Тыпы Палесься (1924)/VIII
| ← VII. Забытыя курганы | VIII. Магіла Касінскага Абразкі Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч 1924 год |
IX. Учора на хутары → |
VIII.
Мы бадзяліся сярод курганоў. Але вось Караба застанавіўся ля аднаго кургана, на якім быў вялікі камень…
— Вось тутака, — сказаў ён — пахованы наш бацька, Касінскі…
Мы, усе трох, зьнялі шапкі.
Ціха было наўкола.
Лес шумеў, сьвяціў месяц, гарэлі зоркі на небе…
Сум нейкі апанаваў мяне і сьлёзы самі сабой каціліся з маіх вачэй.
Дык вось дзе ляжыш ты, бацька Касінскі, вось дзе косьці твае ляжаць!
Сьпі, баец наш родны!
Сьпі, хай душа твая ў раі разам з Богам глядзіць на нас цяпер, сіротаў, з высокага неба!
Хай няма цябе ўжо на сьвеце, але захаваўся сярод цёмных лясоў твой завет народу нашаму…
Сьпі, бацька Касінскі, пад ціхі гоман хваляў Случы!
Ад берагоў Лані да берагоў Случы і далей чуўся голас твой магутны…
Клікаў на барацьбу ты людзей за старонку родную, за родны край!
Сьпі спакойна, глядзяць зоркі з неба, сьвеце месяц. Шуміць ціха лес нам пра тое, што запаведаў ты нам… Завет твой памятаем!
Сьці спакойна…
Ціха шапоча лес казкі пра адвагу і гонар байцоў, пра лепшую долю старонкі роднай, пра шчасьце былых дзён, пра нядолю і гора дзён горшых…
Шумі магутны лес!
Шумі так, каб шум твой пачулі ўсе!
Хай зьбяруцца на сход вялікі… Будзем спраўляць памінкі, будзем памінаць байцоў…
Іскрава сьвецяць зоркі, гамоняць хвалі рэчкі з сітнягом…
Ціха плача лес па байцох…