Перайсці да зместу

Птушка шчасьця (1922)/Птушка шчасьця

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Птушка шчасьця
П’еса
Аўтар: Францішак Аляхновіч
1922 год
Ноты

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Францішак Аляхновіч.


Птушка шчасьця

п‘еса ў 3-х акт.
са сьпевамі і танцамі.

АСОБЫ:

Янка.
Маланка.
Жыд.
Лясун.
Лясныя духі, русалкі.


AKT I.

Перад хатай. На прызьбе сядзіць Маланка і скрабе бульбу. Янка сячэ дровы. Сонца заходзіць.

ЗЬЯВА 1.

ЯНКА І МАЛАНКА.

ЯНКА (абцірае пот з лоба). Ох, нешчасьлівае жыцьцё маё! Рабі ды рабі праз цалюсенькі дзень, аж ногі і рукі анямелі. Ад самых курэй мала-што не да паўдня малаціў, а цяпер вось трэба дровы сячы, хоць ты трэсьні! Рукі ад цапа яшчэ не адыйшлі, аж тут ад сякеры мала-што не адсохнуць — і ніскуль няма ніякае помачы!

МАЛАНКА. А я-ж табе не памагаю?

ЯНКА. Э, што твая работа! ведама жаноцкая справа! Цюкнеш колькі разоў цапом, аж зараз цябе ліха і бярэ: то сядзеш, то ляжаш, колікі падапруць, то якійсь чорт цябе душыць. Э! якая ваша бабская работа! плюнуць ня варта! Вось і цяпер: сядзіш дый бульбу скрабеш… Важная праца! А папрабавала-б так, як я, што тады сказала?

МАЛАНКА. Як не наскрабу бульбы і не звару, дык не вячэраўшы спаць пойдзеш. Вось кіну ўсё і гатуй сам, калі так гаворыш! (хоча і сьці ў хату).

ЯНКА (затрымоўвае яе). Ну, не, Маланка! Я ўжо больш нічога не скажу, толькі звары вячэру, бо, як лягу галодны, дык цыганы будуць сьніцца.

МАЛАНКА. Ну дык маўчы і сячы дровы.

Паўза. Янка, охаючы, сячэ дровы, пасьля сядае і зноў абцірае пот з лоба.

ЯНКА. Ох, нешчасьлівае жыцьцё наша! Усё мусім гараваць дый гараваць. Мазоліцца трэба, аддыхнуць некалі, мала-што кроўю не пацею, пакуль на кавалак хлеба зараблю… Усё нам напроціў ідзе, на няшчасьце… Не спадзявацца нам ужо дабра! Нішто нам так не ўдаецца, як мы хочам. Каб гэта Адам наш першы бацька не саграшыў, дык-бы і мы гэтак не працавалі. Ох, дурны-ж ён, дурны! Нашто яму было рваць яблык з праклятага дрэва, прападзі яно! Каб мне было гэта забаронена, дык я ані крануў-бы, — і мы-б жылі цяпер у раі, як паны на зямлі, пілі салодку гарбату з цытрынай дый елі кілбасу з капустай, клопату ніякага ня мелі-б, аб сярмязе не клапаціліся-б, бо голыя ў раі хадзілі-б, — а цяпер як сярмяжка зьдзярэцца, хоць ты з галавы выйдзі, неадкуль узяць, — а тут і зіма падыходзіць, і сорамна… Ох, Адам! Адам! Як ты нас пагубіў! Нашто ты паслухаў сваю паганую бабу, Эву, і сарваў яблычка, што вісела на праклятым дрэве!.. Ох, гэтыя бабы! Уся бяда ад іх!..

МАЛАНКА. Няпраўда! Бяда толькі ад вас.

ЯНКА. Не! Ад вас!

МАЛАНКА. А хто сарваў у раі яблык? Дык-жа ўсім ведама, што бабы па дрэвах ня лазяць.

ЯНКА. Але яна прымусіла яго да гэтага. Мусіць, як прычапілася: сарві ды сарві! — дык каб ня дурыла галавы, пайшоў ды сарваў.

МАЛАНКА. Каб ён быў мужык, як сьлед, а не такая квашаніна, дык не паслухаў-бы яе… — Вось!

ЯНКА. Праўда, што трэба было бабу палупцаваць… Ох, чаму гэта не я — Адам?! Калі-б ты толькі зірнула на гэтае праклятае ў раі дрэва, як схваціў-бы!.. (жэст).

МАЛАНКА. Ого-го! Так-бы я й пазволіла! — Вочы выдзерла-б або змазала па галаве чым папала.

ЯНКА. О-о-о! А я ўзяў-бы дзягу!..

МАЛАНКА. А я-б цябе качаргой па патыліцы!

ЯНКА. А я-б за касу, галаву ўніз, дый дзягай, дзягай!

МАЛАНКА. Але? Ты мяне дзягай? Добра! Калі так, сам скрабі бульбу і вары сабе вячэру, — а я ня буду! (Кідае нож і міску і бяжыць у хату).

ЗЬЯВА 2.

ЯНКА (адзін). Вось дык штука! І чаго-ж мы пасварыліся? Дык-жа-ж мы не ў раі і нямашака тут ніякае яблыні!.. — Эх, бабы! бабы! Бяз сваркі нельга з вамі жыць!.. (пяе):

1.

Як для бабы ні старайся,
Хоць ты працай убівайся,
Не дагодзіш ёй ніколі,
Ей заўсёды недаволі.

