Перайсці да зместу

Трэскі на хвалях (1924)/Чырвонаармеец Панкел Ліпа

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Трэскі на хвалях Чырвонаармеец Панкел Ліпа
Апавяданне
Аўтар: Цішка Гартны
1924 год
На новым месцы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧЫРВОНААРМЕЕЦ ПАНКЕЛ ЛІПА.

(СКАЗ).

I.

Калі Панкел Ліпа вярнуўся ў казарму і прайшоў у сваю роту, то там яго товарышы ўжо спалі. У казарме было ціха: толькі й чулася глухое цюканьне старога загарка дзесьці за сьцяною ў канцылярыі ды мерныя выразныя стукі вартаўніка па калідору.

У абудвых бакох калідору, у няглыбокіх ямках-лёхах у сьцяне, былі ўстаўлены замурзаныя дымам, недагледжаныя лямпы-сьвірэлкі, якія, цьмяна гаручы, кідалі ад сябе смуглае праменьне.

Панкел пільным зіркам агледзеў усё памяшканьне, паківаў чамусьці галавою і спакойна ўсеўся на сваёй койцы, якая трэцьцяю стаяла ад надворнай сьцяны.

— Эх, і абрыдла-ж усё, да чорта… Але няма рады, хоць ты захлыніся. Колькі часу ўсё адзін і адзін, бяз родных, бяз усялякае аб іх чуткі… Адзін адным — нібы саўлук, нібы бязродны… Вайна й вайна! Канчатку ёй, заклятай, ніякага няма. Толечкі вярнуўся з фронту раненым, пакалечаным… ні дадому, ні да сваіх, а ў шпіталь, халодны, брудны, бездаглядны мур… І столькі мукаў перацярпеў, столькі здароўя загубіў!.. Чужыя людзі, койкі, енкі… І вось, яшчэ нават як-сьлед не-ачуняў, а тут, глядзіш, ізноў зьбірайся на фронт… згарэў-бы хоць ён тамака… Гэта-ж жартачкі-ы! Ці-ж хопіць мяне на гэтыя новыя мукі?..

Панкел ізноў пакруціў галавою, выказаў злосную міну і заскрыгатаў зубамі… Азірнуўся вакола сябе. „Не! не пайду на гэты раз на фронт… Хаця-б ачухацца ад гэтых ранаў. Досыць! Чаму мне больш за ўсіх ваяваць трэба? Ды за вошта мне ваяваць трэба?“

І Панкел бадрыўся ад выказаных думак ды мерыўся ажно выкрыкнуць іх уголас, але надыйшоўшыя новыя роздумы яго спынілі, ахаладзілі. „А калі прымусяць?“ мігнулі яны перад ім. І Панкел нібы спалохаўся іх; крыху памаўчаў у нейкім глузьдзе. „І калі прымушацьмуць, будуць застаўляць, то й тады не пайду, не пайду і квіта... Хай што-хоць са мною робяць. Не паслухаю прыказу, нізашто. Сапраўды, кажа Проў: „Будзь цьвёрдым і ня гніся так лёгка пад прыказамі. Мала што табе бальшавікі пачнуць прыказваць, ці-ж усё выпаўніць ім.“ І праўда: ня буду выпаўняць, стану паўпарцей крыху“.

Панкел устаў з койкі, смачна зяхнуў, справадзіўшы позіх зацяжным енкам, і пачаў расьпяразваць папругу. Выняў гвозьдзік спронжкі з дзіркі рамяня і спыніўся. „Ах, як добра было-бы пагутарыць цяпер з Провам, удваіх, наасобках. Цікава пачуць, што ён мне парадзіць зрабіць, калі ўсё-ткі й прымусяць мяне пайсьці на фронт. Цікава! Вельмі цікава! Вось ня буду спаць — пачакаю яго“, парашыў Панкел і аддаўся новаму наплыву думак, няцэлых, трывожных, смутна-нявыразных. Іх назойны рой скаваў Панкела як ланцугамі і прымусіў спакойна сядзець.

Вакола яго таварышы ўжо храплі. Адны ляжалі на сваіх койках спакойна й нярухома, другія варочаліся з боку на бок, бы на спрунжынах, кракталі; іншыя не маглі супакоіцца ад кашлю й охалі. Вартаўнічага хутка стала нячуваць, нібы і ён задрамаў.

— А мо‘ Проў ужо і сьпіць? — мігнула думка ў Панкела, і ён азірнуўся ўбакі, нібы шукаючы яго койкі.

— Не, месца зусім пустое, — адказаў Панкел сам сабе.

— Прова яшчэ ня было — значыць дзесьці ён спазьніўся ў горадзе. „Трэба яшчэ пачакаць крыху; потым пачну распранацца, а вось, покі зьбяруся лажыцца, ён і натрапіць... Але-ж і хітры аднак гэты Проў, нечага сказаць! Усё пранюхае, усё дазнае — дзе і што і як; і тлумачыць усё з сэнсам, талкова. Вучоны, хітры, відаць, з багатага котлішча... ня мне равесьнік... Бач, як усяго багата мае пры сабе: і кавы, і бялізны, і грошы, і ўсяго. Не шкадуе нічога. Гэтак, вядома, і служыць ня цяжка. Ды, нябось, яшчэ на фронце ні разу ня быў... Ні на фронце, ні на варце... Круціцца сабе, нырпаліць па горадзе і ня знайся... Ёмкі-ы, о-го-о, казаць нечага. Купца якогась сын, няйначай... Па ўсяму відаць... Ды і ў гутарцы, ліха яму, цягне за іх... за сваіх; глядзіш — так і гне ў іх бок, заступаецца, абараняе іх усяляк...“

Панкел кінуў адзначна галавою і ўздыхнуў: „Ну, вядома, так ужо і трэба мабыць... Гэта не вялікая ганьба, мала што... Аднак, хлопец ён усё-ткі разумны, тлумачны... Судзіць справядліва, толкам, ажно паслухаць люба... Вось я асабіста дужа люблю яго паслухаць...“

Панкел паціху, з перапынкаю разьдзяваўся, кожную рэч зьвяртаючы акуратна і кладучы — што ў ногі, а што пад падушку, іншае-ж пад голаў. „Няйначай трэба дачакацца Прова, — думаў далей Панкел, — трэба вымусіць яго на гутарку, парадзіцца з ім, што рабіць... Усё-ткі два розумы, дзьве галавы — не адзін, не адна“...

Панкел абарваў думкі і пачаў ззуваць боты, крэкчучы ад ныцьця сьпіны і колькі ў баку.

— Ах, так ломіць! О-ёй-ёй! Ох-хо-хо! Вось і едзь на фронт... у дарозе згінеш, — шэптам праказаў сам сабе Панкел і хапіўся рукою за плечы, потым за бок...

У гэты час пачуўся ціхі стукат дзьвярэй, а потым і шорханьне шагоў. Панкел адагнуўся ад койкі і паглядзеў убок дзьвярэй — то прыйшоў Проў, які паціхеньку, з асьцярогаю, каб не нарабіць груку, на пальчыках заварочваў вузкімі праходамі к сваёй койцы. Панкел нібы не прымячаў яго і нырпаліўся над сваёю пасьцельлю.

— А ты ўсё яшчэ ня сьпіш? Нябось, нядаўна вярнуўся ў казарму? — шэптам запытаў яго падыйшоўшы Проў.

Панкел паважна адагнуўся ад койкі і пільна аглядзеў Прова. З ног да галавы акінуў зіркам, з хвілінку памаўчаў, потым загутарыў:

— Ня вельмі даўно прыйшоў і я. Прыйшоў і задумаўся: гэта-ж хочуць ізноў адпраўляць нас на фронт, а мне так ня хочацца, так страшна... ні-то, бач, каб баяўся, але ад болю, ад незажытых ранаў... Страшна, і я рашыў прычакаць вас, каб пагутарыць крыху аб тым, як тут быць, што рабіць, каб... — адрыўна, няўпэўнена, нібы намацоўваючы грунт, адказаў Панкел, павярнуўшыся к Прову і падступіўшы да яго на шаг.

— Мяне? Чамусьці гэта?! — нібы зьдзівіўся Проў і затаіў выплыўшую на твары радасьць. Моўчкі абудва прыселі побач на койцы Панкела і некалькі часу памаўчалі.

— Ці чулі вы, — што нас ізноў на фронт думаюць пасылаць? — першым пачаў Панкел, недаверна аглянуўшыся вакола сябе...

— Так, чуў, думаюць... Што-ж дзіўнага ты ў гэтым знайшоў?

Панкел крыху памаўчаў, потым сказаў:

— Ня хочацца, ведаеце, абрыдла вельмі... Я не паправіўся якраз... усё цела ные, ломіць... Ды й падумайце — восьмы год я ўсё гэтак вандрую: то на фронт, то назад у шпіталь... Пяць разоў быў ранен... Бяз вестак увесь час аб родных, дзе і што яны; ні жонкі ні дзяцей долі ня ведаю... Знайсьці-б іх, праведаць аб іх што-кольвечы, на хвілінку з імі-б угледзецца і.. больш нічога... Тады-б я зноў гадзіўся на справу, маўчаў-бы, слухаў і выпаўняў-бы прыказы... Хоць яно-то й супачынку дужа хочацца; чалавек ня сталь — ня можа трываць бясконца, ну... Але то няхай сабе, вось яшчэ мо‘ як пратрымаўся-б... толькі сямейка, дачушка, хата... Дзе і што яны? Без капейкі грошы пакінуты... Ах, канчатку няма ні гэтай вайне-завірусе, ні гэтым фронтам паганым, ні...

Па твары Панкела бегалі балючыя сударгі, мяняючы свае абрысы за кожным словам; голасна праводзіў іх востры скрыгат зубоў і адчайны выверт рук.

Проў пільна сачыў за выразам твару Панкела і пацяшаючыся ўнутры, думаў; „Вось яшчэ адзін... Гэта паказвае, што ўжо ёсьць глеба, гатова... Ды чаму-ж ня быць? Стаміліся людзі, заезьдзілі іх уканец бальшавікі... Затое і іхнія скрэпы пачалі трашчэць... Можна цяперака арудаваць з посьпехам... латва... Вось на заўтрашняй рахубе трэба будзе абрадзіць усё і брацца за справу стараньней... Толькі пагнуць у гэты бок... як належыць...

— Слухай, Панкел, а давай паспробуем зрабіць так, каб нам зусім не ваяваць, добра? — асьцярожна парадзіў Проў.

— А ласьне гэта можна зрабіць? — зацікавіўся Панкел, нібы акрыяўшы ад нейкага сполаху.

— Гм! Як зрабіць? — Проў агледзеўся вакол па казарме; гэта зрабіў і Панкел.

— А вось... — пачаў ізноў Проў, — на фронт пойдзем ахвотна, паслушна, а па дарозе — давай падгутарым чырвонаармейцаў, і як прыдзе да бойкі — уцяком з часьці, здамося ў палон: „Бярэце нас! Здаёмся!" крыкнем і перабягом да казакоў... усе, палком, гуртам... А там, а там у іх і адпачынем... У іх усяго ёсьць і мы ўдостач пад‘ямо... Га, Панкел, згодзен ты на гэта?

— А ці-ж можна так? — перапалохана запытаў Панкел.

— Вось, цудны які, а чаму-ж не? Хіба ты мне ня верыш?

