Перайсці да зместу

Трэскі на хвалях (1924)/Штрэйкбрэхер

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Бягунец Штрэйкбрэхер
Апавяданне
Аўтар: Цішка Гартны
1924 год
На руінах

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ШТРЭЙКБРЭХЕР[1].

I.

— Анупрэй, га, Анупрэй, уставай! Уставай — ужо абед хутка. Валяецца ў пасьцелі цэлымі днямі й нібыта той! Бяз клопату, бяздумна. Уставай, уставай! Можна ўжо дагэтуль вылежацца! Нябось — лёг учора з вечара і праз усенькую ноч праляжаў. Анупрэй, га, Анупрэй, ці чуеш ты? Уставай — ды пойдзеш праведаеш, як парашылі там...

Луцэя злосна паківала галавою, уздыхнула і паглядзела ў вакно. Пасьля йзноў абярнулася да гаспадара і пачала яго катурхаць, прыгаварваючы:

— Ці чуеш ты, ці не, Анупрэй? Разаспаўся вельмі! Нагараваўся задужа, небарака... Гуляеш, бач, другі тыдзень, дык можна выспацца ўволю. Людзі вунь калі ўжо на поле пайшлі, а гэта... Эх, няшчасная я!..

Луцэя йзноў адхілілася ад полу й скрывіла жаласьлівую міну.

А Анупрэй, чуючы праз сон прычытаньне жонкі, знарок нічога не адказваў ёй, толькі хвілінамі расплюшчваў вочы й балюча пакрэктваў.

— Бок адлежаў, небарака. Уста-ва-ай! — са злосьці пракрычала Луцэя над самым вухам мужа.

Анупрэй і на гэта нічога не адказаў, а, нібы наперакор, адвярнуўся да сьцяны і маўчаў.

— Ды ўстанеш ты сёньня, ці мо‘ ўжо да вечара будзеш тухнуць? — папракнула ўголас Луцэя.

— Ну, чаго ты прыстала да мяне сёньнека? — ня выцерпеў нарэшце Анупрэй, паднімаючыся з падушкі. — Чаго цябе ліха здрочыць, чаго? Кожны дзень гаўкае бязупынку. Не падабаецца, што я гуляю? Хацела-бы, каб нясьціханна працаваў — ведаю! Не, галубка, патвойму ня будзе...

Луцэя ажно зблядзела ад злосьці: ёй нямерна Стала крыўдна на мужа за яго агрызаньне на справядлівыя яе словы.

Вось ужо хутка два тыдні міне, як у іх хаце цягнуцца спрэчкі й сваркі. Два тыдні, як у хаце згінуў сямейны лад і спакой. А хто і што таму віною? Луцэя колькі разоў запаўняла мужа, што яна ня злуе на яго і ня вініць яго за ўдзел у забастоўцы; яна запаўняла Анупрэя, што ёй вядома ўсё, як і што павінна весьціся змаганьне з гаспадарамі за паляпшэньне становішча працаўнікоў. Яна добра ведала, што будзе шмат лепш і ёй тады, калі разам з другімі яе Анупрэй будзе менш працаваць, а больш зарабляць. Ведала ўсё гэта Луцэя і памятала, толькі ўжо занадта цяжка складалася іх жыцьцё; недастаткі ў хаце, якія прышлі з забастоўкаю, саматугам застаўлялі яе забываць усё і абурвацца на Анупрэя з упікамі й са злосьцю. Калі муж працаваў — стачалі канцы з канцамі і жылі, а цяпер — так туга! Луцэі думалася, што мужу самому заўважна хатняе становішча, але ён бяз моцы, каб памагчы, тады яна спусьціла тон і пачала разважаць спакойлівей.

— Анупрэйка, ну ты-ж сам толькі, здароў, падумай, як-жа мы будзем жыць далей? Запасаў-жа ў нас ніякіх няма, ты сам добра ведаеш — не назьбіралі — ня з нашых заработкаў іх зьбіраць. А есьці, нябось, штодня трэба. Ні Стэпка, ні Сьцёпка ня пытаюць, ёсьцека яда, ці не, а ім давай. Чыя-ж галава баліць — толькі мая, бо найперш яны кідаюцца да мяне; „Мама, дай хлеба, мама, дай к хлебу!“ Дзе хочаш бяры, а адказаць — не адкажаш дзецям. Ды й самі духам сьвятым не пражывом. А цэлых-жа два тыдні ні капейкі ў хату ня прыбавілася... як-жа ня крычаць, як не ўзлавацца часамі?