Рады не дасі кабеце,
Лад ужо такі на сьвеце. —
Верх яна заўсёды мае,
За чупрыну нас трымае.

Дык зусім няма ў тым дзіва,
Што ў раі жылось шчасьліва,
Покуль баба верх ня ўзяла,
Яблыкі рваць загадала.

Йшла гуляць па раі Эва,
Раптам бачыць: яблынь-дрэва!
Кліча да сябе Адама,
Бо дастаць ня можа сама.

А Адам — цялё дурное,
Замест лупцаваць за тое,
Ён на яблынку ўзьлязае,
Яблыкі для ей зрывае.

З тэй пары няма ўжо долі,
Усе у бабскай мы няволі,
Шчасьця болей не спазнаем,
Бо на карку бабу маем.

А калі хто з нас захоча
Глянуць сьмела бабе ў вочы
Дый у рукі дзягу схваце —
Толькі зробіць пекла у хаце.

Бо яшчэ той не радзіўся,
Хто-бы бабе спрацівіўся. —
Баба верх заўсёды мае,
За чупрыну нас трымае.

(Гавора): Хто ведае, мо‘ баба й ўзапраўды ня будзе варыць вячэры! А я такі галодны, што зьеў-бы, здаецца, навет сабаку! Трэба самому ўзяцца за бульбу!.. (сядае і скрабе бульбу).

ЗЬЯВА 3.

ЯНКА І ЖЫД (уваходзіць).

ЖЫД. Добры вечар!

ЯНКА (да сябе): А прападзі ты! ня маю гдзе ад яго падзецца!

ЖЫД. Калі-ж ты мне, Янка аддасі грошы за гарэлку?

ЯНКА. Аддам, аддам, ліха ня возьмець!

ЖЫД. Усё кажаш: аддам, а я не магу дачакацца твайго „аддам“… Арэнду мне цяпер трэба плаціць…

ЯНКА. Ну, пане арэндару, ужо я табе шчыра кажу, што аддам, дык-жа ты добра ведаеш што я лгаць ня ўмею.

ЖЫД. Ну, што ты кажаш!.. Калі ты аддаў гады, як абяцаў? Аддай канешна цяпер, бо я ўжо табе болей гарэлкі напавер даваць ня буду.

ЯНКА. А прападзі ты з тваею гарэлкаю! Ня буду я ў цябе больш браць!

ЖЫД. Бяры — ня бяры, хто цябе просіць толькі маё мне цяпер аддай!

ЯНКА. Ідзі ты вон ад мяне, бо мне трэба вось бульбу скрабаць, а не з табою языком бляузгаць!

ЖЫД. Аддай мне маё, дык я й пайду.

ЯНКА. Ня лезь ты мне ў вочы, я табе кажу, бо я табе тут як задам, дык ты ані ярмулкі ані атопкаў сваіх не пазьбіраеш!

ЖЫД. Ну, і што ты, свіньня, не аддаеш таго, што вінен, ой вай-мір-гвалт! ды яшчэ лаешся!

ЯНКА. Ідзі ты ад мяне і ня крычы, бо як мая баба ў хаце пачуе, што я ў цябе купляў гарэлку, дык і мне, і табе будзе дрэнна. Прыдзі другі раз!..

ЖЫД. Ну, што я цябе ўсё буду шукаць! Годзі я ўжо за табой нахадзіўся, лепш ты мяне пашукай!.. Пакуль не аддасі грошай, я возьму ў цябе гэту кашулю. (Здыймае з плоту кашулю).

ЯНКА. Ах, ты, паганскі сыну, аддавай кашулю! Гэта мае бабы кашуля!.. Злодзей ты гэтакі!.. (тузаюцца).

ЖЫД. Ну, і зашто ты, чорны год на цябе, лаешся! Дык аддай мне тое, што вінен!

ЯНКА. Аддай кашулю!..

ЗЬЯВА 4.

ТЫЯ-Ж і МАЛАНКА (з хаты)

МАЛАНКА. Што тутака?.. Ай-ай!.. аддавайце маю кашулю, а то парвецё!.. (Вырваўшы з рук Жыда кашулю б’е яго па карку). Ах, ты, гіцаль гэтакі! Вось я табе! вось я табе!..

ЖЫД (уцякаючы). Ай-вай-гівалт!.. Разбойнікі!..

ЯНКА. Ага! Крычы цяпер! — Вось што значыцца папасьці ў рукі мае Маланкі!.. Здорава адластажыць!

МАЛАНКА. Чаго гэта ён прыходзіў сюды?

ЯНКА (хітра). А вось сама бачыла: хацеў украсьці кашулю. Ішоў міма і раптам: шасьць за кашулю! Я за ім пагнаўся і адабраў.

ЖЫД (паяўляецца ізноў). Ай-вай!.. Гэта ён свіньня, п‘яніца, гарэлку бярэ, грошай ня плаце ды яшчэ брэша… (да Янкі). Аддай грошы за гарэлку!

ЯНКА. А ражон табе ў горла! (гоніцца за ім; Жыд уцякае; Маланка хапае Янку і затрымоўвае).

ЗЬЯВА 5.

ЯНКА і МАЛАНКА.

МАЛАНКА. Чакай!.. Што гэта ён кажа? Значыцца ты ізноў браў у яго гарэлку і напіваўся?

