Перайсці да зместу

Тыпы Палесься (1924)/XXXVI

З пляцоўкі Вікікрыніцы
XXXV. Лес шапоча XXXVI. Хмара ідзе
Абразкі
Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч
1924 год
XXXVII. Лес плача

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




XXXVI.

Хмара ідзе.

Ня відаць сьвету, цёмна зрабілася ў лесе.

Панура загудзеў стары лес, затрашчалі галіны, зашамацела лісьцьцё, сьціхлі птушкі.

Вецер сярдзіта выў, стараючыся вырвацца на волю з моцных абцугоў лесу — але бароўся, трымаў яго лес, 6‘ючыся з непагодай.

Горда стаяў ён, гледзячы на сьмерць сваіх сяброў і біўся далей з бурай.

Цёмная хмара, як ноч закрыўшы неба, напаўзала на лес…

Страшэнны вецер ляцеў, стараючыся сваім імпэтам зьнясьці дубы, грабы, сосны, елкі, бярозы, але дзе там!

Стоячы ў цеснай грамадзе, як адзін, байцы сустрэлі ворага і пачалася бойка: трашчаць карані дрэваў, ламаюцца галіны, сыплюцца лісты.

Круціць, ламае віхар — няма зьлітаваньня…

Белыя бярозкі гінуць адна за адной і кроплі дажджу паліваюць іх упаўшыя целы…

Ось затрашчаў стары дуб, шарахнуўся на зямлю…

Радасна завыў вецер над ім, закруціў галіны, сарваў лісьцьцё і панёс яго высока ў цёмную хмару…

Здавалася яму, што загінуў ужо стары лес, ляжыць зьніштожаны ў порах…

Але мыліўся вецер.

Лес далей змагаўся, хоць шмат панес ён страты ў сяброх…

Байцы горда глядзелі ў вочы сьмерці, бо ведалі, што іншыя прыдуць, за іх радамі паўставалі новыя рады байцоў…

Бо ня век-жа будзе панаваць цёмная хмара, ня век будзе сьмяяцца нядоля над пакутай, ня век!..

Прыдзе гадзіна, разойдзецца хмара па небе, разгоне вецер яе, разьмяце і зноў сонца засьвеце.

Засьвеце яскравымі праменьнямі, залеча раны старога лесу, асуша сьлёзы, зноў ціхую, цудоўную казку зашапочуць галіны, зноў ночка спакойная прыйдзе і за сабой шмат зорак прывядзе…

Ціха будуць галіны купаць сваё лісьцьцё ў серабрыстых хвалях Лані…

Будзе мець награду лес ад Бога, што вытрымаў барацьбу…