— Але-ж не ачамераю лезьці ў вочы, — паднімаў голас Анупрэй, — каб добра, ды ціха, дык яно зусім іначай, а то ўвесь час тое й робіш, што точыш мяне нясупынна. Кажаш, усё ведаеш добра, а нябось тычаш пальцам. А ласьне тут я вінаваты? Разыгралася забастоўка і захапіла ў свае кола і мяне. Трыццаць чалавек разам — не папрэш супроціў. Як змагацца дык усім разам. Хто йдзе супроціў — той здраднік... і ты, пэўна, ня ведаеш, што з гэткімі бывае.

Анупрэй зьлез з полу, пацягнуўся некалькі разоў, няхутка апрануўся ў стары будзённы, увесь засмальцованы дзёгцем, гарнітур і, ня думаючы ўмывацца, з брудным вуграстым тварам, з тлустымі ад шмальцу рукамі падышоў да вакна і ўталопіўся поглядамі на вуліцу. Да жонкі не казаў нічога.

Гэта скрыўдзіла Луцэю і яна, насупіўшыся, адыйшлася да запечку, дзе моўчкі супынілася. Але доўга не магла стаяць спакойліва і, паглядзеўшы ўбок мужа, загаварыла:

— Бастуюць! Добра ім баставаць! Нежанатыя, а многія й хлеб свой маюць. Якаво ім адходзіць — хоць-бы Міколу Капачу, ці Антосю Скубу, ці Андрэю Гляку? Гэта-ж усё гаспадарскія сынкі, якім ня страшна й месяц цэлы прабаставаць. Ці-ж табе зраўняцца з імі! У цябе, вось, цэлая сям‘я на руках, а для яе зараз і крошкі ня будзе хлеба-а! Вазьмі ты гэта ўцям!

Анупрэя гэта йзноў раздражніла.

— Кінь балабоніць ліха ведае што, — перабіў ён жонку, адвярнуўшыся на хату, — вось калі ваб‘е сабе ў голаў, дык і дыхнуць не дае... Няўжо ты зразумець ня можаш, што... Ужо-ж ня раз, здаецца, казаў я табе, што тут справа не адна мая, а агульная, хаўрусная, таварыская справа. Вось яна і вымушае кожнага трымацца ўсім разам. Тут, галубка, зусім не гадзіцца твая дзяльба на жанатых і нежанатых, або на гаспадароў і безьзямельных. Перад абіраньнем і зьдзекамі гаспадароў — усе работнікі мусяць быць роўнымі. Мусіць быць еднасьць між імі.

— Добра, еднасьць! Я-ж сваё кажу, ці магчыма табе з Мікалаем раўняцца? Сам, нябось, адчуваеш, што-не. Вось, калі ўжо так налягаеце на еднасьць, дык хай-бы адзін другога й падтрымоўвалі. Дык гэтага штосьці ня відаць.

Анупрэй моўчкі адыйшоў ад вакна і прысеў каля стала на ўслоне. Спрачацца больш з жонкаю яму не хацелася, бо ён добра ведаў, што гэтым спрэчкам ня будзе канца да таго часу, пакуль ён нанова не пачне ўспорвацца з цёмнага і сьпяшыць, часта ня сьнедаўшы, у майстэрню. Пераканаць-жа жонку ў патрэбнасьці агулам, усім разам, падтрымліваць забастоўку, каб выйграць яе і палепшыць умовы працы — Анупрэй ня мог: ён ведаў, што гэта пытаньне разьбіваецца аб іх сямейнае становішча.

Анупрэй бачыў, што гутарка жонкі не блазная баўтаўня, што яе дыхтуюць тыя цяжкія ўмовы, у якія ўпхнула яго й яго сям‘ю двухтыднёвая забастоўка. Што-раз, хоць і злаваўшыя Анупрэя, размовы жонкі рабіліся больш балючымі і бліжэй краталі яго бацькава й гаспадарова сэрца.