ЯНКА. Маланка! Гэта было ўжо даўно! Чарвяк якійсьці пад сэрдцам засмактаў, дык трэба было яго замарыць…

МАЛАНКА. Вось які ты, п‘яніца паганы! Гару тайком ад мяне локчаш дый яшчэ бярэш у жыда напавер!

ЯНКА (сумна) Грошай ня было…

МАЛАНКА. Дык ня трэба піць!. О, бедная я, бедная!..

ЯНКА. Ты бедная і я бедны… Абое мы бедныя, нешчаслівыя!.. (пяюць разам).
2.
Бедны, бедны мы,
Бедны: я і ты.
Хто паможа бедненькім —
Выбрацца з бяды.
bis.
Калі-б цяпер ў рай —
Бацькоў нашых гай
Мы прыпадкам трапілі —
Вось радасьць — ай-ай!..
bis.
ЯНКА.
(солё).
Каб хацела ты
Есьць там яблыкі,
Ну дык-жа, Маланейка,
Было-бы бяды!
bis.
МАЛАНКА.
(солё).
Крый-жа Божанька,
Каб я мелася
Хоць панюхаць яблычка
Як скажуць: нельга!
bis.
(разам).
Але ўжо капут,
Трэба жыці тут.
Не пабачым долі мы
У жыцьці поўным жуд.
bis.

ЯНКА. (гавора): Ну дык ідзі, вары вячэру, бо мне ад гэтта пяяньня яшчэ болей захацелася есьці…

МАЛАНКА. Пасьпееш з козамі на торг!.. З голаду не памрэш! (выходзіць).

ЗЬЯВА 6.

ЯНКА (адзін, кладзецца пад кусьцікам).

Ах, бедны-ж я чалавек! Вось і жыда чорт на маю галаву нагадзіў!.. — А ўсяму гэтаму Адам вінаваты! Каб ён не награшыў, дык-бы і жыд мне ў вочы за гарэлку ня лез, а я-б у раі штодзень па паўтара гарца з квартаю і палавінкаю выпіваў і ўсё сабе пяяў-бы: трам-да-трам-да-трам-да-трам!.. А цяпер больш клопату, як піцьця… А, каб цябе чорт узяў, Адам! наліха табе было слухаць сваю бабу, трэба было табе яе дзягаю сьцебануць: каб да яе ліха ня прыступіла, дык-бы яна табе ў вочы і ня лезла!..

Эгэ! каб-жа то я быў табой, ужо-б я Эве задаў дзягаю, ох, даў-бы! а сам у карчму дый пагуляў-бы!.. А цяпер хоць ты трэсьні гаруючы, працуючы… Ох, Адам!.. Адам!.. (пазёўвае і засыпае).

Заслона памалу апушчаецца.

AKT II.

Рай. Каля стала поўнага смачнай ежы і напіткаў сьпяць у мягкіх крэслах ЯНКА i МАЛАНКА.

ЗЬЯВА 1.

ЯНКА і МАЛАНКА.

ЯНКА (будзіцца, працірае кулаком вочы). Фу, чорт! дзе-ж гэта я!? Сонца грэе, птушачкі пяюць, музыка нейкая грае… А вось і Маланка мая храпе!.. А якія мягкія крэслы! зусім як пярыны! Што за ліха! Скуль-жа гэта? Чыё-ж гэта? Здаецца-ж учора я ня быў п‘яны, дык як-жа-ж я трапіў у гэты панскі сад? Трэба разбудзіць Маланку, можа яна нешта ведае… Маланка!.. (Маланка храпе і ня чуе; галасьней, тузаючы яе). Маланка! ўставай!..

МАЛАНКА. А? Чаго хочаш? Я спаць хачу.

ЯНКА. Ды ты пратры вочы і глянь!

МАЛАНКА (глянуўшы на стол, зьдзіўленая). А?! Скуль гэта?

ЯНКА. А хто яго ведае! Я думаў, што можа ты нешта ведаеш.

МАЛАНКА. О, глянь, якія прыгожыя талерачкі і шкляначкі!

ЯНКА (нюхае бутэльку). Добрая, панская гарэлка! гэта не самагонка. А што тутака? — Далібог — кілбаса з капустай, а пах дае ў нос, як табака. Добра было-б пакаштаваць трохі, тут ніхто здаецца ня бачыць.

МАЛАНКА. Не чапай, каб бяды не набрацца! Няма ведама, скуль усё гэта, чыё гэта?

ЯНКА. Маланка! А можа ляпей уцякайма адсюль?

МАЛАНКА. Але, лепш уцякайма, каб бяды ня было! (Бягуць, раптам ЯНКА ўстрымоўвае МАЛАНКУ).

ЯНКА. Пачакай крыху, я толькі адну чарку… пасмакую толькі…

МАЛАНКА. Ня сьмей чапаць!

ЯНКА. Ціха, ня крычы! Ашалела баба! (Бярэ бутэльку, налівае ў чарку і хоча выпіць).

ЗЬЯВА 2.

ТЫЯ-Ж і ЛЯСУН.

ЛЯСУН. Янка і Маланка! (у Янкі ад страху чарка вываліваецца з рукі, бутэльку ён хавае з-заду).

ЯНКА. Выбачайце, панок, я толькі хацеў ведаць смак які…

МАЛАНКА. Ой-ёй! якое страхацьцё!

ЛЯСУН.

