Тыпы Палесься (1924)/XVI
| ← XV. Сьвет | XVI. Раніца Абразкі Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч 1924 год |
XVII. Старая канава → |
XVI.
Доўга ляжаў я з расплюшчанымі вачыма і ня мог заснуць. Ночка ўжо панавала над лесам. Сьвяцілі зоркі, ўзыходзіў месячык на неба. Дык, вось, яка легэнда пра Сьвета, якую я марыў учуць даўно. Ганчар і Караба смачна спалі, хутка і я заснуў…
Лёгкі туман пакрываў палянку, калі мяне разбудзіў голас Ганчара.
— Уставайце, сябра, сьнедаць! Караба ўжо яду дабыў!
Я расплюшчыў вочы.
Караба сядзеў накарачках і смажыў нейкую птушку на вуглёх. Я хутка ўскочыў на ногі. Халадок трохі прабіраў.
— Вось тутака, недалёка, ёсь крыніца, — паказаў мне Ганчар у бок лесу. — Ля асіны! — крыкнуў ён мне ўсьлед.
У лесе пачынала прачыхацца жыцьцё то там, то тутака недзе над маей галавою пачыналі варушыцца ў сваіх гнездах птушкі. Вось і асіна. Праўда, з-пад яе карэньняў выбягаў маленькі ручайчык і некім была зроблена ямка, каб болей было вады. Добра было памыцца халоднай вадою. Адразу зрабілася неяк лёгка і добра. Недзе здалёку крычалі жоравы i гусі. Туман пачаў гінуць, нарэшце, саўсім згінуў, адплыў кудысь у гушчар лесу. Я падайшоў да сяброў.
— Вось! гатова качка! — весела гаманіў Караба.
— Сядайце! — казаў ён. Эх, добра раніцай у лесе! — сказаў Ганчар.
— Hy! — падміргнуў адным вокам Караба Ганчару. — Давай, сябра, свайго зельля!
— А! — ўспомніў той і праз мінюту мы выпілі па дзьве чаркі добрага самагону.
— Гэта, — казаў Караба, — каб было лепей нам сёньня дайсьці да трох крыжоў.
— Што за крыжы? — запытаў я.
— А, вось, самі пабачыце, як дайдзём да іх, — сказаў Караба.
Добра пасьнедаўшы, мы, загасіўшы рэштку агнішча, крануліся ў дарогу.