Вось прысеўшы на ўслоне, Анупрэй міжвольна паддаўся роздуму над сваім становішчам: „Праўда, яно-та мне зусім цяжка пераносіць гэту забастоўку. Дужа цяжка. І я ведаю, што гэты цяжар гняце і Луцэю. Але-ж, што зрабіць? Нельга-ж ісьці супроціў усіх — нічога ня выйдзе, трэ‘ як-кольвечы канца чакаць“... Анупрэй кінуў вачыма на жонку: „А які яшчэ канец будзе, таксама пытаньне? Можа прабастуем яшчэ тыдзень-другі ці больш і нічога ня выйграем, а болей бяды наклічам. Ці раз ужо так траплялася: баставалі-баставалі — а пасьля на старых умовах назад да работы... Чаго добрага і цяпер можа так быць... Вось тады будзе-э!..

Анупрэй падняўся з услона і пачаў тупаць па хаце ўзад і ўперад.

Луцэя ўвесь час сядзела мэрам прыбітая да лаўкі і нязьмігутна сачыла паглядам у вадну кропку на вулічнай сьцяне. Спакойлівы выгляд яе твару, відаць было, стрымоўваў выраз глыбокага болю ў яе сэрцы.

Анупрэй некалькі разоў паглядзеў на жонку і за кожным разам усё бліжэй адчуваў на сабе яе перажываньні. Нарэшце ня вытрываў і пачаў казаць:

— Слухай, Луцэя, усё-ткі ты не гаруй так. Я пастараюся трохі грошы — мне Мэндаль Крупнік абяцаў пазычыць рублёў пяць. Ліха яго бяры — аддамо калі-кольвечы... Але-ж ты сама павінна ведаць, што пратрымацца да канца трэба. Пратрымаемся дружна — то выйграем, а выйграем — дык я буду зарабляць у тыдзень цэлых сем рублёў. Падумай толькі — чуць ня ў два разы болей, ніж цяпер... Усе зможам спагнаць за адзін месяц... Трэба дацярпець... Бачыш, я-ж не адзін такі: Пранук, Лейзар — таксама ня ў лепшых умовах.

Луцэя падняла голаў і паварушылася ўсёй постацьцю. Перад ёю прамігнула яскраваю палоскаю надзея; зьмякла сэрца і сьвяжысты подых прайшоў яе нутром.

— А ці хутка ты возьмеш у Мэндаля гэтыя пяць рублёў? — запытала яна мужа.

— Пэўна сёньня вечарам, або заўтра, — адказаў Анупрэй.

Луцэя яшчэ больш прасьвятлела.

— Я таму, Анупрэйка, пытаю, што на заўтра ў хаце ні капейкі не засталося; хлеба купіць незашта.

Анупрэй, як тупаў, так зразу і спыніўся сярод хаты: дагэтуль ён неяк ня верыў, што ў хаце дайшло да ніткі, а думаў, што Луцэя папераджае яго заўчасна, каб не дапусьціць да крайняга, пакуль цягнецца сяк-так.

— І хлеба, кажаш, няма? — спалохана прамовіў ён.

— Ня хлушу, Анупрэйка.

Нічога ня кажучы, Анупрэй надзеў шапку, ускінуў напашкі жукетку і павярнуў да дзьвярэй.

— Куды-ж ты? — спыніла яго Луцэя.

— Да Мэндаля пайду, — адказаў Анупрэй.

— Пастой! Я надумалася зрабіць вось што: ці ты з Лейбам не сварыўся, як пакідаў работу?

Анупрэй задумана памаўчаў.

— Не. Чаму?

— Як не, ды, памойму, пайшоў-бы да яго і пазычыў-бы якіх рублёў з пяць. Мне здаецца, што табе ўсёроўна прыдзецца вярнуцца на работу да яго, так ці сяк. А з Мэндалем... хопіць і таго разу: успомні, як ачамярэў ён тады нам. Слухай, Анупрэй, сапраўды, пайдзі лепш да Лейбы і... вось хай толькі зьмеркне крыху. Надоячы дык ён сам, спаткаўшыся, напрошваўся ў мяне: „Хай прыдзе, кажа, Анупрэй да мяне, і я яму грошы дам, а то мо‘ ў вас іх няма“. Пайдзі да Лейбы, пайдзі. Паслухай мяне.