Панкел задумаўся.

— Н-не-э, ведаеце, цяжка і... страшна здавацца ў палон. Ды й брыдка, непачэсна-а... Гэта провокатарства, здрада. Усе будуць пальцам тыкаць: „Здраднікі, прадаўцы“, — скажуць. А што дастанеш за гэта? Ласьне пахваляць за гэта нашы ворагі? І дадуць якія-кольвечы прывілеі?

— Го, браток, ня думай благога... Не ашукаешся; хто да казакоў пераходзіць — даюць таму ўсякія палёгкі... Ды што казаць! Там народ — ня нашаму раўня! Далікатныя, паністыя ўсё... Ведае, што рабіць і як абыходзіцца. Усе вучоныя, разумнікі... Там, у казакоў, зусім інакш нашага... Кінь, браток, верыць бальшавіком! Брэшуць яны, ня болей.

Проў цікаўліва, з падмігамі, з захаванымі ў маршчынках твару лёгкімі калючымі хітрыкамі, акідаў Панкела празрыстым поглядам, сочучы за тымі адбіткамі ўражаньня на яго твары, якія пакідала за сабою гутарка.

Панкел-жа маўчаў. Некалькі разоў, з перацягамі наўзнарок, нібы з пуду, прабягалі па смуглым задуменным яго твары пуглівыя, недаверныя ўхмылкі, пакідаючы за сабою сьляды глыбокага суму, вострага сумненьня і густое шкоды чагосьці, яму аднаму вядомага.

— Ну, як-жа? — даўшы яму падумаць, запытаў Проў, не перастаючы ўвесь час азірацца вакол сябе. — Памойму будзе, ці не? Разабраўся?

„Гэта не салдаты, і не ваякі: сёньнека к нам, а заўтра, ад нас“, — скажуць яны. І будуць зьдзекавацца над намі, як і над усімі іншымі нашымі таварышамі... І шомпалы, і розгі, і растрэлы... О, не, гэта, памойму, ня цікаўна.

Проў нецярпліва даслухаў, пачасаў вісок і сказаў:

— Кінь, браток; то большавіцкая брахня... пераканалі цябе бальшавікі, каб застрашыць чырвонаармейцаў, адбіць у іх ахвоту... Го-о! А колькі, аднак, здаецца нашага брата-а! І добра робяць, вылузваюцца з лапаў бальшавіцкіх!.. — сьціскаючы ў сваёй руцэ руку Панкела, разуверваў і ўгаварваў яго Проў. —Ты вер мне. Панкел; зусім хлусьня тое, што нібы-то казакі ці дабравольцы з намі — чырвонаармейцамі — дрэнна абыходзяцца... Я табе кажу... Падумай, што-ж-бы то было, каб гэта так рабілася — тады-б на чым выгравалі-б ваюючыя між сабою стораны? Кожны разьлічвае на спакусу і абман сваіх ворагаў. Ой, колькі здаецца чырвонаармейцаў казакам! І гэта казакі добра ведаюць, і шануюць тых, хто ім здаецца ў палон. Ну, сумняваешся?

— Трэба крыху падумаць, — адказаў Панкел.

— Ды кінь, браце! Чаго там болей думаць? Чаго сумнявацца? Ня век-жа жыць табе на фронце, то ў казарме; ня век-жа грозіцьме жыцьцю ліха-ведае за што і каго... Калі думаеш аб сабе, аб сям‘і, то трэба-ж скончыць з гэткімі варункамі калі-колечы і адпачыць трохі... Ці-ж аднаму табе за ўсіх адбаярвацца? Ці-ж больш табе, чым усім, трэба? Ды, галоўнае, за якую тут падзяку ўсё гэта? — горача і старанна казаў Проў.

Панкел шчыра падумаў, потым, дапытліва адказаў:

— Ну, добра; а калі я й згаджуся, рашу, то як гэта будзе там, на фронце, вымеркаваць?

Проў шчыльна прытуліўся да Панкела і на вуха ціхутка прашапцеў:

— Гэта ўсё будзе зроблена і абмяркована падрабязна... Ты зойдзеш да мяне, я буду ў штабе і пазаву цябе... Там у нас усё наладжана — цэлы гурток ёсьць, організацыя цэлая. Вось там мы ўсё і абладуем... На фронце ўсё відней, спрытней, а тут... нельга сказаць, як выйдзе... Глаўнае — будзь пэвен; пільнуйся мяне: я аб усім табе буду казаць, як і што рабіць. Ну, як Панкел? Латва?

Панкел памаўчаў.

— Ён ужо здаўся! Далей ня выцягне, — прабегла ў думках Прова, і ён падняўся з месца і пацягнуўся. Твар яго выказваў радасьць паборы яшчэ над адным чалавекам.

— А хочаш, — прыгнуўся ён к Панкелу, не даючы яму апамятавацца ад разам нахлынуўшых на яго думак і ўздыму пачуцьця, — і ты можаш быць залічаным да нашай хэўры... Ты можаш сьмела падгаварваць і другіх, сваіх таварышоў; бач, бліжэйшых да цябе і надзейнейшых... Цішком, вобмацкам, выпрабоўна... Кожны чалавек — лішні гвозд у справу. Чымсьці болей нас будзе — тым сьмялей і вярней... і ахватней... Папрабуй, а ну-ж і ўдасца... здалёк так, з падходам...

Проў прытуліўся да яго вуха...

— У нас за гэта плацяцца грошы. Ды іншая падзяка даецца... Такі ўжо зроблен парадак... Прабуй... перш шапні, памацай, як кажуць, бяз імяў, здалёк... як нічога-б сам ня ведаў, а, бач, з чутак, з перадач... вядома, нібы звычайны чырвонаармеец сярод сваіх... — асьмеліўся пасуліць Проў, угадваючы падатлівасьць і прыхільнасьць да сябе Панкела.

— Самае важнае для мяне — гэта дамоў-бы на кароткі час... тады-б... то-ж ад фронту недалёчка... Вось мо‘-б гэта праз вас можна было-б, то... дапытліва праказаў Панкел.

Проў здаволена ўсьміхнуўся.

— Чаму-ж не — будзе й гэта. Колькі хоць... Чымсьці болей ты прывабіш да сябе — тым болей дастанеш падзякі... Ня толькі дамоў пусьцяць, а й грашыма яшчэ надзеляць на дарогу... голуб пастарайся... не сумнявайся, брат, ні капелькі...

Проў не даказаў: стукат шагоў вартаўнічага, пасьпешна захадзіўшага калідорам, яго перабіў...

Проў швыдка адскочыў да свае койкі і прыгнуўшыся стаў разьдзявацца.

Панкел паважна, у задуменьні, паваліўся на койку і апрануўся коўдраю, захаваўшыся ў яе з галавою.

Вартаўнічы не зьвярнуў на іх увагі, а, прайшоўшы між іх аддзяленьня, павярнуў налева, да дзьвярэй.

Проў скоса паглядзеў усьлед яго, падмігнуў жартліва вачыма і працягнуў голаў у бок Панкела, думаючы з ім пагутарыць яшчэ крыху, але ўбачыўшы, што той ляжыць апрануўшыся з галавою, пакінуў намер, адвярнуўся і ўлёгся сам.

II.

Пасьля гутаркі з Провам Панкел доўга ня мог супакоіцца. Лёгшы спаць, ён пільна і доўга абдумваў кожнае слова, як Прова гэтак і сваё; варочаўся з боку на бок, усё ня могучы заснуць, а назаўтра, дык цалюткі дзень яму нічога ня йшло ў голаў; за вошта-б ён ня браўся, чаго-б не датыкаўся ўдумках, гутарка з Провам зьбівала яго думкі да сябе Панкел верыў і ня верыў Прову, згаджаўся з яго радаю і не згаджаўся. У сяродку яго, у душы, была блытаніна пачуцьцяў, так што ён ня мог ні на чым адным спыніцца, за вошта ўхапіцца, каб аглядзецца, злавіць кіраўнічую думку. Праўда, адметней і ўдатней усяго ў галаве Панкела здрачыла ўсё-ж тая, знаёмая яму аднаму, неадчэпная думка — думка аб дому, аб родных; і толькі за ёю ўкрадкаю, нічога супольнага ня маючы, ганялася балючая няпрыемная другая думка — ужо аб фронце; усе-ж іншыя, засмугшы, вярцеліся вакол гэтых дзьвёх, то выказваючы на хвіліну свой бледы выраз, та губячы яго ў імгле бясьцікаўнасьці і няўважнасьці. „Проў кажа, — судзіў сам з сабою некалькі разоў у дзень Панкел: — Проў радзіць і ўгаварвае... Проў абяцае... Няўжо гэта ён шчыра і бяз задніх думак? І няўжо-ткі яму паверыць? Няўжо ён мне дабра хоча? Значыць, паверыць яму, паслухаць яго і йсьці за ім?.. Н-не! Гэтага я ні ў якім разе не магу парашыць... На гэта я няа... пайду нізашта!..

Як-бы ў даказ гэтага Панкел матаў галавою, рабіў цьвёрды мах рукою і крывіўся... „Не зраблю, бо штосьці мне гэтага не дазваляе, штосьці перашкодзіць гэтаму... Ды падазронасьць бярэ: чаго гэта Проў так шчыра ўжо захвальвае „сваіх казакоў ды дабравольцаў“ і ганіць бальшавікоў і просты, рабочы народ... Бадай, што тут ёсьць нешта нячыстае. „Людзі брэшуць! Бальшавікі нагаварваюць!"—кажа ён. Нябось, тут не нагаворыш, калі многія сваімі вачамі бачылі і на сваёй скуры перанесьлі ўсе казацка-гэнэральскія даброты... О, гэта паганцы і злыдні такія, што ад іх дабра не прычакаеш... Казакі! Хто іх ня ведае? Колькі яны крыві работнічай і сялянскай пралілі, баронячы цара! Го-о-о!..“ Але гэтыя думкі зьмяняліся другімі: „А мо‘... можа праз Прова і інакш усё можна было-б зрабіць... Відаць, ён там свой, закіне словам-другім — і я дома... Што значыць аднаго чалавека адпусьціць? Хто гэта прымеціць?..

Панкелу было не да яды: ня цікавіла і кропкі. Уся завіруха пачуцьця, узбураная варункамі, усе абставіны, выпхнутыя напаверх жыцьця скуткам яго лёсу і прыпёршыя, загнуўшыя сваю афяру ў цесны куток, зьляпіліся ў нешта адно, цяжкае, балючае, залезшае яму ў нутро і скрабаўшае за самае ценькае і каразьлівае месца.

Няўрымна, назойліва гняло яно Панкела, дражніла, шпігавала дрыготным сьвербам: „Як тут рабіць? Куды схіліцца? На фронт і за Провам? На фронт і таксама да забыўнасьці, шчыра і верна нясьці сваю службу, як і ўперад? Куды пахіліцца? Дзе чакае мяне лепшы лёс? Не разьбяруся — ды годзе! Не растлумачу сам сабе! Зайшоў у гэткі куток, хоць задушыся — ды годзе... Не, трэба аддацца на волю лёсу, на хвалі жыцьця“... Махнуў упэўнена рукою Панкел і нібы гэта яго крыху супакоіла. Але зараз-жа ў галаве яго запанавала кіруючая думка: „На фронт!“

„На фронт!“ — у гэтым сыходзілася ўся агульнасьць, злучаная з пераменаю абставін, з узбурэньнем новых думак і пачуцьця разьбітае, надарванае самотнасьці. „На фронт!“ — перш няясна, украдчыва, неадметна варушылася дзесьці на задворках Панкелавай душы, а потым усё жывей, выразьней, назойлівей высоўвалася напаверх новае пачуцьцё, ад якога нельга было адкасацца.

