Перайсці да зместу

Тыпы Палесься (1924)/XXXVIII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
XXXVII. Лес плача XXXVIII. У цёмную даль
Абразкі
Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч
1924 год
XXXIX. Маім братом

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




XXXVIII.

У цёмную даль.

Прабыўшы некалькі дзён у Ярэма, я пачаў такі зьбірацца ў далёкі шлях.

Алеся трохі засмуцілася…

Карп, Сымон і Ярэм прапанавалі пасядзець да саннае дарогі дый папрацаваць у ваколіцах, але я мусіў такі адмовіцца ад усіх прапазыцыяў…

Трэба было сьпяшацца, каб у час папасьці туды, куды ўжо шмат нашых сяброў пацягнулася.

Дзень расстаньня надыйшоў.

Я выяжджаў пад вечар.

Шчыра падзякаваўшы ўсіх сваіх блізкіх сэрцу сяброў, я выйшоў з хаты…

— Не запамінайце нас, — сказала Алеся і змахнула рукой сьлязу…

Мілая дзеўчына, ці магу я запомніць таго, хто першы краску яскравую першай вясны мне падарыў!

Не, ніколі!

А цяпер, цяпер! лёс майго жыцьця кідае мяне ў хвалі, хвалі цёмныя, невядомыя…

Але веру моцна, моцна веру!! Зьвярнуся хутка я да цябе, мая любая дзяўчына! Будзем зноў разам слухаць казкі Лані, лесу і сітнягу.

Усе выйшлі з хаты. Я з Карпам сеў на воз. Коні крануліся.

Бывайце-ж жывы, дарагія! Жывеце і чакайце…

Мы ехалі лесам у няведамую даль.

Калі была ўжо поўнач, мы выехалі з лесу і пад’ехалі да старое карчмы, у якой жыў стары Янкель…

Ён адчыніў нам дзьверы… мы ўвайшлі… на стале гарэла сьвечка…

Праз гадзіны тры я сьціснуў моцна руку Карпу. Ен ехаў дамоў, да сябе ў лес…

Я застаўся адзін.

Уставала халодная, васеньняя зарніца…