Анупрэй пастаяў крыху моўчкі, пасьля адказаў.

— Падумаю, ведаеш... Вельмі-ж ніякавата будзе, як таварышы праведаюць аб сім.

— Чаго ніякавата? У першых, хто-ж дазнаецца, калі ты ціха зробіш, а другое, калі й даведаюцца — то што? Няўжо-ж з голаду ўміраць? Нябось ніхто не прынясе з сваіх, каб падтрымаць... Нечага баяцца.

— Можна будзе ўзяць рублёў два з комітэту... Я думаю, што ёсьць там крыху грошай...

— Ёсьць-ёсьць... Дык чаму-ж дасюль не дагадаўся ўзяць? Сарамяжы вельмі. Вось глядзі, каб і комітэту раней цябе не абабралі.

Анупрэй нічога не адказаў і моўчкі вышаў з хаты.

II.

Праз колькі хвілін, пасьля выхаду Анупрэя, у хату ўбег Сьцёпка, — старэйшы хлопчык Анупрэя й Луцэі гадкоў васьмі-дзевяці, блядзенькі, замораны, запэцканы ў гразь і ў парваным адзеньні.

— Мама, — зьвярнуўся ён да Луцэі, — куды-ж то наш татка пайшоў? Дазволь мне за ім пайсьці, дазволь, мамачка?

Луцэя ў злосьці агрызнулася на сынка:

— Чаго табе за бацькам? Я табе пакажу, распусьнік! Сядзі вось у хаце.

Сьцёпка паслухна схіліў галоўку, закапыліў губкі і, усадзіўшы ў рот пальчык, ціхутка стаў каля стала, спадлоб‘я пазіраючы на мацеру.

— То дайце мне хлеба лустачку на вуліцу, — асьмеліўся ён вымавіць, спусьціўшы з паўгадзіны.

— Хлеба, хлеба! Розак табе, а ня хлеба! Яшчэ што ўшалопаеш! Хлеб на вуліцу цягаць! Расьцягалі ўжо ўвесь. Цягаеш два тыдні, а ў хату ніхто ня прыцягне. Няма ў мяне хлеба. Вось вернецца бацька — у яго папросіш.

Сьцёпка скрывіўся й заплакаў. Перш зацягнуў ён уголас, а пасьля, скмеціўшы злосны пагляд мацеры, прыцішыў голас; з яго вачэй кідаліся на стол буйныя празрыстыя сьлёзы, якія хлопчык часта пераймаў каравым рукавом кашулі. Луцэя ані не зважала гэтага і задуменна пазірала ў вакно. Але няўвага мацеры скрыўдзіла Сьцёпку і ён хутка зноў падняў голас. Луцэя не сьцярпела, адхілілася ад вакна й закрычала на сынка:

— Ну, а гэта што? Чаго хліпіш? Пугі, нябось, захацеў! Сьціхні, кажу табе! Маўчы!

Луцэя прытупнула нагою і паківала пальцам. Яна нават намерылася падыйсьці да Сьцёпкі, каб рукамі спыніць яго плач, але стук у дзьверы перапыніў яе. Луцэя спынілася на месцы й адвярнулася да дзьвярэй.

— Мамачка, га, мамачка, дай мне хлеба! Усе дзеткі на вуліцы ядуць хлеб і мне хочацца, — убегшы ў хату, пралепятала Стэпка.

— Ах на іх уселіха! — вылаялася Луцэя. — Якраз тады на іх прорва напала, калі нічога няма.

Не зважаючы на гэткую воражнасьць да сябе з боку мацеры, дзяўчынка пераказала просьбу хлеба і пачала чакаць яго ад мацеры.

— Атруты вам, на вас проглая, а ня хлеба! — яшчэ зычней вырачылася на дзяўчынку Луцэя.

Абураная гэтым, Стэпка сагнулася ў кручок і перабегла да стала ды прытулілася да братка.