І Панкел стаў чакаць таго моманту, калі да вушшу яго кранецца пазыў-вокліч: „Зьбірайся ў паход!“

Чаканьні заўсёды ўздоўжваюць час, робяць яго цяжкім і з гэтым козлытна-цікаўным: хочацца дачакацца хутчэй, а на краю спатканьня з дачаканым — ужо хочацца расьцягнуць час выпаўненьня чаканьняў...

Панкелу прышлося чакаць пяць дзён. Для яго гэты час здаваўся вельмі доўгім, калі ён пераносіўся думкаю да апошняга дню, а ўжо на пяты дзень Панкел мог выліць сваё пачуцьцё ў словах: „Як хутка праляцела!“ І, азірнуўшыся назад, ён убачыў, што гэтыя пяць дзён перабыліся (бо куды там было да жыцьця!) на адзіноце, воддаль ад таварышоў, бяз стрэчы на‘т з бліжэйшымі з іх. І гэта было таму, што Панкелам валадала нейкая бясьцікаўнасьць да ўсяго, апроч фронту, з туманным выразам яго; ім валадаў такі настрой адчаю, што хацелася ўсяму сьвету гукнуць: „Для мяне цяпер ты не патрэбен!“ — каб адкасацца і маўчаць-маўчаць...

Пры гэткім настрою, зусім зразумела, што Панкел на ўсе замеры Прова пагутарыць з ім, адказваў хлусьнёю, што нібы яму нямашака часу, або баліць галава, ці ня добра на сэрцы.

Але ў гэтыя дні, калі ўвесь сьвет быў чужы для Панкела, блізкі паход на фронт вызначаў многія самотныя яго інтарэсы. Так, Панкел загадзя старанна сабраў свае рэчы, раскіданыя і на гваздох у слупе, і на койцы пад падушкаю, і пад койкаю; пасартаваў іх па іх вартасьці і карыснасьці для сябе, і акуратна запакаваў у куфэрак: няхай будзе напагатове. Раз-по-разу, усяго да дзесяці разоў, ён перамацаў кожную рэч, каб праканацца, што нічога не забыў.

То было на трэці дзень. І якраз, калі яго, Панкела, клацаціла капаніна ў маемасьці, у казарме камісарам быў склікан сход чырвонаармейцаў. На сход была сабрана амаль ня ўся казарма. На сходзе абгаварваліся бягучыя пытаньні, зьвязаныя з наступным паходам, з цяжкім становішчам на фронце, якое вымусіла гэты іх паход; перш камісар, потым камандзір, а далей яшчэ з комуністых іх роты два таварышы, у сваіх гарачых прызыўных прамовах чорнымі фарбамі абмалёўвалі цяжкія часы, напаткаўшыя савецкія рэспублікі, заядлыя патугі ворагаў працоўнага народу зьнішчыць Савецкую Ўладу і аднавіць свае старыя, пабудованыя на няволі рабочых і сялян, парадкі. Усе прамоўцы адмячалі сьвятую павіннасьць кожнага з чырвонаармейцаў забыць усё, што злучана з іх прыватным жыцьцём, і сьмела ды цьвёрда йсьці на ворага.

Панкел сядзеў увесь працяг сходу на сваёй койцы, калупаўся няпрыметна ў сваім куфэрку і многія словы прамоўцаў прапускаў паміж вушэй. Праўда, праз гэта ўраканьне яго ня губілася ад прызыўных слоў, сэрца не маўчала спакойна. У Панкелавым нутры ўздымаліся ваяўнічыя пазывы, рос бадзёры настрой, варушылася злосьць да ворагаў працоўнага народу...

І калі пасьля сходу чырвонаармейцы сталі жыва абгаварваць прамоўцаў, хто хвалячы, хто ганячы кожнага паасобку, то Панкел міжвольна адчуў, што яго жаданьне: „хутчэй на фронт!“ пашырылася, вырасла ў вялікую сілу і заўладала ўсёю яго істотаю... Фронт! — нібы чыйсь голас шаптаў яму на вуха, і ўсе думкі, бы пчолы ля кветкі, вярцеліся вакол значнасьці гэтага слова. А з думкамі ўставалі і ўражаньні, якія мастацка выразна ні-то малявалі, ні-то выяўлялі, бачаныя ім, Панкелам, мясцовасьці, іх разлогі пры лясох, абапал рэчак, дзе за ўзгоркам палявы штаб прымасьціўся ў балаганах. Нават выяўна чуліся стрэлы, выкрыкі камандзіраў — усё знаёмае, нядаўнае, перажытае і... агорклае, абрыдлае. „Няхай-бы ня бачыць усяго гэтага болей“! — шавялілася з потайку нейкая адваротнасьць... але пазыў „на фронт!“ — зацьміў усё........................................

І калі ў суботу з раніцы Панкел спрасонку пачуў знаёмую ўжо яму каманду: „Уставай! У паход сабірайсь!“, то раптам бадзёрасьць ахапіла ўсю яго істоту: Панкел стаў жвавы, рачысты, рухавы; з твару ня сходзіла жывая ўхмылка.

Нібы на спрунжынах, ён хутка падняўся з пасьцелі першым, папіў гарбату, першым сабраўся і першым выбег на дзядзінец. Увіхаўся, нібы сьпяшучы на цікаўны баль, ці ў госьці да прыяцеля; чуў у сабе, як і бывала, з маладых гадоў, вострую цікавасьць да людзей, з якіх усе тыя, што мігалі перад яго вачмі, былі па душы, здавалася яму, блізкімі і мілымі. А Проў, дык той зусім захапіў яго сваёй таемнасьцю, так захапіў, што вымушаў яго сачыць за сваёю бегатнёю па казарме, настарожвацца чутка да кожнага яго слова. Натыркаючыся на Прова, Панкел ухмыляўся прыемнаю і мяккаю ўхмылкаю, якая казала Прову: „А я ўсё-ткі шаную цябе“. Проў выразна вычытваў гэтыя словы, ведаў, што іх пісаў настрой душы Панкела і, здаволены, паказваў выгляд, што адказвае яму тым-жа самым. Толькі выпадкова яны ня стрэліся ў той дзень ды душа ў душу не пагутарылі.

Панкел да таго аддаўся збору на фронт, да таго захадзіўся цікавасьцю блізкага паходу, што цалкам увайшоў у яго рух, клапатлівасьць, у яго баявую трывожнасьць. Ён пачаў злаваць, бачачы, як многія з таварышоў чырвонаармейцаў нядбайна, гультаявата і марудна зьбіраюцца; дваіх нават упікнуў за іх знарочытую маруднасьць.

— Вы-ж на сходзе гэтак голасна гукалі: „Памрэм ахвотна! Хоць сёньня на фронт!“ — прыпомніў ім Панкел, каб балючай уразіць іх.

Затое, калі ўсе выйшлі на двор, пастроіліся ў роўную шарэнгу, ён радасна ўздыхнуў і лёгка павярнуўся направа, першым зрабіўшы цьвёрды і ўпэўнены крок у вароты.

III.

На фронт Панкелу са сваёю часьцю прышлося ехаць болей пяцёх дзён. Але, ня гледзячы на гэту доўгую дарогу, ён ня нудзіўся і не стамляўся, а, наадварот, быў бадзёрым і жвавым. Усё яго так востра цікавіла, ажно Панкел цешыў сябе раз-по-разу: „Ніколі, здаецца, ня было так весела“. А калі глядзеў на ўсіх, то, здавалася яму, што ўсе падмячаюць гэты яго настрой.

Увесь час язды стаяла мяккая, сонечная пагода: сіняе неба бяскрайным полагам вісела нярухома над зямлёю і, здаецца, адбівала ў сваёй сіні апустошанае поле і галеючы лес. У чыстым паветры занадта гучнымі паказваліся Крыкі варон і шпакоў.

Праз усю дарогу іх поезд спыняўся толькі на буйных станцыях. Ён ішоў ня надта сьпешна, неяк нібы гультайна, марудна, ажно Панкелу хацелася яго падапхнуць, пагнаць. На кожнай станцыі, нібы заўчасна было ўмоўлена, так акуратна, і парадкам іх сустракалі рабочыя й служачыя станцыяў і суседніх мястэчак ці местаў, шмат дамешаныя сялянамі сумежных вёсак з чырвонымі сьцягамі, пяючы песьні пад медныя зыкі музыкі.

Стройна падбліжалася маніфэстацыя да вагонаў іх эшалону, спынялася й адчыняла мітынг. Чырвонаармейцы траха ня ўсе выбягалі з вагонаў і грудзіліся ў грамаду, а болей нярухомыя й гультайныя зьбіраліся ў дзьвярох вагонаў і настарожваліся ўбачыць і пачуць, што будзе рабіцца і гаварыцца. І бачылі, як кожны раз з гушчы прышоўшых да іх на спатканьне выходзілі адзін-другі прадстаўнікі, якія аддзяляліся з грамады і пачыналі свае прамовы. Гаварылі нядоўга, але ўсе прызыўна, завуча, бадзёрачы, настройваючы ваякаў на самаафяру ў імя рэволюцыі. Таксама пачарзе вызываліся разьвітнейшыя й разьвейшыя з чырвонаармейцаў адказваць на прывітаньні, гэтак і адказныя прамовы выказваліся ў простай, зразумелай, ад душы шчырай мове, праводзячыся пекнымі наіграмі музыкі.

Праз усю дарогу Панкел быў у гэткім паднятым настрою, што з надзвычайнаю цікаўнасьцю лавіў кожнае слова прамоўцаў, дапускаў іх да сэрца і салодка, ваяўніча адчуваў сваё пачуцьцё ў іх.

На адзін з чародных мітынгаў Панкел нават сам папрасіў у камісара сказаць невялічкую, але моцную, гарачую прамову і, дастаўшы згоду, зразу-ж пачаў гатавацца к выступу. Скляпеньне, форма прамовы, у яго галаве злажылася паміж яго патугі, сама сабою, і на перагоне Панкел стараўся яе абгладжваць. Кожную думку, кожнае слова ён разьбіраў з усіх бакоў, перастаўляў з месца на месца, чарадаваў з другімі, падмяняў, дапасоўваў мацнейшае па ўкладзенай у яго сіле пачуцьця да слабейшага. Сваю прамову Панкел кіраваў на адну мэту, намерваўся зьбіць ёю адну цэль: бадзёрым і магутным пазывам запаліць у сваіх таварышоў смагу беспагаднай помсты да ворагаў працоўнага народу, да нішчыцеляў волі беднага, прыгнеценага люду. Стараўся ўлажыць у душу чырвонаармейцаў жалезную ўпартасьць і загартаваць волю да рашучай перамогі над ворагам. Усё, што адцягвае думкі ад гэтага сьвятога дзела, што сваёю самотнаю дробязьзю засмучае сэрца, наганяе жуду і адбівае надзею, Панкел мусіў зганіць і зьвесьці на нічога, задушыць. „Толькі йсьці ўперад, як ішоў я й дагэтуль“.