Уважна слухайце мяне!
Я ведаў аб вашай бядзе.
Я чуў — вы пракліналі долю,
што шчасьця не дае ніколі.
Мне вас зрабілася шкада.
Утраціў рай бацька Адам,
Дык вось цяпер я рай вам дам,
скончылася ваша ўжо бяда,
скончыўся вашы смутак-сум…
Я — Дух Лясны, добры Лясун,
шчасьце хачу зноў даці вам.

ЯНКА (да Маланкі). Чуеш?

МАЛАНКА. Ціха! Слухай уважна, бо загневаецца.

ЛЯСУН.

Зімы для вас балей ня будзе,
ня трэба ўжо сячы больш дроў.
Вы, шчасьлівейшы за ўсіх людзей,
у рай папалі вы узноў.
Нічога вам рабіць ня трэба, —
ані гараць, ні сеяць хлеба, —
стаіць тут поўны стол ўсяго… —
загаду-ж слухайце майго!

ЯНКА (да Маланкі). Якога загаду?

МАЛАНКА. Ціха, ціха! Слухай, што далей…

ЯНКА. Цікавасьць, што нам будзе забаронена? А, можа, каб не… (шапоча ей нешта на вуха).

МАЛАНКА (адпіхае яго). Ідзі вон!

ЯНКА. Калі так, дык я ўцяку з гэтага раю!.. (да Лясуна): Пане касматы! А які-ж гэта загад?

ЛЯСУН.

Дык слухай-жа ўважна, Янка!
І кожна слова чуй, Маланка!
Вось стол: на ём міса стаіць…
Усё можна есьці і ўсё піць,
а місы нельга вам чапаць,
яна павінна ўсьцяж стаяць,
яе вам нельга адчыняць!..
Вось гэта трэба памятаць.

ЯНКА (да Маланкі, ціха). Я думаў, што ён, Бог ведае, чаго захоча, а ўсяго… раптам такое глупства: місу не чапаць!

МАЛАНКА. А хай яна згарыць гэта міса! Хто-ж да яе дакранецца, калі забаронена!

ЛЯСУН.

Калі-ж ня споўніце загад,
да хаты пойдзеце назад,
зноў праклінаць долю сваю,
тужыць аб страчаным раю!
(прападае).

ЗЬЯВА 3.

ЯНКА і МАЛАНКА.

ЯНКА. Чула?

МАЛАНКА. Чула.

ЯНКА. Добра будзе!

МАЛАНКА. О! і як яшчэ!

ЯНКА (з вялікай радасьцю). Дык мы-ж у раі?!

МАЛАНКА. Але! у раі!.. Толькі вось адна бяда: я думаю, што ў раі хадзіць гэтак у простай спадніцы і ў лапцёх нязручна. Трэба будзе заказаць сабе панскую модную спадніцу і купіць лексаваныя боцікі… Толькі цікавасьць, як-бы тут паклікаць швачку?

ЯНКА і МАЛАНКА (пяюць разам).
3.

Ужо ня вернемся да хаты
І забудзем аб бядзе.
Будзем жыць цяпер багата,
Гора ня ўбачым нідзе.
(танец).

ЯНКА.

Цяпер буду смачна есьці
І гарэлку буду піць.
Я сыт буду, гадоў дзьвесьце
Я напэўна буду жыць.
(танец).

МАЛАНКА.

А я апрануся ў шоўкі,
Модну вопратку зраблю,
Будзе ўсё нова з іголкі, —
Не пазнаць жонку тваю.
(танец).

ЯНКА.

Ой, дурная, ці-ж забылась,
Што ў раі трэ‘ голым быць!
Вось як хутка расфранцілась, —
А ня ласка — голай жыць?
(танец).

ЯНКА (гавора): Ну, а цяпер, паскакаўшы, трэба пасьнедаць, бо кішкі ў жываце ўжо ня польку, а марш граюць. Вось ніяк не магу ўспомніць, ці я ўчора вячэраў, ці не. (Сядаюць).

МАЛАНКА. Толькі-ж, калі ласка, не напівайся, як сьвіньня, бо ў раі гэта, мабыць, забаронена.

ЯНКА. Ну, калі так, дык гэты рай перастае ўжо мне падабацца… Але не! брэшаш! Лясун казаў, што нам забаронена толькі глядзець у місу, а есьці і піці можна ўсё, колькі ўлезе.

МАЛАНКА. А цікавасьць, што ёсьць у гэтай місе, калі нам забаронена туды глядзець?..

ЯНКА. Я дам табе за тваю цікавасьць! Забаронена — дык забаронена, а нам якое дзела! Наша мужыцкая справа — слухаць і не мудраваць.

МАЛАНКА. Але ўсё-ж такі цікавасьць.

ЯНКА. Каб я цябе за тваю цікавасьць добра не адластажыў!

МАЛАНКА. Ну толькі папрабуй!

ЯНКА. Ты і тут хочаш са мной сварыцца? Вось ляпей сядзі, маўчы, еш і пі!

МАЛАНКА. Ты мяне толькі ня вучы. Я свой розум маю!

ЯНКА (выпівае, закусвае). Але як танна нам дасталася гэтакае шчасьце! Бяз працы, бяз клопату — толькі нельга ў місу глядзець!.. Ну, дык памятай, Маланка, каб цябе раптам не ўзяла спакуса!

МАЛАНКА. Вось яшчэ чаго? Што-ж гэта? я розуму ня маю, ці што! Калі забаронена, дык ведама, што нельга глядзець — вось і ўсё!

ЯНКА. Ну, добра, я ведаю, што ты разумная кабеціна… Ну дык будзем сьнедаць. (Ізноў пачынаюць есьці).