— Чаму-ж вось Янку маці дала хлеба, а вы мне шкадуеце, — папракнуў Сьцёпка мацеру.

— Мне хлеба мама ніколі не шкадуе, — пахваліўся Янка.

— Твая маці багатая, у вас хлеба процьма, — спыніла яго Луцэя і, каб адвязацца ад дзяцей, дадала:

— Ідзеце, вось, гуляйце! Чаго вы таўчэцеся ў хаце ў пагоду? Марш, вон!

Янка, сьмяючыся, выбег з хаты, моцна бразнуўшы дзьвярыма. Сьцёпка з Стэпкаю асталіся. Луцэя вылаялася на дзяцей і зноў адвярнулася ў вакно.

Але стаяць спакойна не магла. Праз хвіліну яна вылезла з вакна, прайшла колькі разоў узад ды ўперад па хаце, пасьля прысела каля стала й пачала ў голас думаць: „Не, усё-ж крыку мала! Крыкам ды лаянкаю дзяцей не накорміш. І так цяжка глядзець на іх: сухія, блядыя, мізэрныя. Паглядзець на чужых, дык як пурэчачкі, поўныя, ружовыя. А гэта — замарышы... А ўсё-ж ад таго, што вось гэткія сцэны. На добры лад, то (гэта-б трэ‘ было ім і малака, і мяса, і яшчэ сякіх-такіх лагодаў, але — адкуль узяць? Зарабляў вось рублёў па чатыры ў тыдзень, то ці-ж магло старчыць іх на ўсё-усенькае для чатырох душ сям‘і? Свайго-ж ні каліва, ні кастрычынкі няма... Усё-ж пражывалася сяк-так, працягалася со-дня-на-дзень. І мо‘-б цягнулася так далей, каб яно аднакава роўна йшло, а то — час-ад-часу, глядзіш і перабой, і перабой: то няма работы, то захварэе, то яшчэ якая-кольвечы прымха. А плаціць — ніхто ня плаціць. Хай-жа бы ўлічаў гэта — дык не. Баставаць! Добра вельмі, што ня трэба рабіць... Чалавек не заглядае ўперад, ня рупіцца... Каб меў жаласьць да сям‘і, не пільнаваўся-бы так шчыра ўсякіх там пастаноў. Добра таму гэта рабіць, хто мае з чым і як вывернуцца, або хто вольны, ня зьвязаны з сям‘ёю... Ох, бяда, бяда! Цяжка мне жыць“!..

Ад нясупыннага роздуму Луцэя ажно пахмурнела, стамілася, ушчэнт расстроілася і, бязвольна апусьціўшыся на стол, задрамала.

Дзеці цішком панырпалілі ў мыцельніку й пад прыпечкам, пакруціліся каля стала й бяз нічога выйшлі на вуліцу.

III.

Луцэя спакойна спала.

Праз паўгадзіны, ня болей, яе разбудзіў стук у дзьверы. Луцэя хутка ўсхапілася на ногі, працерла вочы й прыгатовілася стрэціць, хто ўвойдзе ў хату. „Пэўна, Анупрэй“, — парашыла яна, не дачакаўшыся, і нездавальняюча адвярнулася ад дзьвярэй.

Усьлед гэтаму прачыніліся дзьверы і Анупрэй увайшоў у хату.

— Дзе ты цягаешся нясупынна? — упічліва запытала Луцэя.

Анупрэя хапіла за сэрца і ён перш сурова паглядзеў на жонку, крутнуў нездавольна галавою і прайшоў к вулічнаму вакну; пасьля павярнуўся да яе і сказаў:

— Ці ты звар‘яцела? Сама пасылала... — вырачыўся ён і зразу-ж перамяніў тон. Я да гаспадара заходзіў... Грошы прасіў пазычыць у лік будучае працы... Я сам бачу, што нельга далей так быць... Што-ж, няхай прабачаюць таварышы. Я не самахоць...

— То ці-ж бачыў хто? — з надыйшоўшай палёгкай на сэрца, запытала Луцэя і прысела супроціў мужа.

Той апусьціў пагляд і спагадліва адказаў:

— Бачылі... Вядома, што бачылі... Каб і ня бачылі, то дазналіся-б. Ласьне захаваешся?.. Ахрэмава жонка бачыла...