Хутка Панкел нашчэнт быў захоплен думкамі аб сваім выступе перад таварышамі. Патрошку ўражаньні яго пачалі маляваць вобразы розных момантаў з руху грамады, які станецца пад уплывам яго слоў. Вось у адзін момант твары ўсіх зробяцца сур‘ёзнымі, парывіста ўсе замахаюць рукамі, паціснуцца ўперад, потым пасьпяшаць у вагоны і патрабуюць хуткай адпраўкі ў бойку... Яго, Панкела, будуць насіць на руках, гайдаць, гукаць, каб ён быў іх правадыром. „Эх, даехаць-бы хутчэй да ўмоўленай астаноўкі“ — у такт стуку калёс пераказваў сам сабе Панкел...

Нарэшце дачакаўся — прыехалі. Поезд спыніўся... Панкел першым выбег на станцыю, паглядзеў ва ўсе бакі, каб злавіць камісара і адчыніць мітынг, але — прымха — ды годзе! — камісара вызвалі на перагаворы к простаму проваду, дзе ён прабыў увесь час астаноўкі, не пасьпеўшы адказаць на прывітаньне і падарунак сьцягу прыйшоўшай на станцыю вярстоў за дзесяць рабочай маніфэстацыі.

Панкел абурыўся ад злосьці, зажурыўся і хацеў ужо пасылаць праклёны і камісару, і камандзіру, і начальніку станцыі. „Як-то яны мелі права так зрабіць? Чаму разьбілі яго пляны? Гэта знарок, сумысьля?" Але на хвілю спыніўся, падумаў і супакоіўся. „Што-ж! Нічога ня зробіш! Прыдзецца пакінуць на другі раз. Усёроўна яшчэ пасьпею сказаць!?“ і хоць бадзёрасьць крыху апала, усё-ткі далёка было да суму, да жуды. Ня ўплыло й гэта на Панкела і ў сэнсе пахілу яго думак да Прова.

Зусім не!

Праз два дні Панкел, седзячы ў другім вагоне, нават і не сустракаўся з ім. Калі бачыў здалёк, то спакойна прапускаў між ваччу. Неяк абуднілася ўсё й пасумнела перад нахлынуўшым пачуцьцём рэволюцыйнага настрою. Толькі на трэці дзень з часу ад‘езду з гораду на фронт, а назаўтра пасьля таго, калі Панкелу памяшала казаць прамову, Проў на аднэй станцыі падбег да яго, хапіў за палу шынэлі і спыніў. Проў быў задуменным і ня прымеціў нездаволенай міны Панкела, які не хацеў нізашто спаткацца ў гэты момант з ім.

— Штосьці цябе й не злавіць, братка? — суха праказаў Проў.

Панкел крануўся йсьці.

— Чаго-ж уцякаеш так хутка? — запытаўшыся, дадаў ён.

— Сьпяшаю... Вось хіба ўбачымся з вамі і пагутарым на месцы, — нядбайна адказаў Панкел і крута, недалікатна нават павярнуў ад Прова. Гэты скрывіўся, пагрозна матнуў рукою і пабег па сваіх справах.

Пасьля гэтага выпадку яны яшчэ пару раз спатыкаліся на станцыях, у гушчы таварышоў, але абміналі адзін другога і, нібы чужыя, разыходзіліся, не абмовіўшыся словам. Панкел не спрабаваў вызываць з нутра душы маўклівыя перажыткі нядаўных гутарак з Провам, насуленых ім плянаў і рашэньняў, якія прынясе яму фронт, а Проў ня лічыў патрэбным пакуль-што падгарачваць Панкела сваім настойным дапамінам: ён быў пераконаны, што яго агітацыя ня пройдзе дарма, што скуткі яе глыбока сядзяць у Панкелавай душы, і варта толькі ў любы час да іх дакрануцца, як яны абудзяцца. За гэта Проў быў спакоен.

І абудва з іх бачылі ў часовай чэрствасьці сваіх адносін звычайнае зьявішча.

Праўда, Панкел часта-густа, адыходзячы ад месца стрэчы з Провам, міжвольна задумоўваўся, няпрыметна азіраўся і недавольна казаў:

— І напрэцца ён заўсёды на мяне, ліха на яго!

Так няпрыметна мінаў час, так няпрыметна праляцеў і ўвесь тэрмін дарогі.

І калі эшалон прабягаў апошні прагон, Панкела ахапіў нейкі трывожны настрой, яму якасьці ня верылася, што ўжо яны хутка прыедуць на месца; мігала хаценьне, каб час расьцягнуўся яшчэ надалей, каб сама язда прадоўжылася.

Панкел стараўся адганяць думкі аб тым, што вось-вось яны прыедуць, спыняцца і пачнуць выгружацца; ёй нярухома ляжаў на палку вагону і не зварочваў ніякай увагі на рухавасьць заклапочных таварышоў.

Гэта яго паказная й натужная нядбайнасьць нават зьвярнула на сябе ўвагу некаторых яго таварышоў, якія клапатліва і нэрвова забегалі па вагоне, зьбіраючы рэчы, скручваючы шынэлі і аглядаючы вінтоўкі.

— Ну, а ты-ж як, Панкел? Так і ня думаеш вылазіць на Быстраўцы? — зьдзіўлена пытаў яго сусед, азіраючыся на Панкела.

— А ён паедзе проста, праз фронт, да дэнікінцаў у госьці, — падказаў другі, усьміхнуўшыся

— Што-ж за дзіва! — дадаў трэці, — бач, Панкел і родам з дэнікіншчыны.

Панкел маўчаў, нібы ні аб ім зусім і гутарка йшла. „Няхай баўтаюць, што хочуць,“ падумаў ён, „языка не адрэжаш або ня прывяжаш к зубам...“ І сам адвярнуўся да сьценкі.

А таварышы ня ўнімаліся: жартавалі, падсьмейваліся за яго спакой і нядбайнасьць да ўсяго. Далей-болей — і чуць ня ўвесь вагон загутарыў аб Панкеле.

— Штосьці наш Панкел занурыўся сёньнека. Ці не каханую колішнюю толькі сьніў?

— Як ня журыцца — гарачая справа на носе... Тут ужо не аб каханых ходзіць...

— Яно-б ехаць ды ехаць, а то раптам, глядзіш, і злазіць прыходзіцца.

Адзін другога вастрэй, адзін другога іранічней выкідалі таварышы словы і пускалі іх у Панкела, стараючыся ажывіць і дастаць ад яго адказ. Але мэты яны не дасягалі. Панкел ляжаў і маўчаў. І толькі, дзякуючы рэзкаму сьвісту цягніка, які вяшчаў аб прыбліжэньні станцыі, заставіў Панкела падняцца і сесьці.

— Ці-ж ужо прыехалі? — неахвотна праз зубы праказаў ён, зьвярнуўшыся ні-то да самога сябе, ні-то да таварышоў, і пачаў пазяхаць, пацягвацца і крактаць.

У гэты час некаторыя з чырвонаармейцаў, пасьпеўшы сабрацца, завіхнуліся йзноў вакол гутаркі з Панкелам, а другія яшчэ зьбіраліся і не зьвярталі на яго ўвагі.

— Яшчэ з пару прыдзецца ехаць, — пасьмяяўся адзін.

— Бо мы-ж едзем без перасядкі ў Растоў, — дадаў другі.

Цэлы шэраг другіх не заставаўся ў даўгу.

Панкел не шманаў: ён пачуў, што поезд збавіў ход, і моўчкі зьлез з палатак ды прыняўся агледжваць свой куфэрак.

IV.

Многа часу не патрабавалася для таго, каб разьмясьціцца войску ў адведзеных для яго на станцыі Быстраўцы памяшканьнях, але ўсё-ткі, пакуль гэта пасьпелі зрабіць, мінула болей пяцёх гадзін. Дзень быў зьмінтрэжан цалкам.

Панкелу, як на тое ўжо йшло, і тут выпала месца ўблізку ад Прова (вядома — Проў пастараўся для гэтага). Толькі яны выгрузіліся з вагонаў, ён увесь час сачыў за Панкелам, і няпрыметна для Панкела апынуўся ў іх партыі, разьмешчанай у будынку быўшай Мар‘інскай гімназіі.

А зрабіўшы гэта, Проў з першае хвілі пачаў меркаваць на тое, каб выбраць зручны выпадак пагутарыць з Панкелам, абудзіць у ім астыўшую цікавасьць да надыходзячай авантуры і ня даць яму перадумаць. Проў нават пачаў пабайвацца, бачачы зьменнасьць у Панкела, і дрэнчыў хутчэй абламзаць яго з галавою.

Але гэтае асьцярогі не патрабавалася; здарэньні шанцавалі Прову: у Панкела, на дзіва хутка, насьпела новая зьмена, якая вярнула яго да настрою часоў гутаркі з Провам на месцы. Казармскае паветра, абставіны казарменнага абыходу раптам нахлынулі на яго і сагналі повеў дарожнага ўражаньня... Панкел, прымеціўшы ўблізку да сябе Прова, зарупіўся аднавіць з ім гутарку. І нават недаволіўся, калі час бег, а гэта не ўдавалася зрабіць, бо Проў перш нудзіўся з цэлую гадзіну на адзіноце, а потым, з вечара да самае поўначы, лётаў, як шалёны, з памяшканьня ў памяшканьне, чагосьці шукаючы між чырвонаармейцаў, шушукаючыся з некаторымі з іх, мабыць, сваімі хаўрусьнікамі, і пры гэтым заўзята матаючы галавою.

Толькі а пачатку першае гадзіны па поўначы Проў звольніўся і заявіўся на сваё месца. Панкел, вядома, гэтага не дачакаўся — ня мог прасядзець бяз сну якіх з пяць гадзін засаб: што рабіць пры гэтым? А без работы ды ў роздуме нялёгка. Праўда, за дарогу ён не ўтаміўся, ня мог утаміцца пры сваім настроі, аднак, толькі пераступіў парог дачаснае казармы, як ім заваладала нейкае цяжкое пачуцьцё вельмі блізкае да ўтомы. А калі пачало мрачэць і вечар зазірнуў у вокны будынку, Панкела пацягло да сну — нават вячэраць яму не захацелася, толькі выпіў кубак пустое гарбаты і хутчэй-жа лёг спаць. І толькі ўлёгся на койку, як ужо праз хвілін пяць храпеў, ня гледзячы на тое, што вакол яго стаяў зычны шолам, крык і гоман.

