Тыпы Палесься (1924)/II
| ← I. Рубежыцкая кантора | II. Гандляры Абразкі Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч 1924 год |
III. Ганчар → |
II.
Гоніць вецер хмары па небе, сярдзіта грукаціць дождж па сьцёблах і лістох дубоў — плача непагода.
У хаце цёмна. Смалякі даўно ўжо пагарэлі, але класьці другіх ня хоча рыжы Дзядзёнак, а мо‘ забыўся, альбо мары занясьлі яго далёка. Ці яму цяперака да агню?
Чырвоны одбліск згасаўшых вуглёў ледзьве асьвятляў вялікую галаву, пакрытую рыжымі валасамі, атсьвечаваўся ў вострых вачох Дзядзёнка…
Прыемныя мары былі ў яго…
Вось ён малады, моцны, як дуб. З ім яго дзед Ярэм, сівы як голуб, але моцны дзед!
Пры ўспамінаньні аб ім уздыхае цяжка Дзядзёнак, пасьля, моцна сьціснуўшы кулакі, ён успамінае далей…
Вось, вось ночка… Прыемна сьвеціць з высокага неба месячык, сьнег хрумсьціць пад нагамі яго і дзеда Ярэма. Вось яны ля тыну падлазяць да карчмы, ля якой стаіць тройка коняў і багатыя сані з мядзьведжай скурай. Смачна ядуць коні канюшыну, нясецца з карчмы песьня, плача гармонік. Моцна калоціцца сэрца ў яго. Вось яшчэ міг, яны з дзедам каля коняў, хвіля — дзед падбірае лейцы, а ён са стрэльбаю сядае ў сані і зорка глядзіць на дзьверы карчмы. Усё гатова. Коні крануліся i ў той міг раздаўся стрэл і моцны крык «стой!», як нажом, разрэзаў цямніну ночы. Але дзе там!
Дзед сьвіснуў і тройка паняслася…
Бах, бах, бах — грымяць ім усьлед стрэлы. Сьвішчуць кулі над галавой… Ці да стрэлаў, ці да куль, коні не бягуць, а ляцяць, здаецца, і толькі пыл ад сьнегу рэжа вочы…
Божа! што гэта? Што гэта? Цямнее ў вачох Дзядзёнка; чаму дзед схіліўся ў сані і нешта шапоча яму маладому…
Схіліўся да яго ён, крыкнуў: — «Дзедка, а дзедка, што табе»?
Яшчэ мацней рванулі коні, ад крыку яго яшчэ хутчэй панясьліся…
— Дзедка родны, што табе?
— Памятай завет, ні ні… — шапоча дзед і падае няжывы.
— «Добра, дзедка, добра!» — шапоча Дзядзёнак пабялеўшымі губамі, — «памятаць буду, памятаць буду»…
Праходзяць гады. Шмат троек зьвёз Дзядзёнак, шмат душ ляжыць на яго сумленьні, але гэтага мала. Здаецца яму, што дзедава душа жадае ад яго большай помсты!..
— Добра, дзедка, добра! — гавора сам з сабой Дзядзёнак.
Плача за вакном непагода.
— Пара! — сказау ён глухім голасам і сам спужауся свайго голасу.
Заварушыўся Пётра на печы ад вокліку Дзядзёнка.
— Га, чаго?
— Пара — сказаў Дзядзёнак і палажыў смаляк на вугалькі. Загарэўся смаляк, асьвяціў хату.
Зьлез з печы Пётра.
Хутка апрануўся. — Ну? — пытаючы глянуў на Дзядзёнка. Той на яго.
— Едзем! — скамандаваў Дзядзёнак.
— Куды? — задаў пытаньне Пётра.
— Да станавога, па вараных, — адказаў Дзядзёнак.
— Гайда! — весела падмаргнуў Пётра.
Выйшлі з хаты. Сярдзіта сустрэла іх непагода. Сьцебануў дождж ім у вочы…
Праз хвілю два цёмныя коньнікі, як нейкія страшэнныя цені, нясьліся праз лес…
— Добра, дзедка, добра! — шапоча Дзядзёнак. — Споўню завет!
Нясуцца па небе цёмныя хмары. Сярдзіта дождж грухаціць па лістох і сьцёблах дубоў…
Плача непагода…