— Як ты йшоў, ці як выходзіў?

— Як выходзіў... Што-ж, усё роўна... Я ўжо гэтым запляміў сябе... Прадаў таварыскасьць і справу...

— Ну, а што-ж Лейба? Даў табе грошы, ці не? — пераняла Луцэя, каб ведаць, як ацаніць мужаў паступак.

— Даў дзесяць рублёў... дзесяць срэбранікаў, нібы...

Анупрэй ня мог супакоіцца ад нутраных папрокаў і затупаў па хаце.

— Кінь ты плявузгаць, ліха ведае што — расьцяжна заўважыла Луцэя. —Што ты прадаў? Наадварот, ты выратаваў трое душ ад голаду. Не дастаў-бы грошы — бяз крошкі хлеба сядзелі-бы заўтра. Бедныя дзеці, і сёньня ўжо амаль нічога ня елі. Ды калі пазычыў, то ці-ж гэта значыць, што і прадаў? Гэта-ж не на работу пайшоў... Пакінь лепш дратаваць сябе...

Анупрэй нейкі час памаўчаў.

— Маўчы лепш, Луцэя, калі не разьбіраешся ні ў чым... Забастоўка — гэта вайна... А ў вайну нельга аднаму супроціў усіх вясьці перамовы з ворагам. Гэта ёсьць здрада... Глядзі, два тыдні йдзе змаганьне і гэтыя паганцы-гаспадары не здаюцца. Думаюць прымусіць нас пайсьці на міравую. Хітрыкамі, зморам, завабамі — думаюць... Не падавацца, трымацца, як мага — вось чым можна перамагчы... А я... бачыш...

Анупрэй міжвольна скочыў к вакну, за якім вуліцаю прашло двое мужчын: яму паказалася, нібы то Мікола Капач і Антось Скуба йдуць да яго...

— Я штрэйкбрэхерам цяпер лічуся... Першым пайшоў за гаспадарскай ласкаю, — дадаў Анупрэй, як-бы хочучы пакараць сябе за заход да Лейбы.

— За гэта? Не разумею цябе, Анупрэй.

— Кінь... Бяры, лепш, павячэраем, што ёсьць. Заві дзяцей.

Луцэя самапэўнасьцю пайшла ў мыцельнік і стала ўвіхацца каля начыньня. Анупрэй задуменна прачыніў вакно й пазваў дзяцей.

Хутка ўсёю сям‘ёю ўселіся за стол, нагнуўшыся над міскаю варанае крапівы.

А тымчасам у хаце цямнела.

IV.

Праз усю ноч Анупрэй ня мог супакоіцца і заснуць, як сьлед. Толькі надыходзіў сон, плюшчыліся вочы і мярцьвела цела, як раптам унутры штосьці адрывалася, прабягала па ўсёй постаці калючая дрыготка — і сон прападаў. Чарадою віліся чорныя думкі-сумненьні, і натужна працавалі мазгі над пытаньнем, як-жа абыйдзецца яго праступак?

Анупрэй і находзіў і не находзіў апраўданьні сабе ў сваім становішчы. Пасудзіць з боку галавы сям‘і, з боку бацькі, — то ён зусім як-бы ня здрадзіў. Луцэя, як шчырая маці-гаспадыня-была права. Але з пагляду таварыскасьці — зусім няма апраўданьня. Анупрэй згаджаўся, што ён віноўнік перад таварышамі, што ён зрабіў цяжкую абмылку. Раз-ад-разу сузнаньне свае віны ён адчуваў усё больш і прыкрэй; раз-ад-разу яе здань выразьней насувалася на яго.

Хацелася скарэй ведаць, чым усё гэта скончыцца. Маляваліся розныя скуткі, якія дасьць вырашэньне пытаньня. І ўжо зараней ні ў адным з іх ня бачыў Анупрэй сябе апраўданым. Яму здавалася, лежачы, нібы хтось побач сьцеражэ яго. Шамаў вецер за сьцяною, шоргала мыш у запечку, скрыпеў шашаль у шалёўках вакон — а паказвалася, што хтосьці гаворыць пра яго справу. Анупрэй паднімаў голаў і кідаў вачыма ў шэры змрок хаты, прыслухоўваючыся, ці сьпіць Луцэя з дзяцьмі.

