускага народу выключна на грубай фізічнай сіле штыха і кулямёта. Гэтая ўлада сваёй аморальнасьцю разврашчае псыхіку беларускага народа, рознымі нягоднымі спосабамі стварае рэнэгацтва, здрадніцтва беларускай нацыі, руйнуе культурныя і гаспадарскія вартасьці Беларусі.
4. Беларуская эміграцыя, слабая ў сваёй колькасьці, адарваная ад роднай глебы, парваўшая жывую зьвязь з народам, з прычыны сваей унутранай дэзаарганізацыі ды ўзаемнай самагубнай грызьні, ня мае ў сябе гэтулькі маральнай сілы, каб перамагчы інэрцыю ўзаемных «непаразуменьняў», выйсьці з становішча «бязпрынцыпнай прымітыўнасьці» ды ўзапраўды стаць моральным цэнтрам беларускага вызвольнага руху. Беларуская эміграцыя ў тым становішчы, у якім цяпер знаходзіцца, самым ходам гістарычнага разьвіцьця засуджана на жалюгоднае выміраньне ды самаліквідацыю. Патрэбна гэроічнае напружаньне волі ўсіх і кожнага, каб ясна ўсьвядоміць істнуючае ненармальнае становішча і пастарацца выйсьці з моральнага кутка на шырокі прастор карыснай для беларускага вызвольнага руху працы.
5. Беларускае студэнцтва ў Празе, на якое ўскладзена гэтулькі надзеяў, аж да гэтай пары не апраўдвала сябе. Складанае ў большасьці з уцекачоў з Заходняй Беларусі, а не з палітычных эмігрантаў, як гэта, напрыклад, украінскае, грузінскае, рускае, пераважна моладзь зь гімназіальнай лаўкі, ня маючай акрэсьленага сьветапогляду, дзеля чаго падпадаючае пад розныя ўплывы і хутка зьмяняючае свае настроі ды «пёракананьні», непасрэдна адчуваючы агульнабеларускі вызвольны крызіс, падалося стыхійнаму настрою атомізацыі і распаўшыся на некалькі між сябе варожых гурткоў, выяўляе цяпер сабой надзіву годны вобраз апатыі, разчараванасьці, мярцьвечыны.
6. А ў гэты час розныя варожыя беларускаму вызвольнаму руху арганізацыі, як напрыклад, «Общество белоруссов и малороссов — Единство русской культуры», «Союз граждан СССР» ды інш., актыўна праяўляюць сваю дзеяльнасьць, карыстаючыся зь беларускай дэзорганізаванасьці, перацягваюць да сябе паасобных сяброў, сеючы разам з тым зьняверу ў актыўнасьць беларускай вызвольнай справы і ствараецца псыхолёгія «ідэйнага» рэнэгацтва…
7. Што з гэтага вынікае? Калі заставіць і надалей усё так, як ёсьць, то зь істнуючай невялікай грамады беларускага студэнцтва ў Празе застанецца ўсяго толькі некалькі чалавек, якія ўзапраўды будуць карыснымі працаўнікамі на ніве беларускага вызваленьня, астатнія ўсе або перайдуць на бок ворагаў, або застануцца пасыўнымі «ныцікамі». Між тым, у беларускім вызвольным руху адчуваецца востры недахоп у актыўнай інтэлегенцыі. Дзеля ўдачнага разьвіцьця беларускай вызвольнай справы патрэбны беларускія педагогі, дахтары, інжэнэры, праўнікі, каморнікі, абходнікі, аграномы, лесаводы і г. д. Беларускаму народна-вызвольнаму руху патрэбна сьвядомая, адданая беларускай ідэі інтэлегенцыя. Трэба не адпіхваць, а прыцягваць да беларускай справы актыўныя інтэлегентныя сілы.
8. Як магчыма гэта зрабіць пры істнуючай розьніцы паглядаў, перакананьняў, палітычнага credo? Неабходна шукаць пунктаў зыходжаньня. Трэ мець на ўвазе асноўны закон людзкога разьвіцьця, які цьвердзіць, што людзкое грамадзянства ў сваім разьвіцьці ідзе ня толькі шляхам дыфэрэнцыацыі (раз’еднаньня), але і шляхам інтэграцыі (аб’яднаньня). Неабходна ўсьведамляць ня толькі тое, што людзей раз’ядноўвае, але і тое, што аб’ядноўвае.
9. Што нас раз’ядноўвае? Нас раз’ядноўвае розьніца палітычных паглядаў, разуменьне спосабу змаганьня за вызваленьне бацькаўшчыны, нас раз’ядноўвае форма арганізацыі ўлады ў будучай незалежнай беларускай дзяржаве, нас раз’ядноўвае і соцыяльнае лытаньне: вырашэньне зямельнай справы на Беларусі ды інш. Аднак, калі добра ўдумацца і разабрацца ва ўсіх гэных нашых разыходжаньнях, што так востра нас раз’ядноўваюць, то ўсе яны пабудаваны на няведаньні соцыяльнай структуры беларускай нацыі. Беларуская нацыя ёсьць нацыя працоўная, нацыя сялян, работнікаў і працоўнай інтэлегенцыі. Беларуская нацыя ня мае сваей буржуазіі. А таму асноўны беларускі вызвольны ідэал ёсьць працоўны ідэал. Хто-ж можа быць проці гэтага? Хіба-ж гэта не з’яўляецца ідэалам кожнага беларускага студэнта ў Празе?
10. Цяпер, што нас аб’ядноўвае? Ня гледзячы на усе нашы супярэчнасьці ды разыходжаньні, мы ўсё-ж такі не перастаём быць беларусамі, сынамі падняволенага беларускага народу. Найперш нас аб’ядноўвае абавязак наш маральны перад сваім народам. Мы маемо магчымасьць атрымаць вышэйшую адукацыю. Сотні тысячаў нашых братоў і сясьцёр — няпісьменны. Яны жывуць у цемры і нудзе. Наш абавязак — нясьці ім сьвет веды, указаць шлях да лепшага жыцьця, арганізаваць іх на змаганьне за волю да незалежнасьці. Нас аб’ядноўвае родная мова, любоў да роднай краіны, нас аб’ядноўвае супольная доля.
11. Аднаго чаго ў нас няма: супольнай волі. Яе павінны мы вытворыць, засартаваць.
12. Ітак, грунт для супольнай працы ёсьць. Перад усім мы павінны стварыць супольны культурны ідэал. Гэта адразу ня робіцца. Дзеля гэтага патрэбен даўгі час упартай працы. Мы павінны ствараць беларускія культурныя вартасьці. Але да гэтага неабходна зараз-жа прыступіць. Годзе займацца рознымі дурніцамі.
13. Як канкрэтны высновак з усяго сказанага, я прапаную беларускаму студэнцтву ў Празе аб’яднацца на супольным культурна-навуковым грунце, прапаную залажыць культурна-навуковае таварыства імя Скарыны. Сёлета якраз прыпадаюць 400-ыя ўгодкі з часу надрукаваньня першай беларускай кніжкі. Арганізуймо належна сьвяткаваньня ўгодкаў вялікага беларускага друкара Францішка Скарыны. З’яднаемося ля янога слаўнага поклічу: працаваць на карысьць люду паспалітага.
14. Аб уцелаішчэньні гэтага — была б толькі ахвота — клапаціцца ня трэба. Хай будзе на першы пачатак ініцыятыўная група. Даручыць ёй дагаварыцца з паасобнымі гурткамі, а пасьля склікаць агульны сход, на якім прыняць статут і распачаць новае жыццё.
Травень, 1925 года.