Маладое зялёнае жыцьцё заўладала цалкам маладымі жыцьцёрадаснымі чырвонаармейцамі, сярод якіх ён быў старэйшым, бадзёрыла іх упарта, адганяючы прэч усе страшныя думкі, якія пагражалі аб наступным баявым хрышчэньні. Фронт быў пад носам, усяго якіх-колечы дванаццаць-пятнаццаць вярстоў ад Быстранкі, але — што ім было да таго! Ім дадзена мажлівасьць бясьпечна, спакойна правясьці ноч, супачыць ад дарогі. Цалюткая ноч у іх распараджэньні! А ноч бурнакіпучаму маладому жыцьцю — гэта вечнасьць. Як у достач можна пажыць у гэты тэрмін! Што там, назаўтра, чакае іх, то будзе, бач, толькі заўтра, мо‘ зрана, мо‘ ў абед, а мо‘ і зусім вечарам! Усё залежыць ад капрызьлівых здарэньняў... Ды й што там заўтра? Мала што заўтра! Ці-ж на сьмерць яны засуджаны, ці-ж на няшчасьце прызначаны, што трэ‘ палохацца заўтрага? Ці-ж, наогул, ёсьцека што страшнае для маладога, прагнага і палкага ваякі? Бач, яны-ж прыехалі сюды, на фронт, не для афяр, не на загубу, а змагаць сібернага ворага свабоды, працоўных людзей, абараніць соцыялістычную савецкую краіну ад пасяганьняў на яе... Яны прыехалі спыніць прадаўнічы наступ паноў і капіталістых, якія нясуць працоўнаму народу скінутыя ім ярмо і ланцугі няволі; яны прышлі па волі паслаўшых іх братоў і бацькоў пад аховаю Чырвонага Сьцягу Комунізму, поўныя натхненьня, вялікай гатоўнасьці і палкай адвагі скончыць з паганым цудзішчам, што працягвае рукі па сьветласьць волі. І сэрцы іх поўны гатоўнасьці змагацца за яе, і душа поўна бадзёрай веры ў перамогу. А іх вясёлыя твары, што пыхаюць радасьцю, а іх цёплы бесклапотны сьмех! А жарты, а гулянкі, а штукарства!..

Панкел соладка праспаў пад гоман і шолам казарменнага жыцьця болей чатырох гадзін. Праўда, часта ён прачынаўся і паглядаў, ці няма Прова, але зараз-жа йзноў апускаў голаву, заплюшчваў вочы і храпеў-храпеў. І хто ведае, колькі-б гэтак Панкел прабавіў часу, каб ня зычны, нечаканы стрэл за вакном, зроблены мабыць па неасьцярозе вартаўнічым.

Панкел раптам ускочыў з пасьцелі, вылупіў вочы, сюды-туды кінуў узрок і праказаў, крыху супакоіўшыся:

— Што за трасца! Няўжо гэта вораг падыйшоў к Быстранцы? — і каб усё-ткі праканацца, ён падбег к вакну і паглядзеў на двор. Густая цемра паўднёвай зімовай ночы ахутала яго; толькі прамень, цягнучыся доўгаю палоскаю ад вакна, расьсякаў яе, кладучыся на брудную ад гною зямлю і дастаючы сваімі канцамі пахіленага шастаколу пустога саду.

Панкел сьмела адвярнуўся ад вакна на казарму, у якой з грамады жартуючых чырвонаармейцаў ніводзін нат‘ і не зьвярнуў увагі на стрэл. Гэта Панкела супакоіла, і ён паважна вярнуўся да койкі, пацягнуўся над ёю соладка і зноў разьлёгся...

Але ўжо заснуць ня мог: утома мінула, а сон ня меў сілы збароць вакольнага шуму ў казарме. Аднак, Панкел усё-ж не хацеў уставаць, сілячыся ляжаць нярухома, абдумоўваючы наступнае. Яму памяшаў Проў. Скончыўшы свае справы на станцыі, Проў вярнуўся ў казарму. Ён быў вясёлы і задаволены. Аб яго задуме ведаў тут толькі Панкел, з якім Прову няйначай трэ‘ было сягоньня-ж пагутарыць аб прадстаячай справе. Пераступіўшы парог часовай казармы гімназіі, Проў раптам пакіраваў да Панкела. Падышоўшы, ён перш не адважваўся яго зачапіць, думаючы, шчо Панкел сьпіць, і крыху пачакаў, ласкава гледзячы яму ў твар. Потым рашыўся і крануў Панкела за руку. Панкел мігам расплюшчыў вочы і глянуў у твар Прова.

— Ня сьпіш, Панкел? — запытаў Проў з лёгкаю ўсьмешкаю.

— Дагэтуль спаў ды стрэл абудзіў, — адказаў спакойна Панкел, паднімаючыся і садзячыся.

— Які стрэл? — зьдзівіўся Проў.

— Ды вось тут, пад вакном: вартавы па неасьцярозе мабыць стрэліў.

— Ну, і што?

— Нічога.

— Ага!... — Проў крыху падумаў. — Ведаеш, Панкел, я хацеў-бы з табою пагутарыць аб сім-аб-тым, — запрапанаваў ён.

— Ну, добра! Гэта не мяшае. Я таксама чакаў вас для гэтага, — згадзіўся Панкел.

Проў усеўся поруч з Панкелам, нахінуў да яго голаў і, крыху падумаўшы, сказаў:

— Ну, дык як-жа ты, Панкел, парашыў з нашаю справаю? Напэўна ўжо добра абмазгаваў? Бо штосьці, я бачу, ты зусім іначай настроен... нібы раздумаў?..

— Дальбог... — перабіў Панкел... — занадта цяжкое пытаньне: нельга парашыць скора, каб проста вам адказаць.

— А чаму?

— Сьмеласьці, бачыце, ня маю. Мне ўсё здаецца, што з гэтага нічога добрага ня выйдзе...

Крыху пачакаў, нібы шукаючы слоў...

— Вось я прыпомніў якраз, — загаварыў далей Панкел, — быў такі выпадак: адзін раз мой таварыш таксама быў згадзіўся перайсьці да ворага і... што-ж вы думаеце? — казакі і белагвардзейцы насьмерць замучылі яго...

Слова „белагвардзейцы“ Прова чапнула за жывое, ажно ён скрывіў нездавольную міну і зьлёгку скалатнуўся. Панкел глядзеў удол і гэтага ня прымеціў.

— Вось гэты мой таварыш, — казаў далей Панкел, — і яшчэ двое з ім перабеглі да белагвардзейцаў, а тыя ўзялі ды мучылі-мучылі іх, зьдзекваліся-зьдзекваліся, ажно й жыцьцё адабралі. І, слухайце, толькі за тое, што яны былі ў Чырвонай арміі і самі рабочыя. Ці-ж гэта магчыма? Якавы-ж тады лад з імі можа быць? Хто-ж можа ручацца, што з намі, бач са мною, яны гэтага ня зробяць?

Проў выслухаў з увагай і зразу не знайшоў, што адказаць на пастаўленае яму пытаньне. Толькі спусьціўшы мо‘ хвілін з дзесяць, ён незразумела для Панкела прамовіў:

— Гэтак кажуць кіраўнікі...

Панкел не ўясьніў гэтых слоў, але міжвольна адчуў, што Проў імі або зацьмявае праўду, або хавае чэснасьць. Гэта Панкела наздрочыла, і ён упічна ўхмыльнуўся ў вочы Прову.

— Ну, як? Ня верыце гэтаму? — закінуў ён у дадатак.

— Такі й ня веру, бо калі тое й было, то можа ў сьне, а не сапраўды... Многа ёсьць доўгіх языкоў, каторым трэба часацца аб што-колечы... Ды на ўсё трэба рашчот палажыць... Вось, вер, браце, мне: што датыча нас, та я ручаюся галавою, што мы ў іх будзем, як у Хрыста за пазухаю... Ты ня верыш мне? Тады... вось маеш з сабою набіты сям‘ю кулямі рэвольвэр... — Проў спотайку працягнуў Панкелу руку з рэвольвэрам... — На, вазьмі, і ў выпадку таго, калі я хлушу табе, пускай у мяне ўсе кулі... Згодзен? Хочаш?

Панкел задумаўся.

— А скажэце, калі ласка, — раптам загаварыў ён, — чым-жа мы мецьмем апраўдаць такі нехарошы наш паступак?.. Бач, сумленьне будзе мяне мучыць, што я прадаю справу працоўнага народу, што я зьмяняю дзелу свабоды...

Проў ня даў Панкелу дагаварыць: ён сьціснуў яго руку і перабіў на слове.

— Чым апраўдаць? Гм! Якое каму апраўданьне трэба даваць? Перад кім? З якое прычыны?... А калі ўжо так, перад самім сабою, дык проста сваёй уласнай карысьцю, сваёй уласнай выгадай... На сьвеце даражэй ёсьць усяго чалавечае жыцьцё, яго самотнасьць... Чалавек, асоба — гэта асобны цэлы сьвет, як асобная дарагая будыніна. Вось гэту будыніну й трэба ахоўваць, сьцерагчы... Трэба, каб яна прастаяла належачы ёй тэрмін як найбольш карысна для сябе... Разумееш, чалавек — гэта сьвятая рэч і, як сьвятую рэч, яго трэба шанаваць у імя таго жыцьця, якое яму дадзена, у імя шчасьця гэтага жыцьця... Хто-ж цябе пашануе, калі ня ты сам? Хто аб табе паклапоціцца, калі ня ты сам? Бачыш — з цябе зрабілі бескаштоўную рэч, якую шпурляюць усюды, як трэску... Трэска падае ў воду — тані; трэска пападае на агонь — гары... І ты згарыш загадзя, як трэска, калі ня вырвешся з цэпкіх рук, што хапіліся за тваю самоту... А сям‘я? А родныя? Жыць з імі разам, стрэўшыся пасьля доўгай разлукі... Жыць вольна і незалежна, ахоўваючы сябе ад пасяганьняў на тваё шчасьце й волю... Вось, як цяпер. Уласна ты жывеш? І ўласна, наогул, ты — ты? Вядома, што — не. Ты — нявольнік казармы, ты — раб, ты — астрожнік. Табою распарадкуецца чужая воля. Падумай, колькі табе давялося перацярпець гора, перанесьці мук, недахваткаў і розных нягодаў? Сам ты казаў, што каля дзесяцёх разоў цябе адпраўлялі на фронт і каля дзесяцёх разоў ты вяртаўся раненым, ледзьве жывым... Болі, шпіталі, галадуха... Нуда, маркота, журба... А цяпер вось ты йзноў перад тварам сьмерці, на нажох і сярод куль. А завошта, запытай? Што ты дастаў за гэта для сябе? Для сям‘і? Нічога!.. І не дастанеш, павер... А згубіш жыцьцё дарэмна, за няма-што... Вось табе апраўданьне... Бяры, разьбірайся... Як яблыка — круглае, як сонца — яснае. Бяры — пераконвайся...

Проў пільна ўзорыўся Панкелу ў вочы і з хвіліну пранізваў іх сваім вострым, калючым і цяжкім узрокам. Ажно Панкел ня вытрымаў холаду яго вачэй і прыхмурыў свой погляд. Яму стала раптам неяк млосна, ніякавата. У душы заскрабло сумненьне, у галаве замітусіліся адрыўныя няясныя думкі, туманна-нявыразныя, але колкія жаданьні засьвідравалі грудзі.

— А, бач, многа шчырай праўды ў словах Прова, — мігнула ў галаве Панкела, — сапраўды-ж, калі я пачну ўжо жыць пачалавечаму? Калі я вырвуся з гэтых балючых ланцугоў ваеншчыны? Калі я пачую сябе вольным?

Гэтыя яго думкі Проў перабіў сваім запытаньнем, зьвернутым да Панкела.

— Ну, дык што ты скажаш? Нябось, усё яшчэ думаеш сумнявацца й надалей?

Панкел адказаў ня зразу, нібы ня маючы магчымасьці выявіць тое становішча свае душы, якое апанавала яе пасьля камяністых праколваючых слоў Прова. Ён мусіў пачакаць, падумаць... і толькі праз хвілін пяць адказаў:

— Але, сумняваюся.