Тыя спакойліва храплі. І Анупрэй міжвольна кратаўся думкамі аб сям‘і. „Луцэя здаволена, што я ёй прынёс дзесяць рублёў“, перабіраў ён у думках. „Ды, сапраўды, якое ёй дзела да ўсякіх там салідарнасьцяў і іншае, калі ў хаце ні капейкі грошы, ні скарынкі хлеба. Двое дзетак, сапраўды, абадраных, бледых, ці-ж замарыць іх голадам? „Дзеці“. — Толькі чапала гэта слова Анупрэя, як ён хапаўся за іх, згладжваючы свой неспакой і сваю трывогу.

Анупрэй ужо на сьвітаньні спыніўся на гэткім пляне адказу таварышам, калі тыя паставяць аб ім пытаньне рубам: „Я ратаваў сям‘ю“. Няўжо-ж-такі й гэта не ўрэзоніць?

І, вось, назаўтра, з самага раньня, калі жонка пайшла на рынак, Анупрэй неспакойліва пазіраў у вакно, чакаючы каго-кольвечы да сябе. Ніводнага праходжага не перапускаў, каб не аглядзець. Брала падазронасьць, каб на рынку, чаго добрага, не прагаварылася каму Луцэя. Ён верыў у яе стрыманасьць, але штось падточвала гэту веру. Хацелася, каб Луцэя хутчэй вярнулася дамоў. А мо‘ хто што казаў пра яго ды яна чула? Расказала-б мне.

Анупрэй прачыніў вакно, каб паглядзець, ці ня йдзе, часамі, Луцэя. Паглядзеў управа — няма. Штось падштырхнула павярнуць голаў улева. Анупрэй раптам схамянуўся: недалечка, хат праз дзьве, ішоў Ахрэм Клін. Ня трэба было сумнявацца — да яго. Анупрэю зрабілася млосна: так рана — то пэўна знарок. Яго жонка ня змоўчала, го, гэткая язычніца. Нашчабятала, нябось, багата. Ужо ўсякія чуткі пойдуць... Чаго ня было — дададуць... У людзей языкі сьвярбячыя — адно крані — мянташкамі пойдуць.

Каб Ахрэм не падмеціў, Анупрэй выняў голаў з вакна, зачыніў яго на кручок і адыйшоў на хату.

Задумаўся, як і што гаварыць з таварышам. Трэба-ж апраўдвацца! Ды ёсьць важкія прычыны на гэта.

Анупрэй паглядзеў на пол, дзе варушыліся разбуджаныя дзеткі. Бацькаў пагляд, праведзены спадлоб‘я, сур‘ёзны, паказаўся дзеткам за нейкую пагрозу на іх з боку бацькі; яны прысьмірэлі і захуталіся ў акрывала.

Анупрэй скмеціў прычыну дзяцінага манэўру і спагадліва ўсьміхнуўся. „Бедныя дзеткі, усё з-за вас“, прапусьціў ён у думках; і ад гэтых думак, як ад выходнага пункту да далейшых роздумаў, накідаў рысы наступнай гутаркі...

Так і так. Ці-ж ёсьць праступак?

Увайшоў Ахрэм, і Анупрэй перарваў думкі: віноўна стаў наўпрост перад увайшоўшым таварышам.

— Ты, пэўна, не чакаў мяне, Анупрэй? — пацікавіўся Ахрэм.

— Н-не-э, — раптам адказаў Анупрэй.

— А вось я зайшоў, каб табе...

Анупрэй перабіў таварыша, ня даўшы таму дасказаць...

— Я ведаю, дзеля чаго ты прышоў... Тут ужо адкрытая справа, ясна. Але, слухай, братка, я йначай ня мог. Ня мог, даю табе таварыскае слова... Вось дзеці, — Анупрэй паказаў пальцам на пол, так прыпёрла, што бяз хлеба, бяз... І хапіла за горла пытаньне, як быць? Дапушчаць, каб уміралі, ці пайсьці на папрошную... Мучыла, паверыш, душу сузнаньне віны перад агульнай справай, але...