ЗЬЯВА 4.

ТЫЯ-Ж і ЖЫД (зьяўляецца).

ЯНКА (спалохаўшыся). О, глядзі, ён мяне навет і тутака знайшоў!.. Але як-жа-ж жыд папаў у рай?

ЖЫД. Ты, Янка, ужо не бядуй і не палохайся. Доўг за гарэлку ўжо плаціць ня трэба. І я табе дам яшчэ ўсяго, чаго захочаш: усялякіх гарэлак, кансэрваў, сахарыны ды іншых харчоў. Цяпер ты, Янка, важнейшая асоба за самага важнага пана, і я ўжо не баюся даваць табе напавер.

ЯНКА. А! — калі так, дык зрабі, браток, добры запас гэтых бутэлечак, каб было чым напівацца і пахмяляцца.

МАЛАНКА. А мне прынясі шоўку на спадніцу, але самага моднага й найдаражэйшага!

ЖЫД. Магу і шоўку, магу і гарэлкі — ўсяго, чаго толькі захочаце.

ЯНКА. Паслухай, браток, дзе-ж гэта мы цяпер? Няўжо-ж у раі?

ЖЫД. Ну, але. У раі.

ЯНКА. Гм!.. Ага!.. Але... Ну, а ты-ж як папаў сюды? Бо мы хрышчоныя, дык няма дзіва, але ты?!

ЖЫД. Каб я не папаў сюды, дык гэты рай, ня быў-бы рай, бо хто-ж рабіў-бы тут даставу пітва і рознай стравы. Усюды — я. Без мяне ня можна абыйсьціся навет і ў раі.

ЯНКА. А ты не баішся, што я табе скручу, не заплаціўшы за ўсё, што вазьму напавер?

ЖЫД (пяе):
4.

Чаго-жа баяцца мне,
Ай-вай, ай-вай-мір.
Янка у раі жыве,
Як у масьле сыр.
Янка багатыр і пан,
Трапіўшы у рай.
Яшчэ грошы яму дам —
Ай-вай, ай, вай-вай
Пасьля грошы з процэнтам
Аддасі — вай-мір!
Так як кожны робіць пан,
Ай-вай-ай-вай-мір.
Царскіх грошай табе шмат
Новенькіх, бяз дзір,
Колькі хочаш, даць я рад
Ай-вай, ай-вай-мір.
Грошы — гэта важна рэч
У нашым жыцьці,
Беднага ўсе гоняць прэч,
Ай, бяз літасьці.
Цяжка грошы зарабіць
Ай-вай-ай-вай мір.
А бяз грошай нельга жыць
Ай-вай-ай-вай-мір.
Як спаймаў рубель адзін,
Маеш: цвай, драй, фір,
Поўнай жменяй — дзын-дзын-дзын —
Звоніш — ай-вай-мір.
(Танцуе пяяючы).
Ай-вай, ай-вай — ай-вай-мір —
Ай-вай — ай-вай-мір —
Ай-вай — ай-вай-мір —
Ай-вай — ай-вай-мір.
(прападае пад сцэну).

ЯНКА. Дык-жа памятай: гарэлкі зрабі запас, як сьлед!

МАЛАНКА. А мне прынясі моднай матэрыі на спадніцу!

ЗЬЯВА 5.

ЯНКА і МАЛАНКА, пасьля РУСАЛКІ.

ЯНКА (радасна). Ну, што скажаш, Маланка? Нам тут здаецца зусім будзе добра?

МАЛАНКА. Ой-ёй! І як яшчэ!

ЯНКА. Ну, дык будзем канчаць сьнеданьне! (п‘е).

МАЛАНКА. Але-ж ты ўжо пачынаеш лактаць гарэліцу бяз ніякае меры.

ЯНКА. Не! Што ты!.. Я мераю, Маланачка! Вось мая мерка! (паказвае вялікую чарку).

МАЛАНКА. Гэтакай тваей меркай можна каня паіць…

ЯНКА (глянуўшы ў кулісу). Во, глянь, Маланка, русалкі лезуць! Каб толькі яны чалавеку чагосьці дрэннага не зрабілі! Ты ратуй мяне, Маланка, каб яны мяне не збаламуцілі!

МАЛАНКА. А ты вочы заплюшч!

ЯНКА. Не! Адным вокам я буду глядзець, бо-ж надта ўжо яны прыгожыя.

МАЛАНКА. А я табе забараняю глядзець на дзяўчат!

ЯНКА. Дык-жа яны не дзяўчаты, а ведзьмы.

(Русалкі пачынаюць танцаваць. Янка з радасьцю глядзіць на іх і час-ад-часу выпівае і закусвае, разсеўшыся выгодна ў крэсьле. Пасьля танцу гоніцца за русалкамі. Маланка даганяе яго і, схваціўшы за руку, цягне назад).

МАЛАНКА. Ты куды? Налактаўся ўжо гарэлкі і цяпер глупствы ў галаве!

ЯНКА (падвыпіўшы). Калі-ж яны ведзьмы…

МАЛАНКА. Ну, дык перажэгнайся сьвятым крыжам і сядзі!

ЯНКА. Лоўка яны скакалі сваю ведзьмаўскую лявоніху!.. Цяпер не зашкодзіла-б закурыць люльку, а махорка, як на бяду, засталася ў хаце.

(3 левай і правай кулісы ўбягаюць два духі: адзін з вялізнай люлькай, другі з запаленай паходняй. Янка закуравае люльку).

