Тыпы Палесься (1924)/XXXI
| ← XXX. Ярэм Дуб | XXXI. Сон у пуні Абразкі Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч 1924 год |
XXXII. Сябры лесу → |
XXXI.
Чаму так цяжка стогне вецер за вакном?
Чаму галіны так нізка гнуцца да зямлі?
Чаму так цяжка на душы? Чаму нейкі сум мяне апанаваў, неяк жудасна робіцца… Божа мілы! Калі-ж скончыцца гэта ночка над старонкай маей?
Калі ты зьлітуешся над намі?
А вецер зноў так страшэнна завыў, рвануў галіны, сарваў колькі жоўтых лістоў і панёс іх у цёмную даль.
Божа Справядлівы!
Ты чуеш, як моляцца людзі Табе, Ты чуеш іх стагнату і сьвіст над імі бізуна, Ты бачыш іх сьлёзы і кроў…
Дык чаму-ж, Ты, Божа Справядлівы, ня спыніш нашай мукі, чаму?
Ось кроплі дажджу ў шыбу вакна часта загрукалі, засьвяціліся і, Божа мой мілы, я пазнаў!..
Гэта ня кроплі дажджу!
Не, не, ніколі! Гэта сьлёзы! сьлёзы!..
І выбег я з хаты.
Бег, як мог…
Вецер рваў на маёй галаве валасы, гнаў мяне, і чуў я голас у ім…
«Куды бяжыш? Навошта? Усё роўна ад іх нікуды не ўцячэш! Яны тутака разам з табою! Паглядзі!»
Я бег, і ня прыкмеціў, як апыніўся ў бура-чорнай вадзе. Наўкола мяне цёмныя хвалі жыгалі. Чуўся толькі плёхат вады. А голас нейкі ўсё шаптаў:
«А што бачыш? Куды ўцякаў? Ня мог на сьлёзы глядзець, а цяпер у чым апыніўся, ў чым стаіш? Паглядзі!»
І глянуў я на чорныя хвалі, якія ўжо біліся ў грудзі мае…
Дык ось якія гэта хвалі! Дык ось у якое я трапіў мора!
Былі гэта крывавыя хвалі…
Было гэта крывавае мора…
Усё вышэй і вышэй падымаліся яны…
Жудасна робіцца мне…
Няма ратунку! Няма!
Наўкола цемната…
Ось ужо чую я смак крыві на вуснах, зараз захліснуся…
Божа ратуй!..
Я прачхнуўся. Халодны пот пакрыў мой лоб.
— Дык гэта быў сон! — праняслася ў мяне думка і, зьлезшы з сена, выйшаў я з пуні, глянуў на неба. Тамака высока-высока ляцелі гусі.