Проў падняўся, недавольна зарухаўся, адвярнўся ўбок, потым выразна паглядзеў на Панкела і сказаў:

— Дарэмна, браце... Мыляешся... з-пад рук выпушчаеш волю... я табе кажу! Адгані прэч сумненьне... Бяры, калі ляжыць каля рук. Будзь чалавекам, цьвёрдым, упэўненым, рашучым, а не анучай, мачулай. Ну... Згодзен, ці не? А то ўжо трэба лажыцца спаць і... канчаць... Кажы, Панкел, згодзен?

Панкел увесь сьціснуўся, нібы ўвайшоў у думкі, натужыўся ў разгадках гэтых думак, зачапіўся за перамогшую з іх і, трымаючыся яе, запытаў:

— А які ваш плян?

Проў прысеў, зьмяніў міну й дабрадушна адказаў:

— Памойму, навошта табе заўчасу ведаць... Ты-ж усё яшчэ не рашыўся... І толькі новых сумненьняў нажывеш.

А думка напірала на Панкела.

— Мне трэба ведаць усё, каб я мог ноччу абдумаць, вырашыць і тады... — настойна сказаў ён.

Проў спусьціў тон.

— Скажу табе праўду, Панкел: ніякага вырабленага пляну няма... Ды навошта той плян? Усё ў маіх руках... Вось па згаворанаму знаку зьбярэмся і...

— Чаму вы так цудна кажаце: няма? Ня так-жа гэта проста — узяў і пайшоў.

— А амаль ня так: зьбярэмся і пойдзем... Пойдзем сьмела і ніхто ня верне.

— Ці-ж вы спадзяецеся, што так удасца?.. Ой, я бачу, што мы... Слухайце, Проў, а каб...

— Ну, ну, ну?!

— Вось, лепей было-б так: выпрасіцца ў разьведку, а вам узяць камандаваньне ёю, і тады выйдзе шыта-крыта... — парадзіў Панкел, забыўшы сумленьне, кінуўшы роздум і падданы ўгаворам Прова.

А гэты давольна ўхмыльнуўся, і на твары яго бліснула лёгкая хітрая ўхмылка, так-жа хітра зажмурылася левае вока, і ён коратка і выразна сказаў:

— Так, яно так і будзе. О, брат, мы ведаем, як і што зрабіць...

Панкел упяршыню неяк прасьвятлеў, ажывіўся, нібы ім заўладала нейкая асобная сіла, якая сагнала ўсё старое і вымавіла вуснамі Панкела:

— Тады... рабеце... я з вамі... я ваш... я ад вас не адстану...

Проў стрымаў сур‘ёзную міну на твары, нават вокам не маргнуў; усе вынікі ад перамогі над істотаю Панкела ён перанёс у нутро, якім і адчуваў сваю ўрачыстасьць.

— Заўтра я табе падам знак, — сказаў ён, падняўся і пайшоў ад Панкела.

А гэты сумненным узрокам правёў яго да месца, адвярнуўся, пацягнуўся некалькі разоў і, стараючыся быць спакойным, з закончаным рашэньнем улёгся спаць.

У казарме панавала ціша. Чуўся здаровы ня рэзкі храп соладка спаўшых чырвонаармейцаў, ды з-за вакна даносіўся тупат шагоў вартавога і рэзкі брэх сабакі. Сумная лямпа-газоўка слаба дагарала, і полымя яе агню нясупынна калыхалася, ганяючы па памяшканьні страшлівыя цені.

Панкел ляжаў спакойна й нярухома, але сон да яго ня йшоў: на яго раптам нахлынулі роем думкі; быццам і пакідалі яго пасьля расстаньня з Провам толькі дзеля таго, каб асьвяжыцца, набрацца сіл і наймацней ашчаперыцца за голаў Панкела. Спрачацца гэтым думкам нельга было ніякім чынам: і Панкел захапіўся імі цалкам. Прадстаячае, на вошта ён толькі-што даў згоду, вырасла ў цэлую гору, раздалося ва ўсе бакі, ахапіла яго сьцяною свае цемні і акрыла, бы мяшком, хаваючы сьвет і жаданьне, і думкі, і волю, калі яны датыкалі чаго іншага. У вобразах жывых зьявішч, вагромністых і цудоўных, уставалі розныя запытаньні:, як і чым усё гэта скончыцца? Што з гэтага выйдзе? І... страшней і пагрозьней іншых: ці варта такі яму, Панкелу, на гэта йсьці? Мала, што Проў стараўся ўсяк угаварыць, праканаць яго, што ўсё задуманае варта мэты, што яно беспраменна, вымушана патрэбамі поўнасьці яго, Панкела, жыцьця? Мала, што Проў лічыў свае даказы Панкелу важкімі н значнымі, нібы новымі, дагэтуль невядомымі яму, аднак Панкел глядзеў на іх ня сур‘ёзна, лічачы ўсё выясьненае яму вядомым і старым; да таго старым і асвойтаным, што не хацелася паглыбляцца думкамі. Панкел пачасту сам ужываў іх для ўгавору сябе самога, калі да яго часамі надыходзіла пачуцьцё ўтомы і маркотнасьці і злы дух падбухторваў на праступак, на здраду справе працоўнага люду, на здраду работніцка-сялянскага ўраду і чырвонай арміі. Кожны раз тады ён глушыў і нішчыў гэтыя даказы, бо захаванае ўглыбі яго душы пачуцьцё шчырага рэволюцыянэра-народалюбца і адчайнага ворага крыўдзіцеляў працоўнага народу, прабівалася напаверх і патрабавала сабе пачэснага месца ў яго істоце. Разьбіваўшы іх сам ад сябе за кожным прыступам, Панкел зразу перарабляўся і станавіўся бадзёрным, палкім абаронцам рэволюцыі, яе адважным салдатам.

Праўда, чым далей прамінаў час, тым утома ўмацоўвалася ўсё болей і болей, маркотнасьць паглыблялася, і шчырае пачуцьцё рэволюцыянэра-ваякі гасла, зацьмявалася. Казарма й вайсковасьць, вайна й раны, шпіталі й мукі цяжарным каменем ціснулі яго з усіх бакоў. А закраўшыся ў сэрца жуда па роднай сям‘і і кутку пасабляла гэтаму. Ня дзіва, што гэткія абставіны лёгка падгатаўлялі ў ім добрую глебу для ядрага ўзросту ліхому семяні.

На гэтку вось глебу якраз і ўспаў Проў, сумеўшы закінуць у парушаную душу Панкела праступна-завабнае слова. І хоць ня так ужо лёгка гэта яму далося, — Панкел як-ніяк пільна азіраўся вакол, не забываў і другога боку справы, стараючыся падлічыць тыя скуткі, да якіх хіліць зьмена рэволюцыі, — але-ж усё-ткі паддаўся, з натугам, з нутраной барацьбою ды паддаўся. А паддаўшыся, у хуткім часе яму стала рупіць гэта, стала балець. Яго душа раздваілася, і між дзьвюма яе часткамі ўзгарэлася барацьба, якая пачала мучыць Панкела, дратаваць усю яго істоту. Страшныя вобразы-зданьні і мары-выгляды панесьліся перад ім. Панкел раз-за-раз зрабіўся бязмоцнай трэсачкай на ўздыме іхніх бурных хваль, бязвольным і бязмоцным стварэньнем... Вакольная сапраўднасьць зрабілася страшнай выявай. Ім абуяў нейкі нявыразны сполах, і вось-вось гатавалася вырвацца з усіх часьцін яго істоты, пагражаючае злому духу, вырашэньне: кінуць, ня йсьці з Провам, праклясьці тую хвіліну, у якую даў яму сваю згоду... Але якраз на парозе да выяву гэтага рашэньня ўзьнялася якаясьці варожая яму сіла; яна абурыла істоту Панкела, і ён быў бязвольным, пакорным у яе абдыме і пад яе ўказку сказаў-пастанавіў: „Няхай будзе, як будзе, а калі ўжо парашыў — ня буду адступаць. Я-ж усё-ткі не адзін ды й не ануча“. Пасьля некалькіх пераказаў рашэньня гэтага Панкел спыніўся на ім, супакоіўся, агарнуўся коўдраю ды соладка-соладка заснуў, бы забіты...

V.

Назаўтра — ня гледзячы на тое, што позна заснуў, Панкел прачнуўся адзін з першых і адчуваў сябе нішто, нават бадзёра.

Хваля казарменнага жыцьця абдала яго ўсяго і ўсяго захліснула. Гарбата, праверка, прыбраньне, сход і інш. — нішто не прайшло паўз Панкела, каб не зацікавіць яго. Нават, паягонаму, яксьці ўсё гэта сёньня выглядала шмат цікаўней, як заўсёды дагэтуль: хоць усё гэта было й знаёмым, але сёньня аддавала чымсьці новым і сьвежым. Праз гэта час імчаўся хутка й няпрыметна, так што не пасьпеў Панкел і агледзецца, як падасьпеў абед, а за ім і вячэрні чай. Дзівіла, цікавіла і трохі суміла яго толькі тое, што на працягу ўсяго дня ня прышлося яму сустрэцца з Провам і атрымаць ад яго заўчасна абяцаны ім знак; паміж тым, думка толькі й вярцелася вакол гэтага фокусу. „Што-колечы нядобрае, мабыць. Ці не перамяніў толькі Проў сваіх думак аба мне? Сумеўся і толькі... І меў рацыю, бо гэтак доўга я не паддаваўся, валэндаўся з ім, вадзіў яго за нос... А гэта — невытрываласьць і перашкоды... А дарэмна — трэ‘ было йначай рабіць... Вадзіў-вадзіў — і потым ні-то згадзіўся, ні-то — не. А чаму-б мне было зразу не зрабіць гэтага? А то... каб хаця не наадварот усё гэта выйшла — тады-ы...

Панкела агартаў сум, а ў душу закрадваўся нейкі сполах. Ён не на жарты пачынаў шкадаваць, чаму не зрабілася ўсё без яго, каб ён ня знаў і ня ведаў... Чаго і як яго злучыла з гэтым Провам, які так аблутаў яго душу...

І вось, якраз у самы разгар гэтых яго роздумаў і раскаяньня, зьявіўся Проў. Падыйшоўшы няпрыметна да задуменага Панкела, ён крануў яго пляча і паўшэптам праказаў:

— Усё ўжо гатова! Зьбірайся, брат... Якраз патвойму і выйшла: на разьведку пойдзем.

Для Панкела гэта было нечакана і ён ажно жахнуўся і зьдзіўлена запытаў:

— А многа нас пойдзе?

— Чалавек з трыццаць...

— Тры-ыц-ца-аць? — цягуча й зьдзіўлена праказаў Панкел.

— Але! Чаго-ж дзівішся, а? Чым больш — тым лепш. Будзь гатоў, а я пайду... Мне трэба йсьці... — скорамоўна пераказаў Проў і, пакінуўшы Панкела, хутка пабег з будынку.

Панкел падняўся з койкі, нейкі час пастаяў на адным месцы, нібы ашаломлены з замершымі думкамі й разбураным пачуцьцём, праз буйнасьць якога нічога нельга было адчуваць, і затросься ўвесь ад нейкай дрыготкі.