ЯНКА. Ну вось!.. цяпер ужо зусім добра! Цяпер пакуру, пасьля крыху засну (сядае).

МАЛАНКА (прыслухоўваючыся да місы). Ціха!.. Варушыцца!..

ЯНКА. Што варушыцца?

МАЛАНКА. Вось у місе нешта шарахнулася!

ЯНКА. Што?! У місе?! А табе якое дзела?! Няхай сабе, а ты ня сьмей чапаць!

МАЛАНКА. Дык я й не чапаю! (сядзіць неспакойна, час-ад-часу паглядвае бокам на місу). Янка!..

ЯНКА. Чаго табе?

МАЛАНКА. Нікога-ж тутака нямашака!

ЯНКА. Дык што? Цалавацца хочаш?

МАЛАНКА. Вось паскуднік! У цябе заўсёды сьвінствы ў галаве!

ЯНКА. Дык чаго хочаш?

МАЛАНКА. Пішчыць нешта…

ЯНКА. Дзе пішчыць?

МАЛАНКА. Дык у місе.

ЯНКА. Ты ізноў з гэтай місай!.. Як я адшпілю дзягу ды адлупцую, дык ты тады запішчыш!

МАЛАНКА. Чаго-ж ты крычыш! я-ж нічога… я толькі так… (паўза) Янка! саколік мой! я ўжо даўжэй не магу! Лясун-жа нас ня ўбачыць… Я хутка-хутка адчыню місу і гляну ў сярэдзіну…

ЯНКА (крычыць). Ня сьмей!!

МАЛАНКА, Чаму-ж гэта: ня сьмей? Вось калі захачу, дык і пагляджу, а ты й нічога мне ня зробіш!

ЯНКА. Лупіць буду!

МАЛАНКА. Ну толькі папрабуй! Тады кіну і цябе, і гэты рай і пайду сабе да хаты! (плача).

ЯНКА. Ну, ужо пачала раўсьці! Што мне рабіць з гэтай шалёнай бабай? Вось раптам захацелася ёй таго, што забаронена!.. Ну, Маланка! Ну годзі, ну, ня плач ужо!..

МАЛАНКА (трапечацца). Я місу хачу!!

ЯНКА. А каб ты трэснула разам з сваей місай! Вось задаўбла сабе ў галаву: місу ды місу!..

МАЛАНКА. Вось які ты! Ты для свае жонкі нейкае дурное місы шкадуеш! Ну, пачакайжа-ж ты!..

ЯНКА. Ах, бедны я, бедны чалавек! Вось доля!.. (пяе):

5.

Кінь-жа ўжо плакаць,
Ах, Маланка міла,
Цябе спакушае
Тут нячыста сіла.
Хочаш хіба страціць
Рай і ўсю уцеху.
Кінь-жа намаўляці
Ты мяне да грэху.

МАЛАНКА (пяе):

Вось які, я бачу,
Ты мужык паганы!
Цяжкі лёс мне беднай
З гэтым мужам даны.
Ты-ж калісь казаў мне,
Прысягаў, што любіш,
А цяпер за міску
Жыцьце маё губіш.

ЯНКА. Ну, калі так, дык чорт з табой! Бачу, што ўжо з табой раданькі ніякае ня дам… Трэба толькі паглядзець, ці нікагусенькі няма? (паглядзеўшы наўкола). Не, нікагуткі!.. Ну, глядзі ў гэтую праклятую місу, каб яна згарэла!

МАЛАНКА (адчыняе місу, з місы вылятае птушка). Ax, якая прыгожая птушачка!..

ЯНКА. Трымай! трымай!.. А, каб цябе немач! Вось уцякла птушка!.. Што-ж цяпер з гэтага будзе!..

МАЛАНКА. А ты-ж чаму не лавіў, целяпень, ты гэтакі?

ЯНКА. А ты нашто выпусьціла? Вось будзе цяпер бяда!

МАЛАНКА. А хто-ж мог ведаць, што яна сядзіць тамака ў місе?

ЯНКА. Зусім ня трэба было чапаць!

МАЛАНКА. Калі цікавасьць!..

ЯНКА. Вось праз тваю цікавасьць і прапалі мы цяпер… Хто ведае, што цяпер з гэтага будзе!

ЗЬЯВА 6.

ТЫЯ-Ж і ЛЯСУН.

ЛЯСУН. Янка і Маланка!

ЯНКА. Мы тут, паночку! Кланяемся ласцы панскай.

ЛЯСУН.

Ці споўнілі вы мой прыказ,
які тут дадзены для вас:
ці місы тэй вы не чапалі?
з цікавасьці не адчынялі?

МАЛАНКА. А хто-ж бы яе адчыняў, калі забаронена!

ЯНКА. Ведама, наша мужыцкая справа слухаць ды рабіць, што кажуць…

ЛЯСУН.

А дзе падзелась тая птушка,
якая ў місе там сядзела?

ЯНКА. Птушка? А хто яе ведае! Мусі кот зьеў…

МАЛАНКА. Значыцца ў місе была птушка? А мы й ня ведалі, і ня бачылі!

ЛЯСУН.