Ахрэм праслухаў Анупрэя, увесь час гледзячы яму ў твар і ловячы ў ім трывогу ды раскаяньне, пачакаў крыху і суцешна адказаў:

— Я сазнаю ўсё... Ласьне, думаеш, мне невядома тваё становішча? Тут цяжка ўстаяць... Я ўчора казаў жонцы сваёй: маўчы, тут не злачынства і ня здрада, а вымушае жыцьцё...

Анупрэй павесялеў, унутрана сьцешыўся крыху і задаволена дадаў:

— Я й ведаў, што ты справядліва рассудзіш. Але, прасіцьму цябе, пераканай, браток, і другіх, калі яны паднімуць на мяне лаянку... Ёсьць-жа ўсякія людзі...

— Я ня веру, каб хто што нядобрае падумаў на цябе... Ды ніхто й ведаць не павінен... Я, вось, і сам прыйшоў да цябе зусім не па гэтым... Я, ведаеш, хачу запытаць у цябе, ці нельга было-бы дастаць у цябе пілкі? Думаю пайсьці ў лес паставіць якую шурку дроў, пакуль гуляю... А ў цябе, здаецца, была пілка...

— Так, ёсьць недзе... я выскачу ў сенцы...

Анупрэй намерыўся йсьці, але знадворку стукнулі дзьверы, і ён спыніўся.

Пачакаў: у хату ўвайшла Луцэя.

— Дзень добры! — прывіталася з Ахрэмам, падазрона кінуўшы на яго порсткі пагляд.

— Адкуль так рана? — запытаў Анупрэй.

— На места бегала... Хлеба ня было ў хаце, — сухім голасам, не азіраючыся на Ахрэма, адказала Луцэя.

І, спусьціўшы хвілінку, дадала:

— Але, здаецца, рана, а людзі ўжо пасьпелі даняць.

Мужчыны настарожана паглядзелі ўбок Луцэі.

— У чым справа? — разам запыталі.

— Усё ў тваім паступку... штрэйкбрэхерам завуць... Сустрэла Кастуся Вілку і Боруха... Абудва з пенаю ў роце накінуліся на мяне...

Анупрэй зьбялеў ні-то ад сполаху, ні-то ад злосьці і, як-бы шукаючы падмогі, павярнуўся да Ахрэма:

— Чуеш, брат?

Ахрэму стала няёмка: Анупрэявы словы адначасова былі й глыбокім укорам яму за павядзеньне яго жонкі.

То, пэўна, пасьпела яна распусьціць чуткі па мястэчку.

Ахрэм пачырванеў ад няёмкасьці. І каб выйсьці з гэтага становішча, рашуча падняўся з месца, матнуў рукою і чуць ня крыкам выказаў:

— Яна не павінна была казаць! Я ўчора ёй рашуча забараніў. То чорт ведама што! Брахунцы! Самі маюць у бацькоў усё, а лаюцца.

Прайшоў сюды-туды па хаце, паглядзеў у вакно і адвярнуўся да Луцэі.

— Ня думай! — уважліва загаварыў да яе, — ня думай, суседка, што то знарок... Я запаўняю цябе, што не паздаровіцца жонцы, калі то яна разбрахала.

Луцэя адвярнулася на Ахрэма, зьмягчыла суровасьць выгляду й адказала:

— Ахрэмка, братка, ты сам ведаеш, як балюча гэта слухаць... То-ж крый чаго, пойдуць супроціў яго, што ён рабіцьме? Віна ўся мая, бо то я Анупрэя выправіла да гаспадара за грашыма... Ён сам нізашто не хацеў... Не карайце-ж за мяне дзяцей...

Анупрэй маўчліва стаяў на адным месцы, сочачы за Ахрэмам.

А слова „штрэйкбрэхер“, як малатком стукала яму па галаве, разьліваючы ўнутры балючую трывогу.

— Я ведаю, я ўсё ведаю... супакойцеся... — казаў Ахрэм.


  1. Штрэйкбрэхер — той, хто нарушае таварыскую пастанову баставаць і, наперакор таварышам, ідзе працаваць.
    Увага аўтора.