Хоць Панкел ужо быў добра падгатаваным, усебакова сумеў абдумаць сваё рашэньне, аднак такая раптоўная разьвязка перапужала яго й нанова прывяла к сумненьню... А да гэтага яшчэ, неадходна падсьцерагаючы яго нутраны папрок выяўляўся ўсё ясьней і выразьней. Сутаржна Панкел сыйшоў з месца і ціха, несьвядома пачаў зьбірацца. Рукі паслушна, часта мімавольна ходзячы, сабралі пасьцель, палажылі ў куфэрак рэчы, паставілі яго пад койку; потым надзелі на яго фігуру шынэль, ворак і патронную рамухоўку, а ногі самі крануліся к выйсьцю з часовае казармы. Панкел заручыўся ад суседа пасачыць за яго куфэркам, усё яшчэ думаючы вярнуцца, ня верачы ў надыйшоўшы задум, а ўсё лягчэйшае й каштоўнейшае забраў у ворак, у кішэні, запазуху. Праз плячо ён павесіў вінтоўку, а к боку да поясу прычапіў рэвольвэр.

Выходзячы з казармы, ён некалькі разоў акінуў яе пільным узрокам, нібы баючыся, каб самыя сьцены не данесьлі нікому, пакуль ён скончыць усё. Бач, Панкелу думалася, што яны чулі адны-аднымі.

Чырвонаармейцы, між якімі праходзіў Панкел, не зьвярталі на яго ніякае ўвагі; мала куды і зачым яго пасылаюць! Кожны дзень ідзе каравул, пост, разьведка, дняваньне і інш.

Толькі адзін, занадта ўжо цікаўны, ці няўцерпны, калі праходзіў між яго Панкел, запытаў:

— Куды гэта, таварыш?

— У разьведку, брат, іду, — ахвотна, не падазраючы нічога, адказаў Панкел і неяк быў задаволен тым, што хоць адна душа ды зацікавілася ім.

— З богам, таварыш! Жадаю посьпеху! — пажадаў запытаўшы, сам здаволены тым, што яго мінула гэта.

— Дзякую, браток! — падзякаваў Панкел і выйшаў на двор.

А надварэ, ці ўжо пад уплывам зорнай ночы, ці пад націскам шчырага пажаданьня таварыша, які адзін загутарыў з ім у казарме пры яго выхадзе, Панкел нібы ажыў, абадзёрыўся; нахлынулі сьвежыя думкі й пачуцьцё.

— Куды-ж гэта йсьці? — Ды ці варта наогул куды йсьці?

Сумненьне выбілася напаверх між думак.

— Панкел! Сюды! — пазваў яго голас з-за варот.

— Я! — скорамоўна адгукнуўся Панкел.

— Ідзем хутчэй, ужо ўсе ў зборы, чакаюць.

Панкел здрыгануўся, але паслушна пакіраваў у вароты. Вартавы не запытаўшыся прапусьціў яго на вуліцу. А на вуліцы ля сьцяны стрэў Панкела пасланец, які спыніў яго і штосьці прашапацеў, паказаўшы наперад рукою. Прастаяўшы з хвілю-другую, троху пашаптаўшыся, яны крануліся і пайшлі. Ішлі праз нейкі пляц, ці проста гала, праз два завулкі, крывыя, вузкія й няроўныя, і хутка выйшлі да некага будынку, у вокнах каторага сьвірэў агеньчык і мітусіліся людзі. На вуліцы-ж, перад ганкам будынку, ужо ў парадку стаялі ўсе йдучыя ў „разьведку“.

Панкела пасланец прывёў да задняга раду, паставіў яго поруч з нейкім таварышам, а сам пабег у будынак. Панкел паслушна стаў, агледзеўся вакол, азірнуў суседзяў; хацеў перамовіцца з кім, але, раз таму, што ў змроку не разгледзеў добра, а другі раз затым, што тыя маўчалі, ён нічога не сказаў і спакойна, да акамянеласьці спакойна, стаяў.

У пярэдніх радох ішла ціхая гамонка, даваліся нейкія распараджэньні, напэўна, самім Провам — добра Панкел не расчуваў. Ды ўпраўду, ён і не стараўся прыслухоўвацца. Ім апанавала нейкая дзеравяная нядбайнасьць, бясьцікаўнасьць да ўсяго, што рабілася перад ім: праўда, хвілінамі ў душу Панкела пранікала цяжкасьць, горнасьць і гідлівасьць. Разам з тым выблісквалі сумненьне, неспакой і трывога, якія падпальвалі ў нутры сумную думку — пазыў вярнуцца, уцячы хоць адгэтуль. Няпрыметна для сябе, Панкел палохаўся бліжэйшых хвілін. Але брак часу ня даў мажлівасьці вырасьці думкам у тое ці іншае рашэньне. Каманда: „шагам марш!“, раптам даляцеўшая да яго вушэй, быццам штырхачом даўбанула яму ў плечы, і Панкел пакорна, адначасна з усімі падняў левую нагу і топнуў у тахт камандзе. Ад агульнага ступу пачуўся глухі стук, разьнёсшыся ў цішы далёка вакол. За першым тут-жа адступіўся другі, трэці, пяты, дзесяты. Перагаварваньні між некаторымі чырвонаармейцамі пры хадзе глухлі ў топаце шагоў; толькі рэдкае пакашліваньне перамагала іх тупат і новаю нотаю ўрывалася ў аднатоннасьць нявыразнага рэха між сьценамі дамоў і хат. Зрэдку сям-там, воддаль і ўблізку, адзываліся чуткія сабакі і трывожны бразг калатушкі вартаўніка.

Панкел ішоў, спусьціўшы кнізу голаў, маючы перад сабою цёмныя, нявыразныя цені таварышоў. Зусім ня прымеціў ён, ахоплены ўвесь тлумнымі няяснымі думкамі, калі разьведка выйшла з жылога месца і апынулася ў полі. Каманда — „цішэй шаг!“, глуха данёсшыся сьпераду, вымусіла яго падняць голаў і азірнуцца вакол. Панкел угледзеў, што ён астаўся крыху ўзадзе, на адгоне, ад бакавых таварышоў, і некалькі шагоў зрабіў бегам, каб параўняцца з імі; бягучы, ён пачуў утому і падазрона паглядзеў уперад.

Чорная сьцяна цемры акружала іх грамадку. Чым далей разьведка падавалася ўперад, тым болей адсоўвалася разам з ёю і пярэдняя сьцяна цемры.

Дарога, — якою йшла разьведка, была роўная і гладкая і гэ-тым казала аб роўнай мясцовасьці. А дзякуючы гэтаму і ветру, зьлёгка павяваўшаму ў пасяленьні, тутака адчынялася прастора дзьмуць, як хоць. І вецер выкарыстоўваў гэту магчымасьць: дзьмуў, як меў сілы.

VI.

Ужо выйшаўшы са станцыі, Панкел пачуў у сваім нутры штосьці асобнае, ні-то трывожнае, ні-то гадкае. Ён перш стараўся на гэта не зварачаць увагі, заглушаючы сілком думкі і кіруючы зрок то на зыркія зоркі, то на рух цёмных сьцен, якія агароджвалі абшары перад імі. Але чым далей „разьведка“ падавалася ўперад, тым мацней і надаедней гэта „штосьці“ старалася адцягнуць Панкела ад усяго староньняга, вымушаючы спыніцца на сабе й на сваіх дзеях. Міжвольна, пад нейкім магутным націскам, Панкел усё часьцей і часьцей пачаў азірацца назад, на станцыйныя будынкі, на пяройдзенае поле. Кожны раз, бы толькі ён паварачваў голаў, у яго ваччу маляваліся страшныя фігуры цудаў. Вадакачка выглядала асабістым сіберным зьверам, які, здавалася, бег за ім, матаючы вялічэзнаю галавою і растапыранымі рукамі, а меншыя будынкі са сьвятлом у вокнах здаваліся паўзучымі цмокамі.

Панкел праз сілу, сьціснуўшы зубы, вымушваў сябе пільней узірацца ў цемру ночы, але як-бы ён ні ўзіраўся, усё-ж нічога ня бачыў у сапраўдным жывым выглядзе. Толькі й дасягаў ён таго, што тыя здані, якія маляваліся яго патрывожаным уражаньнем, мяняліся ў ваччу, перароджваліся на новыя і яшчэ страшнейшыя.

Сполах, ахапіўшы Панкела, пачаў пераходзіць ва ўтому і злаваць яго; пачыналі балець ногі, дрыжаць усё цела; хада рабілася не падсілу, і Панкел, чым далей, тым часьцей і на болей адставаў ад каманды, ня маючы сілы нагнаць яе і йсьці з ёю нага ў ногу.

— Што з табою, таварыш, чаго ты адстаеш? — падазрона пытаў Панкела час-ад-часу сусед.

— Дыхавіца ўзьнялася! — хлусіў яму не задумваючыся Панкел.

— Цудны, аднакава ты: няхай-бы на гэты раз ты астаўся.

— А як-бы на другі? — ні-то запытваў, ні-то адказваў Панкел.

— Ну, то вядома: цяпер вярнейшая справа... Праўду кажаш. Што-ж, можна й на адгоне пасьпяваць, — радзіў спагадлівы таварыш.

На гэтым гутарка абрывалася: Панкел болей нічога не казаў. Узьнятая ўнутры яго завіруха раскаяньня, тупога й бязмоцнага, і крыўды на сябе за сваю падатлівасьць, узьвёўшую яго на праступную сьцяжынку, нейкім рэжучым камяком падыйшла к горлу. Узбурылася пачуцьцё адчаю, якое ажно кідала яго то ў гарачку, то ў холад. Што ні шаг, то Панкел пакрысе адставаў, бо ня мог паднімаць ног. Заздрачылі ў галаве калючыя думкі, поўныя папрокаў і ўпікаў. Асобная, магнусовая сіла іх тыкала ва ўсе бакі, так што ўсё іншае зацьмявалася імі. Панкел папрабаваў зрабіць некалькі патугаў, каб адкасацца ад гэтага настрою, струхнуць атруту пачуцьця і гвалты думак, але быў бязмоцным і здаўся на іх катаваньне. І толькі намерыўся спыніцца і ўсьцішыў хаду, як раптам пачуў настойны і выразны, ужо знаёмы яму нутраны голас: „Не хадзі па сьцяжынках Юдавых — азірніся назад і бач: за табою сочаць тысячы вачэй. Тысячы сэрцаў спадзяюцца дачакацца ад цябе харошых суцяшаючых вестак. Ты пайшоў у разьведку, каб знайсьці, як ляпей выбраць месца і час для нападу на паганых ворагаў працоўнага народу, якія пасягнулі зьнішчыць яго волю. Цябе паслаў рабочы й селянін бараніць іх уладу, заваёваную дарагою цаною крыві і жыцьця соцень слаўных ваякаў. А ты... ты памагаеш знайсьці ім сьмерць, абрыдную, здрадніцкую сьмерць. І навошта ты панадзеяўся? Каго ты паслухаў? Ці даеш ты сабе адказ — навошта ты ідзеш і што робіш? Гэтулькі славы заслужыў перад рэволюцыяй ранейшымі сваімі чыннасьцямі, а тут — пайшоў на зьмену! Зазірні глыбей у сваю душу, ці вяліць яна табе, ці дазваляе гэта? Чужымі думкамі жывеш, ліхім манам верыш! Як паглядзіць на цябе працоўны народ савецкіх рэспублік? Дзе ты схаваешся ад яго гневу і помсты?"