А птушка шчасьця ўжо высока!
вам не злавіць яе ніколі.
Ужо ня ўбачыць ваша вока
чароўну птушку лепшай долі.
Слабыя вы, як усе людзі,
ваш лёс — у вечным горы жыць,
раю для вас балей ня будзе, —
аб шчасьці толькі ўжо вам сьніць.
Ў сваю ізноў ідзеце хату, —
ўпусьцілі шчасьце вы сваё,
Вы долю страцілі багату,
дык марш! — на старае жыцьцё!
(хаваецца).

ЗЬЯВА 7.

ЯНКА і МАЛАНКА, пасьля 2 ДУХІ.

ЯНКА (да Маланкі). Гэта ўсё праз цябе.

МАЛАНКА. Няпраўда! Уся гэтая бяда праз цябе!

ЯНКА. Дык-жа-ж ты адчыніла місу й выпусьціла птушку шчасьця?!

МАЛАНКА А ты нашто мне пазволіў?

ЯНКА. А што-ж было рабіць, калі ты прычапілася, як смала?

МАЛАНКА. Трэба было лупню даць, ты-ж муж, гэта тваё права… Значыцца ты мяне ня любіш, калі ня б‘еш, значыцца я для цябе ня жонка, а нейкая калода! (плача).

ЯНКА. Вось — ізноў пачалося на маю галаву! (да сябе). А можа й запраўды палупцаваць?

МАЛАНКА. О, бедная я, бедная!

ЯНКА. Ой, я бяднейшы за цябе, бо праз цябе і ў раі ня меў супакою. Ты навет тут патрапіла атруціць мне жыцьцё… Ну, але няма рады: сказана ветла: ідзеце вон да свае хаты, дык і трэба ісьці, каб яшчэ ляпей не папрасілі… Яшчэ толькі вып‘ю на дарогу адну-другую чарку… (хоча наліць сябе гарэлкі, стол ад яго ўцякае; злавіўшы стол, аднэй рукой устрымоўвае яго, а другой сабе чарку). А, чакай, брат, яшчэ я цябе ня пушчу! Няма што шкадаваць чалавеку чарку гарэліцы за тое толькі, што мае злую бабу… (п‘е) Фу! вада! Ну, значыцца ўзапраўды прапаў ужо мой рай… Ну, калі так — дык нічога не парадзіш: трэба зьбірацца да хаты… Вось толькі закурыў-бы яшчэ на дарогу люльку з райскім тутуном і — лахі пад пахі!.. (кліча) Гэй вы! ведзьмы! дайце, калі ласка, яшчэ крыху райскае махоркі!

(Убягаюць 2 Духі, так як раней — адзін з люлькай, другі з паходняй. Янка запальвае люльку, каторая робіць узрыў; з-пад зямлі паднімаюцца клубы дыму. Грыміць гром, бліснула маланка, пацямнела).

ЯНКА (кідаючы люльку). Фу! якое ліха!.. Маланка! хутчэй уцякайма да хаты, бо ведзьмы нас тут пагубіць хочуць. (Ударыў пярун; Янка з Маланкай правальваюцца пад зямлю).

Заслона.

AKT III.

Дэкарацыя такая, як у 1-м акце. Янка сьпіць на зямлі.

МАЛАНКА (выходзіць з хаты). Ну ўжо вячэра гатова, ідзі бульбу есьці. Што-ж гэта? Ён заснуў? Ну, уставай, павячэрай і кладзіся спаць у хаце, бо заўтра трэба рана ўстаць… Ну, Янка, а Янка!

ЯНКА (праз сон). Нашто місу адчыніла? Птушку нашто выпусьціла?

МАЛАНКА. Якую птушку? Куры ўжо ўсе даўно я загнала ў катух, сьпяць ужо.

ЯНКА (я. в.) Птушку нашто, ведзьма, выпусьціла? нашто місу адчыніла?

МАЛАНКА. А куды-ж мне было бульбу сыпаць? Адчыніла, бо ўжо бульба зварылася? Ты здурэў, ці сьпіш?

ЯНКА (прачхнуўшыся). А! — гэта-ж я, ўзапраўды спаў… І, ведаеш, прысьніўся мне сон, што мы былі ў раі і ты тамака выпусьціла птушку, якая сядзела ў місе. — Вось навет гэтакая самая была міса.

МАЛАНКА. Трэба будзе спытацца бабку Агату, што гэта значыць, бо яна ўмее добра сны тлумачыць… Можа гэта на якое ліха?

ЯНКА. Вось праз цябе, калі ня будзеш мяне слухацца, і будзе якое ліха!

МАЛАНКА. Але! Цябе слухацца!.. Ты з тваім дурным розумам мяне павінен слухацца, а ня я цябе… Баба заўсёды разумнейшая за мужыка!

ЯНКА. Брэшаш! Не даводзь мяне да злосьці!

МАЛАНКА. А ну, дык што мне зробіш? Не баюся я цябе!

ЯНКА. Што я зраблю? Вось зараз пабачыш. Вось я накрываю гэту місу гэтай талеркай… бачыш?..

МАЛАНКА. Бачу.

ЯНКА. Вось як я скажу табе: ня сьмей адчыняць гэту місу! — каб ня ведаю што, каб ня ведаю які чорт цябе спакушаў, а ты ня сьмей! каб тут гарэла, а ты ня сьмей, каб навет табе страх як захацелася глянуць у місу — а ты ня сьмей!..

МАЛАНКА. А ў чым-жа будзем бульбу ды зацірку есьці?

ЯНКА. Другую куплю, а гэтай ня сьмей адчыняць!

МАЛАНКА. Як захачу, дык і адчыню, што-ж мне зробіш?

