Перайсці да зместу

Тыпы Палесься (1924)/XI

З пляцоўкі Вікікрыніцы
X. Зноў у дарогу XI. У Дзяніса
Абразкі
Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч
1924 год
XII. Возера Князь

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




XI.

У Дзяніса.

Ужо сонца садзілася. Ужо цені гусьцей зграмадзіліся і змоўклі птушак песьні, як мы з вялікай грэблі зыйшлі ў бок і кутка апыніліся ля тыну, якім была абгароджана ўся маемасьць Дзяніса. На падворку забрахаў сабака і праз мінюту сівы, як голуб, вышаў да брамы Дзяніс.

— Як маецеся, дзедка? — зьвярнуўся я да яго.

Той падазронна ўглядаўся на мяне, раптам у яго вырвалася:

— Ах ты, Божачка, далібог, не пазнаў!..

І ён хутка пачаў адчыняць браму.

Мы заехалі на падворак.

— Ну, хутчэй, хутчэй, хадзем у хату, цягнуў ён мяне, — вось будзе Міхась рады…

— A Міхась у хаце?

— Есь, есь, толькі цяперака ён з стрэльбай троху выйшаў… — адказаў Дзяніс.

— А! — ківануў я галавой, — усё ходзіць…

— А як-жа… як устане, ось крыху паможа мне, дый шасьць у лес, толькі яго і бачылі, — сказаў дзед.

У хаце нас сустрэла прыгожая дзеўчына.

— Ну, пазнаеш, Ганка? — спытаўся Дзяніс у свае дачкі, якая прыглядалася да мяне.

— Пазнаю, — цьвёрда сказала яна.

— Як маецеся? — сказаў я, вітаючыся з ёю.

— Нічога, добра… Вось толькі маці памерла… і дзеўчына спусьціла галоўку.

— Так Богу было трэба, — сказаў з цяжкім уздохам Дзяніс…

— Кніжак прывязьлі? — зьвярнулася яна да мяне.

— Вось, вось, — адказаў я і дастаў з кішаня цэлую пачку кніжак.

— Цікавыя?

— Усе кніжкі цікавыя, — перабіў яе Дзяніс.

— Ну, дзеўчына, давай нам чаю, есьці…

У гэты міг у хату ўвайшоў Янка з бутэлькай, кілбасай, хлебам і сырам у руках і ўсё гэта палажыў на стол.

— Ого! — падміргнуў Дзяніс, — з запасам!

— А, ось, Супрона сын даў гарэлкі, а яго жонка закуску, — адказаў я.

— Дык Пётра ажаніўся? — запытаў Дзяніс.

— Як бачыце, — адказаў я.

— Ну, давай Бог шчасьця! — сказаў ён.

Пакуль мы гутарылі з Дзянісом, Ганначка накрыла стол белым чыстым абрусом і прынясла кіпеўшы самавар.

— Гэта машынка — кіўнуў Дзяніс у бок самавара, — Міхасёва, ён прывез яе. Любіць піць гарбату ў гарачы дзень, кажа, што гэта ад жары першы ратунак, — засьмяяўся Дзяніс.

— Гэта праўда, памагае, але спачатку дык ня вельмі прыемна, але пасьля трэцяе шклянкі нават робіцца сьцюдзена, — адказаў я.

Калі мы пілі гарбату, прыйшоў Міхась.

Доўга мы гаманілі аба ўсіх справах і за гутаркай ня прымецілі, што на небе сьвяціў ужо месяц.

— Ну, пойдзем на сена, — сказаў Міхась.

Мы выйшлі з хаты. На падворку сядзела Ганначка.

— А вы што тутака робіце, а? — зьвярнуўся я да яе.

— Усё мары? а мары апанавалі відаць Вас, Ганначка? — запытаў я.

— Але! прыемна, бачыце, глядзець на далёкія зоркі, гэтак глядзіш на іх і колькі думак салодкіх, прыгожых пад ціхія чары іх надходзіць.

— Гэ, дык вы Ганначка, прыгожа гаворыце! — сказаў я, глянуўшы на яе.

— А што-ж, пасядзім на вольным паветры, — парадзіў Міхась.

— Ну, пасунься Ганначка, — сказаў ён і сеў побач з сястрою, абняўшы яе i прытуліўшы да сябе.

— Сядай, Дзяргач, — дый паможам Ганначцы шукаць адказу на ўсе пытаньні ў зорак, — казаў Міхась.

Я сеў і мы пачалі гутарыць…

Ужо калі пачалі зоркі гаснуць на небе адна за аднэю, мы разыйшліся на адпачынак.