Панкел скрыгаў зубамі, прыкусваў боляча губы. Хада яго цішэла, пачынала балець галава і цьмець у ваччу.

— Я не пайду, я не згаджуся на здраду! — рашуча ў голас адказаў сам сабе Панкел.

І гэтыя словы яго прагучэлі так рэзка і выяўна, што быццам абудзілі яго. Панкел уздрыгнуў усім целам, аглядзеўся вакол і спыніўся.

Каманды разьведкі ён ня чуў; чуць-чуць даносіўся толькі глухі тупат ад ног ды нейчы клічучы голас: „Па-ан-ке-эл!“

Панкелу здалося папершае, што мо‘ ён ачуўся, мо‘ ўстрывожанае выабражэньне яго зьбівае спанталыку, і прыслухаўся пільней. Вокліч некалькі разоў перагукнуўся. Тады Панкел прыпыніўся...

Дзесьці здалёк чулася яму страляніна, то частая, то рэдкая, а ўлева ад яе, адкуль цягнула вільгацьцю, напэўна з-за рэчкі, выглядаў агеньчык; промень яго паднімаўся нявысока над зямлёю і губіўся дзесьці за горкаю ці за лесам.

Панкел стаяў і пільна ўзіраўся па бакох, прыслухоўваўся і ня мог крануцца з месца.

А вокала, чым далей, тым ночны шолам узрастаў, родзячы нейкія нявыразныя, але крыклівыя стукі і выгукі, якія роем вярцеліся каля яго вуха, нахабна не адстаючы ні на адну хвілю.

І вось, настаражыўшыся, Панкел патрошку пачынаў выяўляць з усяго гоману чыесьці клапатлівыя неспакойныя выгукі і неракліканьні як-бы дваіх ці колькіх чалавек, відаць, кагосьці старэнна шукаючых. Панкелу паказвалася, што ў іх перакліканьні раз-по-разу ўспамінаецца яго імя, і гэта страшэнна яго пачало нэрваваць і трывожыць.

Вакол гуў вецер, згібаючы невялічкую бярозку, выпадкова закінутую ў шырокае гала і выпадкова напаткаўшую Панкела. Гэта блутала словы пярэкліку. Але Панкел хацеў расслухаць усе выгукі. Дзеля гэтага ён парашыў стаць на каленкі, прылажыць вуха да зямлі і прыслухацца — кажуць, што так вельмі добра ўсё чуваць — і вось Панкел ужо быў намерыўся гэта зрабіць, як раптам нявысока ўгары, у густой цемры пранеслася празрыстым нісагом разарваная ўгары ракета. На кароткі момант, хвіліны мо‘ на чатыры, сьвятло ракеты асьвяціла абшар на вярсты дзьве вакол. Панкел пасьпеў акінуць вокам асьветлены абшар і пры гэтым ня вельмі здалёк выразна адмеціў, як некалькі чалавек міганула перад вачмі, перабягаючы з месца на месца. Міжвольна ў адным з іх Панкел пазнаў і пачуў Прова, з усімі дробнымі адметкамі і выразамі ў яго постаці, так завучанай ім.

Гутарка бягучых з кожнай хвіляй чулася ўсё бліжэй і бліжэй да Панкела і ў згусьцеўшай пасьля разрыву ракеты цемры шмат выразьней і гучлівей. „Шукаюць мяне! Пагоня за мною!“ — раптам сгукнула ў галаве Панкела, і ён, здавалася, адчуваў устаўшую бледасьць твару, растрывожнае цюканьне сэрца...

„Пабягу!“ — мігнула ў яго думках. І доўга ня думаючы, Панкел сабраў усе сілы ды пусьціўся бегчы.

І ўжо з першым крокам, зьняўшым яго з заварожанага месца, Панкела залашчыла надзея, абышла радасьць, што хтось добры навёў яго на думку вярнуцца назад, да сваіх, аставіць праклятую зьмену і загадзя перасьцярэгчы ад бяды сваіх таварышоў ды можа цэлы фронт. Бліск ракеты, доўга ня гінучы з яго ваччу пад полагам цёмнай ночы, нібы нажом адрэзаў яго ад тых, каго ўзглаўляў і вёў за сабою здраднік Проў.......................................

Адбегшыся некалькі сажняў, Панкел спыніўся, адсопся і зноў пачаў азірацца й прыслухоўвацца. Пачуцьцё бадзёрасьці і адвагі пераходзіла ў пачуцьцё помсты.

Лёгкасьць, што рушыла яго з месца, зьмянілася раптоўным цяжарам.

Панкел злаваў на сваё бясьсільле, папракаў сябе і скардзіўся. „Гэтулькі крыві мае пралілі ворагі працоўнага народу, гэтулькі сьлёз ссушылі, гэтулькі мук вытачылі! І я... і я зноў з якіх-колечы там дробных прыватных спраў гатоў здрадзіць вялікай справе рэволюцыі... Разам з здраднікам пайшоў на... Ах, і як-жа ўмела яны, праклятыя, падходзяць да цябе, як сьмякаліста спакушаюць!... Ільготы, спачынак! Уласна знойдзецца ў іх спагада ка мне? Го, ім патрэбны афяры, ім патрэбен разлад у рэволюцыйных радох... У чырвоных радох... Вось з-за чаго яны гэтак „клапоцяцца“ аба мне, аб маіх прыватных справах... Прадажнікі! Злы-ыбедні-кі-ы...“

Думкі зьбілі Панкела спанталыку: ён прыгнуўся, і прыгнуўшыся, таптаўся на адным месцы. Ні страляніна, якая ня сьціхала праз увесь час і нібы ўсё набліжалася, ні здагон не падганялі Панкела. Толькі вецер, мацнеючы штохвілю, чамусьці наганяў на яго нейкую трывогу і сполах. Панкелу чуўся ў яго гудзе загад рушыць з месца і кідацца наўцекі. З кожным ветраным павеем настрой узрастаў, узмацоўваючы рашымасьць і адвагу. „Пушчу-у-ся-а далей на ўце-э-кі-ы!“ — праказаў сам сабе Панкел і толькі намерыўся крануцца, як тут-жа, непадалёчку, пачуў выразную гутарку:

— Шукайма тут — ён ці ня прылёг толькі.

Панкел здрыгануўся ўвесь, выпрастаўся, закружыўся на адным месцы, азірнуўшыся вакол, і кінуўся як мага наўцекі. Вольныя, слабкія ня ўмеру, боты забаўталіся на нагах і гулка зашлёпалі. Груды й няроўнасьці, межы, купіны, што пападаліся пад нагамі, мяшалі яму бегчы.

Але Панкел сьцігаў нацянькі, якраз на міргаючыя далёка смуглыя агеньчыкі, якія нібы прыветна й ласкава манілі яго к сабе... Перш было бегчы лёгка, як-бы сполах з надзеяй уцячы, падганялі яго, але хутка Панкел пачуў утому й цяжар; к гэтаму яшчэ шапка насоўвалася на вочы і мяшала глядзець, а вісеўшы збоку ранец, якога ён шкадаваў кінуць, стукаў па плячох. То шапку, то вінтоўку Панкел час-ад-часу папраўляў. Раптам закалола ў баку і стала душна, да зьнямогі душна. Ён ужо намерыўся нават і спыніцца, але раптам пачуў прасьцерагаючы голас: „Бяжы хутчэй. Нясіся ветрам, ляці віхрам, каб не спазьніцца. На тваім ваччу робіцца вялікая бяда — патрэбна яе спыніць, патрэбна пераняць... Не таміся — бяжы хутчэй, шпарчэй. Яшчэ некалькі патугаў і ты выратуеш становішча, не дасі зрабіцца страшнаму праступку. Бяжы з данясеньнем, нясі вестку... Цябе там чакаюць нецярпліва... Панкел, Панкел, Панк-к-е-эл-э...“

Гэты таемны голас нёсься за Панкелам, разьліваўся ў сьвісту ветра, заглушаў думкі й пачуцьцё яго... А агеньчыкі былі ўсё-ж яшчэ далёка ад яго і неяк усё цьмелі з кожнай хвіляй, як-бы знарок, каб зьбіць Панкела з дарогі...

— Ні-ы-чо-о-га-а, да-а-бя-э-гу-у! — уголас, з цяжкім адчаем у сэрцы, пракрычаў Панкел і міжвольна павярнуў назад голаў.

— Сто-ой! Стой! — ваўпор хтось крыкнуў,і гэты крык, бы нажом паласнуў душу Панкела, выцяў балюча па нагах яго і скалануў усёю постацьцю.

„То пагоня недалёка ад мяне!“ бліснула яскравай маланкай калючая думка... Але Панкел ня спыняўся. Утаропіўшыся вачыма ў адзін бок на чуць-чуць абачныя праменьні агеньчыку на станцыі Быстраўка, ён натужыўся яшчэ больш і зрабіў апошнюю спробу ўскорыць бег; толькі ў адказ на гэта сэрца забілася няўмеру, схапіла дыхавіца, пачалі блутацца ногі і Панкел вымушан быў бег суцішыць, а хутка зьмяніць на хаду.

— Стой! Сто-ой! — рэзкім, пранізываючым лемантам праняслося між вушэй Панкела. Абураны безнадзейнасьцю, ён усё-ж горда й сьмела адказаў на крык:

— Да-а-бя-а-гу-у, пага-ан-цы-і, няго-од-ні-ы-кі-ы! Даня-су-у аб усім вашым учынку-у... Ня ўдасца вам давясьці свой праступак да канца-а. Прадаў-цы-і!..

Рэзкі стрэл быў адказам Панкелу. Не пасьпеў заглухнуць зык, як штосьці рэзнула ў баку.

„Ранен!“ мігнула думка й разам-жа аддалася ў пачуцьці. Панкел барджэй хапіўся рукою за вінтоўку, а другою за рэвольвэр, абмацаў у рэвольвэру корак, выцягнуў з кабуры і, адвярнуўшыся ўбеспарадку і бяз усякай цэлі, пачаў страляць наўгад, з запоем і злосьцю. Яму ў адказ таксама зачасьцілі стральбу.

— Усіх пераб‘ю, паганцы-і! — крычаў Панкел у такт стральбы, ужо ўгледзеўшы ў змроку падбягаючых да сябе траіх чалавек.

— Пачакай, браток, мы-ы табе пака-а-жа-ам, як зьмяняць нам. Ня выкруцішся з нашых рук! — пракрычаў над вухам Панкела знаёмы яму голас Прова, і не пасьпеў дакрануцца Панкелавага сузнаньня, як тут-жа выпушчаны стрэл зацямніў яго, і паваліў Панкела на зямлю.

— В-ва-ам ня ўда-асца-а прадаць інтарэсы ра-або-о-чы-іх і сялян... — сумеў яшчэ ў сударгах праказаць Панкел.

— Уда-асца-а! — зламысна адказаў азьвераны Проў, нагнуўшыся над сваёю афяраю.

І астатнім выявам тухнучага жыцьця Панкел цьмяна пачуў у датырканьні халодных драпежных рук да свае шчакі.

— Во-ось, бра-ат, табе-э і радзі-ы-ма-а, і сям‘я, і спачынак... Ха-ха-ха!!.. — Здаволены рогат Прова правёў апошні енк Панкела...

А вецер крапчэў, глушачы сваім дзьманьнем далёкія водгукі стрэлаў...

На станцыі стухлі агеньчыкі, нібы задутыя ім.