ЯНКА. А вось што зраблю…, а вось зраблю… (адшпільвае дзягу і пачынае лупцаваць Маланку; яна з піскам уцякае ў хату; Янка за ёю).

МАЛАНКА. Ай! людзі! Ратуйце!

ЗЬЯВА 2.

ЖЫД (уваходзіць). Ой-вай! І на што я сказаў бабе аб гэтай гарэлцы! Толькі нарабіў бяды — сабе гэшэфт папсаваў, а мужыку нарабіў клопату… Бабе ніколі ня трэба ведаць аб мужчынскіх справах, бо баба гэта ёсьць… ну, адным словам, гэта — баба! У бабы валасы даўгія, дык розум у галаве ня трымаецца, а ўвесь вылазіць з галавы і лезе ў валасы.

ЗЬЯВА 3.

ЖЫД, ЯНКА і МАЛАНКА.

З хаты ўбягаюць Янка з Маланкай. Ён уцякае, яна гоніцца за ім з качаргой. Янка хаваецца за Жыда, Маланка хоча ўдарыць Янку, пры гэтым найбольш дастаецца Жыду.

МАЛАНКА. А ты гад гэтакі! Ты мяне — сваю жонку — пасьмеў дзягай сьцебаць! А каб табе рука адсохла… Вось я табе за гэта! Вось!..

ЖЫД. Ай-вай, гэвалт! Уй! забілі мяне! уй! мяне ўжо няма! уй, я ўжо памёр!..

ЯНКА (засланяючыся Жыдам, як засланкай). Ну годзі ўжо, Маланейка! Ну, кінь ужо, бо суседзі зьбягуцца! Ну, кінь, больш ужо ня буду! (Уцякае за кулісу).

МАЛАНКА (за ім). Пачакай!! А табе гэтага не дарую!..

ЗЬЯВА 4.

ЖЫД (адзін). Уй! а клёкцэнкэ!.. Уй, яны мяне зусім забілі, уй, я ўжо нябожчык, я ўжо зусім памёр!.. Яны з сабой пасварыліся, а мне за што дасталася? Вось заўсёды гэтак на сьвеце бывае; адны з аднымі б‘юцца, а кажуць, што за ўсё вінаваты толькі жыд. (пяе).

6.

Кажуць ўсе, што наш брат
Ува ўсім ён вінават,
Дзе якая ёсьць бяда
Праз яго маўляў яна.
Рэвалюцыя ў сьвеце гдзесьці —
Вінаваты жыд.
Няма людзям чаго есьці —
Вінаваты жыд,
Зараз бяда
Усенькая
Заўсёды толькі на жыда,
Хаця ты чысты, як сьляза,
Гэта твая толькі віна, —
Толькі віна жыда!
Кажуць, што грошай многа маем,
Бедным людзём не спагадаем,
Што кожны з нас поўну кішэнь
Нясе да хаты кожны дзень,
Мігнуў дзе толькі жыда цень,
Абголены ўсяк, як пень.

Як я прыду ў хатку сваю,
Дзе Сура ўжо жджэ мяне,
Каб я яе і дзетак ўсіх
Бедных маіх,
Ах, хаця-б трохі нечымсь накарміў.
„Ах, татэлэ! што есьць дасі?
Што нам прынёс?“ — пытаюцца
Дзеткі мае галодныя,
Бо без мяне
Нічога есьці ня было.

Аддаю тады я ў хаце
Усё, што зарабіў —
Вось усё маё багацьце, —
Каб сяк-так пражыў.
Трохі бульбы, крыху кашы,
Кусок селядца —
Вось усё багацьце наша,
Вось доля жыда.

ЗЬЯВА 5.

ЖЫД, ЯНКА і МАЛАНКА (ўваходзяць абняўшыся).

ЖЫД. Вось яны ўжо пагадзіліся з сабой, — а хто мне заплаціць за мае сінякі? (ідзе ў глыб сцэны).

ЯНКА. Ну, Маланка! годзі ўжо! Няхай ужо будзе згода! Ня будзем больш тужыць па раі ды праклінаць Адама й Эву, бо калі будзем жыць згодна, дык мы самі для сябе створым рай на зямлі!.. Ну, кажы: больш мяне качаргой біць ня будзеш?

МАЛАНКА. А ты мяне дзягай ня будзеш?

ЯНКА. Ня буду! А ты паслухмянай будзеш?

МАЛАНКА. Калі ты захочаш таго, чаго й я хачу, дык буду паслухмянай.

ЯНКА. Няхай нашы хаценьні заўсёды будуць аднолькавы. Вось тады ў нас будзе рай!

МАЛАНКА. Праўду кажаш: тады вось будзе рай.

ЯНКА і МАЛАНКА (пяюць):
7.

Больш тужыць ня трэ‘ за раем, —
На зямлі мы шчасьце маем.
Шчасьце само прыйдзе яно,
Калі ў згодзе жыць стрываем.

ЯНКА (пяе):

У нязгодзе ўсьцяж мы жылі,
Аднаго адзін чубілі,
Забыўшыся мэту жыцьця,
Каб усе людзі любілісь.

УСЕ (трое), ЖЫД пасярэдзіне.

Дык цяпер жыць згодна будзем,
Сваркі старыя забудзем.
Птушка да нас прыляціць ураз —
Лепшу долю дасьць ўсім людзям.

(У скоках сходзяць са сцэны).
Заслона.

КАНЕЦ.

Менск.
1920 г.